Андрэй Богуш
Андрэ́й Алякса́ндравіч Бо́гуш (11 ліпеня 1925 — 21 ліпеня 2009) — беларускі фізык-тэарэтык. Чалец-карэспандэнт НАН Беларусі (1994)[1]. Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1988), доктар фізыка-матэматычных навук, прафэсар.
Андрэй Аляксандравіч нарадзіўся ў мястэчку Карэлічы Гарадзенскай вобласьці. Сярэднюю адукацыю атрымаў у школе рабочай моладзі, атрымаў залаты мэдаль. У 1947 годзе паступіў на аддзяленьне фізыкі фізыка-матэматычнага факультэту БДУ. У 1952 годзе скончыў БДУ з чырвоным дыплёмам. Пасьля гэтага працаваў выкладчыкам фізыкі СШ №8 у Магілёве, а ад 1953 году — выкладчыкам і пазьней старэйшым выкладчыкам фізыкі Магілёўскага пэдагагічнага інстытуту. У 1957 годзе Андрэй Аляксандравіч Богуш вырашыў паступіць у асьпірантуру Інстытуту фізыкі АН БССР, кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Прымяненьне каварыянтных мэтадаў у тэорыі элемэнтарных часьціц» абараніў у 1963 годзе. У 1974 годзе Андрэй Аляксандравіч абараніў доктарскую дысэртацыю на тэму «Канечныя ператварэньні групаў сымэтрыі ды іх прадстаўленьняў у тэорыі элемэнтарных часьціц» — першую ў Беларусі ў галіне фізыкі элемэнтарных часьціц. Аўтар больш як 300 навуковых прац. У 1980 годзе ўзнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савету БССР. Ад 1978 да 2004 узначальваў створаную ім лябараторыю фізыкі высокіх энэргіяў. Потым — галоўны навуковы супрацоўнік інстытуту. Адначасова з дасьледчыцкай дзейнасьцю ад 1961 да 1997 году (ад 1976 на пасадзе прафэсара) працаваў на катэдры тэарэтычнай фізыкі БДУ. Чытаў агульны курс квантавай мэханікі, спэцыяльныя курсы па клясычнай тэорыі поля, квантавай электрадынаміцы, тэорыі групаў у фізыцы, калібровачнай палявой тэорыі электраслабых узаемадзеяньняў. Падрыхтаваў 11 кандыдатаў ды 4 дактароў фізыка-матэматычных навук.
Творчасьць [рэдагаваць]
- А.А. Богуш, Л.Г. Мороз. Введение в теорию классических полей. - Минск: Наука и техника, 1968; М.: УРСС, 2004.
- А.А. Богуш. Введение в полевую теорию элементарных частиц. - Минск: Наука и техника, 1981.
- А.А. Богуш. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. - Минск: Наука и техника, 1987; М.: УРСС, 2003.
- А.А. Богуш. Очерки по истории физики микромира. - Минск: Наука и техника, 1990; М.: УРСС, 2004. ISBN 5-354-00586-8.
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Вучоныя Беларусі: Андрэй Аляксандравіч Богуш (Да 75-годзьдзя з дня нараджэньня) // Весьці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Сэрыя фізыка-матэматычных навук. №3, 2000 (С. 137—138)
Літаратура [рэдагаваць]
- Андрэй Аляксандравіч Богуш : да 80-годзьдзя са дня нараджэньня / НАН Беларусі, ІФ імя Б. І. Сьцяпанава, ЦНБ імя Я.Коласа. — Мн.: Принтлайн, 2005. — 114 с.(рас.)
- Бібліяграфія прац А. А. Богуша. — Мн.: ИФ НАНБ. 2000. — 46 с.(рас.)