Антон Сокал-Кутылоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Антон Сокал-Кутылоўскі
А. Сокал-Кутылоўскі ў часе навучаньня ў Пецярбурскім унівэрсытэце, 1910-я гг.
Род дзейнасьці васковы дзяяч, сьвятар
Дата нараджэньня 7 лютага 1892
Месца нараджэньня Красная Горка, Пінскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 7 сакавіка 1983
Месца сьмерці Шчэцін, Польская Народная Рэспубліка
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак вайсковец
Бацька Андрэй Сокал-Кутылоўскі

Анто́н Со́кал-Кутыло́ўскі (7 лютага 1892, Красная Горка, Пінскі павет — 7 сакавіка 1983, Шчэцін, Польшча) — беларускі вайсковы і грамадзкі дзяяч. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну 1920 году, праваслаўны сьвятар.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сям’і беларускага шляхціча Андрэя Сокала-Кутылоўскага, якая жыла на хутары Перавалокі-Дарагішча (пазьней — Красная Горка), на левым беразе ракі Лань недалёка ад вёскі Чудзін (сёньня — Ганцавіцкі раён), на паўдарозе ад Вялікіх Чучавічаў да Вызны (Краснай Слабады).

У 1910 годзе скончыў Панявескую настаўніцкую сэмінарыю. Працаваў настаўнікам на землях сучаснае Летувы. З 1913 па 1915 год у Петраградзе навучыўся на політэхнічных курсах, дзе атрымаў спэцыяльнасьць «тэхнік сельскага вогнестойкага будаўніцтва». Скончыў геаграфічны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэту ў 1914.

На вайсковай службе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1915 годзе прызваны ў расейскую армію. Унтэр-афіцэр, прапаршчык. У 1916 годзе пасьля Казанскае вайсковае вучэльні падпаруччыкам накіраваны на фронт Першае сусьветнае вайны. Удзельнічаў у баях пад Вільняй і ў Галіцыі. Капітан. Узнагароджаны Георгіеўскім крыжам.

Пасьля Лютаўскае рэвалюцыі 1917 году жыў на сваім хутары. У жніўні 1918 году накіраваўся ў войска генэрала Дзянікіна ў Растоў-на-Доне. Ваяваў у ягоных частках са жніўня 1918 году да студзеня 1919 году. Пасьля ізноў вярнуўся дахаты. Прызваны ў Чырвоную армію напачатку 1919 году. Прызначаны на працу ў Слуцку пры Ваенным камісарыяце, адкуль праз 2 месяцы дэзэртаваў. У красавіку 1919 году накіраваўся ў Эстонію ў Паўночны корпус Юдзеніча нямецкага войска, дзе ваяваў да ліпеня 1920 году. Камандаваў ротай пад Петраградам. Пасьля паражэньня Юдзеніча да лета 1920 году жыў у Эстоніі, бяз працы і грошай. Улетку 1920 году здолеў прыехаць у Гарадзею, дзе на той час жыла жонка.

Слуцкі збройны чын[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прыняў удзел у Слуцкім збройным чыне 1920 году. Спачатку камандаваў 2-м батальёнам у 1-м Слуцкім палку, 2 сьнежня 1920 году прызначаны камандзірам 1-е Слуцкае брыгады з наданьнем яму «часова дыктатарскіх паўнамоцтваў».

17 снежня агенты польскага генштаба на чале з Якубецкім здзейснілі спробу пераварота ў брыгадзе, адхіліў яго ад камандавання брыгадай. Нягледзячы на гэта Сокал-Кутылоўскі працягваў камандаванне пафакту.

Пасьля ліквідацыі збройнага чыну перайшоў разам з жаўнерамі савецка-польскую мяжу і да траўня 1921 году знаходзіўся ў лягеры інтэрнаваных.

Захоўваў у сябе да 1921 году архіў Слуцкае брыгады. Пасьля перавёз яго ў Вільню і перадаў Браніславу Тарашкевічу.

Таксама ён зьберагаў Сьцяг Першага Слуцкага Палка. Улетку 1921 году хацеў перадаць сьцяг на захаваньне ў царкву япіскапу Пінскаму Панцеляйману (Ражноўскаму), які, будучы адхілены ад кіраваньня япархіяй, служыў на той час у Наваградку, але апошні адмовіўся яго браць. Сьцяг у Сокал-Кутылоўскага сканфіскавала польская паліцыя ў 1931 годзе ў часе ператрусу.

Міжваенны пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

24 чэрвеня 1921 году высьвечаны япіскапам Панцялейманам (Ражноўскім) на праваслаўнага сьвятара. У міжваенны пэрыяд працаваў у парафіях Наваградзкага і Слонімскага паветаў (вёска Вострава) і настаўнічаў у школе. Быў прызначаны Дзятлаўскім благачынным. Выказваўся за ўжываньне беларускай мовы ў богаслужэньнях Праваслаўнае Царквы, спрычыніўся да пабудовы храму ў мястэчку Лыскаве.

Супрацоўнічаў з Часовай беларускай Радай, якая трымалася антыкамуністычных пазыцыяў. На зьезьдзе, які Рада склікала ў Вільні 26—28 чэрвеня 1926 году выступаў з дакладам па рэлігійных пытаньнях. Быў абраны ў склад сябраў Беларускае нацыянальнае рады.

Другая сусьветная[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сокал-Кутылоўскі каля сваёй хаты ў Ганцавічах, 1942—1943 гг.

Пасьля далучэньня Заходняе Беларусі да БССР спыніў сьвятарскае служэньне і працаваў тэхнікам на будоўлі ў Баранавічах. Арыштаваны НКУС БССР 19 чэрвеня 1941 году. Быў зьмешчаны ў камэру сьмяротнікаў баранавіцкае турмы Крывое кола. Пасьля нападу немцаў на СССР вызваліўся зь вязьніцы — здолеў ўцячы з падпаленае турмы. Жонка і дзеці былі высланыя ў гэты час зь Беларусі.

Да кастрычніка працаваў у Баранавічах у гарадзкой управе памочнікам начальніка аддзелу сацыяльнага забесьпячэньня. З кастрычніка 1941 году да лета 1944 году быў інспэктарам беларускіх школаў у Ганцавічах. Зьяўляўся кіраўніком камітэту Беларускае самапомачы ў Ганцавічах. Подле сьведчаньняў — сябра падпольнае Беларускае незалежніцкае партыі[1]. У 1944 годзе — намесьнік прэзыдэнта БЦР па Ганцавіцкай акрузе. Удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэсу.

Улетку 1944 году зьехаў у Прагу, пасьля ў Нямеччыну. Выкладаў у школе афіцэраў БКА, падпалкоўнік. 18 красавіка 1945 году — камандзір 1-га беларускага палка. Разам з дывізіяй «Беларусь» на заходнім фронце здаўся амэрыканцам. 30 красавіка 1945 году арыштаваны савецкай контарвыведкай «СМЕРШ» у лягеры для рэпатрыянтаў, вывезены ў СССР.

Лягеры і жыцьцё пасьля[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Новая магіла Сокал-Кутылоўскага ў Шчэціне
Старая магіла Сокал-Кутылоўскага ў Шчэціне

З 1945 году да лістапада 1947 году — у Паўночнапячэрскім лягеры. 27 кастрычніка 1947 году яго справу запатрабавала УНКГБ па Пінскай вобласьці. 20 красавіка 1948 году Ваенным трыбуналам войскаў Міністэрства ўнутраных справаў Беларускае вайсковае акругі асуджаны на 25 гадоў зьняволеньня на падставе артыкула 63-1 КК БССР і артыкула 64, пазбаўлены ў правох на 5 гадоў без канфіскацыі маёмасьці празь яе адсутнасьць[2]. Амніставаны ў лістападзе 1957 году.

Нейкі час жыў у стрыечнай сястры ў Ганцавічах пад наглядам спэцслужбаў. Выехаў на сталае жыхарства ў Шчэцін (Польшча), дзе жыла дачка. Тамака памёр і пахаваны на Цэнтральных могілках. (спачатку на Cmentarz Centralny, nr. kwatery 72b, rzad 13, nr. grobu 6, пазней ён быў перапахаваны на Cmentarz Centralny, nr. kwatery 84i)[3].

Пакінуў ўспаміны аб Слуцкім паўстаньні.

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да 90-годзьдзя БНР была выдадзеная паштоўка з выявай Сокала-Кутылоўскага ў зборы паштовак «Берасьцейцы — дзеячы БНР».

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Сяргей Ёрш Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. jivebelarus.net. Праверана 22 лістапада 2015 г.
  2. ^ Як судзілі Антона Сокала-Кутылоўскага. Жыцьцярыс кіраўніка слуцкага паўстаньня па матэрыялах судовай справы КГБ. — Берасьцейскі аддзел СПА «Край», 2000. — 19 с. — 250 ас.
  3. ^ Успамін Антона Сокала-Кутылоўскага. Беларуская Нацыянальная Памяць (7 лютага 2009). Праверана 22 лістапада 2015 г. Архіўная копія ад 22 лістапада 2015 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]