Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
| Гэты артыкул зьяўляецца выбраным. Мы ўпэўненыя, што ён — адзін зь лепшых у беларускай Вікіпэдыі. Калі Вы напісалі ці пабачылі артыкул ня горшай якасьці, калі ласка, прапануйце яго ў выбраныя.
|
Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы (NATO, НАТА, НАТО) (па-ангельску: North Atlantic Treaty Organisation, па-француску: l'Organisation du Traité de l'Atlantique Nord (OTAN)), таксама называная Паўночнаатлянтычны альянс — гэта міжнародная арганізацыя па калектыўнай бясьпецы, заснаваная ў 1949 годзе дзеля выкананьня Паўночнаатлянтычнай дамовы, падпісанай у Вашынгтоне 4 красавіка 1949 году. Штаб-кватэра арганізацыі знаходзіцца ў Брусэлі. Рабочыя мовы — ангельская і француская.
Зьмест |
[рэдагаваць] Мэты дзейнасьці
Мэты дзейнасьці Паўночнаатлянтычнага альянсу зацьверджаныя ў Артыкуле 5 Паўночнаатлянтычнай дамовы:
Удзельнікі пагаджаюцца з тым, што ўзброеная атака супраць аднаго ці некалькіх зь іх у Эўропе ці Паўночнай Амэрыцы будзе расцэненая як атака супраць іх усіх. Адпаведна, яны пагаджаюцца ў выпадку такой агрэсіі кожны выканаць свае абавязкі па забесьпячэньні калектыўнай бясьпекі, аказаць дапамогу атакаванаму ці атакаваным удзельнікам разам з астатнімі ўдзельнікамі празь неабходныя для гэтага меры ўключна з ваеннымі, з мэтаю падтрыманьня бясьпекі ў паўночнаатлянтычным рэгіёне.
Дамова не зьмяшчае зьвестак пра патэнцыйных ворагаў і канкрэтныя меры па калектыўнай абароне. Тым ня меней, першапачаткова альянс ствараўся для супрацьстаяньня дэмакратычных краінаў пагрозе з боку СССР і камуністычнага блёку. Паводле дамовы, напад на адну краіну-ўдзельніка арганізацыі расцэньваўся як агрэсія супраць усіх краінаў NATO. На шчасьце, упершыню гэтае палажэньне спрацавала толькі ў 2001 годзе пасьля падзеяў 11 верасьня[1].
[рэдагаваць] Гісторыя
Антыгітлераўская кааліцыя СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і іншыя распалася практычна адразу пасьля перамогі ў Другой сусьветнай вайне. Былыя саюзнікі распачалі перадзел сьвету на сфэры ўплыву і прыступілі да рэалізацыі мер па ваенна-палітычным замацаваньні сваіх партыкулярных посьпехаў.
17 сакавіка 1948 году пяць заходнеэўрапейскіх краінаў — Бэльгія, Вялiкабрытанiя, Люксэмбург, Нідэрлянды i Францыя — падпісалі Брусэльскі дагавор, на падставе якога яны стварылі субрэгіянальную сыстэму калектыўнай абароны — Заходнеэўрапейскі саюз. Паралельна ім СССР і сацыялістычныя краіны Ўсходняй Эўропы заключылі паміж сабой дагаворы аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе. Заходнеэўрапейцы пайшлі далей і пачалі абмеркаваньне з ЗША і Канадай праекту Паўночнаатлянтычнага ваенна-палітычнага альянсу, запрасіўшы да ўдзелу ў гэтым працэсе шэраг іншых краінаў Заходняй Эўропы — Данію, Ісьляндыю, Італію, Нарвэгію i Партугалію. Перамовы завяршыліся падпісаньнем у Вашынгтоне 4 красавіка 1949 дагавора памiж гэтымi дванаццаццю краiнамi. У 1952 да яго далучыліся Грэцыя i Турцыя, у 1955 — ФРГ (у 1990 — дзеяньне дагавора пашырылася на тэрыторыю былой ГДР), у 1982 — Гішпанія, у 1999 — Вугоршчына, Польшча, Чэхія, у 2004 — Баўгарыя, Латвія, Летува, Румынія, Славаччына, Славенія, Эстонія. Перамовы аб магчымым далучэньні вядуцца з Альбаніяй, Харватыяй, Македоніяй, Грузіяй, Чарнагорыяй, Сэрбіяй, Босніяй і Гэрцэгавінай і Ўкраінай.
СССР у 1954 прапанаваў сябе ў якасьці магчымага ўдзельніка НАТА дзеля захаваньня міру і адзінства ў Эўропе, але члены арганізацыі адверглі савецкую ініцыятыву. У выніку ў 1955 СССР са сваімі ўсходнеэўрапейскімі саюзнікамі, каб зьменшыць пагрозу з боку аб'яднанага Захаду, стварылі Арганізацыю Варшаўскага дагавора.
У 1958 НАТА сутыкнулася з першым вялікім унутраным крызысам. Прэзыдэнт Францыі Шарль дэ Голь выступіў супраць гегемоніі ЗША ў справах Заходняй Эўропы. У прыватнасьці, ён падверг крытыцы асаблівыя адносіны ЗША і Вялікабрытаніі, прапанаваўшы замест гэтага аформіць трохбаковы дырэктарат з роўнымі палітычнымі правамі Францыі, Вялікабрытаніі і ЗША. Атрымаўшы адмову, дэ Голь пачаў вывад сваёй краіны з НАТА. У наступныя гады штаб-кватэра НАТА і камандаваньне аб'яднанымі ўзброенымі сіламі НАТА ў Эўропе былі пераведзены з Парыжа адпаведна ў Брусэль і Монс (Бэльгія), амэрыканскія ваенныя базы на францускай тэрыторыі былі закрытыя, Францыя распачала ўласную праграму стварэньня ядзернай зброі і пакінула (часова, з 1966 па 1995) ваенную арганізацыю НАТА.
У 1974 з ваеннай арганізацыі НАТА выйшла Грэцыя, пратэстуючы супраць турэцкага ўварваньня на Кіпр (вярнулася ў 1980).
Ва ўмовах блокавага супрацьстаяньня, калі на ўліку была кожная краіна, выкарыстоўваліся любыя магчымасьці для пашырэньня альянсу: інтэгравалі ў НАТА дэнацыфікаваную Заходнюю Нямеччыну і постфранкісцкую Гішпанію, вялі работу з нэйтральнымі краінамі з мэтай пераканаць іх адмовіцца ад свайго статусу. Разгорнуты комплекс сакрэтных апэрацый ваенных і палітычных разьведак краін НАТА па падрыхтоўцы партызан на выпадак савецкай акупацыі паставіў пад кантроль палітычнае і грамадзкае жыцьцё шэрагу краін Заходняй Эўропы, у прыватнасьці не дапусьціў прыход да ўлады левых сіл у Італіі (апэрацыя «Гладыё»).
НАТА з самага пачатку праектавалася для ўдзелу ў глябальнай міжблёкавай вайне, адпаведна былі адбудаваны яе палітычная і ваенная структуры. На практыцы выкарыстоўваліся асобныя магчымасці НАТА (пераважна, абмен разьведінфармацыяй) пры вырашэньні яе членамі менш маштабных задач (канфлікт вакол Фальклендзкіх астравоў, Паўночнаірляндзкі канфлікт і г.д.).
Шматлікія ж непаразуменьні і спрэчкі паміж членамі НАТА вырашаліся безь яе удзелу (у двухбаковым парадку ці пры пасрэдніцтве ААН), што пацьвярджае характар НАТА як арганізацыі менавіта калектыўнай абароны, а не калектыўнай бясьпекі.
На працягу «халоднай вайны» асноўным праціўнікам НАТА была Арганізацыя Варшаўскага дагавора. Ліквідацыя апошняй у 1991 прывяла да т. зв. «крызысу ідэнтычнасьці» НАТА, зьвязанага з пошукам абгрунтаваннья неабходнасьці захаваньня арганізацыі, зь якога яна выйшла ў сярэдзіне 1990-х, умяшаўшыся ў канфлікты на Балканах, спачатку пад эгідай ААН, а потым самастойна.
[рэдагаваць] Юрыдычная прырода
Сутнаснае прызначэньне НАТА — забесьпячэньне бясьпекі дзяржаў-членаў ва ўсiх сфэрах у адпаведнасьцi з асноўнымі прынцыпамi міжнароднага права. Фундамэнтальны прынцып дзейнасьцi арганізацыі — супрацоўнiцтва i ўзаемадзеяньне сувэрэнных дзяржаў, заснаванае на непадзельнасьцi бясьпекi. НАТА падтрымлівае т. зв. трансатлянтычную сувязь, пры якой бясьпека Паўночнай Амэрыкi непасрэдна зьвязана з бясьпекай Эўропы.
З прававога пункту гледжаньня, НАТА — мiжнародная (мiжурадавая) арганiзацыя. Узяўшы за аснову дактрынальнае азначэньне мiжнароднай арганiзацыi як аб‘яднаньня дзяржаваў, створанага на падставе мiжнароднага дагавора для выкананьня пэўных мэт, якое мае адпаведную сыстэму органаў, валодае правамi i абавязкамi, адрознымi ад правоў i абавязкаў дзяржаў-членаў, i заснаванае ў адпаведнасьцi з мiжнародным правам, можна, такiм чынам, гаварыць аб наступных пяцi прыкметах, якiя складаюць паняцьце мiжнароднай арганiзацыi з юрыдычнага погляду: дагаворная аснова; наяўнасьць пэўных мэт; адпаведная арганiзацыйная структура; самастойныя правы i абавязкi; заснаваньне ў адпаведнасьцi з мiжнародным правам.
1. Дагаворная аснова (канвэнцыйны базыс) Паўночнаатлянтычнага альянсу прадстаўлена Вашынгтонскiм дагаворам 1949 i чатырнаццаццю пагадненьнямi — 1952 (два), 1955, 1980, 1999 (тры) і 2004 (сем пагадненьняў) гадоў — аб далучэньнi Грэцыi, Турцыi, ФРН, Гішпанii, Вугоршчыны, Польшчы, Чэхіі, Баўгарыі, Латвіі, Летувы, Румыніі, Славаччыны, Славеніі і Эстоніі да НATА. Суб‘ектамi дагавора зьяўляюцца дзяржавы. Гэта вызначае юрыдычную прыроду мiжнароднай арганiзацыi, сьведчыць аб яе мiждзяржаўным характары, адрозьнiваючы тым самым ад міжнародных няўрадавых арганiзацый.
2. Наяўнасьць пэўных мэт — важная прыкмета ў вызначэньнi правамернага характару мiжнароднай арганiзацыi, яе арганiзацыйнай структуры, кампэтэнцыi, якой надзеленая арганiзацыя. НATO стваралася, каб аб‘яднаць намаганьнi краiн-членаў для калектыўнай абароны i захаваньня мiру i бясьпекi. Заключаны ў адпаведнасьцi са Статутам ААН. Паўночнаатлянтычны пакт ставiць перад НATO i мэты Аб‘яднаных Нацый, зафiксаваныя ў прэамбуле i арт. 1 Статута: вызвалiць наступныя пакаленьнi ад бедстваў вайны, пацьвердзiць веру ў асноўныя правы чалавека i ў роўнасьць правоў вялiкiх i малых нацый, стварыць умовы, пры якiх могуць захоўвацца справядлiвасьць i павага да абавязацельстваў, што вынiкаюць з дагавораў i iншых крынiц мiжнароднага права, садзейнiчаць сацыяльнаму прагрэсу i паляпшэньню ўмоў жыцьця пры большай волi, ажыцьцяўляць мiжнароднае супрацоўнiцтва ў вырашэньнi міжнародных праблем эканамiчнага, сацыяльнага, культурнага i гуманiтарнага характару, падтрымлiваць мiжнародны мiр i бясьпеку i з гэтай мэтай прадпрымаць эфэктыўныя калектыўныя меры для прадухiленьня i спыненьня пагрозы мiру i падаўленьня актаў агрэсii цi iншых парушэньняў мiру.
3. Як правіла, аснову сыстэмы органаў мiжнароднай арганiзацыi складаюць наступныя вiды органаў: 1) вышэйшы, 2) выканаўчы, 3) адмiнiстрацыйны, 4) спэцыяльныя камiтэты i камiсii. Структура НATА не адпавядае гэтай сыстэме, характэрнай для большасьцi сучасных міжнародных арганiзацый, i больш нагадвае сыстэму органаў ААН зь яе галоўнымi i дапаможнымi органамi. Дагавор устанаўлiвае стварэньне Рады i дапаможных органаў, зь якiх першым будзе створаны Камiтэт абароны. Такiм чынам, Рада (Паўночнаатлянтычная Рада) — вышэйшы орган НАТА. У выканаўчым органе, якi заклiканы кiраваць арганiзацыяй памiж сэсiямi вышэйшага органа, НATO ня мае патрэбы. Паняцьце сэсiйнасьцi тут умоўнае, таму што ёсьць магчымасьць збiраць прадстаўнiкоў дзяржаў-членаў у любы момант (пры тым, што i ў звычайных умовах яны сустракаюцца не радзей за адзiн раз на тыдзень). Функцыi, якiя, як правiла, выконваюць вынканаўчыя органы, — забесьпячэньне эфэктыўнасьцi дзейнасьцi мiжнароднай арганiзацыi, ажыцьцяўленьне сувязi з дзяржавамi-членамi i iншымi мiжнароднымi арганiзацыямi, складаньне бюджэту арганiзацыi, падрыхтоўка павесткi дня пасяджэньняў вышэйшага органа i разгляд пытаньняў пэрсаналу — у асноўным перададзены Мiжнароднаму сакратарыяту НATА. Мiж тым, у большасьцi міжнародных арганiзацый сакратарыят — орган адмiнiстрацыйны.
4. НАТА мае самастойныя правы i абавязкi, адрозныя ад правоў i абавязкаў дзяржаў-членаў. Ва ўстаноўчым акце мiжнароднай арганiзацыi асобныя артыкулы адрасаваны непасрэдна дзяржавам-членам, iншыя — мiжнароднай арганiзацыi, у асобе яе органаў. У арт. 8 Вашынгтонскага дагавора абвешчана, што
«кожны бок, якi дамаўляецца, заяўляе, што нi адно з міжнародных пагадненьняў, якiя маюць у цяперашнi час сiлу, памiж iм i любым iншым бокам, якi дамаўляецца, не знаходзiцца ў супярэчнасьцi з палажэньнямi гэтага дагавора, i абавязуецца не прымаць нiякага мiжнароднага абавязацельства, якое супярэчыць гэтаму дагавору».
Арт. 9 дагавора, наадварот, зьвернуты непасрэдна да арганiзацыi:
«Рада створае такiя дапаможныя органы, якiя могуць аказацца неабходнымi, у прыватнасьцi, ён неадкладна створыць Камiтэт абароны, якi будзе рэкамэндаваць меры для прымяненьня артыкулаў 3 i 5».
Магчымасьць мiжнароднай арганiзацыi мець самастойныя правы i абавязкi, асобныя ад правоў i абавязкаў дзяржаў-членаў, фармiруе арганiзацыю як суб‘екта мiжнароднага права, якi валодае сваёй прававой воляй i правы якога непасрэдна зьвязаныя з мiжнароднай правасуб‘ектнасьцю. Да такiх правоў належаць права на заключэньне міжнародных пагадненьняў, права на прывiлеi i iмунiтэты, права на прадстаўнiцтва i iншыя правы, зьвязаныя з мiжнароднай правасуб‘ектнасьцю. Вонкава мiжнародная арганiзацыя, у тым лiку i НATO, выступае самастойна, як адзiнае цэлае, прадстаўленае генэральным сакратаром арганiзацыi.
5. Пад заснаваньнем ў адпаведнасьцi з мiжнародным правам разумеецца правамерны характар мiжнароднай арганiзацыi, неабходнасьць адпаведнасьцi яе статута i дзейнасьцi агульнапрызнаным прынцыпам i нормам мiжнароднага права i, перш за ўсё, нормам jus cogens у сэнсе арт. 53 Венскай канвэнцыi аб праве міжнародных дагавораў 1969. Лічыцца, што імпэратыўнымі нормамi jus cogens зьяўляюцца прынцыпы Статута ААН, а Паўночнаатлянтычны пакт у цэлым тэкстуальна сумяшчальны са Статутам ААН. У той жа час, не адпавядаюць главе VIII Статута ААН палажэньні Вашынгтонскага дагавора аб яго тэрытарыяльнай сфэры дзеяньня: некалькі кантынэнтаў і велізарныя прасторы Сусьветнага акіяна. НАТА таксама не выконвае арганізацыйна-прававых мер, якія накладаюцца на яе, як на рэгіянальную арганізацыю ў адпаведнасьці з главой VIII, але працягвае настойваць на гэтым статусе, каб мець магчымасьць ажыцьцяўляць прымусовыя дзеяньні адносна іншых дзяржаў, як у выпадку з легітымацыяй агрэсіі НАТА супраць Югаславіі.
[рэдагаваць] Арганізацыйная структура
- Паўночнаатлянтычная Рада (па-ангельску: The North Atlantic Council, NAC), вышэйшы палітычны орган НАТА, складаецца з пастаянных прадстаўнiкоў (у рангу пасла) усiх краiн-членаў, якiя праводзяць пасяджэньні як мiнiмум раз на тыдзень. Рада таксама зьбiраецца на міністэрскім і на вышэйшым узроўнях, але, у любым выпадку, ён мае аднолькавыя паўнамоцтвы ў прыняцьцi рашэньняў, незалежна ад узроўню, на якiм гэта было зроблена. Рашэньні прымаюцца на аснове кансэнсусу. Старшынствуе на пасяджэньнях Генэральны сакратар НАТА.
Рада — адзiны орган, стварэньне якога прама прадугледжана тэкстам Паўночнаатлянтычнага дагавора. Рада надзелены паўнамоцтвамi ўтвараць дадатковыя органы. Так былi створаны камiтэты i плянавыя групы для забесьпячэньня работы Рады i падрыхтоўкi рэкамэндацый ў спэцыяльных галiнах.
Пытаньнi, якiя разглядае Рада, датычацца ўсiх аспэктаў дзейнасьцi арганiзацыi i, звычайна, засноўваюцца на дакладах i рэкамэндацыях, якія рыхтуюцца па запыту Рады нiжэйшымi камiтэтамi. Пытаньнi таксама могуць быць паднятыя нацыянальнымi пастаяннымi прадстаўнiкамi цi Генэральным сакратаром.
- Камiтэт плянаваньня абароны (па-ангельску: Defence Planning Committee, DPC), палітыка-ваенны орган НАТА, звычайна складаецца з пастаянных прадстаўнiкоў усіх краін-членаў акрамя Францыі, і як мiнiмум двойчы на год склiкаецца на ўзроўнi мiнiстраў абароны i разглядае пытаньнi, зьвязаныя з сумесным абарончым плянаваньнем. Камiтэт плянаваньня абароны забясьпечвае кiраваньне ваеннымi структурамi НATO i, у межах сваёй кампэтэнцыi, мае тыя функцыi i паўнамоцтвы, што i Паўночнаатлянтычная Рада ў межах яго кампэтэнцыi.
- Група ядзернага плянаваньня (па-ангельску: Nuclear Planning Group, NPG), асноўны орган для кансультацый па ўсiх пытаньнях, што адносяцца да ролi ядзерных сіл у палiтыцы бясьпекi i абароны НАТА. У групе ўдзельнiчаюць усе краiны-члены за выключэньнем Францыi. Ісьляндыя ўдзельнiчае як назiральнiк. Група, як правiла, зьбiраецца два разы на год на ўзроўнi мiнiстраў абароны, звычайна разам з Камiтэтам плянаваньня абароны, а таксама на ўзроўнi паслоў — па меры неабходнасьцi.
- Генэральны сакратар (па-ангельску: The Secretary General), вышэйшая службовая асоба НATO. Ён адказвае за арганiзацыю i кiраўнiцтва працэсам кансультацый i выпрацоўкi рашэньняў у Паўночнаатлянтычным альянсе. Узначальвае пасяджэньні Паўночнаатлянтычная Рада, Камiтэты плянаваньня абароны, Групы ядзернага плянаваньня, iншых галоўных камiтэтаў. Ён дзейнiчае як галоўны афiцыйны прадстаўнiк (па-ангельску: principal spokesman) арганiзацыi ў яе зьнешнiх стасунках. Генэральнаму сакратару падпарадкаваны Мiжнародны сакратарыят. З 2004 пасаду Генэральнага сакратара займае Яап дэ Хооп Схэфэр (Нідэрлянды).
Пад непасрэдным кiраўнiцтвам Генэральнага сакратара знаходзяцца Кабiнэт (па-ангельску: Private Office) i Адмiнiстрацыя (па-ангельску: Office of the Secretary General) Генэральнага сакратара. Кабiнэт дапамагае Генэральнаму сакратару i яго намесьнiку (якi кiруе шэрагам рабочых груп) па ўсiх аспэктах iх працы. У яго штаце знаходзяцца юрысконсульт i спэцыяльны саветнік па справах Цэнтральнай i Усходняй Эўропы.
Адмiнiстрацыя Генэральнага сакратара складаецца з Выканаўчага сакратарыята, Упраўленьня iнфармацыi i прэсы i Службы бясьпекi НATO. Выканаўчы сакратарыят (па-ангельску: Executive Secretariat) забясьпечвае функцыянаваньне Рады НATO, Рады Эўра-атлянтычнага партнёрства, Камiтэта плянаваньня абароны, Групы ядзернага плянаваньня i ўсiх структур, утвораных вышэйназванымi органамi. На Выканаўчы сакратарыят ускладзена i адмiнiстрацыйнае забесьпячэньне праграмы «Партнёрства дзеля міру».
Упраўленьне iнфармацыi i прэсы (па-ангельску: Office of Information and Press) складаецца са Службы СМI (па-ангельску: Press and Media Service) i Інфармацыйнай службы (па-ангельску: Information Service). Дырэктар Упраўленьня ўзначальвае таксама Камiтэт па iнфармацыi i культурных сувязях (па-ангельску: the Commitee on Information and Cultural Relations).
Служба бясьпекi НATO (па-ангельску: NATO Office of Security) каардынуе i ажыцьцяўляе палiтыку ўнутранай бясьпекi НATO. Дырэктар службы — галоўны саветнік Генэральнага сакратара па пытаньнях бясьпекi i старшыня Камiтэта НATO па бясьпецы (па-ангельску: NATO Security Committee). Ён кiруе Службай бясьпекi штаб-кватэры i адказвае за ўсеагульную бясьпеку ў блоку.
- Мiжнародны сакратарыят (па-ангельску: International Staff) забясьпечвае дзейнасьць Рады НATO i яго камiтэтаў. Мiжнародны сакратарыят складаецца з Адмiнiстрацыi Генэральнага сакратара, пяцi аддзелаў (палiтычны, плянаваньня i палiтыкi абароны, матэрыяльна-тэхнiчнага забесьпячэньня абароны, iнфраструктуры i плянаваньня выкарыстаньня цывiльных служб пры надзвычайным становiшчы, па навуцы i навакольным асяродзьдзi), кiраўнiцтва справамi i кабiнэта фiнансавага кантралёра. Кожны з аддзелаў узначальваеца памочнiкам генэральнага сакратара. Акрамя таго, Мiжнародны сакрарыят — гэта некалькi цывiльных агенцтваў i арганiзацый, разьмешчаных у розных краiнах-членах. Гэтыя арганiзацыi працуюць па спэцыяльных накiрунках, такiх, як камунiкацыi цi тылавое забесьпячэньне.
Пэрсанал Мiжнароднага сакратарыята набiраецца непасрэдна арганiзацыяй альбо па накіраваньнях ўрадаў краiн-членаў тэрмiнам на тры—чатыры гады. Супрацоўнiкi мiжнароднага сакратарыята адказныя перад Генэральным сакратаром i абавязваюцца захоўваць поўную лаяльнасьць арганiзацыi на ўвесь час знаходжаньня на пасадзе.
- Ваенны камiтэт (па-ангельску: Military Committee), вышэйшы ваенны орган НАТА, дае палiтычным уладам блока рэкамэндацыi па ваенных пытаньнях дзейнасьцi ў зоне адказнасьцi НATO, забясьпечвае Галоўнаму камандаваньню НATO магчымасьць выкананьня сваiх функцый. Знаходзiцца пад палiтычным кіраўніцтвам Паўночнаатлянтычнай Рады i Камiтэта плянаваньня абароны, а калi закранаюцца ядзерныя пытаньнi, то i Групы ядзернага плянаваньня. Камiтэт складаецца з начальнiкаў штабаў кожнай краiны-члена (у тым лiку, i Францыi, якая да 1996 году была прадстаўлена вайсковай мiсiяй у Ваенным камiтэце). Ісьляндыя ня мае ўзброеных сiл, але можа быць прадстаўлена цывiльнай асобай. Начальнiкi штабаў сустракаюцца не радзей, як два разы на год. У астатнi час краiны прадстаўлены нацыянальнымi ваеннымi прадстаўнiкамi, што прызначаюца начальнiкамi штабаў.
- Інтэграваная вайсковая структура (па-ангельску: Integrated Military Structure) знаходзiцца пад палiтычным кантролем i бягучым кiраўнiцтвам вышэйшага ўзроўню. Яе прызначэньне — у забесьпячэньнi арганiзацыйных рамак абароны тэрыторый краiн-членаў ад зьнешніх пагроз. Яна ўключае ў сябе сетку вайсковага камандаваньня, што пакрывае ўсю Паўночнаатлянтычную зону.
НATO мае два галоўных цэнтра камандаваньня — Саюзнае камандаваньне аб‘яднаных ўзброеных сiл у Эўропе (па-ангельску: Supreme Allied Commander Europe, SACEUR), разьмешчанае ў так званым ШЭЙПе (па-ангельску: SHAPE — Supreme Headquarters Allied Powers Europe), непадалёку ад Монса (Бэльгія), i Саюзнае камандаваньне аб‘яднаных узброеных сiл у зоне Атлянтычнага акiяна (па-ангельску: Supreme Allied Commander Atlantic, SACLANT) у Норфалку (штат Вiрджынiя, ЗША). Iснуе таксама Рэгiянальная стратэгiчная група Канады—ЗША (па-ангельску: Canada—U.S. Regional Planning Group, CUSRPG), разьмешчаная ў Арлiнгтоне (ЗША), якой даручана каардынаваць плянаваньне абароны Паўночнай Амэрыкi.
- Мiжнародны ваенны штаб (па-ангельску: International Military Staff) забясьпечвае дзейнасьць Ваеннага камiтэта i арганiзуе выкананьне яго рашэньняў. Супрацоўнiкi Міжнароднага ваеннага штаба маюць такi ж статус у арганiзацыi, як i супрацоўнiкi Мiжнароднага сакратарыята, але падпадаюць пад адмiнiстрацыйную ўладу начальніка штаба альбо кiраўнiка самастойнага агенцтва НАТА, у якiм яны непасрэдна працуюць. Начальнік Мiжнароднага ваеннага штаба выбiраецца Ваенным камiтэтам i можа быць прадстаўнiком любой краiны, але мець адрознае грамадзянства ад старшынi Ваеннага камітэта.
У арганiзацыйным пляне Мiжнародны ваенны штаб падраздзяляецца на наступныя аддзелы: разьведкi, плянаваньня i палiтыкi, апэрацый, матэрыяльна-тэхнiчнага забесьпячэньня, сувязi i сыстэм iнфармацыi, узбраеньняў i стандартызацыi. Пры начальніку Міжнароднага ваеннага штаба створаны Сытуацыйны цэнтар НATO (па-ангельску: NATO Situation Centre), прызначаны дапамагаць Паўночнаатлянтычнай Радзе, Камiтэту плянаваньня абароны i Ваеннаму камiтэту ў выкананьнi iмi сваiх функцый у крызысныя пэрыяды. Цэнтр кругласутачна назiрае за палiтычным, ваенным i эканамiчным станам у сфэрах, якiя цiкавяць НATO, наглядае i абслугоўвае сыстэмы сувязi НATO, забясьпечвае магчымасьцi для хуткай арганiзацыi кансультацый i камандных дзеяньняў падчас пэрыядаў напружанасьцi.
Пасьля абвешчаных пасьля студзеньскага 1994 самiту iнiцыятыў Паўночнаатлянтычная Рада заснавала некалькi дадатковых структур, якiя дапамагаюць НATO у выкананьнi яе новых задач.
Камiтэт палiтыка-вайсковага кiраваньня па праграме «Партнёрства дзеля міру» (па-ангельску: Political-Military Steering Committee on Partnership for Pease, PMSE) зьяўляецца важнейшым рабочым форумам «Партнёрства». Ён збiраецца ў розных канфiгурацыях: гэта i сустрэчы з асобнымi краiнамi-партнёрамi, i з усiмi краiнамi—ўдзельніцамі Рады Эўра-атлянтычнага партнёрства.
Сумесны камiтэт па праблеме распаўсюджваньня зброi (па-ангельску: Joint Committee on Proliferation, JCP) распрацоўвае супольную палiтыку ў галiне распаўсюджваньня ўзбраеньняў i зьяўляецца палiтычным форумам для кансультацый па гэтай праблеме.
Часовая група каардынаваньня палiтыкi (па-ангельску: Provisional Policy Coordination Group, PPCG) працуе над праблемай падтрыманьня мiру i над тым, як павысіць эфэктыўнасьць НATO ў гэтай галiне, распрацоўвае канцэпцыю аб‘яднаных тактычных войскаў. Група адказвае за супрацоўнiцтва з Заходнеэўрапейскiм Саюзам.
- Большасьць з арганізацыйных структур НАТА разьмешчана ў яе штаб-кватэры. Штаб-кватэра NATO (па-ангельску: the NATO Headquarters) у Брусэлi зьяўляецца палiтычным цэнтрам Альянсу i пастаянным месцам знаходжаньня Паўночнаатлянтычнай Рады. Тут разьмяшчаюцца пастаянныя прадстаўнiцтвы дзяржаў-членаў, Генэральны сакратар i Мiжнародны сакратарыят, нацыянальныя вайсковыя прадстаўнiцтвы, старшыня Ваеннага камiтэта i Мiжнародны вайсковы штаб i шмат якiх агенцтваў НATO.
Каля 4 тысяч чалавек працуюць у штаб-кватэры NATO на поўнай стаўцы. Зь iх больш за 2000 — члены нацыянальных прадстаўнiцтваў пры НATO. Прыкладна тысячу чалавек налiчвае Мiжнародны сакратарыят i да 500 — Мiжнародны ваенны штаб.
- У дадатак да апісаных вышэй камандных структур iснуе шэраг ваенных агенцтваў, дасьледчых і навучальных устаноў, падпарадкаваных Ваеннаму камiтэту або вярхоўным галоўнакамандуючым.
Дарадчая група па аэракасьмiчных дасьледаваньнях (па-ангельску: Advisory Group for Aerospace Research and Development,AGARD) была ўтворана ў 1952 для спрыяньня распрацоўкам i абмену iнфармацыяй у галiне аэракасманаўтыкi памiж краiнамi НATO. Штаб-кватэра AGARD знаходзiцца ў Парыжы.
Ваеннае агенцтва па стандартызацыi (па-ангельску: Military Agency for Standartisation, MAS), галоўнае ваеннае агенцтва па стандартызацыi ў НATO. Створана ў Лёндане ў 1951 з мэтай садзеяньня аператыўнай, працэдурнай i матэрыяльна-тэхнiчнай стандартызацыi сярод членаў НATO дзеля наданьня войскам Альянсу большай эфэктыўнасьцi ў сумесных апэратыўных мерапрыемствах. З 1970 разьмяшчаецца ў штаб-кватэры НATO у Брусэлi.
Кансультацыйны камiтэт NATO па ваеннай электронiцы (па-ангельску: NATO Electronic Warfare Advisory Committee, NEWAС) заснаваны ў 1966. Заклiканы павысiць магчымасьцi электронных службаў НATO падчас баявых дзеяньняў. Аналiзуе прагрэс, дасягнуты на нацыянальным узроўнi i ў iнтэграцыйных вайсковых структурах наконт магчымасьцей вайсковага электроннага забесьпячэньня. NEWAC складаецца з прадстаўнiкоў кожнай краiны-члена НATO i вярхоўных галоўнакамандуючых.
Вучэбная група NATO (па-ангельску: NATO Training Group, NTG) аб‘ядноўвае ўсе намаганьнi ў рамках НATO па трэнiроўках i вучэньнях на шматнацыянальнай аснове, спрыяе правядзеньню трэнiровак i вучэньняў сярод краiн-членаў.
Камiтэт кiраўнiкоў ваенна-медыцынскiх служб краiн NATO (па-ангельску: Committee of the Chiefs of Military Medical Services in NATO, COMEDS), таксама вядомы як EUROMED. Складаецца з вышэйшых ваенна-мэдыцынскiх чыноўнiкаў краiн-членаў, дзейнiчае як цэнтар па разьвiцьцi, каардынацыi i кансультаваньнi Ваеннага камiтэта ў гэтай галiне.
Мэтэаралягiчная група Ваеннага камiтэта (па-ангельску: Military Committee Meteorogical Group, MCMG) дае спэцыяльныя парады Ваеннаму камiтэту ў сфэры мэтэаралёгii, дапамагае яму ў выпрацоўцы адпаведнай палiтыкi i тэхнiкi.
Шэсьць спэцыялiзаваных агенцтваў па тэлекамунiкацыях, сыстэмах сувязi i iнфарматыцы (па-ангельску: Military Telecommunications and Communications and Information Systems (CIS) Agencies) забясьпечваюць вайсковы камiтэт экспэртнай падтрымкай у гэтай галiне ваеннай тэхнiкi. Памiж сабой яны спэцыялiзуюцца на камунiкацыйнай i камп‘ютэрнай бясьпецы (ACCSA), лiнiях сувязi (ALLA), радыёчастотах (ARFA), тактычных сродках сувязi (ATCA), узаемасувязi баз даных (ADSIA), марской сувязi (ANCA). Разьмяшчаюцца ў Брусэлi, за выключэньнем ANCA, месцазнаходжаньне якога — Лёндан.
Тэхнiчны цэнтар Вярхоўнага галоўнакамандаваньня аб‘яднанымi войскамi ў Эўропе (па-ангельску: SHAPE Technical Centre) разьмяшчаецца ў Гаазе i працуе пад палiтычным кiраўнiцтвам Вярхоўнага галоўнакамандуючага аб‘яднанымi ўзброенымi сiламi ў Эўропе (SACEUR). Задача цэнтра заключаецца ў тэхнiчнай дапамозе ШЭЙПу i ў правядзеньнi дасьледаваньняў для аб‘яднанага камандаваньня ў Эўропе. Сфэра iнтарэсаў тэхнiчнага цэнтра: гатоўнасьць войскаў i вайсковых структур, новыя тэхналёгii ўзбраеньняў, камандаваньне i кантроль (iнфарматызацыя i аўтаматызацыя гэтых працэсаў), iнжынэрныя сыстэмы i апэратыўная дапамога.
Цэнтар падводных дасьледаваньняў Вярхоўнага галоўнакамандуючага войскамi ў зоне Атлянтыкi (па-ангельску: SACLANT Undersea Research Centre, SACLANTCEN) створаны ў 1959 каля Спецыi ў Iталii i афiцыйна стаў структурай НАТА ў 1963. Распрацоўвае парады SACLANT у галiне барацьбы з падводнымi лодкамi i мiнамi. Праводзiць i акiянаграфiчныя дасьледаваньнi.
У 1996 пачало працу агенцтва па нагляду за навуковым i тэхналягiчным працэсам у Альянсе — Арганiзацыя па дасьледаваньнях i тэхналёгiях (па-ангельску: Research and Technology Organisation, R&TO). Створаная для больш пасьпяховага кiраўнiцтва дасьледчымi праграмамi ў рамках ужо iснуючых Дарадчай групы па аэракасьмiчных дасьледаваньнях (AGARD) i Групы абарончых дасьледаваньняў (па-ангельску: Defence Research Group, DRG), R&TO кiруецца Радай (па-ангельску: R&T Board), якi, у сваю чаргу, замяніў сабой органы кiраваньня AGARD i DRG. Рада каардынуе абмен навуковай iнфармацыяй памiж краiнамi-членамi. Складаныя сыстэмы навукова-дасьледчых супольнасьцей краiн прадстаўленыя трыма элемэнтамi: урадавая, прамысловая i акадэмiчная навука ў галiне абароны.
НATO валодае трыма навучальнымi ўстановамi. Аборончы коледж НATO (па-ангельску: NATO Defence College) заснаваны ў Парыжы ў 1951, пераведзены ў 1966 у горад Рым. Рыхтуе афiцэраў i цывiльны пэрсанал для заняцьця ключавых пастоў у НATO i нацыянальных адмiнiстрацыях.
Школа НATO (па-ангельску: NATO (SHAPE) School), разьмешчаная каля Обэрамэргаў у Германii, — адзiн з галоўных цэнтраў падрыхтоўкi ваенных i цывiльных спэцыялiстаў для службы ў НАТА. Створаная ў 1953, у 1966 перайшла пад апэратыўны кантроль SACEUR. З 1953 падрыхтоўку ў школе прайшлi больш як 50 000 афiцэраў i цывiльных асоб. Кожны год каля 6 тысяч слухачоў наведваюць курсы па спэцыяльнасьцях: ядзерная, бiялягiчная i хiмiчная абарона, вайсковая электронiка, камандаваньне i кантроль, мабiльныя войскi, шматнацыянальныя войскi, падтрыманьне мiру, ахова навакольнага асяродзьдзя, крызыснае кiраваньне.
Школа сродкаў сувязi i iнфармацыйных сыстэм (па-ангельску: NATO Communicatians and Information Systems (CIS) School) забясьпечвае ўзмоцненую падрыхтоўку цывiльнага i ваеннага пэрсаналу перад накiраваньнем iх на працу ў камунiкацыйныя i iнфармацыйныя службы НATO. Разьмяшчаецца школа на базе iтальянскiх ВПС у Лацiне.
[рэдагаваць] Мэханізм супрацоўніцтва
Усе краiны-чальцы НATO у поўнай ступені ўдзельнiчаюць на палiтычным узроўнi супрацоўнiцтва ў рамках Альянсу i ўсе аднолькава прынялi на сябе абавязкi, што ўтрымлiваюцца ў арт. 5 Паўночнаатлянтычнай дамовы i сымбалiзуюць непадзельнасьць iх бясьпекi, а менавiта, што напад на адну цi некалькi краiн разглядаецца як напад на ўсе краiны-чальцы. Нiводная краiна-чалец НATO не павiнная спадзявацца толькi на свае ваенна-палітычныя намаганьнi і эканамiчныя рэсурсы. Роўнасьць бясьпекі краін-чальцоў — у адсутнасьцi залежнасьцi памiж ёй i тымi нацыянальнымi вайсковымi магчымасьцямi, што ўкладзеныя ў агульную стабiльнасьць.
Спосаб функцыянаваньня НАТО забясьпечвае ўлік патрэбаў краiн-чальцоў у адпаведнасьцi зь iх становiшчам у арганізацыі. Так, Ісьляндыя, ня маючы ўзброеных сiлаў, прадстаўлена ў ваенных органах НАТО цывiльным прадстаўнiком.
Францыя, застаючыся паўнавартым членам арганізацыі i яе палiтычных структураў, выйшла ў 1966 з інтэграванай вайсковай структуры НATO, ня ўдзельнiчала ў працы Камiтэта плянаваньня абароны, Групы ядравага плянаваньня і Ваеннага камiтэта. Рэгулярныя кантакты з ваеннымi структурамi НATO ажыцьцяўлялiся праз францускую ваенную мiсiю пры Ваенным камiтэце, а таксама праз удзел у асобных галiнах супрацоўнiцтва (сродкi сувязi, узбраеньнi, матэрыяльна-тэхнiчнае забесьпячэньне i г.д.). З 1995 году Францыя аднавіла работу ў Камiтэце плянаваньня абароны і Ваенным камітэце, але адносіны з інтэграванай вайсковай структурай НАТО не зьмяніліся: яны працягваюць рэгулявацца двухбаковымi пагадненьнямi.
Гішпанiя ўдзельнiчае ў працы Камiтэта плянаваньня абароны, Групы ядравага плянаваньня і Ваеннага камiтэта. У адпаведнасьцi з вынiкамi нацыянальнага рэфэрэндуму 1986 году, Гішпанiя ня ўдзельнiчае ў iнтэграванай вайсковай структуры НATO, але бярэ ўдзел у калектыўным абарончым плянаваньнi. Дамовы аб вайсковай каардынацыi дазваляюць гішпанскiм войскам супрацоўнiчаць зь iншымi саюзнымi войскамi ў спэцыяльных галiнах, застаючыся пры гэтым па-за межамi iнтэграванай вайсковай структуры. У 1996 годзе гішпанскi парлямэнт пагадзіўся з рашэньнем ураду аб пераходзе да поўнага ўдзелу Гішпанii ў аб’яднанай вайсковай структуры НАТО.
Усе без выключэньня краiны НATO ўдзельнiчаюць у працы Камiтэта палiтыка-вайсковага кiраваньня па праграме «Партнэрства дзеля міру» i iншых групах, што дзейнiчаюць па праграмах Рады эўра-атлянтычнага партнэрства i «Партнэрства дзеля міру».
Адрозненьнi памiж краiнамi-чальцамі НATO могуць таксама быць вынiкам геаграфiчнага, палiтычнага, ваеннага або канстытуцыйнага становiшча. Так, удзел Нарвэгi i Данii ў ваенных плянах НATO абмяжоўваецца нацыянальным заканадаўствам, па якiм немагчыма разьмяшчэньне адравай зброi i замежных войск на iх нацыянальнай тэрыторыi ў мiрны час.
Выпрацоўка палiтыкi НАТО і падрыхтоўка канкрэтных мерапрыемстваў ажыцьцяўляецца на падставе рэгулярных узаемных кансультацый краін-чальцоў. Такія кансультацыi могуць мець некалькi формаў:
- аднабаковае прадастаўленьне iнфармацыi кiм-небудзь з удзельнiкаў;
- двухбаковы цi шматбаковы iнфармацыйны абмен;
- паведамленьне iншым удзельнiкам пра рашэньні, прынятыя на нацыянальным узроўнi (у тым лiку з мэтай атрымаць ухваленьне з боку партнэраў);
- папярэдняе паведамленьне пры акцыі, якія рыхтуюцца;
- папярэднiя кансультацыi з мэтай узгадненьня паралельных дзеяньняў, якiя будуць ажыцьцяўляцца кожным з удзельнiкаў iндывiдуальным чынам;
- кансультацыi з мэтай выпрацоўкi такiх рашэньняў, якiя павiнныя прымацца цi ажыцьцяўляца на калектыўнай аснове.
Рэгулярныя кансультацыi па палiтычных пытаньнях таксама маюць месца ў межах Рады эўра-атлянтычнага партнэрства i пры сустрэчах Паўночнаатлянтычнага рады i палiтычных камiтэтаў з партнэрамi па супрацоўнiцтве — дзяржавамі, якія не зьяўляюцца чальцамі НАТО.
Галоўнымi форумамi НATO для iнтэнсiўных кансультацый падчас пэрыядаў палітычнай напружанасьці зьяўляюцца Паўночнаатлянтычная рада i Камiтэт плянаваньня абароны пры падтрымцы Ваеннага камiтэта і палiтычных камiтэтаў. Стабiльнасьць камунiкацыйнага працэсу забясьпечвае Сытуацыйны цэнтар НATO, якi круглыя суткi падтрымлiвае сувязь з сталiцамi дзяржаў-чальцоў НATO i галоўнакамандуючымi войскамi НATO.
[рэдагаваць] Месца і роля ў сьвеце
[рэдагаваць] Трансфармацыя НАТА
Лёнданскі саміт НАТА 1990, Рымскі саміт НАТА 1991, Стратэгічная канцэпцыя НАТА 1991, Рада эўра-атлянтычнага партнёрства, Праграма «Партнёрства дзеля міру», Вашынгтонскі саміт НАТА 1999, Стратэгічная канцэпцыя НАТА 1999.
[рэдагаваць] Апэрацыі НАТА
- Асноўны артыкул: Апэрацыі НАТА
- Апэрацыі 1992—1993 у былой Югаславii: нагляд ваенна-марскiмi сіламі за выкананьнем эмбарга ў Адрыятыцы, усталяванага ў адпаведнасьцi з рэзалюцыяй № 787 Рада Бясьпекi ААН; кантроль зоны, забароненай для палётаў над Босьнiяй i Гэрцэгавiнай, забясьпечаны самалётамi НATO, у адпаведнасьцi з рэзалюцыяй № 781 Рада Бясьпекi ААН.
- Авіяўдары па пазыцыях войск басьнійскіх сэрбаў вакол Сараева, Гораждзэ, Біхача, абстрэл аэрадрома Удбiна ў Сэрбскай Краiне ў 1994—1995. Апэрацыя «Абдуманая сiла» (па-ангельску: Deliberate Force).
- Ажыцьцяўленьне ваеннага аспэкту мiрнага дагавора па Босьнii 1995 у рамках шматнацыянальных «выканаўчых» сіл (па-ангельску: Implementation Force, IFOR): апэрацыя «Сумесная спроба» (па-ангельску: Joint Endeavour) сьнежань 1995—сьнежань 1996.
- Стабілізацыйныя сілы (па-ангельску: Stabilisation Force, SFOR).
- Апэрацыя супраць Фэдэратыўнай Рэспублікі Югаславія «Аб'яднаная сіла» (па-ангельску: Operation Allied Force) ў 1999.
- Апэрацыі пасьля 11 верасьня 2001 (па-ангельску: Operation Eagle Assist, Operation Active Endeavour). Ваенная прысутнасьць НАТА ў Афганістане ў рамках Міжнародных сіл па забесьпячэньню бясьпекі (па-ангельску: International Security Assistance Force, ISAF) з 2003.
[рэдагаваць] Узаемадзеяньне зь іншымі арганізацыямі
Арганізацыя Аб'яднаных Нацый, Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе, Эўрапейскі Зьвяз, Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бясьпецы, Рада Эўропы.
[рэдагаваць] Чальцы
- Краіны-заснавальнікі (4 красавіка 1949)
- Бэльгія
- Канада
- Данія
- Францыя (з 1993 удзельнічае толькі ў палітычнай структуры арганізацыі)
- Ісьляндыя
- Італія
- Люксэмбург
- Нідэрлянды
- Нарвэгія
- Партугалія
- Вялікая Брытанія
- Злучаныя Штаты Амэрыкі
Далучыліся пазьней:
- Грэцыя (18 лютага 1952)
- Турэччына (18 лютага 1952)
- Нямеччына (9 траўня 1955 як Заходняя Нямеччына; Саарлянд далучыўся да яе ў 1957 і землі было НДР - 3 кастрычніка 1990)
- Гішпанія (30 траўня 1982)
Былыя краіны Варшаўская дамовы, што далучыліся пасьля заканчэньня Халоднай вайны: 12 сакавіка 1999:
2009 г.
[рэдагаваць] Пашырэньне
Для пашырэньня складу NATO распрацаваны адмысловы мэханізм, паводле якога краіны-кандыдаты павінны штогод рабіць справаздачу аб прагрэсе, дасягнутым у наступных накірунках:
- Палітыка і эканоміка: Краіны павінны дэманстраваць імкненьне вырашаць міжнародныя, міжэтнічныя і тэрытарыяльныя канфлікты мірнымі сродкамі, з увагай да законнасьці і правоў чалавека.
- Абарона і войска: Краіна павінна быць здольнай рабіць адпаведны ўнёсак у забесьпячэньне калектыўнай бясьпекі і ўдзельнічаць у апэрацыях альянсу.
- Рэсурсы: Войска краіны-кандыдата павінна быць адпаведным чынам забясьпечанае матар'яльна.
- Бясьпека: Забесьпячэньне інфармацыйнай бясьпекі краіны-кандыдата.
- Заканадаўства: Забесьпячэньне сумяшчальнасьці нацыянальнага заканадаўства і сяброўства ў NATO.
NATO забясьпечвае кандыдатам адпаведную тэхнічную дапамогу ў выкананьні крытэраў сяброўства[2].
На цяперашні момант кандыдатам на ўступленьне ў NATO зьяўляецца Македонія.
Актыўна вядуцца перамовы і дэ-факта прынятае прынцыповае рашэньне аб будучым прыняцьці ў склад арганізацыі Грузіі (пасьля вырашэньня тэрытарыяльных канфліктаў) і Ўкраіны (пасьля дасягненьня ўнутрыпалітычнага кансэнсусу што да далучэньня)
[рэдагаваць] Супрацоўніцтва зь іншымі краінамі
[рэдагаваць] Эўраатлянтычнае супрацоўніцтва
Для пашырэньня супрацоўніцтва паміж 26 краінамі Альянсу і 20 краінамі-партнэрамі былі распрацаваныя дзьве праграмы.
- Праграма Партнэрства дзеля міру была расправцаваная ў 1994 і базуецца на індывідуальных двухбаковых адносінах паміж краінай-партнэрам і NATO: кожная краіна можа абраць ступень свайго ўдзелу.[3]
- Праграма Рада Эўраатлянтычнага партнэрства была прынятая 29 траўня 1997 г. і зьяўляецца форумам для рэгулярнай каардынацыі, кансультацый і дыялёгу паміж усімі 46 яе ўдзельнікамі. [4]
Краіны-партнэры NATO:
|
|
- Мальта была далучылася да «Партнэрства дзеля міру» ў 1994 г., але пакінула праграму ў 1996 г.
- Кіпр ня стаў удзельнікам «Партнэрства дзеля міру» з-за супрацьстаяньня Турэччыны па пытаньню Паўночнага Кіпру.
- Босьнія і Герцагавіна, Сэрбія і Чарнагорыя зьяўляюцца кандыдатамі на далучэньне да праграмы «Партнэрства дзеля міру». Іх далучэньне залежыць ад правядзеньня рэформаў у вайсковай і палітчынай сфэрах.
[рэдагаваць] Міжземнаморскі дыялёг
Міжземнаморскі дыялёг — гэта прынятая ў 1994 г. праграма каапэрацыі паміж NATO і сям’ю краінамі Міжземнаморскага рэгіёну:[5]
[рэдагаваць] Структура
[рэдагаваць] Палітычная структура
Сыстэма прыняцьця рашэньняў і структура кіраваньня NATO вызначаная ў Паўночнаатлянтычнай дамове. Кожная краіна-ўдзельнік мае сваю дэлегацыю ў штаб-кватэры альянсу ў Брусэлі, Бэльгія. Дэлегацыя ўзначальваецца пастаянным прадстаўніком у статусе амбасадара.
Разам пастаянныя прадстаўнікі краінаў складаюць Паўночнаатлянтычную раду (North Atlantic Council), ворган, які зьбіраецца як мінімум адзін раз на тыдзень і прымае рашэньні па асноўнай дзейнасьці і функцыянаваньню NATO. Час ад часу Рада зьбіраецца з удзелам міністраў замежных справаў, абароны і прам'ер-міністраў для прыняцьця найбольш важных стратэгічных рашэньняў.
Старшынём на паседжаньнях Паўночнаатлянтычнай рады - генэральны сакратар NATO. Рашэньні прымаюцца на аснове кансэнсусу. Рашэньні не прымаюцца галасаваньнем ці большасьцю, усе краіны прадстаўленая ў аднолькавай ступені.
Другі па важнасьці чалец дэлегацыі ад краіны - вайсковы прадстаўнік, ў рангу старэйшага афіцэру нацыянальнага войска. Вайсковыя прадстаўнікі ўтвараюць Ваенны камітэт, які адказны за падрыхтоўку прапановаў і рэкамэндацый палітычнаму кіраўніцтву Альянсу адносна мерапрыемстваў датычна забесьпячэньня агульнай абароны. Камітэт ажыцьцяўляе кансультацыі стратэгічнага камандваньня NATO. Як і Паўночнаатлянтычная рада, Ваенны камітэт пэрыядычна сустракаецца на больш высокім узроўні, з удзелам кіраўнікоў генэральных штабоў краін-удзельнікаў Альянсу.
Таксама функцыянуе Парлямэнцкая асамблея NATO, якая складаецца з прадстаўнікоў парлямэнтаў краінаў-удзельнікаў.
[рэдагаваць] Вайсковая структура
Вайсковыя апэрацыі NATO кіруюцца двума стратэгічнымі камандэрамі, адказнымі перад Ваенным камітэтам за агульнае кіраваньне вайсковымі аспэктамі ў сфэры сваёй кампэтэнцыі.
Да 2003 году Стратэгічныя камандэры дзяліліся паводле геаграфічных рэгіёнаў (Эўропа і Амэрыка), аднак цяпер падзел ідзе паводле сфэраў дзейнасьці: Камандваньне трансфармацыямі (трансфармацыя і трэніяваньне войскаў) і Камандваньне апэрацыямі (вайсковыя апэрацыі NATO).
[рэдагаваць] Асобы на чале арганізацыі
| # | Імя | Краіна | Тэрмін |
|---|---|---|---|
| 1 | Генэрал Гастынґс Даянэл Ісмай | Вялікабрытанія | 4 красавіка 1952 — 16 траўня 1957 |
| 2 | Поль-Анры Спаак | Бэльгія | 16 траўня 1957 — 21 красавіка 1961 |
| 3 | Дырк Стрыкер | Нідэрлянды | 21 красавіка 1961 — 1 жніўня 1964 |
| 4 | Мануілё Брозіё | італія | 1 жніўня 1964 — 1 кастрычніка 1971 |
| 5 | Ёзэф Люнс | Нідэрлянды | 1 кастрычніка 1971 — 25 чэрвеня 1984 |
| 6 | Пітэр Карынґтан | Вялікабрытанія | 25 чэрвеня 1984 — 1 ліпеня 1988 |
| 7 | Манфрэд Вёрнэр | Нямеччына | 1 ліпеня 1988 — 13 жніўня 1994 |
| 8 | Сэрджыё Балянцына | Італія | 13 жніўня 1994 — 17 кастрычніка 1994 |
| 9 | Вілі Клэс | Бэльгія | 17 кастрычніка 1994 — 20 кастрычніка 1995 |
| 10 | Сэрджыё Балянцына | Італія | 20 кастрычніка 1995 — 5 сьнежня 1995 |
| 11 | Хаўер Саляна | Гішпанія | 5 сьнежня 1995 — 6 кастрычніка 1999 |
| 12 | Джордж Робэртсан | Вялікая Брытанія | 14 кастрычніка 1999 — 1 студзеня 2004 |
| 13 | Яап дэ Гоп Схэфэр | Нідэрлянды | 1 студзеня 2004 — с.д. |
| # | Імя | Краіна | Тэрмін |
|---|---|---|---|
| 1 | Сэрджыё Балянцына | Італія | 1994 — 2001 |
| 2 | Алесандра Мінута Рыца | Італія | 2001 — с.д. |
[рэдагаваць] Беларусь і NATO
Удзельнікамі NATO зьяўляецца большая частка суседзяў Беларусі — Польшча, Летува, Латвія. Украіна ў хуткім часе атрымае статус кандыдата на ўступленьне ў Альянс.
Наша дзяржава ўдзельнічае ў Радзе эўра-атлантычнага партнёрства з 1992 (да 1997 — Рада Паўночнаатлянтычнага супрацоўніцтва), у праграме «Партнёрства дзеля міру» — з 1995. Удзел у мерапрыемствах Навуковай праграмы НАТО беларускія вучоныя бяруць з 1993. Пастаяннае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры НАТО адкрыта ў 1998. Тым ня меней, у рыторыцы афіцыйных беларускіх уладаў часта сустракаецца агулам варожыя выпады супраць Альянсу. На беларускіх вайсковых вучэньнях рэгулярна адпрацоўваецца сцэнар адбіцьця атакі з Захаду.
Супрацоўніцтва Беларусі і НАТО вядзецца па наступных асноўных накірунках: адпрацоўка ўзаемадзеяньня пры ліквідацыі надзвычайных сытуацый, кіраваньне крызыснымі сытуацыямі, моўная падрыхтоўка афіцэраў, ваенная адукацыя, дэмакратычны кантроль над узброеннымі сіламі, плянаваньне і правядзеньне апэрацый па падтрыманьні міру, ваенная геаграфія, гуманітарнае разьмініраваньне, меры палітычнага і ваеннага характару, скіраваныя супраць распаўсюджання ядзернай, бактэрыялягічнай і хімічнай зброі, плянаваньне, арганізацыя і кіраваньне нацыянальнымі праграмамі ў галіне абарончых дасьледаваньняў і тэхналёгія, стралковая зброя і лёгкія ўзбраеньні.
Вясной 1999 году Беларусь асудзіла агрэсію супраць Югаславіі і часова прыпыніла адносіны з НАТО, пазьней яны былі адноўленыя ў поўным аб'ёме. Восеньню 2001 Беларусь аказала некаторую практычную дапамогу НАТО пры падрыхтоўцы міжнароднай антытэрарыстычнай ваеннай апэрацыі ў Афганістане.
У Беларусі няма палітычных сілаў, якія бы актыўна агітавалі за далучэньне да Паўночнаатлянтычнага альянсу[Няма крыніцы інфармацыі].
[рэдагаваць] Крыніцы
[рэдагаваць] Літаратура
- НАТО: проблемы трансформации и расширения / А.А.Розанов. - Менск: Завигар, 1996. - ISBN 985-6187-03-6
- Мир после Косово = The World After Kosovo Crisis : Реф. сб. / РАН. Ин-т науч. информации по общественным наукам; Ред.-сост.О.А.Жирнов; Отв. ред.Т.Г.Пархалина. - М., 2001. - ISSN 0235-5620
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Афіцыйная старонка (анг.)
- Лукашенко: Беларусь не ищет и не будет искать конфронтации с НАТО
- Вступ до НАТО: 20 проти 6 на користь України // Українська правда, 29.05.2006
| Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы (NATO) | |
|---|---|
| Удзельнікі | Баўгарыя • Бэльгія • Вугоршчына • Вялікабрытанія • Гішпанія • Грэцыя • Данія • Злучаныя Штаты Амэрыкі • Ісьляндыя • Італія • Канада • Латвія • Летува • Люксэмбург • Нарвэгія • Нідэрлянды • Нямеччына • Партугалія • Польшча • Румынія • Славаччына • Славенія • Турэччына • Францыя • Чэхія • Эстонія |
| Прынятыя ўдзельнікі | Альбанія • Харватыя |
| Кандыдаты | Рэспубліка Македонія • Украіна • Грузія |

