Антон Неманцэвіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Антон Неманцэвіч
Адукацыя
Дзейнасьцькаталіцкі сьвятар
Нарадзіўся8 лютага 1893(1893-02-08)[1]
Памёр6 студзеня 1943(1943-01-06) (49 гадоў)
Пахаваны
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Антон Неманцэвіч, пс.: а. Антоні, Злучэнец (27 студзеня (8 лютага) 1893, Санкт-Пецярбург — 6 студзеня 1943, Менск) — каталіцкі сьвятар бізантыйскага і лацінскага абрадаў, манах-езуіт, першы экзарх Беларускага Экзархату Грэка-Каталіцкай Царквы, доктар тэалёгіі і права, рэлігійны і культурна-грамадзкі дзеяч, рэдактар, выдавец, пэдагог і публіцыст. Адзін з ініцыятараў і творцаў беларускага ўнійнага руху Заходняй Беларусі.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіў зь сям’і беларусаў-перасяленцаў зь в. Парчэўцы (Сакольскі павет). Бацькі аддалі яго ў прыватную каталіцкую гімназію сьв. Кацярыны ў Пецярбургу.

Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную сэмінарыю. Высьвячаны на сьвятара 27 верасьня 1915. У тым самым годзе далучаецца да беларускага руху. У 1918 — скончыў Петраградзкую каталіцкую духоўную акадэмію, прызначаны вікарыем парафіяльнага касьцёлу сьв. Кацярыны ў Колпіне пад Петраградам. З 1918 нёс душпастырскае служэньне ў Маскве, дзе заангажаваўся ў працу найперш сярод дзяцей і моладзі.

Перасьледаваўся бальшавікамі за рэлігійную дзейнасьць. Першы раз арыштаваны 25 траўня 1919 — адседзеў у вязьніцы 6 месяцаў. Пасьля арышту архібіскупа Яна Цепляка спрабаваў пратэставаць. За гэта 31 траўня 1921 ізноў трапіў у вязьніцу на колькі месяцаў. Пасьля вызваленьня прызначаны вікарыем парафіі сьв. Пятра і Паўла ў Маскве. Арыштаваны нанова ў 1923.

Дзякуючы абмену палітвязьнямі ў 1925 перададзены Польшчы.

Па накіраваньні мітрапаліта Эдварда Ропа паехаў у Рым на тэалягічныя студыі ў Папскім Усходнім інстытуце, дзе стаў доктарам тэалёгіі. Навуковую дысэртацыю напісаў на тэму «Бальшавізм і выхаваньне. Сучаснае бальшавіцкае заканадаўства ў Расеі адносна рэлігійнага і маральнага выхаваньня моладзі ў параўнаньні з правам Божым, прыродным і аб’яўленым». Абарона дысэртацыі адбылася 2 ліпеня 1927 г. Затым быў прафэсарам у Люблінскім місійным інстытуце і адначасова працаваў як катэхет у школах. У 19281929 выкладаў параўнальную тэалёгію ў Люблінскім каталіцкім унівэрсытэце.

У 1929 уступіў у Ордэн езуітаў; прыняў усходні абрад. Парах грэка-каталіцкай парафіі ў мяст. Альбэртын пад Слонімам, з 1933 — у Сынковічах.

У 19321937 рэдактар і выдавец беларускага рэлігійнага часопісу «Да Злучэньня». З 1934 — прафэсар фундамэнтальнай тэалёгіі і кананічнага права ў Папскай Усходняй сэмінарыі ў Дубне (Заходняя Ўкраіна).

У 1938 працягваў выдаваць забаронены часопіс «Да Злучэньня» ў Варшаве пад назваю «Злучэньне».

З 1940 узначаліў Беларускі Экзархат Грэка-Каталіцкай Царквы (узьведзены ў сан экзарха 17 кастрычніка 1940). За ім беларуская мова ўпершыню ў гісторыі Царквы ў Беларусі сталася афіцыйнаю ў справаводзтве і ў царкоўным жыцьці. Заснаваў «Апостальства малітвы за Беларусь».

Арыштаваны гэстапа 4 ліпеня 1942 у Альбэртыне і праз Баранавічы дастаўлены ў турму СД у Менску. Доўгі час лічылася, што ён памёр у Бэрліне ў вязьніцы (згодна польскіх крыніцаў). Аднак дзякуючы апошнім знаходкам у беларускіх архівах выяўлена, што ён памёр, зьнясілены турэмнымі ўмовамі ў Менскай вязьніцы СД ад сардэчна-сасудзістай недастатковасьці 6 студзеня 1943 (немцы ў афіцыйнай даведцы напісалі, што памёр ад тыфу, на які сьвятар меў імунітэт, бо перахварэў ім у дзяцінстве). Пахаваны 9 студзеня 1943 на нямецкіх могілках у Менску сьвятаром мясцовай праваслаўнай Царквы [2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]