Антон Борык

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Пашпарт БНР Антона Борыка, 1918

Антон Борык (7 ліпеня 1894 (1897?), в. Сьвілы, Лідзкі павет, цяпер Воранаўскі раён[1] — пасьля 1939) — беларускі палітычны і вайсковы дзяяч. Удзельнік Першай сусьветнай вайны. Капітан.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1917 году працягваў службу ў польскіх легіёнах Доўбар-Мусьніцкага.

У 1918 пакідае вайсковую службу і пераяджае ў Вільню. Уваходзіць у склад Віленскай Беларускай Рады. Ён адзін з заснавальнікаў Беларускага Камітэту ў Горадні. Уваходзіць у беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянэраў.

Напрыканцы сакавіка 1919 у клюбе «Беларуская хатка» на ўрачысты вечары ў гонар беларускага ўраду ўзьняў тост: «Няхай жыве Беларусь з Польшчай!», падтрыманы прысутнымі[2].

Першы афіцыйны пасланьнік БНР у Нямеччыне. 23 сакавіка 1919 прыбыў у Бэрлін з Горадні як кіраўнік Беларускай ваеннай місіі па справах ваеннапалонных. Урад БНР спрабаваў старыць з 60000 палонных беларусаў нацыянальныя вайсковыя адзелы. Напачатку красавіка Борык наладзіў сувязь зь Міжнароднай камісіяй па справах ваеннапалонных. Распачаў працу сярод беларусаў-вайскоўцаў. Дапамагаў яму ў працы генэрал Кіпрыян Кандратовіч, які ўваходзіў у склад дэлегацыі БНР на Парыскую мірную канфэрэнцыю[3].

Знаходзячыся ў Нямеччыне, перадаваў грошы і сродкі беларускім школам.

Увесну 1920 Борык знаходзіўся ў Рызе. Нечакана выявілася, што ён мае два пашпарты: беларускі пад № 29 ад 29 студзеня 1920 і расейскі пад № 285 ад 13 красавіка 1920, які выдала расейская дэлегацыя ў Бэрліне. Беларусы абвінавацілі яго ў здрадзе. Борык заявіў, што ня лічыць сябе ні беларускім, ні расейскім грамадзянінам…[4].

Сьцяг Першага Слуцкага палка. Вільня, 1921. Лявон Вітан-Дубейкаўскі, невядомая, штабс-капітан Антон Борык

Да лета 1920 працуе паўнамоцным дырэктарам бэрлінскай канторы «Сіндыкат Сапегі для Эўропы і Азыі на Беларусі», уласьнікам якой быў Станіслаў Леў Сапега-Ваявода і які пэўны час дапамагаў БНР грашыма[3].

У сярэдзіне лета 1920 зьяжджае з Бэрліну ў Латвію. Пасьля едзе ў Горадню на запрашэньне беларускіх вайскоўцаў. Узначальвае агульны аддзел Беларускай вайсковай камісіі.

Пад канец лістапада начале з Кузьмой Цярэшчанкай прыбыў у званьні капітана з Лодзі ў Семежава для ўдзелу ў Слуцкім збройным чыне (разам зь ім прыбылі яшчэ 3 афіцэра з 12 пасланых — капітаны Андрэй Якубецкі, Антон Сокал-Кутылоўскі, паручнік Тодар Янушэнка). Прымаў удзел у Слуцкім Збройным чыне, ўзначальваў штаб Першай Слуцкай Брыгады. Быў праціўнікам супольных дзеяньняў з атрадамі Булак-Балаховіча. Падаваў нататкі пра паўстаньне ў газэты «Наша думка» і «Беларускае слова».

Разам з прыхільнікамі генэрала Булак-Балаховіча — Хведашчэням, Арсенем Паўлюкевічам і паручнікам Мацелі, Борык (магчыма зьмяніў адносіны да Булаховіча, пасьля адхіленьня ад пасады шэфа штаба Слуцкай брыгады), адступіў з Морача, апошняга апорнага пункта случчакоў, у Давыд-Гарадок. Тамака паўстанцы і балахоўцы, якія да іх далучыліся, былі абязброены палякамі[5].

Пасьля заканчэньня паўстаньня — у Латвіі, пасьля ў Коўне, Вільні, Варшаве. У апошняй быў адным з арганізатараў Таварыства беларускай школы.

Напрыканцы 30-х жыў у Вільні, працаваў у кіраўніцтве Віленскай чыгункі. Зьвесткі губляюцца з пачаткам Другой сусьветнай вайны. Лічыцца, што згінуў напачатку 40-х[6].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Алег Латышонак Жаўнеры БНР. Беласток-Вільня, 2009. С. 354
  2. ^ Андрэй Чарнякевіч. Паліто за чатыры мільёны // Наша Ніва №10, 2007
  3. ^ а б Уладзімір Сакалоўскі. Беларуская місія ў Берліне // Новы Час 28 сакавіка 2009
  4. ^ А. М. Чарнякевіч. Уплыў працэсаў урбанізацыі на развіццё беларускага нацыянальнага руху ў Гродне (1918—1939) // Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І. П. Крэнь, І. В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. — Гродна: ГрДУ, 2007.
  5. ^ Алег Латышонак. Цімафей Хведашчэня — атаман і настаўнік // «Пагоня» 25.11.2008 г.
  6. ^ Сяргей Чыгрын. Зь беластоцкай зямлі. — Беласток: Offset Print, 2009. С. 20

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Антон Борыксховішча мультымэдыйных матэрыялаў