Аляксандра Гесь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аляксандра Гесь
Дата нараджэньня 1 лютага 1940(1940-02-01)
Месца нараджэньня Гусакі, Нясьвіскі раён
Дата сьмерці 17 сакавіка 2011(2011-03-17) (71 год)
Месца сьмерці Гусакі, Нясьвіскі раён
Месца вучобы Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт
Занятак навукоўца
Навуковая сфэра гісторыя, архівістыка
Месца працы Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КПБ, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь
Вядомая як дасьледніца гісторыі Беларусі 1920-х—1930-х; зьбіральніца матэрыялаў, датычных біяграфіі Кастуся Каліноўскага
Навуковы кіраўнік Лаўрэнці Абэцэдарскі

Аляксандра Мікалаеўна Гесь (1 лютага 1940, в. Гусакі, Нясьвіскі раён[1] — 17 сакавіка 2011; там жа) — беларуская архівістка і гісторык.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзілася ў вёсцы Гусакі ў сям’і Мікалая Аляксандравіча і Дар’і Пятроўны Гесь[2]. Бацька, мабілізаваны ў 1944 у савецкае войска, загінуў вясной 1945 на тэрыторыі Польшчы.

Першую адукацыю атрымала ў Казлоўскай сямігадовай школе, пасьля паступіла ў Нясьвіскую пэдагагічную вучэльню, па заканчэньні якой была накіраваная на працу настаўнікам у адну са школаў Давыд-Гарадоцкага раёна. У 1962 паступае на гістарычны факультэт БДУ, дзе піша курсавыя і дыплёмную працы ў гісторыка Лаўрэнція Абэцэдарскага[2].

Пасьля сканчэньня БДУ у 1967 працуе настаўніцай гісторыі, а пасьля — дырэктарам у школах Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў. У 1975 пераязджае ў Менск, дзе ўладковаецца на працу ў Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КПБ на пасаду навуковага супрацоўніка[2]. Тут яна ўдзельнічала ў падрыхтоўцы шматлікіх дакумэнтальных выданьняў. Таксама займалася выяўленьнем і зборам дакумэнтаў, датычных Кастуся Каліноўскага, у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Летувіскай ССР. Цікавілася тэмай беларусізацыі 1920-х гг.

Увосені 1991 перайшла на працу ў Беларускі навукова-дасьледчы інстытут дакумэнтазнаўства і архіўнай справы (БНДІДАС), а ў 1995 перавялася ў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ) на пасаду вядучага навуковага супрацоўніка аддзела публікацыяў[2]. Тут яна працягвае займацца вывучэньнем нацыянальна-культурнага жыцьця Беларусі ў 1920—30-я гг.

24 верасьня 1994 году Аляксандра Гесь дэбютуе ў «Настаўніцкай газэце» з публікацыяй «Беларускі універсітэт павінен быць беларускім», дзе друкуецца дакладная запіска першага рэктара БДУ Уладзімера Пічэты[2]. У 1997 разам з Уладзімерам Міхнюком і Мікалаем Клімовічам Аляксандра Гесь падрыхтавала выданьне «Антон Луцкевич: Материалы следственного дела НКВД БССР» (Менск, 1997), якое мела вялікі рэзананс у грамадзкіх колах[2]. У 2006 у выніку супрацоўніцтва Аляксандры Гесь, Уладзімера Ляхоўскага і Ўладзімера Міхнюка рыхтуецца грунтоўнае выданьне па гісторыі Слуцкага збройнага чыну 1920 г. Пачынаючы з № 2 за 2003 г. у часопісе «Спадчына» друкуецца падборка з архіўных збораў і ўспамінаў пра савецкую рэчаіснасьць 1920—30-х гг., аб’яднаных рубрыкай «Быў час, была эпоха...»[2].

17 сакавіка 2011 году Аляксандра Гесь памёрла ў роднай вёсцы Гусакі.

Выбраная бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Калі песня жыве беларуса, будзе жыць беларускі народ!»: Жыццёвы і творчы шлях У. Тэраўскага (разам з У.Ляхоўскім) // Мастацтва. 1996. № 12;
  • Учора і сёння: Ці мае беларускі народ сваю мову і сваю культуру // Скарыніч. Мн., 1997. Вып. 3;
  • «Імем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі…» (пра рэпрэсіі супраць немцаў у Беларусі ў 30-я гг.) // Форум. 1997-98. №6-7;
  • «Выслаць за межы Беларусі...» // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў XX ст.: Матэрыялы навук.-практ. канф. Мн., 1998;
  • «Усякі іншы шлях лічу памылковым і шкодным»: Беларусізацыя сельгасакадэміі, год 1925-ы // Акадэмік Гаўрыла Гарэцкі: Успаміны, арт., дак. Мн., 2000;
  • Калінінская акруга: хроніка беларускага культурнага жыцьця 1920-х гг. // Спадчына. 2001, №3.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Адміністрацыйная адзінка, якая існавала дэ-факта, легальная з пункту гледжаньня ўладаў СССР. З пункту гледжаньня міжнароднага права – у складзе Другой Рэчы Паспалітай, пад акупацыяй СССР.
  2. ^ а б в г д е ё Уладзімір Ляхоўскі (7 красавіка 2011) Памяці Аляксандры Гесь. ARCHE ПачатакПраверана 7 красавіка 2011 г.