Аляксандар Каваленя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аляксандар Каваленя
Дата нараджэньня 21 лютага (5 сакавіка) 1895
Месца нараджэньня вёска Кашніцы, Гарадзенскі павет, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 27 жніўня 1937(1937-08-27) (42 гады)
Месца сьмерці Менск, Беларуская ССР, СССР
Месца вучобы Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1929)
Занятак навуковец, археоляг
Навуковая сфэра Археалёгія
Месца працы Інстытут гісторыі Беларускай акадэміі навук
Вядомы як Адзін з «бацькоў» беларускай археалёгіі

Аляксандар Дзьмітрыевіч Каваленя (5 сакавіка [ст. ст. 21 лютага] 1895, в. Кашніцы, цяпер Бераставіцкі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь — 1937, Менск, цяпер Беларусь) — беларускі археоляг.

Праца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1915 годзе скончыў Сьвіслацкую настаўніцкую сэмінарыю (Ваўкавыскі павет, Гарадзенская губэрня). У 1929 годзе скончыў БДУ. Яшчэ ў студэнцкія гады праводзіў раскопкі на гарадзішчы ў Тураве (1927 г.; Жыткавіцкі раён), дзе выявіў артэфакты старажытнага места. З 1932 году навуковы супрацоўнік сэкцыі археалёгіі Інстытуту гісторыі Беларускай Акадэміі навук. Дасьледаваў унікальныя помнікі — стаянкі палеаліту (Бердыж, Юравічы), гарадзішчы жалезнага веку (Банцараўшчына) і помнікі Тураўшчыны. Вывучаў культуру плямёнаў вадазбору Дняпра, левых прытокаў Дзьвіны і Прыпяці[1]. Зьбіраў матэрыялы для археалягічнай карты Беларусі. Займаўся вывучэньнем старажытнага Менску.

Адзін з «Бацькоў» беларускай археалёгіі. Разам з Аляксандрам Ляўданскім, Сяргеем Дубінскім зьяўляецца адным з аўтараў трохтомнага выданьня «Працаў» — навуковага зборніка Інбелкульту па археалёгіі. Падрыхтаваны навукоўцамі чацьверты том «Працаў» не пабачыў сьвет — быў зьнішчаны органамі НКВД у наборы.

Арыштаваны ў 1937 годзе. Расстраляны 27 жніўня 1937 году па абвінавачаньні ў шпіянажы на карысьць Польшчы. Рэабілітаваны 16 кастрычніка 1958 году.

Рэпрэсіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Забойства Кавалені, Ляўданскага, Дубінскага, сыход у нябыт іншых дасьледчыкаў азначаў амаль поўнае вынішчэньне беларускай археалягічнай навукі. Страты павялічыліся вайной.

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Курапатах стаіць вялікі дубовы крыж — знак памяці сучаснага пакаленьня археолягаў пра нявінна забітых калег, якія закладалі падмурак акадэмічнай археалёгіі: Аляксандру Ляўданскаму, Аляксандру Каваленю, Сяргею Дубінскаму.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Каваленя Аляксандар Дзьмітрыевіч // Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 3. — С. 515-516. — 527 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0041-2