Аляксандар Людвік Радзівіл
| Аляксандар Людвік Радзівіл | |
А. Л. Радзівіл. Невядомы мастак, XVIII ст. |
|
Герб «Трубы» |
|
| Асабістыя зьвесткі | |
| Нарадзіўся: | 4 жніўня 1594 |
| Памёр: | 23 сакавіка 1654 |
| Род: | Радзівілы |
| Бацькі: | Мікалай Радзівіл «Сіротка» Альжбета зь Вішнявецкіх |
| Жонка: | Тэкля Ганна з Валовічаў Кацярына Яўгенія з Тышкевічаў Люкрэцыя Марыя Строзі |
| Дзеці: | ад 1-га шлюбу: Мікалай Крыштап, Альбрэхт, Юры, Міхал Казімер, Ян, Ганна Яўхімія, Яна Кацярына, Францішка ад 2-га шлюбу: Людвік, Элеанора ад 3-га шлюбу: Дамінік Мікалай, Цэцылія Марыя |
Аляксандар Людвік Радзівіл (4 жніўня 1594, места Нясьвіж — 23 сакавіка 1654, места Балёньня) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Стольнік (1626—1630) і крайчы вялікі літоўскі (1630—1631), ваявода берасьцейскі (1631—1635), маршалак надворны (1635—1637) і вялікі літоўскі (1637—1654), ваявода полацкі (1654).
Па сьмерці бацькі атрымаў маёнткі Белая і Дакудаў у Берасьцейскім ваяводзтве, Грэск у Наваградзкім ваяводзтве, Крожы ў Жамойці, па сьмерці брата Яна Юрыя — Карэлічы. У 1636 годзе зрабіўся нясьвіскім ардынатам[1]. Трымаў Магілёўскае войстаўства (з 1632), Слонімскае (1635—1642), Ліпіцкае, Брацлаўскае, Шадаўскае, Нававольскае, Юрбарскае і Аліцкае староствы.
Зьмест |
[рэдагаваць] Біяграфія
Зь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Мікалая Крыштапа «Сіроткі» і Альжбеты Яўхіміі зь Вішнявецкіх. Меў братоў Яна Юрыя, Жыгімонта Караля і Альбрэхта Ўладзіслава.
Навучаўся ў Нясьвіжы, Нямеччыне, падарожнічаў па Францыі, Італіі.
Удзельнічаў у бітве з туркамі пад Хоцінам (1621), у баях пад Смаленскам у часе вайны з Маскоўскай дзяржавай (1632—1634).
Браў удзел у абраньні каралём і вялікім князем Уладзіслава Вазы (1632) і Яна Казімера (1648).
Аднавіў Магдэбурскае права для места Белай, збудаваў тамака замак і заснаваў акадэмію. У 1640 у Нясьвіжы на юбілей ордэна езуітаў паклаў у Фарным касьцёле натуральнай велічыні сэрца, адлітае з золата[2].
У першым шлюбе з Тэкляй Ганнай Валовіч меў сыноў Мікалая Крыштапа, Альбрэхта, Юрыя, Міхала Казімера і Яна, а таксама дачок Ганну Яўхімію, Яну Кацярыну і Францішку. Па сьмерці першай жонкі пабраўся шлюбам з Кацярынай Яўгеніяй Тышкевіч, зь якой меў сына Людвіка і дачку Элеанору. У трэцім шлюе зь Люкрэцыяй Марыяй Строзі меў сына Дамініка Мікалая і дачку Цэцылію Марыю.
Памёр у Балёньні, куды выехаў на лячэньне. Сын Міхал Казімер перавез труну зь целам князя ў Нясьвіж і пахаваў у родавай крыпце.
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Радзівіл Аляксандр Людвік // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 487.
- ^ К. Я. Шышыгіна-Патоцкая. Нясвіж і Радзівілы. Мн.: Беларусь, 2007.
[рэдагаваць] Літаратура
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- К. Я. Шышыгіна-Патоцкая. Нясвіж і Радзівілы. Мн.: Беларусь, 2007. — 240 с.: іл. ІSBN 978-985-01-0740-4.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Аляксандар Людвік Радзівіл — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў