Аляксандар Цьвікевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Алякса́ндар Іва́навіч Цьвіке́віч (22 чэрвеня 1888, Берасьце — 30 сьнежня 1937, Менск) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, гісторык, юрыст, філёзаф, публіцыст.

[рэдагаваць] Біяграфія

Нарадзіўся 22 чэрвеня 1888 году ў Берасьці ў сям’і фэльчара чыгуначнай лякарні. Быў старэйшым братам беларускага мэдыка і навукоўца Івана Цьвікевіча. Cкончыў юрыдычны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэту (1912), да 1914 г. працаваў прысяжным павераным у Пружанах і Берасьці. Пасьля пачатку Першай Сусьветнай вайны — у бежанстве ў Туле, дзе прымаў актыўны ўдзел у працы камітэту дапамогі ахвярам вайны. У 1917 г. у Маскве стаў адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай народнай грамады.

Удзельнічаў у працы І Усебеларускага зьезду, быў абраны сакратаром прэзыдыюму, ад бежанцаў-беларусаў уваходзіў у склад Рады зьезду. У студзені 1918 г. Выканкам І Усебеларускага зьезду накіраваў Аляксандра Цьвікевіча разам з С. Рак-Міхайлоўскім на мірныя перамовы ў Берасьце. Аднак не атрымаўшы дазволу ўдзельнічаць у перамовах асобнай дэлегацыяй, Цьвікевіч і Рак-Міхайлоўскі вымушаны былі ўвайсьці ў дэлегацыю УНР у якасьці дарадцаў.

У канцы сакавіка 1918 г. быў накіраваны ў Кіеў у складзе надзвычайнай дыпляматычнай місіі. Падчас дзейнасьці місіі Цьвікевіч вырашаў пытаньні беларуска-ўкраінскай мяжы, дамагаўся прызнаньня адроджанай беларускай дзяржаўнасьці і перагляду Берасьцейскага міру, вёў перамовы зь місіямі іншых дзяржаў наконт фінансавай дапамогі ўраду БНР. Пад яго кіраўніцтвам у Кiеве быў наладжаны выпуск газэты «Белорусское эхо», арганiзавана Беларуская гандлёвая палата. 29 траўня 1918 г. беларуская місія зьвярнулася да расейскай мірнай дэлегацыі і падала галаве яе, Ракоўскаму, ноту, падпісаную Цьвікевічам і Доўнар-Запольскім, гаворачы аб патрэбе прызнаньня расейскім савецкім урадам незалежнасьці Беларусі.

У ліпені 1918 г. Аляксандар Цьвікевіч увайшоў у склад кіруючых органаў Беларускай партыі сацыялістаў-фэдэралістаў.

Вясной 1919 г. урад БНР накіроўвае Цьвікевіча ў Бэрлін, дзе ён павінен быў вырашаць фінансавае пытаньне — атрымаць па акрэдытыве ўкраінскую пазыку. Пасьля адмовы германскiх улад выдаць грошы ездзiў у Вену, каб атрымаць частку зь iх у Аўстрыйскiм банку.

З 1921 па 1923 год Аляксандар Цьвікевіч займаў пасаду міністра замежных справаў ва ўрадзе БНР Вацлава Ластоўскага. Быў старшынём І Усебеларускай канфэрэнцыі ў Празе, якая адбывалася ў верасьні 1921 г. На гэтай канфэрэнцыі ў яго рэдакцыi была прынята рэзалюцыя па вiленскім пытаньні. У 1922 г. Цьвікевіч разам з Ластоўскім рабілі спробу ўключэньня беларускага пытаньня ў парадак дня Гэнуэзскай канфэрэнцыі.

У 1923 г., у сувязі зь нязгодай часткі беларускіх грамадзкіх і палітычных дзеячоў палітыкай урада БНР В. Ластоўскага, быў сфармаваны новы ўрад БНР на чале з Аляксандрам Цьвікевічам. На ІІ Усебеларускай канфэрэнцыі ў Бэрліне ў 1925 г., пад узьдзеяньнем посьпехаў i дасягненьняў палiтыкi беларусiзацыi ў БССР, Аляксандар Цьвікевіч прыняў рашэньне аб спыненьні дзейнасьці Рады міністраў БНР і прызнаньні Менска адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі. У лістападзе 1925 г. Цьвікевіч зь сям’ёй пераехаў у Менск.

Пасьля пераезду ў БССР працаваў у Наркамаце фінансаў, потым — вучоным сакратаром у Інбелкульце. З 1929 г. працаваў у Інстытуце гісторыі Беларускай Акадэміі навук.

4 ліпеня 1930 г. быў арыштаваны, абвінавачаны па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». 10 красавіка 1931 г. асуджаны на 5 гадоў ссылкі. Адбываў яе ў Пярмi, Iшыме, потым Сарапуле (Удмуртыя). Паўторна арыштаваны 17 сьнежня 1937 г. 30 сьнежня 1937 г. Аляксандар Цьвікевіч быў расстраляны ў Менску.

Рэабiлiтаваны па першым прыгаворы 10 чэрвеня 1988 г., па другiм — 31 траўня 1989 г.

[рэдагаваць] Навукова-публіцыстычная дзейнасьць

Аляксандар Цьвікевіч зьяўляецца аўтарам 6 манаграфій і брашур, а таксама шматлікіх артыкулаў, эсэ і публікацый у тагачасным беларускім друку. У 1918 г. у Кіеве ён выдае брашуру «Кароткі нарыс узьнікненьня БНР» (на расейскай мове), у якой дае кароткую спраўку з гісторыі апошніх этапаў беларускага нацыянальна-палітычнага руху і адлюстроўвае ўсю справядлівасьць барацьбы беларусаў за сваю дзяржаўнасьць. З мэтай азнаёміць замежнага чытача з Беларусьсю і яе нацыянальным рухам Аляксандар Цьвікевіч у 1921 г. у Бэрліне на расейскай мове выдае брашуру «Беларусь: палітычны нарыс».

З нагоды акупацыі польскімі войскамі Заходняй Беларусі Аляксандар Цьвікевіч у 1921 г. напісаў кнігу «Адраджэньне Беларусі і Польшча», дзе прыйшоў да высноў, што галоўныя інтарэсы, якімі кіраваліся палякі пры захопе тэрыторыі Беларусі, былі ня столькі палітычныя, колькі эканамічныя.

Падчас сваёй працы ў Коўне ва ўрадзе БНР Цьвікевіч шмат друкуецца ў беларускіх газэтах і часопісах, у пераважнасьці ў часопісе «Беларускі сьцяг». З пад яго пяра выходзяць такія палымяныя артыкулы й эсэ, як «Да пытаньня аб незалежнасьці Беларусі», «Беларусь перад Гэнуэзскай канфэрэнцыяй», «Усе дарогі вядуць у Беларусь», «Эўразійцы» і г. д. Падпісваецца ў асноўным крыптонімам А. Ц. цi псэўданiмамі Алесь Галынец, Алесь Незалежны. Там жа ў Коўне ён выдае манаграфію «Погляд П.Бяссонава на беларускую справу».

У 1926 г. у Рызе намаганьнямі Кастуся Езавітава выходзіць наступная праца Цьвікевіча «Вялiкае апрашчэньне цi вялiкае ўдасканаленьне?». Увесь зьмест гэтай кнігі быў зьвернуты да той часткі інтэлігенцыі, якая скептычна і адмоўна адносіцца да беларускага нацыянальнага адраджэньня.

У 1929 г. у Менску была надрукавана фундамэнтальная навуковая праца Аляксандра Цьвiкевiча «Западно-руссизм»: Нарысы з гiсторыi грамадзкай мысьлi на Беларусi ў XIX i пачатку XX стст." У ёй аўтар зрабіў аналіз ідэялёгіі і практыцы русіфікацыі Беларусі ў пэрыяд Расейскай імпэрыі, даў ацэнку розным накірункам «заходнерусізму». Фактычна пасьля выхаду гэтая кніга была забаронена, а амаль увесь наклад быў зьнішчаны. Уцалела толькi некалькi кнiг у прыватных зборах, што дало магчымасьць перавыдаць яе ў 1993 г.

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Асабістыя прылады
Прасторы назваў

Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах