Аляксандар Надсан
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Аляксандар Надсан (сапраўднае — Аляксандар Бочка; нарадзіўся 8 жніўня 1926, Гарадзея) — беларускі грэка-каталіцкі сьвятар, апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы.
Зьмест |
[рэдагаваць] Біяграфія
Падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў настаўніцкай сэмінарыі ў Нясьвіжы. Скончыў курсы кіраўнікоў Саюзу Беларускай Моладзі ў Альбертыне, менскую афіцэрскую школу Беларускай Краёвай Абароны. У 1944 пакінуў Беларусь, партызаніў ва Францыі, дзе далучыўся да Руху Супраціўленьня. Потым уступіў у войска генэрала Андэрса, служыў у 2-м Польскім корпусе, ваяваў у Паўночнай Італіі, дзе быў паранены.
З 1946 жыве у Вялікай Брытаніі. У 1953 скончыў матэматычны факультэт Лёнданскага ўнівэрсытэту. Стаў адным з заснавальнікаў Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі (старшыня ў 1951—1953). Рэдактар часопісаў «Беларусь на чужыне» й «На шляху», браў удзел у дзейнасьці беларускага хрысьціянскага акадэмічнага таварыства Рунь і Беларускага народнага незалежнага хрысьціянскага руху. Актыўна супрацоўнічаў з найбуйнейшым беларускім духоўным асяродкам на Захадзе — Беларускай Каталіцкай Місіяй у Вялікай Брытаніі — ад часу яе ўтварэньня ў 1947 годзе.
Ад восені 1953 навучаўся ў папскім Грэцкім калегіюме ў Рыме. Высьвечаны на сьвятара 23 лістапада 1958. У ліпені 1959 вярнуўся ў Лёндан, дзе зноў далучыўся да дзейнасьці сярод беларускае эміграцыі. З 1966 кіраваў школай-інтэрнатам імя Кірылы Тураўскага пры Беларускай Каталіцкай Місіі. З 1971 — дырэктар бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лёндане. Ад 1981 кіраўнік беларускае каталіцкае місіі ў Вялікабрытаніі, ад 1986 апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы. Старшыня дабрачыннага Чарнобыльскага фонду, аўтар шэрагу кніг па гісторыі Беларусі.
[рэдагаваць] Літаратурная дзейнасьць
Цягам гадоў ён працаваў над перакладамі бізантыйскіх літургічных тэкстаў на беларускую мову — праца, якая зазвычай робіцца вялікімі аўтарытэтнымі камісіямі і якая ўяўляецца непад’ёмнаю для аднаго чалавека. Але ён ня толькі здолеў зрабіць якасныя й натхнёныя пераклады амаль усяго велізарнага корпусу тэкстаў літургічнае традыцыі Ўсходняга Хрысьціянства, ня толькі сам склаў службы беларускім сьвятым і на вялікія беларускія сьвяты ды іншыя нагоды (Служба аб памнажэньні любові, Службы да сьвятых Эўфрасіньні Полацкай і Кірылы Тураўскага ды інш.), але й быў першым сьвятаром у сьвеце, хто пачаў сыстэматычна ўжываць беларускую мову ў богаслужэньні. Як мінімум два дзесяцігодзьдзі ён быў адзіным чалавекам, хто штодня (!) літургічна маліўся за Беларусь і па-беларуску. Малітаўнік «Госпаду памолімся», выдадзены ў Менску ў 2002 годзе, стаўся як афіцыйным тэкстам набажэнстваў Беларускае Грэка-Каталіцкае Царквы, так і непераацэнным скарбам для ўсіх тых, хто моліцца па-беларуску, і тых, каму блізкая бізантыйская традыцыя. Айцец Аляксандар застаецца самым запатрабаваным беларускім сьвятаром у сьвеце. Штогод на Каляды й Вялікдзень беларускія радыйныя рэдакцыі ды газэты просяць яго пра казані — заўсёды глыбока духоўныя, зьмястоўныя і па-чалавечы цёплыя.