Аляксандар Мілінкевіч
| Аляксандар Мілінкевіч | |
Аляксандар Мілінкевіч |
|
| Лідэр руху «За Свабоду» | |
|---|---|
| 21 траўня 2007 — цяперашні час | |
| Намесьнік старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму | |
| 1990 — 1996 | |
| Асабістыя зьвесткі: | |
| Нарадзіўся: | 25 ліпеня 1947 (64 гады) Горадня, БССР |
| Нацыянальнасьць: | беларус |
| Партыя: | беспартыйны |
| Жонка: | Інэса Кулей |
| Рэлігія: | праваслаўны |
| Узнагароды: | Ордэн За заслугі перад польскай культурай, Прэмія імя Андрэя Сахарава (2006), узнагарода імя Сержыё Віера дэ Мэла (2006) |
Алякса́ндар Уладзі́меравіч Мілінке́віч (нарадзіўся 25 ліпеня 1947) — беларускі палітык і навукоўца.
Зьмест |
[рэдагаваць] Біяграфія
Нарадзіўся ў Горадні. Ягоны прадзед і прапрадзед бралі ўдзел у паўстаньні Кастуся Каліноўскага 1863 году, рэпрэсаваныя царскімі ўладамі. Дзед — актывіст беларускага руху 1920-х гадоў на Гарадзеншчыне. Бацька — заслужаны настаўнік БССР.
У 1965 годзе Мілінкевіч скончыў школу з залатым мэдалём, а ў 1969 годзе з адзнакай фізыка-матэматычны факультэт Гарадзенскага пэдінстытута.
Працаваў настаўнікам у Горадні. Пасьля сканчэньня асьпірантуры Інстытута фізыкі АН БССР у 1972 годзе працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам. Стажыраваўся ва ўнівэрсытэце Манпэлье (Францыя, 1980) і Каліфарнійскім унівэрсытэце (ЗША, 1998), прайшоў курс навучаньня ў эўрапейскім цэнтры дасьледаваньня праблемаў бясьпекі ў Ґарміш-Партэнкірхэне (ФРН, 2000). Кандыдат фізыка-матэматычных навук.
У 1980—1984 гадох загадваў катэдрай Сэтыфскага ўнівэрсытэту (Альжыр), быў дацэнтам Гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы (1978—1980, 1984—1990, 1994—2000). Заснавальнік і кіраўнік Гарадзенскага абласнога грамадзкага аб’яднаньня «Ратуша» (1996—2003).
У 1996—1997 гадах прэзыдэнт баскетбольнага клюбу «Гродна-93» — шматразовага чэмпіёна Беларусі.
Кіраўнік праграмаў «Фонду спрыяньня лякальнаму разьвіцьцю». Апрача роднай мовы валодае таксама расейскай, польскай, ангельскай i францускай мовамі.
Жанаты другім шлюбам, ад першага мае двух сыноў.
26 кастрычніка 2006 году ўзнагароджаны Эўрапарлямэнтам прэміяй імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».
[рэдагаваць] Палітычная дзейнасьць
У 1990—1996 гадох быў намесьнікам старшыні гарвыканкаму Горадні, займаўся пытаньнямі адукацыі, культуры, аховы здароўя, моладзі, спорту, СМІ, рэлігіі, міжнародных зносін і аховы гістарычнай спадчыны. У 2001 годзе быў кіраўніком перадвыбарчага штабу кандыдата на прэзыдэнта Сямёна Домаша.
У кастрычніку 2005 году на Кангрэсе дэмакратычных сілаў абраны адзіным кандыдатам на выбарах 2006 году ў Беларусі.
[рэдагаваць] Навуковая дзейнасьць
У 1976 абараняе дысэртацыю па тэме «Мэханізм генэрацыі звышмагутных лязэрных імпульсаў». Аўтар 65 навуковых працаў і манаграфіяў па квантавай электроніцы, лязэрнай тэхніцы, гісторыі, культуры, адукацыі, архітэктуры Беларусі. Краязнаўца, знайшоў пахаваньне апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, рэстаўраваў найстаражытнейшы ў Эўропе гарадзенскі вежавы гадзіньнік (XV—XVI стагодзьдзі).
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Аляксандар Мілінкевіч — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
| Кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2006 году | |
|---|---|