Андрэй Баболя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Андрэй Баболя
Bobola.jpg
Сьвяты
Імя Andrzej Bobola
Нарадзіўся 30 лістапада 1591
в. Страхоціна, Каралеўства Польскае
Памёр 16 траўня 1657
Янаў-Палескі, Вялікае Княства Літоўскае
Услаўлены 9 лютага 1755
Бэатыфікаваны 30 кастрычніка 1853
Кананізаваны 17 красавіка 1938
Дзень памяці 16 траўня
Патрон Польшча, Пінская, Ломжынская, Плоцкая, Варшаўская й Вармінская дыяцэзіі

Сьвяты Андрэй Баболя (па-польску: Andrzej Bobola; 30 лістапада 1591, в. Страхоціна, Каралеўства Польскае, цяпер Польшча16 траўня 1657, Янаў-Палескі, Вялікае княства Літоўскае, цяпер Беларусь) — каталіцкі сьвяты, пакутнік; за сваю місіянэрскую дзейнасьць празваны «Апосталам Палесься» ды «Пінскім апосталам». Памяць у Каталіцкім касьцёле 16 траўня.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Андрэй Баболя паходзіў са шляхецкага роду Баболяў гербу Ляліва, быў сынам дзяржаўцы страхоцінскага салецтва Мікалая Баболі (15501610).

У 16061611 гадах навучаўся ў езуіцкай школе ў Браневе. 31 ліпеня 1611 уступіў у Ордэн езуітаў, навіцыят ад 10 жніўня 1611 праходзіў у Вільні. Магістрам-спавядальнікам яго ў той час быў ксёндз Ваўжынец Бартыліюс, езуіт, філёзаф і тэоляг. Падчас навіцыяту прайшоў тры выпрабаваньні: месяц аказваў паслугу хворым у шпіталі, вёў катэхізацыю на гарадзкой плошчы для выпадковых слухачоў і таксама пілігрымаваў, просячы міласьціну, у ваколіцах Вільні. Законныя шлюбы (вечнай убогасьці, чыстасьці й паслухмянасьці) Андрэй Баболя склаў 31 ліпеня 1613 падчас Сьвятое Імшы, якую цэлебраваў Ваўжынец Бартыліюс. У той самы дзень перайшоў у студэнцкі калегіюм на факультэт філязофіі, выпускны выпыт па якой здаў у 1616. Пасьля быў высланы на выхаваўчую і дыдактычную практыку ў езуіцкі калегіюм у Браневе. Адтуль быў пераведзены ў Пултуск, навучальная ўстанова, якога налічвала тады больш за 800 студэнтаў.

Пасьля двухгадовае пэдагагічнае практыкі Андрэй Баболя распачаў вучобу на тэалягічным факультэце Віленскай акадэміі. Нягледзячы на дазвол перайсьці зь літоўскае правінцыі Ордэну ў польскую, вырашыў застацца ў літоўскай. Сьвятарскія пасьвячэньні атрымаў 12 сакавіка 1622. Удзяліў іх яму біскуп Яўстах Валовіч.

У 1622 годзе, адразу пасьля заканчэньня тэалягічнага факультэту, быў скіраваны на год трэцяе прабацыі ў Нясьвіж. Тамака ж, пасьля прабацыі, правёў першы год свае апостальскае працы, стаў рэктарам касьцёла. Праявіў сябе як дасканалы адміністратар, а таксама старанны душпастыр: быў выдатным спаведнікам і прапаведнікам. Да таго ж у суседніх вёсках удзяляў сьвяты хрост, шлюбаваў 49 пар, якія жылі бяз шлюбу, многіх прывёў да споведзі і направы жыцьця. У Нясьвіжы выконваў таксама абавязак прэфэкта бурсы для моладзі зь бедных сем’яў.

Рукапіс Андрэя Баболі аб складаньні законных шлюбаў

Пасьля працы ў Нясьвіжы быў накіраваны ў Вільню на працу ў касьцёл сьвятога Казімера, дзе яму даверылі Марыянскую Садаліцыю мяшчанаў, амбону, канфэсіянал, касьцёльную адміністрацыю, а таксама лекцыі зь Сьвятога Пісаньня і дагматыкі. Калі ў чэрвені 1625 году Вільню апанавала невядомая эпідэмія, Андрэй Баболя разам зь іншымі езуітамі, 6 зь якіх памерлі, аказваў паслугу хворым. Адным з вынікаў дапамогі была таксама споведзь 8000 чалавек, навяртаньне 26 іншаверцаў. 2 чэрвеня 1630, дзякуючы сваёй кемлівасьці, добрай адукацыі, глыбіні думак, прапаведніцкім здольнасьцям, і вялікаму ўплыву на людзей і нягледзячы на ўпартасьць і выбуховы характар, склаў чатыры шлюбы ў касьцёле сьвятога Казімера ў Вільні.

У 16301633 першы супэрыёр езуіцкае рэзыдэнцыі ў Бабруйску. Разам зь ім там працавалі чатыры сьвятары й законны брат Кшыштаф Гэнэль, скульптар, заняты будаўніцтвам касцёла. Правінцыял Мікалай Лянчыцкі ў сваім лісьце ў Рым падкрэсьліваў разважлівасьць, добрую адукацыю, здольнасьць лёгка знаходзіць кантакт зь людзьмі, а таксама станоўчы ўплыў на атачэньне сьвятара Андрэя Баболі.

У 1633 быў пераведзены ў Плоцк, дзе кіраваў Марыянскай Садаліцыяй вучняў езуіцкае школы, а адтуль у Варшаву, дзе прабыў нядоўга й зноў вярнуўся ў Плоцк. Тут ён прыняў абавязкі прэфэкта калегіюму, а таксама абвяшчаў Божага слова. Паспрыяў ажыўленьню культу сьвятога Станіслава Косткі ў горадзе. Пасьля Плоцку да 1642 працаваў у Ломжы, дзе яму была даверана разам з амбонаю школа.

У ліпені 1642 году Андрэй Баболя вярнуўся ў Вільню, каб, як раней, кіраваць Садаліцыяй Марыянскай і весьці заняткі па тлумачэньні Сьвятога Пісаньня. Напрыканцы 1642 (ці на пачатку 1643) яго перавялі ў Пінск, дзе пры ім навярнулася мноства людзей і пашырыўся культ Панны Марыі. У 16461652 зноў працаваў у Вільні ў касьцёле сьвятога Казімера.

Улетку 1652 вярнуўся ў Пінск, дзе працаваў да канца жыцьця. У гэты час у асноўным займаўся праведніцкай дзейнасьцю сярод жыхароў Палесься, маральны стан якіх праз адсутнасьць нармальных шляхоў зносін быў занядбаны. Удзельнічаў у дыспутах з праваслаўнымі, якіх часта перамагаў дзякуючы добраму веданьню багаслоўскіх твораў Усходняе Царквы. актыўна судзейнічаў распаўсюду ўніяцтва сярод праваслаўных. Самым вялікім яго дасягненьнем стала навяртаньне жыхароў дзьвюх вёсак — Баландзічы й Адрыжын. За свае дасягненьні быў празваны «Апосталам Палесься» ды «Пінскім апосталам», а праваслаўнымі — душахватам. Менавіта за гэта ён аб'ектам варожасьці з боку праваслаўных.

Пагібель[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Капліца на месцы сьмерці Андрэя Баболі ў Янаве. Малюнак Напалеона Орды

У разгар вайны Расеі з Рэччу Паспалітай, 16 траўня 1657 казакі кіеўскага палкоўніка Антона Здановіча захапілі Янаў-Палескі, дзе пазабівалі як каталікоў, так і жыдоў. Даведаўшыся, што тут нядаўна быў Андрэй Баболя, арганізавалі за ім пагоню. Недзе апоўдні яго схапілі ў мясцовасьці Перадзела. Спрабуючы схіліць яго да праваслаўя, казакі спачатку распранулі Баболю й білі яго нагайкамі, потым так моцна ударылі яго кулаком у твар, што павыляталі зубы. Пасьля сьвятару зьвязалі рукі вяроўкай і прывязалі да пары коняў. Чатыры кілямэтры Андрэй Баболя, падаючы, бег паміж коньмі ў Янаў. Яго падганялі бізунамі, калолі дзідай, глыбока ранілі шабляй.

У Янаве казакі, каб пазбавіцца ад празьмернай колькасьці сьведкаў, якія зьбегліся на вуліцу, Баболю завялі пад навес, што служыў бойняй. З дубовага вецьця сплялі вянок і ўзьдзелі яму на галаву. Пасьля кінулі яго на стол і, змушаючы адрачыся ад каталіцтва, агнём прыпякалі цела, пад пазногці забівалі стрэмкі, зьдзіралі скуру з рук, грудзяў, плечаў і галавы, выкалалі правае вока, сьвежыя раны пасыпалі мякінай, адсеклі нос і вусны, вырвалі язык, а пасьля павесілі за ногі да столі. Празь дзьве гадзіны яго, яшчэ жывога, зьнялі ды, удрыўшы шабляй па шыі, забілі.

Войскі Рэчы Паспалітай, якія нечакана прыбылі ў ваколіцы Янава, змусілі казакаў уцякаць з гораду. Пінскія езуіты перавезьлі цела на возе ў кляштар. Цела паклалі ў драўляную труну, якую адразу забілі, каб вучні калегіюму ня бачылі страшнага відовішча. Труну паставілі ў падзямельлі касьцёлу, а ў сьпісе памерлых запісалі: «Айцец Андрэй Баболя быў бязьлітасна закатаваны бязбожнымі казакамі 16 траўня 1657 году, пасьля незьлічоных мукаў зь яго садралі скуру. Цела яго пакладзена пад вялікім алтаром».

Культ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэмарыяльная шыльда ў гонар Андрэя Баболі ў Касьцёле сьвятога Казімера ў Вільні

Паводле касьцёльнае традыцыі, 16 красавіка 1702, падчас Паўночнае вайны, рэктар Пінскага калегіюму Марцін Гадэбскі прасіў неба аб паратунку й у сьне ўбачыў невядомага езуіта, які пераканаў яго, што ён, Андрэй Баболя, будзе апекавацца кляштарам з умоваю, што яго цела будзе ўшанаванае. Празь вялікую колькасьць пахаваных у падзямельлі цела Баболі адразу не знайшлі. У ноч з 18 на 19 красавіка сьвецкаму закрыстыяніну другі раз паказаўся Баболя і дакладна апісаў месца, дзе быў пахаваны. Праз тры гадзіны працы зь зямлі выкапалі труну з лацінскім надпісам: «Айцец Андрэй Баболя Таварыства Езуса забіты казакамі». Рэшткі ў труне захаваліся нятленнымі з усімі слядамі катаваньняў. Рэліквіі прыбралі ў новыя шаты і пераклалі ў другую труну. Навіна аб адшуканьні цела, што захавалася ў вільготным склепе сярод тлеючых трупаў разыўлася па Палесьсі. Нечакана адрадзілася вуснае паданьне аб гераізьме сьвятара. Распачалося мясцовае шанаваньне пакутніка. Апецы Баболі прыпісваецца ратаваньне Піншчыны ад эпідэміі 17091710 і дапамога ў малітвах вернікаў.

У 1711 пінскі ўніяцкі япіскап Пётра Кульчыцкі пачаў збор доказаў сьвятасьці Андрэя Баболі. У 1719 генэрал Таварыства Езуса Мікелянджэлё Тамбурыні, які даведаўся пра шанаваньне Андрэя Баболі, загадаў езуіту Яну Давідовічу, які працаваў у Рыме, заняцца справаю бэатыфікацыі. Культ Андрэя Баболі пашырыўся ў Рэчы Паспалітай, Аўстрыі й Нямеччыне, сярод яго прыхільнікаў быў і кароль польскі, вялікі князь літоўскі, курфюрст саксонскі Аўгуст Моцны. У выніку ў 1725 у Вюрцбургу была надрукаваная першая біяграфія Баболі - Vita et mors Venerabilis Andreae Bobolae. Праз намаганьні біскупаў Рэчы Паспалітай і езуітаў 9 лютага 1755 папеж Бэнэдыкт XІV упісаў Баболю ў сьпіс мучанікаў за веру.

У 1764 на канвакацыйным сойме ў Варшаве ў канстытуцыі, якой прысягаў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў дзень сваёй каранацыі, было змешчана таксама абавязацельства: «Мы будзем імкнуцца ўнесьці просьбу да Апостальскай Сталіцы аб бэатыфікацыі Андрэя Баболі SJ». Але падзелы Рэчы Паспалітай не далі ажыцьцявіць бэатыфікацыю.

Статуя Андрэя Баболі перад Санктуарыем у Варшаве

Тым ня менш 30 кастрычніка 1853 Папа Рымскі Піюс ІХ абвясьціў Андрэя Баболю блаславёным. Была наладжаная вялікая ўрачыстасьць: базыліку сьвятога Пятра выклалі чырвонай адамашкай і асьвяцілі мноствам агнёў. У месцы, дзе паводле звычаю знаходзіўся папскі герб і герб кіраўніка дзяржавы, зь якой паходзіў блаславёны, Сьвяты Айцец параіў павесіць два папскія гербы, каб такім чынам сымбалічна падкрэсьліць, што прыгнечанаму народу ён замяняе караля. У бэатыфікацыйным брэвэ Папа напісаў: "Жадаючы, каб у такі цяжкі час і сярод такое вялікае колькасьці непрыяцеляў вернікі Хрыста атрымалі новы прыклад, які павялічыў бы іх адвагу ў барацьбе, мы дазваляем Слугу Божага Андрэя Баболю, сьвятара-законьніка Таварыства Езуса, які за каталіцкую веру і за збаўленьне душаў прыняў мучаніцтва, з гэтага дня называць блаславёным".

Культ блаславёнага пашыраўся таксама і ў Расейскай імпэрыі. У 1908 у Пецярбургу нават выдалі біяграфію Андрэя Баболі аўтарства ксяндза Яна Урбана SJ. Пасьля атрыманьня незалежнасьці Польшчы мясцовыя біскупы распачалі працэс кананізацыі блаславёнага Андрэя. Намаганні былі паспяхова завершаныя Піюсам ХІ у сьвята Зьмёртвыхпаўстаньня 17 красавіка 1938. 16 траўня 1957 Піюс ХІІ у сувязі з 300-годзьдзем з дня сьмерці сьвятога выдаў энцыкліку Invictus Athleta Christi, скіраваную да біскупаў усяго Касьцёлу, у якой пісалася:

Мы горача жадаем, каб перш за ўсё сыны тае зямлі, для якіх непераможны Хрыстовы герой Андрэй Баболя зьяўляецца гонарам і прыгожым прыкладам хрысьціянскай мужнасьці, паразважалі над яго мучаніцтвам і яго сьмерцю… Сярод іншых хвалебных рысаў больш за ўсе ўражвае цнота веры, моц якой… дадала яму адвагі мужна прыняць мучаніцтва.

16 траўня 2002 сьвяты Андрэй Баболя быў абвешчаны патронам Польшчы. Ён таксама ёсьць патронам Пінскае, Ломжынскае, Плоцкае, Варшаўскае й Вармінскае дыяцэзіяў.

Лёс рэліквіяў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калегіюм езуітаў у Пінску, дзе працаваў і быў пахаваны Андрэй Баболя

Нятленыя рэліквіі Андрэя Баболі працягвалі знаходзіцца ў Пінску пад апекай езуітаў. Пасьля ліквідацыі апошніх у Рэчы Паспалітай права апекі дасталося базылянам. Але пасьля далучэньня Беларусі да Расейскае імпэрыі, езуіты, якія працягвалі тут сваю дзейнасьць, дамагліся вяртаньня цела пакутніка ім і ў студзені 1808 рэліквіі прывезьлі ў Полацак і паставілі ў крыпце.

Пасьля выгнаньняў 1820 езуітаў з Расеі, усе езуіцкія пабудовы разам зь целам Андрэя Баболі перайшлі да піяраў. Але, калі празь 10 гадоў, былі выгнаныя і піяры, а касьцёл, дзе знаходзілася цела перадалі праваслаўным, рэліквіі перавезьлі ў касьцёл дамініканаў і паклалі ў асобнай капліцы. У 1864 з Полацку выгналі і дамініканаў, а іх сьвятыня перайшла ў рукі дыяцэзіяльных сьвятароў. У 1866 у Полацак зь Пецярбурга прыехала ўрадавая камісія, бо распаўсюдзіліся чуткі, што блаславёнаму аддаюць пашану ня толькі каталікі, але й праваслаўныя. Падчас інспэкцыі са столі звалілася цэгла і, спадаючы, параніла аднаго з чыноўнікаў. Камісары, якія верылі ў забабоны, убачылі ў гэтым «умяшальніцтва Баболі» і хуценька пакінулі капліцу. Цела пакінулі ў спакоі аж да рэвалюцыі.

За савецкім часам неаднаразова рабіліся спробы зьняславіць рэліквіі, але ім рашуча супрацьстаялі вернікі. Тым ня менш 23 чэрвеня 1922 касьцёл быў аточаны арміяй, а камуністы, адчыніўшы труну й зьняўшы зь цела вопратку, кінулі яго на падлогу. На зьдзіўленьне прысутных, рэшткі не рассыпаліся. Тады быў складзены пратакол аб іх стане, дзе сьцьвярджалася, што «труп» добра захаваўся дзякуючы ўласьцівасьцям зямлі, у якой ён знаходзіўся. Пасьля рэліквіі ненадоўга пакінулі ў спакоі. 20 ліпеня таго самага году цела гвалтоўна вывезьлі ў Маскву, дзе яно было зьмешчанае ў будынку Гігіенічнае Выставы Народнага Камісарыяту Здароўя як абразчык «муміі».

Урад Польшчы безвынікова зьвяртаўся з просьбай вярнуць сьвятыя рэліквіі. Паводле сьведчаньняў Піюса ХІ, яшчэ да гэтых падзеяў Юзаф Пілсудзкі плянаваў паход на Полацак, каб забраць труну зь целам бласлаўлёнага, але абставіны перашкодзілі.

Тым ня менш за заслугі Папскай ратунковай камісіі ў дапамозе ў змаганьні з голадам у СССР у 1922, савецкі ўрад прыхільна паставіўся да просьбы Ватыкану аб вяртаньні рэліквіяў. 21 верасьня 1923 два прадстаўнікі ўзгаданае камісіі, езуіты Эдмунд Вальш і Леанард Галагер, у суправаджэньні віцэ-сакратара стану Камісарыяту замежных справаў і трох сябраў Надзвычайнае аглядзелі труну з рэшткамі Баболі. Не жадаючы, каб рэліквіі везьлі праз Польшчу, СССР настаяў, каб іх везьлі праз Адэсу і Канстантынопаль. 25 верасьня 1923 ад ксяндза Вальша запатрабавалі, каб да пратакола «прыёмкі» ён далучыў абавязацельствы, што цела застанецца ў Рыме і ня будзе нікому перададзенае. З гэтымі ўмовамі ксёндз Вальш не згадзіўся. У Рым рэліквіі прыбылі ўва ўрачыстасьць Усіх Сьвятых. Яны былі зьмешчаныя ў базыліцы сьвятога Пятра, а ў траўні 1924 года Папа перадаў цела езуіцкаму касцёлу Ільджэзу.

Санктуарый сьвятога Андрэя Баболі ў Варшаве

Пасьля кананізацыі Андрэя Баболі ў 1938 рэліквіі празь Югаславію, Вугоршчыну і Чэхаславаччыну былі перапраўленыя ў Польшчу. Тут у трыюмфальнай працэсіі іх павезлі праз Чэхавіцы, Асьвенцім, Кракаў, Катавіцы, Познань і Лодзь. 17 чэрвеня рэліквіі прыбылі ў Варшаву. У сталіцы адбылося адмысловае набажэнства на Замкавым пляцы, потым труна была выстаўленая ў катэдры сьвятога Яна. Прэзыдэнт Ігнацы Масьціцкі паклаў на труну свой Крыж Незалежнасьці. Пасьля ўрачыстага ўшанаваньня рэліквіі спачылі ў капліцы езуітаў на вуліцы Ракавецкай, дзе павінны былі чакаць пабудовы адмысловага санктуарыю.

У верасьні 1939 падчас блякады Варшавы, калі немцы наступалі на Макотаў, польскія лётчыкі вынеслі рэліквіі у Стары Горад і паклалі каля ног Найсьвяцейшай Панны Марыі Ласкавай у касьцёле езуітаў. Падчас Варшаўскага паўстаньня, калі гарэла Сьвентаянская вуліца, рэліквіі перанесьлі ў касьцёл сьвятога Яцка і паклалі ў падзямельлі, дзе яны праляжалі да лютага 1945, калі былі перавезеныя зноў на Ракавецкую вуліцу.

17 красавіка 1988 цела сьвятога перанесьлі ў Санктуарый сьвятога Андрэя Баболі на вуліцы Ракавецкай. Падобны Санктуарый знаходзіцца й у Страхоціне.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніца: Эдмунд Ярмусік, «Вялікае Княства Літоўскае»
Крыніца: Віталь Кавалёў, «Католическая энциклопедия»
  • Ks. Jan Popłatek T. J. BŁOGOSŁAWIONY ANDRZEJ BOBOLA TOWARZYSTWA JEZUSOWEGO: ŻYCIE – MĘCZEŃSTWO – KULT. - NAKŁADEM WYDAWNICTWA APOSTOLSTWA MODLITWY, KRAKÓW, 1936.
  • Jan z nad Buha. Babola mučynik T. J. Wilnia. 1911.
  • Сьвяты Андрэй Баболя. Менск. 1994.
  • Палюшкевіч Ф. Кс. S J. Да праліцця крыві. Святы Андрэй Баболя. Мінск. 2001.
  • Ярмусік Э. Святыя і блажэнныя рымска-каталіцкія. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Кн. І. Мінск. 2001. С. 272.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Андрэй Баболясховішча мультымэдыйных матэрыялаў