Андрэй Александровіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Андрэй Александровіч
Александровіч у 1930 годзе
Александровіч у 1930 годзе
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Андрэй Іванавіч Александровіч
Нарадзіўся 22 студзеня 1906(1906-01-22) або 1906[1]
Памёр 6 студзеня 1963(1963-01-06)[2] або 1963[1]
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, празаік, крытык
Мова беларуская мова
Дэбют 1921
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Александровіч.

Андрэ́й Александро́віч (9 студзеня 1906, Менск — 6 студзеня 1963, Маскоўская вобласьць) — беларускі паэт, дзіцячы пісьменьнік, крытык.

Браў актыўны ўдзел у Рэформе беларускага правапісу 1933 году, да таго часу ніколі не займаўся лінгвістыкай.[3] Адзіны беларускі літаратар, які трапіў у Палітычную камісію для перагляду расейска-беларускага слоўніка і новых правілаў правапісу беларускай мовы.

Па рэформе атрымаў пасаду дырэктара Інстытуту мовы Беларускай Акадэміі навук, намесьніка старшыні праўленьня Саюзу савецкіх пісьменьнікаў (ССП) БССР (1934), чальца-карэспандэнта БАН, чальца ЦВК БССР. Быў дэлегатам VIII надзвычайнага зьезду Саветаў СССР (1936) — фармальна найвышэйшага заканадаўчага органу Савецкага Саюзу, сябрам Рэдакцыйнага камітэту Канстытуцыі СССР (г. зв. «сталінскай»), кандыдатам у чальцы ЦК КП(б)Б.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіў зь беднай працоўнай сям’і. Бацька памёр рана‚ гадаваўся айчымам — шаўцом па фаху. Старэйшая сястра Алеся прыцягнула брата да сьпеваў у беларускім хоры У. Тэраўскага.

Пасьля падзеяў 1917 году трапіў пад уплыў адной з прарасейскіх сэктаў. Пазьней паступіў на курсы беларусаведы, дзе выказваў накінутую яму сэктантамі ідэю пра непатрэбнасьць беларускай мовы. За гэта быў выгнаны Я. Лёсікам, аднак праз просьбы сваякоў і заступніцтва У. Тэраўскага канфлікт быў залагоджаны.[3]

Скончыў Менскі пэдагагічны тэхнікум (1925), Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1930). Сумесна з маладнякоўцамі байкатаваў Акадэмічную канфэрэнцыю па рэформе беларускага правапісу й азбукі 1926 году. Разам з Алесем Дударом і Міхасём Зарэцкім Андрэй Александровіч выступіў супраць праяў антыбеларусізацыі ў БДУ і заявіў пра выхад з універсытэту ў канцы 1928 году[4][5]. З пачаткам сталінскіх рэпрэсіяў актыўна ўдзельнічаў у антынацдэмаўскай кампаніі («выкрываў» Я. Купалу, Я. Коласа, іншых старэйшых беларускіх дзеячаў).

Пасьля атрыманьня шматлікіх пасадаў, у 1930-я гады публічна і ў друку выступаў з сацыялягізатарскаю крытыкаю творчасьці літаратараў «дакастрычніцкага пэрыяду»: В. Дунін-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча, нашаніўцаў.

Пад ягонай рэдакцыяй выйшла кніга «Пісьменнікі БССР аб рэформе правапісу беларускай мовы» (Менск, 1934), у якой сьцьвярджаліся ў якасьці іншамоўных адпаведнікаў для слова «Беларусь» расеяцэнтрычныя формы анг. White-Russia, франц. Russie Blanche, ням. Weissrussland. У гэтай жа кнізе крытыкаваўся ранейшы падыход па ўжываньні формаў кшталту Ruthenia Alba, Ruthenie Blanche[6], Weissruthenien[7].

Таксама рэдагаваў першы парэформавы «Руска-беларускі слоўнік» (Менск, 1937), у прадмове да якога крытыкаваў папярэднія слоўнікавыя выданьні: «Нацдэмы засмечвалі яе [мову] архаізмамі, мёртвымі словамі».[3] У слоўніку на карысьць прысутных у расейскай мове адпаведнікаў быў адкінуты вялікі пласт беларускай лексыкі. Так, напрыклад, калі дарэформавы «Расейска-беларускі слоўнік» С. Некрашэвіча і М. Байкова (1928) для перакладу расейскага слова «государство» прапаноўваў сынонімы «дзяржава», «гаспадарства», «панства», то ў слоўніку Александровіча заставалася толькі «дзяржава», тым жа словам перакладалася і расейскае «держава», эквівалентам расейскага «город» у першым слоўніку былі «места», «горад», а ў другім — толькі «горад».[8]

У 1934 годзе ў часе ўрачыстай сустрэчы савецкага астранома і геафізыка Ота Шміта на вакзале ў Менску прачытаў верш са словамі «Хай будзе слаўны горад Шміт!», у якім прапанаваў перайменаваць Магілёў[9].

Арыштаваны 2 ліпеня 1938 году, асуджаны на 15 гадоў лягераў. У 1947 годзе выйшаў на волю, зноў арыштаваны 26 лютага 1949 году і сасланы ў Краснаярскі край. Рэабілітаваны ў 1955 годзе. Памёр у санаторыі ў Падмаскоўі.

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Александровіча крытыкуюць за кар’ерызм, беспрынцыпнасьць[10] ды поўную некампэтэнтнасьць у мовазнаўчым пытаньні.[3]

Гэтак, у 1935 годзе ён выступіў у ССП БССР з дакладам «Класавая барацьба на мовазнаўчым фронце ў БССР», дзе акрэсьліў наступныя мэты выступу:

« Я пытался вскрыть классовые корни полонизации, указал множество примеров, как враги полонизмами и словами <…> созданными по националистическому образцу <…> старались оторвать белорусский язык от языка братского русского народа »

Аднак ніжэй ён прызнаўся[3]:

« Я, кстати <…> и не знаю польского языка <…> и за все годы моей литературной работы у меня нет ни одного перевода из польской поэзии, в то время, когда я систематически переводил произведения поэтов братских народов СССР »

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Aleksandrovìč, Andrèj Ìvanavìč // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ а б Александрович Андрей Иванович // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  3. ^ а б в г д Саўка З. На пазыцыях мовазнаўчага фронту // Arche, 3 верасьня 2009
  4. ^ Андрэй Александровіч; Алесь Дудар; Міхась Зарэцкі. Ліст у рэдакцыю. // Савецкая Беларусь : газэта. — 1928, 4 сьнежня. — № 278 (2466). — С. 4.
  5. ^ Расьціслаў Платонаў. «ЛІСТ 3-х»: Партыйнае расьследаваньне (Пратэст Андрэя Александровіча, Алеся Дудара й Міхася Зарэцкага супраць праяў антыбеларусізацыі) / М. І. Мушынскі // Палітыкі. Ідэі. Лёсы: Грамадзянскія пазіцыі ва ўмовах нарастання ідэолага-палітычнага дыктату ў Беларусі 20-30-х гадо : газэта. — Менск: Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы (БелНДIДАС), 1996. — С. 127―139. — ISBN 985-6099-23-4.
  6. ^ Беларуская навуковая тэрмінолёгія = La terminologie scientifique blanche-ruthenienne. Вып. 9. Nomina anatomica alboruthenica. — Менск, 1926
  7. ^ Матар’ялы да вывучэньня флёры і фауны Беларусі = Materialen für Erforschung der Flora und Fauna Weissrutheniens. Т. I. — Менск, 1927; сэрыя: Працы навуковага таварыства па вывучэньню Беларусі пры БДАСГ у Горках = Arbeiten der Gelehrten Gesellschaft zur Erforschung Weissrutheniens bei der Weissruthenischen Staatlichen Akademie für Landwirtschaft in Gorky. — Горкі, 1927.
  8. ^ Шыманскі Д. «Хто знішчыў беларускую мову?» // Дзедзіч, № 5 (24) (лістапад, 2003 г.)
  9. ^ Вячорка В. Украінскі горад Дніпро і беларускі горад Шміт. Яшчэ пра дэкамунізацыю назваў // Радыё Свабода, 30 траўня 2016
  10. ^ Саўка З. Мэханіка зьнявечаньня // Arche, 10 кастрычніка 2009

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Грахоўскі С. З кагорты першых (А. Александровіч). 1986 г. (Успаміны. Публіцыстыка) [1](недаступная спасылка)
  • Кіпель Я. Аб Андрэю Александровічу // Беларускі Голас (Таронта). 1963. № 104
  • Кіпель Я. Гуртаваньне беларускае моладзі. Эпiзоды. Выдавецтва газэты Беларус. 1998.[2](недаступная спасылка)
  • Ліст А. Александровіча ў ЦК КП(б)Б ад 1 студзеня 1940 г. з г. Дудзінкі Краснаярскага краю.
  • Ліст Б. А. Гальперынай-Александровіч сакратару ЦК КП(б)Б Панамарэнку ад 3 ліпеня 1940 г.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9. [3]
  • «Навука» на службе нацдэмаўскай контррэволюцыі: Зб. / Беларуская Акадэмія Навук; Інстытут філёзофіі; Брыгада катэдры марксызму-ленінізму; Пад рэд. С. Я. Вольфсона. — Менск, 1931.
  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т.. Т. 1./ Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал.рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1984. — 727 с, 40 л. іл.: Артыкул «Андрэй Александровіч» / Аўтар — У. В. Гніламёдаў. — С. 83.
  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Андрэй Александровіч» / Аўтар — У. В. Гніламёдаў. — С. 36—37.