Антарктыда

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Месцазнаходжаньне Антарктыды
Спадарожнікавы здымак Антарктыды

Антарктыда (ад грэцкага: ἀνταρκτικός, што значыць «адваротны Арктыцы») — кантынэнт вакол паўднёвага полюсу Зямлі. Гэта самае халоднае месца на Зямлі і амаль поўнасьцю пакрытае ільдом, таксама гэта найвялікшая ў сьвеце пустыня. Плошча Антарктыды складае 13 200 000 км² і на гэтую тэрыторыю прэтэндуюць Аргентына, Аўстралія, Вялікабрытанія, Нарвэгія, Новая Зэляндыя, Францыя і Чылі.

Берагі Антарктыды (больш за 30 тыс. км) парэзаныя слаба. Пераважаюць ледавіковыя абрывы вышынёй 20—100 м. Абмываецца Паўднёвым акіянам (моры Ўэдэла, Лазарава, Рысэр-Лярсэна, Касманаўтаў, Садружнасьці, Дэйвіса, Моўсана, Дзюрвіля, Роса, Амундсэна, Бэлінсгаўзена). У напрамку да Паўднёвай Амэрыкі цягнецца вузкая Антарктычная паўвыспа. У моры Роса ўзвышаецца дзейны вулькан Эрэбус (3794 м).

Прырода[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэльеф і геалягічная будова матэрыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тапаграфічная мапа Антарктыды безь ледавіковай шапкі з улікам ізастазіі паверхні і павышэньня ўзроўню мора. Падобным чынам магла выглядаць Антарктыда 35 млн гадоў таму, калі цёплая атмасфэра перашкаджала ўтварэньню вялікага ледзянога пласту.

Рэльеф і лёдавае покрыва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Антарктыда — найвышэйшы кантынэнт на Зямлі. Сярэдняя вышыня з улікам ледавіковага покрыва складае 2040 м (для параўнаньня, Азія — 950 м, Аўстралія — 350 м). Сярэдняя вышыня карэннай падлёднай паверхні 410 м (значная частка ляжыць ніжэй за ўзровень мора). Большая частка Антарктыды — пласкагор’е.

Трансантарктычныя горы ўздоўж разломаў ад мора Ўэдэла да мора Роса перасякаюць амаль увесь матэрык і падзяляюць Антарктыду на дзьве часткі — Усходнюю і Заходнюю, — якія маюць рознае паходжаньне і геалягічную будову. Плато Савецкае займае цэнтральную частку Ўсходняй Антарктыды (вышыня да 4000 м), на поўначы паверхня зьніжаецца і ўтварае нізіну Міжнароднага геафізычнага году. Уздоўж узьбярэжжа горныя хрыбты Зямлі Вікторыі, Зямлі Каралевы Мод, горы Прынс-Чарлз і іншыя.

Паверхня Заходняй Антарктыды значна ніжэйшая, больш расчлянёная, па сутнасьці, гэта — група выспаў, злучаных паміж сабой лёдам. Хрыбты разьмешчаныя ў глыбіні матэрыка і на ўзьбярэжжы. Самы высокі масіў Вінсан (5140 м, у гарах Элсўэрт). Рэльеф карэннай скальнай паверхні Антарктыды — чаргаване горных падняцьцяў (падлёдавыя горы Гамбурцава і Вярнадзкага) і глыбокіх нізінаў. Тут знаходзіцца найглыбейшая дэпрэсія матэрыка — упадзіна Бэнтлі, верагодна, рыфтавага паходжаньня (каля 2555 м ніжэй за ўзровень мора).

Антарктыда ўкрытая магутным шчытом матэрыковага лёду, не занятая ледавікамі 0,2—0,3% тэрыторыі — асобныя горныя вяршыні (нунатакі), хрыбты, невялікія ўчасткі сушы — антарктычныя аазісы. Агульная плошча зьледзяненьня (пачалося 300 млн гадоў назад, пасьля разрыву перамычкі, якая злучала Паўднёвую Амэрыку і Антарктычная паўвыспа, што прывяло да фармаваньня антарктычнага цыркумпалярнага цячэньня і ізаляцыі прыантарктычных водаў — вядомых сёньня як Паўднёвы акіян — ад Сусьветнага акіяна) 2044 км², аб’ём лёду 25 млн км³ (да 90% сусьветнага лёду сушы). Сярэдняя тоўшча ледавіковага покрыва 1720 м, найбольшая — 4500 м. Калі растане ўвесь антарктычны лёд, узровень Сусьветнага акіяна падымецца на 60 м.

Антарктычны ледавіковы шчыт зьяўляецца буйнейшым на плянэце і пераўзыходзіць бліжэйшы па памерах Грэнляндзкі ледавіковы шчыт па плошчы прыкладна ў 10 разоў. Ледавіковы шчыт мае форму купала з павелічэньнем стромкасьці яго паверхні ў накірунку ўзьбярэжжа, дзе пераходзіць у ледавіковыя абрывы і шэльфавыя ледавікі. Накапленьне лёду на ледавіковым шчыце прыводзіць да цячэньня лёду ў зону абляцыі (разбурэньня), у якасьці якой выступае ўзьбярэжжа матэрыка; лёд адколваецца ў выглядзе айсбэргаў. Гадавы аб’ём абляцыі ацэньваецца ў 2500 км³.

Асаблівасьць Антарктыды — вялікая плошча шэльфавых ледавікоў (да 10% плошчы, што ўзвышаецца над узроўнем мора). Гэтыя ледавікі зьяўляюцца крыніцай айсбэргаў рэкордных памераў. У летні пэрыяд (зіма ў паўднёвым паўшар’і) плошча ледавіковага покрыва Антарктыды павялічваецца на 3—4 млн км² у выніку разрастаньня шэльфавых ледавікоў, перш за ўсё вакол Антарктычнай паўвыспы і ў моры Роса.

Геалягічная будова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Большая частка Антарктыды — Антарктычная плятформа, астатняя належыць да антарктычнага складкавага паса, які зьяўляецца працягам Андаў. Карысныя выкапні: каменны вугаль, жалезныя, медныя і сьвінцовыя руды; знойдзены мінэралы з утрыманьнем брому, волава, марганцу, малібдэну, радовішчы графіту і інш.

Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сярэднія зімовыя (зьлева) і летнія тэмпэратуры ў Антарктыдзе

Кантынэнтальны (за выключэньнем узьбярэжжа) антарктычны, халодны і суровы. Пануюць антарктычныя паветраныя масы, фармуецца антарктычны антыцыклён. Сярэднія тэмпэратуры зімой ад −20 да −30 °C на ўзьбярэжжы і ад −60 да −70 °C ва ўнутраных раёнах; летам адпаведна ад −10 да −30 °C, −40 °C.

Абсалютны мінімум тэмпэратуры −91,2 °C зафіксаваны ў цэнтральнай частцы на станцыі Dome F японскімі палярнікамі.

Радыяцыйны балянс адмоўны: да 90% сонечнай цеплыні адлюстроўваецца сьнежнай паверхняй і толькі 10% ідзе на нацяпленьне матэрыка. Хаця ў Цэнтральнай Антарктыдзе ўзімку на працягу некалькіх месяцаў працягваецца палярная ноч, гадавая сумарная радыцыя набліжаецца да гадавой сумарнай радыяцыі экватарыяльнай зоны.

Ападкі толькі ў выглядзе сьнегу: 30—50 мм у цэнтральнай частцы Антарктыды, 700—1000 мм на ўзьбярэжжы за год.

Моцныя штармавыя цыклянічныя і сьцёкавыя (абумоўленыя купалападобным рэльефам матэрыка) вятры ў прыбрэжных раёнах дасягаюць хуткасьці 50—60, часам 80 м/с. Самы хуткі вецер на плянэце зафіксіраваў беларускі палярнік А. А. Гайдашоў на станцыі Ленінградзкая: 78 м/сек. Таўшчыня слоя сьцёку паветра складае звычайна 200—300 м, з-за вялікай колькасьці ледзянога пылу гарызантальная бачнасьць пры такіх вятрах вельмі нізкая. Максымальнай моцы сьцёкавыя вятры дасягаюць антарктычнай зімой — з красавіка па лістапад яны дзьмуюць амаль безь перапынку цэлыя суткі, зь лістапада па сакавік — у начны час ці калі Сонца знаходзіцца нізка над гарызонтам. Летам у дзённы час дзякуючы працяпленьню прыпаверхнаснага слою паветра сьцёкавыя вятры на ўзьбярэжжы спыняюцца.

Нягледзячы на сусьветнае пацяпленьне, за апошнія 35 гадоў тэмпэратура ў Антарктыдзе істотна панізілася. Тэмпэратура паветра каля паверхні зьніжаецца на 0,7 °C кожныя дзесяць гадоў. Гэтая тэндэнцыя ставіць у тупік вучоных, паколькі большасьць сцэнарыяў кліматычных зьмяненьняў зыходзяць з таго, што палярныя вобласьці плянэты павінны хутчэй і інтэнсіўней падвяргацца ўзьдзеяньню глябальнага пацяпленьня. Працэс раставаньня Антарктыды ў XXI стагодзьдзі лічыцца малаверагодным.

Унутраныя воды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1990-х расейскімі навукоўцамі было выяўленае падлёднае назамярзальнае возера Ўсход.

У студзені 2006 супрацоўнікі амэрыканскай геафізычнай абсэрваторыі Ламант-Догерты, засноўваючыся на інфармацыі савецкай антарктычнай экспэдыцыі 1958—1959, выявілі другое і трэцяе па памерах падлёдныя азёры, плошчай 2000 км² и 1600 км² адпаведна, якія знаходзяцца на глыбіні каля 3 км ад паверхні кантынэнта.

Усяго на 2006 год у Антарктыдзе выяўленае крыху больш за сто разнастайных азёраў (прэсных і горка-салёных).

Арганічны сьвет[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Імпэратарскія пінгвіны, мора Роса, Антарктыда

Для аазісаў характэрны ўмовы тыповых палярных пустыняў. Свабодныя ад лёду ўчасткі ўзьбярэжжа і скалы ўкрыты лішайнікамі, імхамі, водарасьцямі (на Антарктычнай паўвысьпе — папарацепадобныя, каля 10 відаў кветкавых расьлінаў) і самкнутага покрыва не ўтварае (антарктычныя імхова-лішайнікавыя пустыні). Фаўна своеасаблівая і бедная: з птушак — пінгвіны, буравесьнікі, паморнікі, знойдзена каля 70 відаў чэлясаногіх (кляшчы, нагахвосткі, ціхаходы і інш.).

Антарктычныя жывёлы цалкам залежаць ад прыбярэжнай экасыстэмы Паўднёвага акіяна: з-за скуднасьці расьліннасьці ўсе хоць колькі значныя харчовыя ланцугі прыбярэжных экасыстэмаў пачынаюцца ў водах, якія амываюць Антарктыду. Антарктычныя воды багатыя зоаплянктонам, які зьяўляецца асновай ланцуга харчаваньня многіх відаў рыб, кітовых, цюленяў, пінгвінаў. Цалкам сухапутныя жывёлы ў Антарктыдзе адсутнічаюць.

У прэснаводных азёрах матэрыковых прыбрэжных аазісаў існуюць алігатрофныя экасыстэмы, населеныя сіне-зялёнымі водарасьцямі, круглымі чарвямі, весланогімі рачкамі і дафніямі. Птушкі залятаюць сюды эпізадычна.

Для нунатакаў характэрны толькі бактэрыі, лішайнікі, імхі. На ледавіковы шчыт зрэдку залятаюць паморнікі, якія сьледуюць за людзьмі.

Існуе меркаваньне аб наяўнасьці ў падлёдных азёрах Антарктыды крайне алігатрофных экасыстэмаў, практычна ізаляваных ад зьнешняга сьвету.

У 1994 вучоныя перадалі паведамленьне пра хуткае павелічэньне колькасьці расьлінаў у Антарктыдзе, што выглядае пацьверджаньнем гіпотэзы пра глябальнае пацяпленьне клімату на плянэце.

Чалавек і Антарктыда[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя вывучэньня кантынэнту[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адкрыта Антарктыда 16 (28) студзеня 1820 расейскай экспэдыцыяй Ф.Белінсгаўзена і М.Лазарава. У канцы ХІХ стагодзьдзя ўзрастае цікавасьць да Антарктыды, зьвязаная са зьмяншэньнем колькасьці кітоў у Арктыцы. У пачатку ХХ стагодзьдзя ў Антарктыдзе пабывалі Р.Скот, Э.Шэклтан, Р.Амундсен, Д.Моўсан, Э.Дрыгальскі і іншыя. У 1911 экспэдыцыя Амундсена і ў 1912 Скота дасягнулі Паўднёвага полюса. Пасьля Другой сусьветнай вайны актывізуецца мэтэаралягічнае, гляцыялягічнае і геалягічнае вывучэньне Антарктыды. Адзначэньне Міжнароднага геафізічнага году падштурхнула адкрыцьцё палярных станцый рознымі краінамі сьвету і вядзеньне ўзгодненых сыстэматычных дасьледаваньняў.

Статус Антарктыды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэрытарыяльныя прэтэнзіі ў Антарктыдзе

Антарктыда, як частка Антарктыкі, зьяўляецца міжнароднай тэрыторыяй, статус якой рэгулюецца Дагаворам аб Антарктыцы. Устаноўлена, што ўсе тэрытарыяльныя прэтэнзіі ў Антарктыцы «замарожваюцца», і што Антарктыка выкарыстоўваецца толькі ў мірных мэтах.

На сёньняшні дзень некаторыя дзяржавы працягваюць прэтэндаваць на тэрыторыі ў Антарктыдзе. Так, Нарвэгія прэтэндуе на тэрыторыю, якая большая за тэрыторыю самой Нарвэгіі ў дзесяць разоў. Аўстралія лічыць сваёй амаль палову Антарктыды і спрачаецца з Францыяй за Зямлю Адэлі. Чылі з Аргентынай прэтэндуюць практычна на адну і тую ж тэрыторыю — на Антарктычны паўвостраў, які яны нават па-рознаму называюць. На вялізарныя тэрыторыі претэндуюць Вялікабрытанія і Новая Зэляндыя.

Асаблівую пазыцыю займаюць ЗША і Расея (раней — СССР), якія заявілі, што могуць выставіць свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі, хаця пакуль гэтага не рабілі.

Ваенная дзейнасьць у Антарктыдзе забароненая. Ваенны пэрсанал дзяржаваў-удзельніц можа выкарыстоўвацца толькі ў мэтах правядзеньня навуковых дасьледаваньняў. Антарктыда — цалкам нэўтралізаваная і дэмілітарызаваная тэрыторыя сьвету. У насельніцтва станцыяў і ўдзельнікаў экспэдыцыяў няма зброі (акрамя ракетніц) з прычыны поўнай адсутнасьці драпежных зьвяроў.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З-за суровасьці клімату ў Антарктыдзе няма пастаяннага насельніцтва. Часовае насельніцтва, якое базіруецца на навуковых станцыях, складае ад 4000 чалавек улетку да 1000 чалавек узімку.

На сёньняшні дзень 28 краінаў маюць у Антарктыдзе навуковыя станцыі. Да ліку пастаянных антарктычных апэратараў належыць большасьць індустрыяльна разьвітых краінаў. Зараз існуе 84 станцыі (пастаянна дзейныя і сэзонныя).

Антарктыдзе прысвоены інтэрнэт-дамэн верхняга ўзроўню .aq і тэлефонны прэфікс +672.

З мэтай мець карэнных антарктыдцаў на выпадак дзяльбы кантынэнта некаторыя краіны арганізуюць на сваіх станцыях роды. Першае немаўля зьявілася на сьвет у Антарктыдзе 7 студзеня 1978 на аргентынскай станцыі. З таго часу ў Антарктыдзе нарадзілася каля дзясятка дзяцей. Некалькі памерлых палярнікаў былі тут і пахаваныя.

Практычнае значэньне Антарктыды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Антарктыда — апошні рэсурсны рэзэрв чалавецтва, апошняе месца, дзе можна будзе здабываць мінэральную сыравіну пасьля яе вычарпаньня на пяці абжытых матэрыках. Гэта таксама амаль 90% сусьветных запасаў прэснай вады.

Тут праводзяцца назіраньні за кліматычнымі і мэтэаралягічнымі працэсамі, якія зьяўляюцца кліматаўтваральнымі фактарамі для ўсёй Зямлі. Вывучаюцца ўзьдзеяньні космасу і працэсы, што адбываюцца ў зямной кары. Існуе ня менш дзясятка накірункаў фундамэнтальных навуковых дасьледаваньняў, цалкам завязаных на Антарктыду.

Гляцыялёгія ўжо сёньня прыносіць сур’ёзныя навуковыя рэзультаты аб тым, якой была Зямля сто, тысячу, сотні тысячаў гадоў назад. У лёдавым покрыве Антарктыды аказаліся занатаваными зьвесткі аб клімаце і складзе атмасфэры за апошнія сто тысячаў гадоў. Па хімічным складзе розных слаёў лёду вызначаецца ўзровень сонечнай актыўнасьці на працягу апошніх стагодзьдзяў.

Падлёдныя азёры Антарктыды даюць унікальны шанец дасьледаваць мікраарганізмы, якія жылі мільёны гадоў назад.

Антарктычныя базы, разьмешчаныя па ўсяму пэрымэтру матэрыка, ствараюць ідэальныя магчымасьці для маніторынгу сэйсьмічнай актыўнасьці па ўсёй плянэце.

На антарктычных базах праходзяць тэставаньне тэхналёгіі, якія ў бліжэйшай будучыні плянуецца выкарыстоўваць для дасьледаваньня, асваеньня і калянізацыі Месяца і Марсу.

Высокую рынкавую цану мае генэтычная інфармацыя, што ўтрымліваецца ў антарктычнай флёры і фаўне. Сярод краінаў, якія здабываюць мікраарганізмы ў Антарктыцы разгарнулася мікрабіялягічная і фармакалягічная гонка. У ЗША пададзеная заяўка на патэнт антыфрызу, створанага на аснове антарктычных мікраарганізмаў. Гішпанскай кампаніяй атрыманы патэнт на выкарыстаньне ў мэдыцыне глікапратэіна з антарктычных бактэрыяў, які валодае моцнымі гаільнымі ўласьцівасьцямі. У Нямеччыне запатэнтаваны экстракт зь зялёных водарасьцей, які актыўна прымяняецца ў касмэталёгіі.

Антарктыда — выдатная стратэгічная база для акустычнай тамаграфіі акіяна, адсочваньня падводных лодак, фіксаваньня ядзерных выпрабаваньняў, вывучэньня парамэтраў руху касьмічных спадарожнікаў. Паводле некаторых крыніцаў, антарктычныя станцыі выкарыстоўваліся для ўдакладненьня разьлікаў траекторыяў міжкантынэнтальных балістычных ракет СССР і ЗША.

Гаспадарчая дзейнасьць можа ажыцьцяўляцца ў галіне палярнага, у тым ліку экстрэмальнага, турызму.

У выпадку падзелу Антарктыды, дзяржава-гаспадар антарктычнага сэктара атрымае пад свой кантроль суднаходныя фарватары, рыбныя рэсурсы і багатыя карыснымі выкапнямі шэльфы Сусьветнага акіяна.

Беларусь у Антарктыдзе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэспубліка Беларусь мае багатыя традыцыі ў вывучэньні і асваеньні Антарктыкі. Пачынаючы з 1957 у розныя гады ў палярных экспэдыцыях удзельнічала звыш 100 чалавек. У асноўным гэта былі супрацоўнікі Рэспубліканскага гідрамэтцэнтра гораду Менску, гідрамэтэаралягічнай службы іншых беларускіх гарадоў, а таксама НАН Беларусі і Дэпартамэнта па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь.

Першым палярнікам Беларусі быў В. К. Шымановіч, удзельнік другой комплекснай антарктычнай экспэдыцыі (1957). Самай легендарнай асобай сярод жыхароў гораду Берасьце стаў Ф. Ф. Кабот. У гады вайны — марак-падводнік на Паўночным і Балтыйскім флётах. Адразу пасьля вайны год правёў на ільдзіне ў Паўночным Ледавітым акіяне, удзельнік дзьвюх савецкіх антарктычных экспэдыцый. Гэта аб ім пісалі газэты ўсяго сьвету, які, не будучы ўрачом, зрабіў апэрацыю апэндыцыту лекару станцыі. Апэрацыя праходзіла без наркозу пасьлядоўна па ўказаньнях самога лекара і прайшла пасьпяхова.

Вялікі ўклад палярнікаў Беларусі ў дасьледаваньні Антарктыды адлюстраваны ў многіх навуковых працах.

У 2013 годзе на станцыі Dome F зафіксавалі самую нізкую тэмпэратуру на плянэце: мінус 91,2 градусы па Цэльсію, у 1989 на станцыі Ленінградзкая самы моцны вецер на плянэце: 78 м/сек. (Гайдашоў А. А.)

Сучаснасны пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

База ў Антарктыдзе
Палявая работа

У цяперашні час прапрацоўваецца пытаньне аб адкрыцьці ўласнай станцыі і значным пашырэньні навукова-дасьледчых работ спэцыялістамі Беларусі ў Антарктыдзе. Мяркуецца, што для стварэньня беларускай станцыі будзе выкарыстана бязвыплатна перадаваемая Расеяй палявая база, разьмешчаная ў раёне гары Вячэрняя на ўзьбярэжжы мора Касманаўтаў (непадалёку ад закансэрваванай савецкай станцыі «Маладзёжная», калісьці — «сталіцы» савецкай Антарктыды).

Расейскія дасьледчыкі зацікаўленыя ва ўдзеле Беларусі ў антарктычным праекце і прысутнасьці на матэрыку. Супрацоўніцтва зь беларусамі дазволіць расейцам працягваць дасьледаваньні, якія зараз знаходзяцца пад пагрозай спыненьня з-за недахопу фінансаваньня. У сваю чаргу, супрацоўніцтва з Расеяй дазволіла Беларусі пазьбегнуць затрат у 10 млн даляраў на ўзьвядзеньне станцыі з нуля і яшчэ прыкладна столькі ж на фрахт суднаў для дастаўкі паліва, харчаваньня і абсталяваньня на антарктычны матэрык.

Абмяркоўваецца праграма супрацоўніцтва з францускімі палярнікамі.

Перадавую групу беларускіх вучоных мяркуецца накіраваць на станцыю ўжо ў лістападзе 2006. Для вядзеньня пастаяннай навуковай работы і круглагадовага пражываньня неабходна мадэрнізаваць электраабсталяваньне станцыі, а таксама ўстанавіць новае ацяпляльнае і навуковае абсталяваньне. Афіцыйнае адкрыцьцё станцыі адбываецца з моманту перадачы ў этэр першай зводкі назіраньняў, перш за ўсё мэтэаралягічных. Паўнавартасным удзельнікам Дагавара аб Антарктыцы краіна лічыцца толькі тады, калі яна ў круглагадовым рэжыме папаўняе інфармацыяй сусьветны банк дадзеных і актыўна ўдзельнічае ва ўсіх міжнародных працэсах, якія адбываюцца ў рамках Дагавора.

Такім чынам, пачатак самастойнай прысутнасьці Беларусі ў Антарктыдзе можа супасьці з Міжнародным палярным годам, якім аб’яўлены 2007-ы.

Дзяржаўнае кіраваньне дзейнасьцю ў Антарктыдзе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адкрыцьцё станцыі прадугледжана Дзяржаўнай мэтавай праграмай «Маніторынг палярных раёнаў Зямлі і забеспячэньне дзейнасьці арктычных і антарктычных экспэдыцый на 2007—2010 гады і на пэрыяд да 2015 году». Урадам Беларусі распрацоўваецца Комплексны плян работаў па ажыцьцяўленню дзейнасьці Рэспублікі Беларусь у палярных раёнах Зямлі на пэрыяд 2006—2010 і на пэрспэктыву да 2016.

У бліжэйшы час будзе вызначаны галоўны дзяржаўны выканаўца: НАН Беларусі альбо Дэпартамэнт па гідрамэтэаралёгіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь. Па папярэдніх зьвестках, Беларусь сканцэнтрыруецца на правядзеньні мэтэаралягічных дасьледаваньняў і мэдычных экспэрымэнтаў.

Грамадзкая актыўнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзеля спрыяньня ўліку досьведу знаходжаньня беларусаў на гэтым кантынэнце пры разгортваньні будучых дасьледаваньняў, на ўрачыстым паседжаньні беларускіх палярнікаў, якое было прысьвечана 50-годзьдзю пачатку дасьледаваньняў Антарктыды, пад эгідай Беларускага геаграфічнага таварыства быў створаны аддзел палярных дасьледаваньняў. Аб’яднаньне беларускіх палярнікаў дазволіць прафэсіянальна ажыцьцяўляць грамадзкую каардынацыю як на этапе падрыхтоўкі, так і рэалізацыі нацыянальных антарктычных дасьледаваньняў. Прыярытэтны накірунак дзейнасьці аддзела — выкарыстаньне накопленага інтэлектуальнага і практычнага патэнцыялу па вывучэньні палярных раёнаў Зямлі і забесьпячэньні дзейнасьці арктычных і антарктычных экспэдыцый.

Іншыя постсавецкія дзяржавы ў Антарктыдзе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расея мае ў Антарктыдзе 5 дзейных станцый («Мірны», «Усход», «Новалазараўская», «Прагрэс», «Белінсгаўзэн»), 1 дзейную базу («Дружная-4») і 3 закансэрваваныя станцыі («Моладзевая», «Расейская», «Ленінградзкая»). Паводле іншых зьвестак: 10 станцый: 7 зімовачных (3 зь іх зьяўялюцца закансэрваванымі) і 3 сэзонныя станцыі.

Перасталі існаваць былыя савецкія станцыі «Піянэрская», «Камсамольская», «Савецкая», «Усход-1», «Лазараў», «Полюс недасягальнасьці», «Аазіс» (апошняя перададзена ПНР у 1959).

З 1992 паўнавартасным удзельнікам кансультацыяў па Дагаворы аб Антарктыцы стала Ўкраіна, якая атрымала ад Вялікабрытаніі станцыю Фарадэй (цяпер: «Акадэмік Вярнадзкі(uk)»).

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Антарктыдасховішча мультымэдыйных матэрыялаў