Аляксандар Мядзьведзь
| Аляксандар Мядзьведзь | |
| Дата нараджэньня | 16.9.1937 |
|---|---|
| Месца нараджэньня | Белая Царква, УССР |
Алякса́ндар Васі́льевіч Мядзьве́дзь (16 верасьня 1937, места Белая Царква, УССР) — выбітны беларускі барацьбіт вольнага стылю, заслужаны майстар спорту (1962), заслужаны дзеяч фізычнай культуры Беларусі (1969). Прафэсар (1976).
Спартовую кар’еру распачаў у 1959 на II Спартакіядзе народаў СССР, дзе заваяваў бронзавы мэдаль.
Аляксандар Мядзведзь — трохразовы алімпійскі чэмпіён (1964, 1968, 1972), прычым у трох розных вагавых катэгорыях (паўцяжкай, цяжкай і абсалютнай), 7 разоў (1962—1963, 1966—1967, 1969—1971) быў чэмпіёнам сьвету, 4 разы (1966, 1968, 1971 і 1972) — чэмпіёнам Эўропы.
У 1961 скончыў школу трэнэраў пры Беларускім дзяржаўным інстытуце фізычнай культуры, а ў 1965 — гэты інстытут.
Па заканчэньні спартовай кар’еры працаваў дацэнтам у Менскам радыётэхнічным інстытуце і трэнэрам па барацьбе.
У 2001 вызнаны лепшым спартоўцам Беларусі XX стагодзьдзя. У 2005 быў вызнаны лепшым вольным барацьбітом у гісторыі спорту і ўведзены ў Залю спартовай славы барацьбы.
Жанаты, двое дзяцей — дачка і сын Аляксей (барацьбіт, уладальнік Кубка Сьвету), тры ўнукі.
З 1970 у Беларусі праводзіцца традыцыйны міжнародны турнір па вольнай барацьбе на прызы Аляксандра Мядзьведзя (катэгорыя Гран-пры).
[рэдагаваць] Узнагароды
- Ордэн МАК і прыз «За высакароднасьць у спорце» (1975)
- Заслужаны майстар спорту (1962)
- Заслужаны трэнэр БССР (1979)
- Заслужаны трэнэр СССР (1984)
- Ганаровы грамадзянін Менску (1975)
[рэдагаваць] Літаратура
- Мядзведзь Аляксандр Васілевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 2000. — 560 с.: іл. ISBN 985-11-0188-5 (т. 11), ISBN 985-11-0035-8. С. 66.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
- 16 верасня — 70 год з дня нараджэння (1937) А. В. Мядзведзя, спартсмена і трэнера (вольная барацьба) // Нацыянальная бібліятэка Беларусі
- Аляксандр Мядзведзь // belarus.by
- Валянціна Лецка. Мядзьведзевы падарожжы // Наша Ніва, 2002