Ананімныя алькаголікі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ананімныя алькаголікі
анг. Alcoholics Anonymous

Эмблема
Абрэвіятура АА
Дэвіз Ачуньваньне, адзінства і дапамога
Папярэднік Оксфардзкая група
Дата ўтварэньня 10 чэрвеня 1935 (88 гадоў таму)
Тып міжнароднае
Юрыдычны статус грамадзкае аб’яднаньне
Мэта Дапамога алькаголікам дасягнуць цьвярозасьці
Штаб-кватэра Нью-Ёрк, ЗША
Месцазнаходжаньне Менск, вул. Лібкнехта, д. 68
Дзейнічае ў рэгіёнах 79 краінаў, у тым ліку Беларусь
Сяброўства 106 202 групы (2006)
Кіроўны орган Нарада
Колькасьць валянтэраў 3 мільёны (2011)
Сайт www.aabelarus.org

«Ананімныя алькаголікі» — міжнароднае згуртаваньне ўзаемадапамогі, заснаванае ў 1935 годзе спэкулянтам Ўільямам Ўілсанам(en) і хірургам Робэртам Сьмітам(en) у горадзе Акрон(en) (штат Агаё, ЗША).

10 красавіка 1939 году Ўільям Ўілсан выдаў кнігу «Ананімныя алькаголікі: аповед аб тым, як многія тысячы мужчынаў і жанчынаў ачунялі ад алькагалізму»(en), што зьмяшчала 12 крокаў(en) пераадоленьня залежнасьці. У красавіцкім нумары 1946 году часопіса АА «Вінаградная лаза» (анг. Grapevine) Ўілсан зьмясьціў артыкул «12 пунктаў, каб забясьпечыць нашую будучыню», які Першая міжнародная нарада АА ўхваліла ў якасьці 12 звычаяў(en) згуртаваньня ў 1950 годзе. У красавіку 1953 году Ўілсан выдаў адпаведную кнігу «12 крокаў і 12 звычаяў»(en). З 1991 году згуртаваньне мае прадстаўніцтва ў Беларусі[1]. На люты 2012 г. гурткі «Ананімных алькаголікаў» дзейнічалі ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі[2].

На красавік 2014 году ў сьвеце існавала каля 125 000 суполак «Ананімных алькаголікаў», якія налічвалі звыш 2-х млн чалавек. У Беларусі сярод 70 суполак 24 працавалі ў Менску[3].

12 крокаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: 12 крокаў

Паводле кнігі «12 крокаў і 12 звычаяў», 12 крокаў у сьціслым выглядзе складаліся з 12 сказаў:

  1. «Мы прызналі, што бясьсільныя перад алькаголем і нашыя жыцьці сталіся некіраванымі».
  2. «Прыйшлі да перакананьня, што большая за нас Сіла можа вярнуць нам здаровы розум».
  3. «Прынялі рашэньне аддаць нашыя волю і жыцьці пад апеку Богу, бо мы зразумелі Бога».
  4. «Зрабілі праніклівы і бясстрашны вопіс сваіх нораваў».
  5. «Прызналі перад Богам, сабой і іншым чалавекам дакладную прыроду нашых памылак».
  6. «Цалкам гатовыя да таго, каб Бог прыбраў гэтыя хібы характару».
  7. «Пакорна папрасілі Яго прыбраць нашыя заганы».
  8. «Склалі сьпіс усіх людзей, якім пашкодзілі, і пажадалі пакрыць ім усім страты».
  9. «Беспасярэдне пакрылі страты такім людзям, дзе магчыма, акрамя выпадкаў, калі гэта магло пашкодзіць ім або іншым людзям».
  10. «Працягнулі весьці асабісты вопіс і, калі памыліліся, адразу прызналі гэта».
  11. «Пастараліся пры дапамозе малітвы і разважаньня палепшыць нашую адчуваную сувязь з Богам, бо мы зразумелі Яго, молячы толькі аб веданьні Ягонай волі для нас і сіле выканаць яе».
  12. «Займеўшы духоўнае абуджэньне ў выніку гэтых крокаў, мы пастараліся данесьці гэтае паведамленьне алькаголікам і трымацца гэтых правілаў ва ўсіх нашых справах».

12 звычаяў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дом Р. Сьміта ў Акроне (2013 г.), месца заснаваньня
Асноўны артыкул: 12 звычаяў

У сьціслым выглядзе 12 звычаяў зьмяшчаліся ў 12 выказваньнях:

  1. «Наш агульны дабрабыт мае быць на першым месцы; асабістае ачуньваньне залежыць ад адзінства АА».
  2. «Для нашага групавога намеру ёсьць толькі адна найбольшая ўлада — любасны Бог, бо Ён можа выявіцца ў нашай групавой сьвядомасьці. Нашыя правадыры ёсьць толькі даверанымі слугамі; яны не ўладараць».
  3. «Адзіным патрабаваньнем для сяброўства ў АА ёсьць прага кінуць піць».
  4. «Кожная група мае быць самастойнай, акрамя справаў, што закранаюць іншыя групы або АА ў цэлым».
  5. «Кожная група мае толькі адзін пачатковы намер — данесьці сваё паведамленьне да алкаголіка, які ўсё яшчэ пакутуе».
  6. «Група АА ня мусіць ніколі даваць ухвалы і фінансаў або надаваць імя АА хоць-якому датычнаму прыстасаваньню або староньняму прадпрыемству, каб цяжкасьці з грашыма, уласнасьцю і прэстыжам не адцягвалі нашую ўвагу ад нашага пачатковага намеру».
  7. «Усялякая група АА мае знаходзіцца на поўным самаўтрыманьні, адхіляючы староньнія падарункі».
  8. «Ананімныя алькаголікі маюць заўсёды заставацца непрафэсійнымі, аднак нашыя службовыя асяродкі могуць наймаць адмысловых работнікаў».
  9. «АА, як такія, ня мусяць ніколі быць арганізаванымі; аднак мы можам ствараць службовыя ўправы або камітэты, беспасярэдне адказныя перад тымі, каго яны абслугоўваюць».
  10. «Ананімныя алькаголікі не трымаюцца ніякага меркаваньня па староньніх пытаньнях; таму імя АА ня мусіць ніколі ўцягвацца ў грамадзкую супярэчнасьць».
  11. «Нашае кіраваньне ў дачыненьнях з грамадзкасцю абапіраецца хутчэй на прывабнасьць, чымся на прасоўваньне; нам трэба заўжды падтрымваць безыменнасьць на ўзроўні друку, радыё і фільмаў».
  12. «Безыменнасьць ёсьць духоўным падмуркам усіх нашых звычаяў, што ўвесь час нагадвае нам ставіць правілы паперадзе асобаў».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ілона Іванова. Непітушчыя алькаголікі // Зьвязда : газэта. — 26 студзеня 2011. — № 15 (26879). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Сьвятлана Барысенка. «Я сёньня цьвярозы» // Краіна здароўя. — 25 лютага 2012. — № 1 (295). — С. 4.
  3. ^ Валяр'ян Шкленьнік. Энтузіясты-цьвярозьнікі // Зьвязда. — 17 красавіка 2014. — № 71 (27681). — С. 2.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]