Алінгіта

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Алінгіта
Olinguito ZooKeys 324, solo.jpg
Клясыфікацыя
Надцарства Эўкарыёты
Царства Жывёлы
Тып Хордавыя
Кляса Сысуны
Атрад Драпежныя
Сямейства Янотавыя
Род Алінга
Від B. neblina
Бінамінальная намэнклятура
Bassaricyon neblina Helgen, 2013
Арэал
ZooKeys-distribution of B. neblina.jpg

Алінгі́та (Bassaricyon neblina) — від сысуноў роду алінга сямейства янотавых. Пра адкрыцьцё новага віду было абвешчана 15 жніўня 2013[1][2].

Таксаномія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Bassaricyon neblina — адзін з шасьці відаў роду алінга (Bassaricyon). За ўвесь час гісторыі дасьледаваньняў гэтага роду відавая самастойнасьць формы не дапускалася, і від не вылучалі сярод іншых прадстаўнікоў Bassaricyon, да таго ж і пашыраных у Эквадоры.

Зьнешні выгляд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Памеры вагаюцца ад 32 да 40 см, даўжыня хваста — ад 33 да 40 см. Вага складае 0,75 — 1,1 кг. Ад іншых алінгаў адрозьніваецца меншым памерам цела, а таксама больш доўгаю, гусьцейшаю да стракацейшаю поўсьцю. У Эквадоры яна мае сьветла-карычневую афарбоўку з чорнымі крапінамі, у Калюмбіі — чырвона-карычневую.

Спосаб жыцьця[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пра B. neblina пакуль што вядома няшмат. Хоць дапускалася, што зьвер мясаедны, але было высьветлена, што від харчуецца пераважна садавіной і лісьцем дрэваў. Вядзе начны адзіночны спосаб жыцьця, рэдка спускаецца з дрэваў на зямлю. У вывадках саміц гэтага віду ўсяго адно дзіцё.

Адкрыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адкрыцьцё алінгітаў стала вынікам працы амэрыканскага заоляга Крыстафэра Гелджэна па сыстэматызацыі наяўных ведаў і матэрыялаў, зьвязаных з родам алінга: пачынаючы з 2003 року Гелджэн абсьледаваў скуру і косткі прадстаўнікоў роду ў 19 музэях і калекцыях, высьветліўшы, што сярод іх прысутнічаюць узоры, зьвязаныя зь неідэнтыфікаванымі жывёламі.

У 2006 року Гелджэн разам з групаю іншых дасьледнікаў выправіўся на пошукі гэтай жывёлы ў высакагорныя раёны Эквадору, у хмарныя лясы, на якія паказвалі выяўленыя ўзоры, — і неўзабаве адкрыў раней невядомую жывёлу[1]. Некалькі гадоў пайшло на правядзеньне малекулярна-генэтычнага дасьледаваньня ДНК, што пацьвердзіла прыналежнасьць да асобнага віду. Пры гэтым высьветлілася, што ейная ДНК ужо прысутнічала ў базе зьвестак навукоўцаў: саміца гэтага віду была спайманая ў Калюмбіі яшчэ ў 1967 року, але памылкова была прынятая за іншы, большы памерамі цела від. Спробы скрыжаваць яе з самцамі іншага віду былі беспасьпяховымі.

У 2013 Гелджэн з калегамі апублікавалі вынікі свайго дасьледаваньня, і Bassaricyon neblina атрымаў папулярнасьць, стаўшыся першым прадстаўніком драпежных сысуноў Новага сьвету, адкрытым пасьля перапынку ў 35 рокаў[3][4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б For the First Time in 35 Years, A New Carnivorous Mammal Species is Discovered in the American Continents(анг.) Smithsonian Magazine Праверана 19 жніўня 2013 г.
  2. ^ Roland Kays. (15 жніўня 2013) Press Conference Olinguitos Roland Kays(анг.) LiveStream Праверана 19 жніўня 2013 г.
  3. ^ Джейн О’Брайан. (15 жніўня 2013) В Америке нашли новый вид млекопитающих — олингито(рас.). Расейская служба BBCПраверана 19 жніўня 2013 г.
  4. ^ Beth Mole. (15 жніўня 2013) Cute mammal is first carnivore discovered in Western Hemisphere for 35 years(анг.). NatureПраверана 19 жніўня 2013 г.