Антоні Тызэнгаўз
| Антоні Тызэнгаўз | |
Антоні Тызэнгаўз. Мастак Ян Рустэм, 1819 |
|
Герб «Буйвал І» |
|
| Пісар вялікі літоўскі | |
| 1763 — 1785 | |
| Канюшы вялікі літоўскі | |
| 1764 — 1785 | |
| Падскарбі надворны літоўскі | |
| 1765 — 1780 | |
| Папярэднік: | Юзэф Адрыян Масальскі |
| Наступнік: | Аляксандар Міхал Сапега |
| Асабістыя зьвесткі | |
| Нарадзіўся: | 1733 Наваельня[1], ВКЛ |
| Памёр: | 31 сакавіка 1785 Варшава, Каралеўства Польскае |
| Род: | Тызэнгаўзы |
Антоні Тызэнгаўз (1733, мястэчка Наваельня Наваградзкага ваяводзтва — 31 сакавіка 1785, Варшава) — дзяржаўны і грамадзкі дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, мэцэнат. Пісар (з 1763) і канюшы вялікі літоўскі (з 1764), падскарбі надворны літоўскі (1765—1780).
Валодаў Камёнскім ключом (Гарадзенскі павет), мястэчкамі Ятвеск, Іеў, Наваельня і Жалудок, меў палац у Вільні, шэраг будынкаў у Горадні[2]. Трымаў Гарадзенскае староства, адміністратар каралеўскіх эканоміяў у Вялікім Княстве Літоўскім.
Намаганьнямі Антонія Тызэнгаўза Горадня зрабілася месцам працы розных дзяржаўных установаў: Скарбовай камісіі, Вярхоўнага Трыбуналу, задворнага асэсарскага суду.
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
З шляхецкага роду Тызэнгаўзаў, сын Бэнэдыкта і Ганны зь Бягінскіх.
З 1757 году падстароства гарадзенскі, у 1761 годзе абіраўся паслом на сойм ад Гарадзенскага павету.
Староста гарадзенскі [рэдагаваць]
Вырашыў упарадкаваць Горадню на ўзор сталіцы дзяржавы. Зь ягонай ініцыятывы ў 1760—1780 гадах побач з горадам у вёсцы Гарадніца (дзе ён збудаваў сабе палац, аздоблены А. Грушэцкім[3]) збудавалі прамыслова-культурны цэнтар з 85 будынкаў рознага прызначэньня, што ўтваралі 3 асобныя зоны: адміністрацыйную, вытворчую, навучальную (пазьней увайшлі ў межы Горадні).
У прадмесьцях Горадні заснаваў фабрыкі: суконную, шаўковую, палатняную, камлотную, карункавую, панчошную, капялюшную, карэтную, шаўковых паясоў, гульнявых карт, збройную, гарбарную, а таксама завод жалезных і медных вырабаў. Аднак, як і большасьць тагачасных прадпрыемстваў, працавалі яны з малым прыбыткам або нават са стратай.
Сельская гаспадарка [рэдагаваць]
Значную ўвагу надаваў земляробству. Для вывучэньня спосабаў павялічэньня ўраджайнасьці сельскагаспадарчых культур накіраваў свайго аднадумца Даўнаровіча ў Ангельшчыну вывучаць агратэхніку. Каб падняць узровень жывёлагадоўлі, закупляў пародзістыя віды жывёл. Але аграрная рэформа, праведзеная ім у Шавельскай эканоміі, грунтавалася на ўзмацненьні паншчыны, што выклікала незадаволенасьць сялян, а ў 1769 годзе нават паўстаньне.
Адукацыя [рэдагаваць]
З намерам пашырэньня асьветы ў краі заснаваў у Горадні кадэцкі корпус, гандлёвую, землямерную, мэдычную і іншыя школы. У мэдычнай школе на сродкі А. Тызэнгаўза і падараваньні Панятоўскага была створаная бібліятэка спэцыяльнай літаратуры. Пасьля ліквідацыі гэтай школы яе кнігазбор адышоў да Галоўнай школы ў Вільні.
Культурніцкая дзейнасьць [рэдагаваць]
Антоні Тызэнгаўз быў ня толькі буйным фінансістам і адміністратарам, але даволі адукаваным і культурным чалавекам свайго часу. Заснаваўшы дзясяткі мануфактур і навучальных установаў, ён стварыў і свой тэатар, у які запрашаў балетмайстраў, замежных артыстаў, музыкантаў, сьпевакоў і харэографаў, у тым ліку братоў Г. і Л. Пэтынэты з Нэапалю.
Для падрыхтоўкі ўласных артыстаў з прыгонных сялян А. Тызэнгаўз стварыў тэатральную школу. У 1772 годзе ён паслаў для навучаньня за мяжу прыдворнага капэльмайстра А. Сітанскага. Навучэнцамі ў тэатральную школу найчасьцей бралі дзяцей прыгонных сялян зь яго маёнткаў. Там вучні набывалі акторскія навыкі, вучыліся граць на музычных інструмэнтах. У праграму заняткаў уваходзілі танец, сьпевы, нотная грамата, тэорыя музыкі і кампазыцыя. Выкладаліся і агульнаадукацыйныя прадметы (пісьмо, арытмэтыка, француская і італьянская мовы, маляваньне), а таксама рукадзельле, чыталіся лекцыі па агульным выхаваньні. Школа давала даволі добрую падрыхтоўку, яе вучні выступалі ў спэктаклях тэатра. Выхаванцы гэтай школы артысты балету Е. Валінскі, Д. Пякарская-Сітанская, М. Рымінскі, сьпявачка М. Сітанская пазьней праславіліся ў польскім тэатры.
Тэатар, які пачынаўся зь невялікага ансамбля інструмэнтаў і вакалістаў, да 1778 году дасягнуў высокага прафэсійнага ўзроўню і стаў шматпрофільны. На яго сцэнах ставіліся опэры А. Грэты «Магніфік», камэдыі П. Бамаршэ «Сэвільскі цырульнік» і іншых.
Прыдворны аркестар, так званая капэля Тызэнгаўза, належаў да найбольшых і найлепшых па прафэсійным узроўні калектываў падобнага характару ў Беларусь і славіўся за яе межамі. Так, у 1780 годзе гэтая капэля была ангажаваная ў Нацыянальны тэатар у Варшаве. Рэпэртуар капэлы ўлучаў араторыі, месы, сымфоніі, розныя жанры побытавай музыкі.
Пасьля адстаўкі А. Тызэнгаўза тэатральная школа, балетная трупа і частка капэлі былі пераведзеныя ў Паставы.
У 1775 годзе А. Тызэнгаўз набыў у Вільні друкарню, якой да таго валодаў Марцін Пачобут-Адляніцкі. У гэтай друкарні выдаваліся падручнікі, календары, часопіс «Gazety Wileńskie» («Віленскія газэты»). У 1775—1776 гадах А. Тызэнгаўз арганізаваў першую друкарню ў Горадні і быў адным зь яе арандатараў. Частка абсталяваньня была ўзятая зь Віленскай друкарні, астатняе закуплена ў Караляўцы. Першыя выданьні друкарні выйшлі на пачатку 1776 году. Тут друкаваліся арыгінальная і перакладная літаратура, навуковыя працы, падручнікі, стараславянскія, польскія, лацінскія малітоўнікі, «Каляндар гаспадарчы», «Літоўскі весьнік», афіцыйныя дакумэнты і іншыя, а таксама першае на Беларусі пэрыядычнае выданьне, ініцыятарам якога быў А. Тызэгаўз, «Gazeta Grodzieńska» («Гарадзенская газэта»). Друкарня існавала да 1802 году.
А. Тызэнгаўзу былі блізкімі і зразумелыя ідэі Асьветніцтва. У тэатры ён бачыў не крыніцу прыбыткаў, а сродак асьветы, інструмэнт выпраўленьня нораваў і ўсталяваньня роднай мовы. Свае дзеі ён апраўдваў клопатам пра цывілізацыю тутэйшага краю. Думкі, выказаныя ім пра выхаваўчую ролю тэатра, былі сугучныя палажэньням францускіх асьветнікаў, асабліва Д. Дыдро. Але ў адрозьненьне ад апошняга ён лічыў, што тэатар існуе толькі для прывілеяванай часткі грамадзтва, шырокіх колаў шляхты, а не для мяшчан, рамесьнікаў, гандляроў і неадукаваных сялян. Таму яго тэатар ня стаў агульнадаступным, агульнанацыянальным. Каб надаць сваім пачынаньням пэўную важкасьць, Тызэнгаўз вёў перапіску з Ж. Ж. Русо і прапаноўваў яму пераехаць у Горадню або ў Белавескую пушчу.
Заканчэньне жыцьця [рэдагаваць]
Няўдалая гаспадарчая палітыка (нерэнтабэльнасць многіх мануфактур), інтрыгі магнатаў, незадаволеных актыўнай дзейнасьцю А. Тызэнгаўза, спрычыніліся да ягонага адхіленьня ў 1780 годзе ад кіраваньня эканоміяй.
Апошнія гады жыцьця правёў у Паставах. Пахавалі графа ў фамільных склепе ў Жалудоцкім касьцёле.
Памяць [рэдагаваць]
У 2007 годзе ў Горадні ўрачыста адкрылі гарадзкую скульптуру Жану Эмануілу Жылібэру, кіраўніку мэдычнай акадэміі, адкрытую Антоніем Тызэнгаўзам, а таксама скульптуру Джузэпэ Сака, архітэктару, які будаваў раён Гарадніца.
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ «Горад святога Губерта». Гісторыя Гародні ХХ ст. у вусных успамінах. / Рэд. А. Смалянчук. — Сейны, 2002.
- ^ Юрый Гардзееў. Тызенгаўз Антоній // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 677.
- ^ Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя, М. А. Ткачоў: Уклад. Т. В. Габрусь. — Мн.: Беларусь, 2003.
Літаратура [рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Антоні Тызэнгаўз — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Асобы па альфабэце
- Падскарбіі надворныя літоўскія
- Нарадзіліся ў 1733 годзе
- Нарадзіліся ў Гарадзенскай вобласьці
- Тызэнгаўзы
- Канюшыя вялікія літоўскія
- Пісары вялікія літоўскія
- Беларускія асьветнікі
- Выбітныя асобы Вялікага Княства Літоўскага
- Сябры Найвышэйшай Літоўскай Рады
- Старосты гарадзенскія
- Дэпутаты Сойму Рэчы Паспалітай
- Памерлі 31 сакавіка
- Памерлі ў 1785 годзе