Аляксандар Калчак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
А. В. Калчак, афіцыйная фатаграфія 1919 г.

Аляксандар Васілевіч Калчак (4 /16/ лістапада 1874, Санкт-Пецярбург, Расейская імпэрыя7 лютага 1920, Іркуцкая губэрня, РСФСР) — расейскі адмірал, камандуючы белым рухам пад час грамадзянскай вайны ў Расеі.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сярод продкаў А. Калчака ўпамінаюцца Калчак-паша, які быў захоплены ў палон войскамі Мініха пры ўзяцьці Хоціна ў 1739 г., бускія казакі, патомныя дваране Хэрсонскай губэрні; шмат хто ў родзе Калчака служыў у войску ды на флёце. Ягоны бацька Васіль Іванавіч служыў у Марскім ведамстве, зышоў у адстаўку ў чыне генэрал-маёра, выдаў кнігі: «История Обуховского завода, в связи с прогрессом артиллерийской техники» (1894), «Война и плен, 1853—1855 гг. Из воспоминаний о давно пережитом» (1904), памёр ў 1913 г.; ягоная маці Вольга Ільлінічна (у дзявоцтве Посахава), паходзіла з данскіх казакоў і хэрсонскіх дваранаў, памерла ў 1894 г.

У 1888—1894 гг. Аляксандар Калчак вучыўся ў Марскім кадэцкім корпусе, куды перавёўся з 6-й Санкт-Пецярбурскай клясычнай гімназіі. Выпусьціўся мічманам. Акрамя ваеннай справы, захапляўся дакладнымі навукамі і завадзкой справай: сьлюсарыць вывучыўся ў майстэрнях Абухоўскага заводу, штурманскую справу асвойваў у Кранштацкай марской абсэрваторыі.

У 1895—1899 гг. служыў на крэйсэрах «Рурык» і «Крэйсэр», пабываў у далёкіх плаваньнях, у якіх пачаў займацца акіянаграфіяй, гідралёгіяй, картамі плыняў ля берагоў Карэі, спрабаваў вывучыць кітайскую мову. У 1900 годзе атрымаў званьне лейтэнанта.

Пры падрыхтоўцы да Расейскай палярнай экспэдыцыі, удзельнічаць у якой яму прапанаваў барон Э. В. Толь, Калчак вывучаў магніталёгію ў Паўлаўскай магнітнай абсэрваторыі, практыкаваўся ў Нарвэгіі ў Нансэна. У 1900—1902 гг. на шхуне «Сьвітанак» прайшоў шлях па арктычных морах (зь дзьвюма зімоўкамі — па адзінаццаць месяцаў кожная) да бухты Ціксі. Падчас зімовак зьдзяйсьняў далёкія — да 500 вёрст — паездкі на сабачых запрэжках і на лыжах, падчас плаваньня праводзіліся комплексныя гідралягічныя дасьледаваньні; адну з выяўленых у берагоў Таймыра выспаў Толь назваў імем Калчака.

З бухты Ціксі, пасьля навігацыі 1902 г., Калчак празь Якуцк прыбыў ў сьнежні ў Санкт-Пецярбург. Там даведаўшыся, што Толь ня вярнуўся па лёдзе з выспы Бенета, прапанаваў Імпэратарскай АН арганізаваць выратавальную экспэдыцыю, зь ім на чале, да выспы Бенета на шлюпках, і тая дала яму сродкі і поўную волю дзеяньняў.

Пошукі ня далі плёну і ў канцы студзеня 1904 г. на сабаках і аленях пошукавая экспэдыцыя прыбыла ў Якуцк. У Якуцку Калчак супыняўся ў доме мясцовага чыноўніка Кіструцкага па вул. Паліцэйскай. Там была атрыманая вестка пра напад японцаў на Порт-Артур. Калчак затэлеграфаваў Акадэміі сваю просьбу пра адлічэньне ў Марское ведамства і пра накіраваньне ў раён баявых дзеяньняў. Пакуль вырашалася пытаньне пра яго перавод, Калчак зь нявестай перабраліся ў Іркуцк, дзе ў Імпэратарскім Усходне-Сыбірскім таварыстве ён зрабіў даклад «Пра сучаснае становішча Расейкай палярнай экспэдыцыі». Ва ўмовах распачатай вайны вясельле вырашылі на далей не адкладаць і 5 сакавіка 1904 г. Аляксандар Васілевіч Калчак і Соф’я Хведараўна Амірава пабраліся ў Іркуцку шлюбам, адкуль празь некалькі дзён і разьехаліся. За ўдзел у Расейскай палярнай экспэдыцыі Калчак атрымаў ордэн Сьвятога Ўладзімера 4-й ступені.

У Порт-Артуры Калчак служыў вахтавым начальнікам на крэйсэры “Аскольд”, артылерыйскім афіцэрам на мінным загараджальніку “Амур”, камандзірам эскадранага мінаносца “Злосны”. На пастаўленай ім на поўдзень ад Порт-Артура міне падарваўся і загінуў японскі крэйсэр “Такасага”. У лістападзе, пасьля цяжкай пнэўманіі, перайшоў на сухапутны фронт, дзе камандаваў батарэяй марскіх гарматаў. Узнагароджаны ордэнам Сьвятой Ганны IV ступені з надпісам “За адвагу”. 20 сьнежня 1904 г. з-за сустаўнага рэўматызму ў вельмі цяжкай форме апынуўся ў шпіталі. Патрапіў у палон, калі пачаў папраўляцца, быў перавезены ў Японію. У красавіку—чэрвені 1905 г. Калчак прарабіў шлях праз Амэрыку ў Пецярбург. За храбрасьць пад Порт-Артурам быў узнагароджаны залатой шабляй з надпісам “За адвагу” і ордэнам Сьвятога Станіслава II ступені зь мечамі.

Да траўня 1906 г. прыводзіў у парадак і апрацоўваў экспэдыцыйныя матэрыялы, была падрыхтавана праца “Лёд Карскага і Сыбірскага мораў” ў чым яму дзейна дапамагаў Аляксей Бялыніцкі-Біруля. 10 студзеня 1906 г. на аб’яднаным паседжаньні двух аддзяленьняў Імпэратарскага Расейскага Геаграфічнага таварыства Калчак зрабіў паведамленьне пра экспэдыцыю на выспу Бенета, а 30 студзеня Рада ІРГТ прысудзіла яму “за надзвычайны і важны геаграфічны подзьвіг, зьдзяйсьненьне якога спалучана з працай і небясьпекай”, вышэйшую ўзнагароду ІРГТ — Вялікі залаты Канстантынаўскі мэдаль.

У студзені 1906 г. Калчак быў адным з заснавальнікаў і старшынём напаўафіцыйнага афіцэрскага Санкт-Пецярбурскага Марскога гуртка. Разам зь іншымі яго чальцамі распрацаваў пісульку пра стварэньне Марскога Генэральнага Штабу як органа, які будзе займацца адмысловай падрыхтоўкай флёту да вайны і ён быў створаны ў красавіку 1906 г., у якім Калчак быў прызначаны загадваць Аддзяленьнем рускай статыстыкі.

У 1907 г. Галоўнае гідраграфічнае кіраваньне Марскога ведамства пачало падрыхтоўку Гідраграфічнай экспэдыцыі Паўночнага Ледавітага акіяна. Калчак распрацаваў адзін з праектаў гэтай экспэдыцыі. У траўні 1908 г. у чыне капітана 2-го рангу Калчак стаў камандзірам судна “Вайгач”, абсталяванага адмыслова для картаграфічных працаў. У кастрычніку 1909 г. “Вайгач” і “Таймыр” выйшлі з Санкт-Пецярбурга, а ў ліпені 1910 г. прыбылі ва Ўладзівасток. Напрыканцы 1910 г. Калчак выехаў у Пецярбург.

Зь вясны 1912 г. ён на Балтыйскім флёце — у Эсэна, потым служыў у Лібаве, дзе была база Міннай дывізіі. Са сьнежня 1913 г. Калчак — капітан 1-га рангу; пасьля пачатку І-й Усясьветнай вайны — сьцяг-капітан па апэратыўнай частцы. Распрацаваў першае баявое заданьне флёту. Прыняўшы ў часавае камандаваньне групу з чатырох мінаносцаў, у канцы лютага 1915 г. Калчак зачыняе дзьвюма сотнямі мінаў Данцыскую бухту. У 1915 г. быў пасланы адміралам Эсэнам для дакладу ў стаўку, якая тады знаходзілася ў Баранавічах Менскай губэрні, дзе прабыў каля трох сутак і меў сустрэчу зь вялікім князем Мікалаем Мікалаевічам. У верасьні 1915 г. Калчак камандуе Міннай дывізіяй; адначасова да яго ў падначаленьне пераходзяць усе марскія сілы ў Рыскім заліве. У лістападзе 1915 г. ён атрымлівае ордэн Сьвятога Георгія IV ступені. 28 чэрвеня 1916 г. робіцца віцэ-адміралам і камандуючым Чарнаморскім флётам, пасьля чаго едзе ў Петраград а адтуль, па вяртаньні на Чорнае мора, на 1 дзень заяжджае ў Магілёў, дзе знаходзілася стаўка, дзеля размовы з генэралам Аляксеевым, начальнікам штабу і царом Мікалаем ІІ, як прыняў яго ў саду.

Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Севастопальская Рада адхіляе Калчака ад камандаваньня, і адмірал вяртаецца ў Петраград. 4 ліпеня 1917 г. А. Керанскі даў санкцыю на місію Калчака ў якасьці ваеннага дарадцы ў Ангельшчыну, а затым у ЗША. Пры вяртаньні ў Расею ў Японіі яго затрымаў кастрычніцкі пераварот да верасьня 1918 г.

У ноч на 18 лістапада 1918 г. ў Омску адбыўся ваенны пераварот, які высунуў Калчака на вяршыню ўлады. Рада міністраў настаяла на яго абвяшчэньні Вярхоўным Правіцелем Расеі, Вярхоўным Галоўнакамандуючым узброеных сіл і поўным адміралам. Дарадцам адмірала Калчака быў Антоні Фэрдынанд Асяндоўскі ўраджэнец м. Люцын, Віцебскай губэрні.

У 1919 г. Калчак пераносіць Стаўку з Омска ва ўрадавы эшалён а новай сталіцай прызначаецца Іркуцк. 5 студзеня 1920 г. у Ніжнеўдзінску ён згаджаецца перадаць вярхоўную ўладу генэралу Дзянікіну, а кіраваньне Ўсходняй ускраінай — Сямёнаву, і пераходзіць у чэскі вагон, пад заступніцтва саюзьнікаў, але 14 студзеня 1920 г. у абмен на вольны праезд чэхі выдаюць адмірала чырвоным. 15 студзеня 1920 г. у 9 гадзін 50 хвілінаў вечара па мясцовым, іркуцкім часе, Калчака арыштавалі.

Аб адзінаццатай гадзіне ночы пад узмоцненым канвоем арыштаваных правялі па таросістым лёдзе Ангары, а далей на аўтамабілях Калчака і яго афіцэраў перавезьлі ў Аляксандраўскі цэнтрал ля Іркуцку. Іркуцкі рэўкам намерваўся зрабіць адкрыты судовы працэс над былым Вярхоўным правіцелем Расеі і міністрамі яго Расейскага ўраду. З 22 студзеня 1920 г. Надзвычайная сьледчая камісія пачала допыты, якія доўжыліся да 6 лютага, калі рэшткі войска Калчака ўшчыльную падышлі да Іркуцку і рэўкам вынес пастанову пра расстрэл Калчака. 7 лютага 1920 г. у 4 гадзіны раніцы Калчака разам з прэм’ерам В. М. Пепяляевым, які, у адрозьненьне ад Аляксандра Васілевіча праявіў маладушша, расстралялі на беразе ракі Ўшакоўкі і скінулі ў палонку. Сымбалічная магіла Калчака (кенатаф) знаходзіцца на месцы яго «спачынку ў водах Ангары» недалёка ад іркуцкага Знаменского манастыра, дзе ўсталяваны крыж[1].

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Последняя экспедиция на остров Беннетта, снаряженная Императорской Академией Наук для поисков барона Толля. // Известия Императорского Русского Географического Общества. Т. 42. Вып. 2-3. Санкт-Петербург. 1906. С. 487—519.
  • Какой России нужен флот? // Морской сборник. № 6, 7. 1908.
  • Лед Карского и Сибирского морей. // Записки Императорской академии наук. Сер. 8. Физико-математическое отделение. Т. 26. № 1. Санкт-Петербург. 1909.
  • Колчак В. И., Колчак А. В. Избранные труды. /Сост. В. Д. Доценко/ Санкт-Петербург. 2001. 384 с.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Протоколы допроса адмирала А. В. Колчака чрезвычайной следственной комиссией в Иркутске 21 января – 7 февраля 1920 г. // Архивъ русской революціи издаваемый И. В. Гессеномъ. Т. Х. Берлинъ. 1923.
  • Калчак Аляксандр Васілевіч. // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. V. Мінск. 1972. С. 278.
  • Пестерев В. И. Верховный правитель. // Пестерев В. И. Исторические миниатюры о Якутии. Якутск. 1993. С. 68-79.
  • Калчак Аляксандр Васілевіч. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 7. Мінск. 1998. С. 487-488.
  • Калчака ўрад. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 7. Мінск. 1998. С. 488.
  • Рэчка Р. Аляксандар Калчак. // Літоўка ды Саха. Сшытак 3. Койданава. 2011. С. 46-49.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аляксандар Калчаксховішча мультымэдыйных матэрыялаў