Амсьціслаў
| Амсьціслаў | |||||
У цэнтры места |
|||||
|
|||||
| Першыя згадкі: | 1135 | ||||
| Магдэбурскае права: | 16 жніўня 1634 | ||||
| Вобласьць: | Магілёўская | ||||
| Раён: | Мсьціслаўскі | ||||
| Насельніцтва: | 10 804[1] (2009) | ||||
| Часавы пас: | UTC+3 | ||||
| Тэлефонны код: | +375 2240 | ||||
| Паштовы індэкс: | 213470, 213472, 213452, 213453 | ||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 54°01′ пн. ш. 31°43′ у. д. / 54.017° пн. ш. 31.717° у. д.Каардынаты: 54°01′ пн. ш. 31°43′ у. д. / 54.017° пн. ш. 31.717° у. д. | ||||
|
Амсьціслаў на мапе Беларусі
Амсьціслаў
|
|||||
Амсьці́слаў — места ў Беларусі, на рацэ Віхра. Адміністрацыйны цэнтар Мсьціслаўскага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва 10 804[1] чал. (2009). Знаходзіцца за 95 км ад Магілёва, за 19 км ад чыгуначнай станцыі Ходасы (лінія Ворша — Крычаў). Вузел аўтамабільных дарог на Магілёў, Горкі, Крычаў, Чавусы, Хаславічы.
Амсьціслаў — даўняе магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну. Да нашага часу тут захаваўся шэраг помнікаў гісторыі і архітэктуры.
Зьмест |
Назва [рэдагаваць]
Тапонім «Амсьціслаў» утварыўся ад імя Мсьціслаў (імаверна, ад асновы мост — масьціць)[2]. Летапісны заснавальнік места, князь смаленскі Расьціслаў Мсьціслававіч, унук Уладзімера Манамаха, ушанаваў у ягонай назьве памяць пра свайго бацьку Мсьціслава Вялікага[3].
У сучаснай беларускай мове (клясычны правапіс) старадаўні тапонім і вытворны ад яго прыметнік аформіўся з устаўным галосным «а»: Амсьціслаў — амсьціслаўскі[4], што адпавядае традыцыйнаму вымаўленьню мясцовых жыхароў[5]. Афіцыйнае напісаньне назвы места — Мсціслаў.
Гісторыя [рэдагаваць]
Першы пісьмовы ўспамін пра Амсьціслаў зьмяшчаецца ў грамаце князя смаленскага Расьціслава, якая датуецца 1136—1150[6], хоць у пазьнейшай летапіснай крыніцы падаецца больш раньняя дата заснаваньня паселішча — 1135[3]. Пад 1156 Амсьціслаў згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе як горад Смаленскага княства. Старажытнае паселішча ўзьнікла на Замкавай гары (дасьледнікі ў 1959—1969 выявілі тут культурны пласт з прадметамі ХІІ—XVІІ стст., драўлянымі пабудовамі, маставымі) і складалася з замка, умацаванага ровам і валамі, і вакольнага места. У 2-й пал. ХІІ ст. Амсьціслаў, імаверна, зьяўляўся другой рэзыдэнцыяй смаленскіх князёў. У 1180 Раман Расьціслававіч адпісаў паселішча ў валоданьне свайму сыну Мсьціславу, які пераўтварыў яго ў сталіцу ўдзельнага княства. Расьціслаў Раманавіч — першы князь амсьціслаўскі.
У сярэдзіне XІV ст.[6] Амсьціслаў далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе застаўся ў валоданьні тутэйшай княскай дынастыі. Тагачаснае Амсьціслаўскае княства яднала ў сваім складзе воласьці ўздоўж сярэдняй плыні Сажа і Дняпра: Магілёў, Цяцерын, Княжыцы, Дрокаў, Крычаў, Папова Гара і Мглін, а таксама далучаную Вітаўтам воласьць Малохву ўздоўж правага берага ракі Віхра і яе прытока Малохвы.
Цягам XІV—XV стст. Амсьціслаў быў гандлёва-рамесным цэнтрам, цесна зьвязаным эканамічна з Магілёвам, Вільняй, Кракавам, Ноўгарадам, Разаньню і іншымі местамі. У 1359 годзе вялікі князь Альгерд пасадзіў у Амсьціславе свайго намесьніка, а пазьней перадаў места свайму сыну Лугвену, заснавальніку роду князёў Мсьціслаўскіх[6]. У 1386 годзе каля места адбылася Амсьціслаўская бітва. 15 ліпеня 1410 году мясцовая харугва ўзяла ўдзел у Грунвальдзкай бітве.
У 1501 годзе пад Амсьціславам адбылася бітва паміж войскамі ВКЛ і Масковіі, у якой перамогу атрымала маскоўскія войскі. Апошнія, аднак, ня здолелі захапіць горад. З 1527[6] Амсьціслаў перайшоў у валоданьне вялікага князя Жыгімонта Аўгуста і зрабіўся цэнтрам староства. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) места атрымала статус сталіцы Амсьціслаўскага ваяводзтва, у склад якога ўвайшла тэрыторыя колішняга Амсьціслаўскага княства, Крычаўскай воласьці і прыватных маёнткаў, папярэдне вылучаных зь іхнага складу[6]. У 1614 у Амсьціславе збудавалі першы касьцёл паводле фундацыі старосты Пятра Паца.
- Геральдычныя сымбалі Амсьціслаўшчыны
-
Гістарычны герб места, 1634
-
Герб Амсьціслаўскага княства, 1672
-
Мескі герб часоў Расейскай імпэрыі, 1781
16 жніўня 1634 кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Амсьціславу Магдэбурскае права і мескі герб: «у залатым полі збройная рука зь мечам — Малая Пагоня»[7]. У 1637 насупраць Замкавай гары збудавалі касьцёл і кляштар кармэлітаў, з 1654 пачаў дзейнічаць кляштарны комплекс дамініканаў. У 1641 непадалёк ад Амсьціслава браты Москавічы заснавалі Тупічэўскі мужчынскі манастыр. У 1690 у месьце аселі езуіты, якія трымалі тут місію, пазьней — рэзыдэнцыю і калегіюм[6]. 22 ліпеня 1654 у пачатку Трынаццацігадовай вайны маскоўскія захопнікі на чале з А. Трубяцкім учынілі ў Амсьціславе крывавы гвалт, у выніку якога загінулі амаль 15 000 чалавек, у жывых засталіся толькі каля 700 месьцічаў[8]. Места знаходзілася пад акупацыяй да 1661.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Амсьціслаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе зрабіўся цэнтрам правінцыі (з 1773 цэнтар павету Магілёўскай губэрні). У гэты час тут дзейнічалі 6 мураваных цэркваў, 4 каталіцкія кляштары і адна драўляная вуніяцкая царква. У 1781 расейскія ўлады даравалі месту новы герб: у ніжняй часцы шчыта знаходзілася выява чырвонай лісіцы («каковыми зверьми окрестности сего города весьма изобилуют»), у верхняй частцы — палова гербу Расейскай імпэрыі, аднак у 1797 імпэратрыца расейская Кацярына II унесла зьмены ў герб: «червлёный волк голова влево». У 1791 у Амсьціславе адкрылася дваранская, а ў 1810 — духоўная вучэльня. У 1802 у месьце збудавалі зьнічкавы завод. На 1852 у Амсьціславе дзейнічалі двухклясная народная вучэльня, дваранская вучэльня, прыватная жаночая школа і 2 габрэйскія вучэльні. Неўзабаве празь вялізныя пажары (у 1858 і 1863), якія ўшчэнт зьнішчылі Амсьціслаў, распачаўся эканамічны заняпад места.
- Даўнія графічныя выявы Амсьціслава
-
«Трубяцкая разьня», учыненая акупантамі
-
Панарама места, гравюра сяр. XIX ст.
-
Манастыр Сьв. Духа, малюнак сяр. XIX ст.
Паводле перапісу (1897) у Амсьціславе дзейнічалі меская, духоўная і прыходзкая вучэльні, 17 дробных прадпрыемстваў, 3 лякарні. Станам на 1914 тут было 1048 будынкаў, зь іх 25 — мураваныя, мелася 28 фабрыкаў і заводаў з агульнай колькасьцю ў 120 работнікаў, якія перапрацоўвалі сельскагаспадарчую сыравіну (вінакурня, паравы і вадзяны млыны, крупадзёрні, маслабойні, ваўначоска, мылаварня, цагляныя і ваннавыя прадпрыемствы, шкіпідарна-дзягцярны завод). У месьце была адна лякарня на 28 месцаў, амбуляторыя, аптэка, тры аптэкарскіх магазыны, тры лекары, чатыры аптэкары, 6 акушэрак і 6 фэльчараў на ўвесь павет. Колькасцю шынкоў Амсьціслаў займаў другое месца ў губэрні пасьля Магілёва. Места асьвятлялася 82 газавымі ліхтарамі, вадой жыхары карысталіся з ракі і студняў.
1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Амсьціслаў увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 Амсьціслаў вярнулі БССР, дзе ён зрабіўся цэнтрам раёну Калінінскай акругі (з 1938 у Магілёўскай вобласьці). У Другую Сусьветную вайну 14 ліпеня 1941 да 28 верасьня 1943 места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
2 сьнежня 2000 на чарговым паседжаньні ўлады Амсьціслава зацьвердзілі герб места і раёну, распрацаваны Дзяржаўнай геральдычнай службай.
- Амсьціслаў на старых здымках
-
Колішні касьцёл бэрнардынаў па перабудове
Насельніцтва [рэдагаваць]

- XVIII стагодзьдзе: 1773 — 2910 чал., зь іх хрысьціянаў 989 муж. і 955 жан., юдэяў — адпаведна 493 і 473[9]; 1777 — 6137 чал. (2842 муж., 3295 жан.); 1783 — 2850 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1825 — 3492 чал.; 1855 — 6478 чал.; 1862 — 8514 чал, зь іх 4946 габрэяў, 586 палякаў, астатнія ліцьвіны-беларусы; 1880 — 7712 чал (3893 муж. і 3819 жан.), у тым ліку 3065 праваслаўных, 137 каталікоў, 2 эвангелісты і 4508 юдэяў[9]; 1897 — 8514 чал.; 1900 — 10 145 чал.
- XX стагодзьдзе: 1911 — 16 181 чал.; 1926 — 8041 чал.; 1927 — 8,1 тыс. чал.; 1943 — 3512 чал.; 1959 — 8,1 тыс. чал.[10]; 1979 — 10,1 тыс. чал.; 1991 — 11,6 тыс. чал.[11]; 1998 — 12,3 тыс. чал.
- XXI стагодзьдзе: 2004 — 11,4 тыс. чал.[12]; 2006 — 11,7 тыс. чал.; 2008 — 11,5 тыс. чал.; 2009 — 10 804[1] чал. (перапіс).
Адукацыя [рэдагаваць]
У Амсьціславе працуюць ліцэй, каледж, 2 сярэднія, спартовая, некалькі спэцыялізаваных школ, школа мастацтваў імя М. Чуркіна.
Мэдыцына [рэдагаваць]
Мэдычныя паслугі надаюць мескія лякарня і паліклініка.
Культура [рэдагаваць]
Дзейнічаюць раённы цэнтар культуры і народнай творчасьці, раённы дом рамёстваў, 2 бібліятэкі (цэнтральная і дзіцячая), раённы навукова-мэтадычны цэнтар. З 2001 году рэгулярна праходзіць Беларускі фэст камэрнай музыкі.
Забудова [рэдагаваць]
У Амсьціславе захавалася гістарычнае плянаваньне, у ягоную структуру ўваходзяць помнікі архітэктуры XVII—XIX стст., а таксама помнікі археалёгіі (Траецкая, Замкавая і Дзявочая горы). Забудова галоўнай восі — 2—3-павярховыя дамы, цэнтру — 2—5-павярховыя. На вольных тэрыторыях уздоўж Магілёўскай шашы ўзводзяцца шматпавярховыя будынкі. У 1985 зьявіўся праект рэгенэрацыі гістарычнага цэнтру, які прадугледжвае захаваньне старога плянаваньня, яго рэканструкцыю з мэтай наданьня месту значэньня турыстычнага цэнтру.
Эканоміка [рэдагаваць]
Прадпрыемствы харчовай, лёгкай прамысловасьці.
| Пералік прамысловых прадпрыемстваў Амсьціслава |
|---|
|
Турыстычная інфармацыя [рэдагаваць]
|
Абмерны рысунак касьцёла бэрнардынаў да перабудовы пад царкву Маскоўскага патрыярхату (леваруч) і ягоны сучасны стан (праваруч)
|
||
Працуе Амсьціслаўскі гістарычна-археалягічны музэй. Спыніцца можна ў мескай гасьцініцы.
Цягам ХІІ—ХІХ стст. Амсьціслаў быў буйным цэнтрам ганчарных рамёстваў і архітэктурна-дэкаратыўнай керамікі[13].
У месьце стаяць два помнікі Пятру Мсьціслаўцу.
Выдатныя мясьціны [рэдагаваць]
- Гандлёвыя рады (XIX—XX стст.)
- Гарадзішчы: «Дзявочая Гара», «Замкавая Гара»
- Гістарычная забудова (XVIII — пач. ХХ стст.; фрагмэнты)
- Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі (1614)
- Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі Анёльскай (1775, перабудаваны ў 2-й пал. XIX ст.; цяпер царква Сьвятога Аляксандра Неўскага, БЭМП)
- Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і кляштар езуітаў (1640)
- Манастыр Тупічэўскі Сьвятога Лукі (захаваліся брамы і агароджа)
- Царква Праабражэньня Гасподняга (ХІХ ст.)
- Царква Сьвятой Тройцы (1834, значна перабудаваная)
- Царква Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа (1871)
Страчаная спадчына [рэдагаваць]
- Касьцёл і кляштар дамініканаў (XVII ст)
- Кляштар бэрнардынаў (XVIII ст.)
- Кляштар кармэлітак
- Кляштар марыявітак
- Манастыр Сьвятога Духа (1641)
- Сынагога (XVIІI ст)
- Царква Сьвятога Апанаса
Галерэя [рэдагаваць]
- Краявіды Амсьціслава
Вядомыя асобы [рэдагаваць]
- Сымон Дубінаў (1860—1941) — габрэйскі гісторык
- Ільля Капіевіч (~1651—1714) — асьветнік, выдавец, пісьменьнік
- Абрам Маневіч (1881—1942) — беларускі і амэрыканскі мастак-мадэрніст
- Яўген Марцыноўскі (1874—1934) — навуковец-бактэрыёляг
- Пётра Мсьціславец (~XVI ст.) — першадрукар і гравёр
- Сьцяпан Палубес (~XVІI ст.) — кафляных справаў майстар
- Міхась Ткачоў (1942—1992) — беларускі гісторык, археоляг, грамадзка-палітычны дзяяч
- Алег Трусаў (нар. 1954) — беларускі археоляг, палітык і грамадзкі дзяяч
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ а б в Перепись населения — 2009. Могилевская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 246.
- ^ а б Алег Трусаў. Старажытны Мсьціслаў — сэрца беларускай Смаленшчыны // Ткачоў М. А., Трусаў А. А. Старажытны Мсціслаў. — Мн.: Полымя, 1992.
- ^ Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005. С. 22.
- ^ Амстиславский // Ономастикон: Древнерусские имена, прозвища и фамилии. — М.: «Наука», 1974.
- ^ а б в г д е Марат Батвіннік. Мсціслаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 321.
- ^ Мсціслаў // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.
- ^ Нашэсце // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
- ^ а б Mścisław // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885. S. 774.
- ^ Марат Батвіннік. Мсціслаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. С. 225.
- ^ Мстиславль // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
- ^ г. Мстиславль (Могилевская область) на Belarus.by
- ^ Мстиславль // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.
Літаратура [рэдагаваць]
- Ткачоў М. А., Трусаў А. А. Старажытны Мсціслаў. — Мн.: Полымя, 1992. — 109 с.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0141-9.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.
- Mścisław // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885. S. 774—778.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Амсьціслаў — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- м. Амсьціслаў на Radzima.org
- Сяргей Харэўскі. Мсьціслаў. Падарожжа на край // Наша Ніва, 9 чэрвеня 2006
- Сайт штодзённых навінаў Горацкага і Мсьціслаўскага раёнаў
- Інфармацыя на старонцы «Rzeczpospolita wirtualna — Kresy wschodnie»(пол.)
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
||||||||
