Андрэй Васіла
Андрэй Васіла, Андрэй Ястрабец, Андрэй з Кракава (? — 14 лістапада 1398) — каталіцкі рэлігійны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, дыплямат, францішканін. Першы біскуп серацкі й віленскі.
З малапольскага шляхецкага роду гербу Ястрабец. Прозьвішча Васіла памылкова надаў яму гісторык Ян Длугаш, бо Андрэй даў прывілей падляскаму гораду Васілеў. У 1354 годзе прапаведнік у Мазовіі, пазьней місіянэр на Літве. Прыбыў да вугорскага двару каралевы Альжбеты Лакеткаўны. Разам з францішканамі ўдзельнічаў у місіянэрстве ў Малдове, вынікам чаго было стварэньне 31 ліпеня 1370 дыяцэзіі з цэнтрам у Сераце. Першы яе біскуп ад 9 траўня 1371. Ад 1372 апякаў Галіцкую дыяцэзію. У 1376—1386 біскуп-суфраган у гнезьненскай архідыяцэзіі.
Быў набліжаным да польскае каралевы Ядзьвігі, паўплываў на складаньне ёй шлюбу зь вялікім князем літоўскім Ягайлам. У 1388 удзельнічаў у хрышчэньні Літвы, зрабіўся першым віленскім біскупам. Заснаваў касьцёлы ў Вільні (катэдра), Вількаміры, Майшаголе, Немянчыне, Крэве, Абольцах, Гайне, кляштары францішканаў у Лідзе (1397) і Ашмянах. Быў адным з давераных асобаў Ягайлы, а пазьней і Вітаўта, удзельнічаў у складаньні Салінскае дамовы 1398 году[1].
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Валерый Пазднякоў. Андрэй // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 227.
Літаратура [рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.