Амсьціслаўскае ваяводзтва
| Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | |
| Амсьціслаўскае ваяводзтва | |
| Герб | |
| Агульныя зьвесткі | |
| Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
| Адміністрацыйны цэнтар | Амсьціслаў |
| Ваяводы | Ваяводы амсьціслаўскія |
| Кашталяны | Кашталяны амсьціслаўскія |
| Насельніцтва | гл. Дэмаграфія |
| Плошча | 22,6 тыс. км² |
| Час існаваньня | 1566—1772 |
| Месцазнаходжаньне Амсьціслаўскага ваяводзтва | |
Амсьці́слаўскае ваяво́дзтва[а 1] — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на ўсходзе Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 22,6 тыс. км². Сталіца — места Амсьціслаў.
Найбуйнейшыя месты і мястэчкі: Дрыбін, Жукава, Крычаў, Радамля, Радзівілаў, Расна, Хаславічы, Шумячы[1][2].
Зьмест |
Сымболіка [рэдагаваць]
Герб ваяводзтва меў наступны выгляд: белая Пагоня ў чырвоным полі.
Ваяводзкая харугва была лімонна-жоўтага колеру (паводле Гваньіні — «памяранцавага», аранжавага[3]) з выяваю гербу Пагоня ў цэнтры[4].
Гісторыя [рэдагаваць]
Утварылася згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) на аснове Амсьціслаўскага княства (з 1529 — намесьніцтва[5]).
У 1601 большасьць мясцовага праваслаўнага сьвятарства далучылася да Берасьцейскай уніі. У 1614 з фундацыі старосты Пятра Паца ў Амсьціславе збудавалі першы касьцёл[6], у 1637 насупраць Замкавай гары — касьцёл і кляштар кармэлітаў. У 1641 браты Москавiчы заснавалі Тупiчэўскi мужчынскi манастыр, а ў 1665 Марыянна Сухадольская — Мазалаўскi жаночы манастыр.
22 ліпеня 1654 у пачатку Трынаццацігадовай вайны войскі Маскоўскай дзяржавы пад камандаю Трубяцкога захапілі Амсьціслаў і ўчынілі масавую разьню мескага насельніцтва. Акупанты з асаблівай жорсткасьцю забілі амаль 15 000 чалавек, у жывых засталося толькі каля 700 месьцічаў. У 1690 у Амсьціславе зьявіліся езуіты, якія трымалі тут місію, пазьней рэзыдэнцыю і калегіюм[7].
9 верасьня 1708 у Вялікую Паўночную вайну ў бітве каля вёскi Раеўка загінула больш за дзьве тысячы швэдзкіх жаўнераў, амаль столькi ж былі параненыя.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Амсьціслаўскае ваяводзтва спыніла сваё існаваньне. Ягоная тэрыторыя ўвайшла ў склад Амсьціслаўскага намесьніцтва Расейскай імпэрыі. Аднак урад ваяводы і кашталяна амсьціслаўскіх захоўваўся ў Вялікім Княстве Літоўскім да 1795.
Дэмаграфія [рэдагаваць]
У сярэдзіне XVII ст. Амсьціслаўскае ваяводзтва налічвала 13 769 дымоў. Паводле сучасных падлікаў, да Трынаццацігадовай вайны (1654—1667) колькасьць насельніцтва складала каля 96 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 27 тыс. чал.[8]
На 1717 рок ваяводзтва налічвала 2323 дымы[4]
Геаграфія [рэдагаваць]
На поўначы межавала з Аршанскім паветам Віцебскага ваяводзтва і Смаленскім ваяводзтвам (пэўны час апошняе знаходзілася пад уладай Маскоўскай дзяржавы), на захадзе і поўдні — зь Менскім і Рэчыцкім паветамі Менскага ваяводзтва, Смаленскім ваяводзтвам, на ўсходзе — зь Белгарадзкай губэрняй Маскоўскай дзяржавы[4].
Ахоплівала тэрыторыі былога Амсьціслаўскага княства, Крычаўскай воласьці і прыватных маёнткаў, папярэдне вылучаных зь іхнага складу.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел [рэдагаваць]
Ваяводзтва ня мела падзелу на паветы[1]. У яго склад уваходзілі Крычаўскае, Чэрыкаўскае, Чавускае, Магілёўскае, Радамльскае і Клімавіцкае нягродавае староствы (дзяржаўныя воласьці) і прылеглыя прыватнаўласьніцкія маёнткі[9].
Ваяводзкі соймік праводзіўся ў Амсьціславе, тамака ж месьціліся падкаморскі, земскі і гродзкі суды, склікалася паспалітае рушаньне.
Мясцовая шляхта абірала двух паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай, а таксама двух дэпутатаў на Галоўны Трыбунал (па адным на вясновую і восеньскую сэсіі).
Ураднікі [рэдагаваць]
- Асноўныя артыкулы: ваяводы амсьціслаўскія і кашталяны амсьціслаўскія
У Сэнаце Рэчы Паспалітай Амсьціслаўскае ваяводзтва мела двух прадстаўнікоў — ваяводу і кашталяна. Згодна зь Люблінскай уніяй (1569) ваявода і кашталян амсьціслаўскія займалі даволі невысокія месцы: ваявода — па холмскім і перад мальбарскім, кашталян — па холмскім і перад эльблёнскім. З гэтае прычыны амсьціслаўскія пасады не цікавілі прадстаўнікоў вялікіх магнацкіх радоў, звычайна іх займалі нашчадкі руска-літоўскіх князёў і нават прадстаўнікі сярэдняй шляхты. За ўвесь час свайго існаваньня Амсьціслаўскае ваяводзтва мела 33 ваяводы і 28 кашталянаў[4].
Ваяводзкі мундзір складаўся зь цёмна-сіняга («гранатовага») кунтуша са срэбнымі адваротамі і жоўтага («саламянага») жупана.
Галерэя [рэдагаваць]
Заўвагі [рэдагаваць]
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ а б Вячаслаў Насевіч. Мсціслаўскае ваяводства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 321.
- ^ Вячаслаў Насевіч. Мсціслаўскае ваяводства // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. С. 227.
- ^ Насевіч В. Л. Гэты сцяг пачынаўся так... // «Чырвоная Змена» № 42 (13900), 20 красавіка 1995.
- ^ а б в г Województwo mścisławskie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 341.
- ^ Вячаслаў Насевіч. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел. // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 38.
- ^ Гісторыя Мсціслаўскага раёна: Часы Рэчы Паспалітай (1569 г. — канец 18 ст.). Магілёўская абласная бібліятэка. Праверана 24 кастрычніка 2010 г.
- ^ Марат Батвіннік. Мсціслаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 321.
- ^ Насельніцтва Беларусі ў сярэдзіне ХVІІ ст. па паветах // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
- ^ Гісторыя Клімавіцкага раёна: Край у складзе Вялікага княства Літоўскага. Магілёўская абласная бібліятэка. Праверана 24 кастрычніка 2010 г.
Літаратура [рэдагаваць]
- Мяцельскі, А. А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХІІ—ХVIII стст. — Мн.: «Беларуская навука», 2010. — 664 с.: іл. ISBN 978-985-08-1202-5.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0141-9.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
- «Віртуальнае Мсціслаўскае ваяводства» Праверана 30 сьнежня 2011 г.
|
||||||||
|
||||||||||||||||||||