Антоні Генрых Радзівіл

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Антоні Генрых Радзівіл
Anton Radzivił. Антон Радзівіл (1797).jpg
Антоні Генрык Радзівіл. Люўр, 1797
POL COA Radziwiłł.svg
Герб «Трубы»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 13 чэрвеня 1775
Вільня
Памёр: 7 красавіка 1833
Бэрлін
Род: Радзівілы
Бацькі: Міхал Геранім Радзівіл
Алена з Пшазьдзецкіх

Антоні Генрых Радзівіл (13 чэрвеня 1775, Вільня — 7 красавіка 1833, Бэрлін) — кампазытар-аматар, сьпявак, мэцэнат. XII ардынат на Нясьвіжы, заснавальнік бэрлінскай лініі Радзівілаў.

Антоні Генрых Радзівіл — адзіны кампазытар, зь якім Ё. В. Гётэ супрацоўнічаў як лібрэтыст, перапрацаваўшы тэкст 1-й часткі сваёй паэмы ў опэрнае лібрэта і дапісаўшы на просьбу кампазытара спэцыяльна для опэры дадатковыя новыя фрагмэнты тэксту[1].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мастак J. H. Schroeder, 1810

Зь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Міхала Гераніма, апошняга ваяводы віленскага, і Алены з Пшазьдзецкіх.

Атрымаў добрую хатнюю адукацыю. Дзякуючы сямейнай традыцыі далучэньня да музыкі, ужо ў маладым веку набыў вядомасьць як віялянчэліст. З 1792 навучаўся ў Гётынгенскім унівэрсытэце, аднак у 1794 перабраўся ў Бэрлін.

Антоні і Луіза Радзівілы

У час Напалеонаўскіх войнаў дзейнічаў на карысьць пруска-польскага супрацоўніцтва. Дзякуючы сваяцтву з прускай дынастыяй у 1815 атрымаў пасаду намесьніка польскай аўтаноміі ў межах Прускага Каралеўства — Вялікага Княства Познанскага. Аднак функцыя намесьніка была амаль ганаровай ды не давала практычна ніякага ўплыву на становішча ў аўтаноміі.

У 1796 ажаніўся з дачкой брата караля Прусіі Фрыдрыха ІІ Вялікага — Фрыдэрыкай Даротай Люізай Гогенцолерн, зь якой меў сыноў Вільгельма Паўла, Фэрдынанда Фрыдэрыка, Багуслава Фрыдэрыка і Ўладзіслава; дачок Элізу Фрыдэрыку Людвіку, Марту, Ванду Аўгусту і Вільгельміну.

Ягоная дачка Эліза Радзівіл(en) была першым каханьнем і нявестай першага нямецкага імпэратара Вільгельма І[2].

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтар каля трыццаці камэрных вакальных твораў. Асаблівай увагі заслугоўваюць чатыры рамансы на вершы невядомых нямецкіх паэтаў.

Партрэт А. Радзівіла, XIX ст.

Найбуйнейшы твор А. Г. Радзівіла — опэра «Фаўст» на тэкст Ё. В. Гётэ. Геніяльны паэт сам згадзіўся на супрацоўніцтва з кампазытарам у якасьці лібрэтыста. Пачынаючы з прэм’еры ў Бэрліне (1835) опэра доўгі час зь вялікім посьпехам ішла ў тэатрах Нямеччыны, Польшчы, Чэхіі, Ангельшчыны.

На Беларусі фрагмэнты «Фаўста» ўпершыню паказала «Беларуская капэла» у Нясьвіжы (1995), а 20 ліпеня 1999 у Нацыянальным акадэмічным тэатры оперы і балету ў Менску адбылася яе прэм’ера. Спэктакль выклікаў цікавасьць публікі і атрымаў рэзананс у прэсе — на пастаноўку адгукнуліся амаль трыццаць выданьняў, у тым ліку і замежных[3].

Цікавыя факты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.
  • Віктар Скорабагатаў. Беларускі «Фауст» // «Спадчына» № 1, 1995. С. 80—82.
  • Віктар Скорабагатаў. Лёс падарыў Гётэ музыку Радзівіла // «Мастацтва» № 4, 1995. С. 2—6.
  • Віктар Скорабагатаў. Антоні Генрык Радзівіл // Зайгралі спадчынныя куранты. — Мн., 1998. С. 48—62.
  • Алесь Марціновіч. Дух вольнасці: Антоні Генрык Радзівіл // У часе прасветленыя твары. — Мн., 1999. С. 187—203.
  • Віктар Скорабагатаў. «Фауст» князя Радзівіла // «Роднае слова» № 9, 2000. С. 86—88.
  • Віктар Скорабагатаў. Антоні Генрык Радзівіл // «Роднае слова» № 6, 1996. С. 137—139.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Антоні Генрых Радзівілсховішча мультымэдыйных матэрыялаў