Арашэньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Самаходная франтальная арашальная прылада ў дзеяньні

Арашэньне, ірыгацыя (па-ангельску: Irrigation) — падвядзеньне вады на палі, якія адчуваюць нястачу вільгаці, і павялічэньне яе запасаў у пласьце грунту, дзе знаходзяцца корні расьлінаў, з мэтай павялічэньня ўрадлівасьці грунту. Ірыгацыя зьяўляецца адным зь відаў мэліярацыі. Арашэньне паляпшае сілкаваньне корняў расьлінаў вільгацьцю і пажыўнымі рэчывамі, зьніжае тэмпэратуру прызямнога пласту паветра і павялічвае яго вільготнасьць. Арашэньне ёсьць неад’емнай часткай вырошчваньня бавоўны і рыса[1].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Норыі на рацэ Аронт у Сырыі

Ужо ў найстаражытныя часы арашэньне дасягнула ступені мастацтва, на якім быў заснаваны дабрабыт цэлых дзяржаваў. Пра правядзеньне вады для ўвільгатненьня палёў згадваецца ў многіх месцах Бібліі. Мясцовасьць паміж Эўфратам і Тыграм славілася ўжо ў глыбокай старажытнасьці сельскагаспадарчым прагрэсам, дасягнутым пры дапамозе сыстэматычнага арашэньня. З спрадвечных часоў існуюць ўзоры арашальных збудаваньняў у краінах старажытнай культуры: у Кітаі, Індыі і Эгіпце, а ў Новым Сьвеце — у абласьцях зьніклага царства ацтэкаў. Эгіпцяне не здавольваліся пэрыядычнымі разьлівамі Ніла для апладненьня сваіх палёў, а правялі ягоныя воды, з дапамогай разгалінаванай сыстэмы каналаў, па ўсёй сваёй урадлівай вобласьці да краю пустэльні. Пасьля перайшлі тут да водавычэрпальных колаў, падымалі ваду на вышыню.

У Эўропе найстаражытнымі майстрамі па частцы арашэньня зьяўляюцца этрускі. Велічэзныя рэшткі каналаў паміж Адыджэм і Па сьведчаць яшчэ ў цяперашні час аб велічэзных збудаваньнях, выкананых гэтым народам выключна для абвадненьня палёў. Сваё мастацтва яны перадалі рымлянам. Апошнія высока шанавалі ваду, і яшчэ ў цяперашні час дзівяць сваімі гідратэхнічнымі збудаваньнямі: узьнёслыя басэйны, вадаправодныя каналы, штучныя сажалкі і азёры, пышнае аздабленьне крыніц і іншыя дасканалыя прылады для дастаўленьня добрай вады.

Самым шырокім чынам арашальныя збудаваньні разьвіліся ў Лямбардыі. Сетка арашальных каналаў у гэтай галіне, якая разьвівалася і ўдасканальвалась з часоў рымлян, ахоплівала да пачатку XX стагодзьдзя плошчу да 450 тысячаў гектараў. Галоўныя каналы гэтай сеткі, у склад якіх увайшлі і старажытныя штучныя вадацёкі, пабудаваныя былі ў пачатку Сярэднявеччы часткова манахамі, часткова гарадамі Мілянам, Крэмонай і іншымі пад валадарствам Вісконці, Сфорцы, Палявічына, а ў вобласьці Мантуі дынастыяй Ганцага. Найстаражытны канал Вэталія быў пабудаваны ў 1057 годзе. Ужо ў 1216 годзе ў Міляне зьявіўся звод пастановаў пра карыстаньне вадой, які пасьля быў удасканалены і паслужыў падставай заканадаўства пра арашэньні 1747 году. У XI стагодзьдзі манахі Абацтва К’яравальле валодалі больш чым 8000 гектарамі арашаных лугоў і прадавалі лішак сваёй вады. Для вызначэньня ейнай колькасьці карысталіся адмысловымі вадамерамі, у якіх ваду прапускалі праз пэўную адтуліну шырынёй 0,029 м², пры сталым напоры 0,10 м. У хвіліну праз такую адтуліну працякае 2,1835 м³ вады, што называецца мілянскай унцыяй. Пасьля замест вадзяной унцыі сталі карыстацца для вымярэньня выдатку іншымі прыладамі і прыборамі, званымі з часоў Саўдаці, першага вынаходніка такога прыбора ў XVI стагодзьдзі, модулямі.

Зь Лямбардыі нямецкія жаўнеры ў XVIII стагодзьдзі прынесьлі з сабой мастацтва арашэньня ў вобласьць ніжняга Райна, дзе арашальныя прылады асабліва разьвіліся і ўмацаваліся ў навакольлях гораду Зігена, дзякуючы намаганьням бургамістра гэтага гораду каля 1750 году. У Гішпаніі арашэньне ўведзена было маўрамі, працамі якіх бязводныя навакольлі Валенсіі ператварыліся ў вобласьць добрай урадлівасьці. Разваліны гідратэхнічных збудаваньняў маўраў у Гішпаніі дагэтуль уражваюць сваёй веліччу. Маўрытанскія арашальныя прылады паслужылі ўзорам ня толькі ў тэхнічных адносінах, але і ў дачыненьні да заканадаўства і арганізацыі, бо тут зьявілася самая старажытная форма грамадзкага карыстаньня арашэньнем. Падведамныя маўрам правінцыі падзяляліся на арашальныя вучасткі, для якіх неабходная колькасьць вады забясьпечвалася загародай горных раўчукоў і рэчак ў летні час. Для гэтага будаваліся вялікія плаціны. З створаных такім чынам вадасховішчаў вада праводзілася магістральнымі каналамі, а ад іх адгаліноўваліся бакавыя каналы, зь якіх вада для арашэньня асобных вучасткаў вычэрпвалі норыямі. Для кожнага з арашаных вучасткаў разьлічана было дакладна патрэбная колькасьць вады. Карыстаньне ёю было строга рэглямэнтавана, і за выпуск залішняй вады ўсталяваныя былі штрафы. Для кантролю расходу вады карысталіся стрэлкавым вадамерам. У некаторых мясцовасьцях Гішпаніі прылады гэтыя захаваліся яшчэ ў цяперашні час. У Францыі вялікія арашальныя сыстэмы знаходзяцца ў далінах Люары і Гароны, а таксама ў дэпартамэнтах Савоя, Верхняя Савоя, Буш-дзю-Рон, Эро, Гар і іншых. Ангельшчына, па ўласьцівасьцях клімату, патрабуе мала арашэньня, але месцамі і тут сустракаюцца шырокія мясцовасьці, якія карыстаюцца штучным абвадненьнем, напрыклад самыя старажытныя арашальныя прылады знаходзяцца ў Ўілтшыры, створаныя ў 1690-х1700-х гадох, займаюць плошчу каля 20 тысячаў гектараў.

Спосабы арашэньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да асноўных спосабаў арашэньня ставіцца:

  • Традыцыйнае арашэньне — паліў па разорах вадой, падаецца помпай ці з арашальнага канала;
  • Дажджаваньне — распырскваньнем вады з адмыслова пракладзеных трубаў;
  • Аэразольнае арашэньне — арашэньне драбнюткімі кроплямі вады для рэгуляваньня тэмпэратуры й вільготнасьці прыземнага пласта атмасфэры;
  • Падглебавае арашэньне — арашэньне зямель шляхам падачы вады непасрэдна ў зону глебы, дзе знаходзяцца карані расьлінаў;
  • Ліманае арашэньне — глыбокае аднаразовае вясновае ўвільгатненьне глебы водамі мясцовага сьцёку.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Арашэньне. Расейскі гуманітарны інтэрнэт-унівэрсытэт

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Арашэньнесховішча мультымэдыйных матэрыялаў