Аршанскае ўзвышша

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Аршанскае ўзвышша — узвышша на паўднёвым усходзе Віцебскай і паўночным усходзе Менскай абласьцей Беларусі. Працягласьць з захаду на ўсход 120 км, з поўначы на поўдзень 10—40 км. Вышыня да 255 м на поўначы, над прылеглымі нізінамі ўзьнятае на 100 м.

Мяжуе на поўначы зь Верхнебярэзінскай нізінай, Чашніцкай раўнінай і Лучоскай нізінай, на поўдні — з Горацка-Амсьціслаўскай, Аршанска-Магілёўскай, Цэнтральнабярэзінскай раўнінамі, на захадзе — зь Менскім узвышшам.

Узвышша фармавалася на працягу ня менш як трох зьледзяненьняў, а ў паўночнай частцы відавочны ўплыў апошняга паазерскага зьледзяненьня. Паверхня найбольш перасечаная на поўначы, дзе добра выяўленыя канцавыя грады і ўзгоркі. На водападзелах часта сустракаюцца суфазіёныя западзіны. На прыдалінных дзялянках разьвітыя глыбокія галінаваныя яры. Шмат скразных далінаў. Выразна выяўленая Ўсьвіж-Друцкая скразная даліна (злучае вярхоўі рэчак Друці ды Ўсьвейкі), утвораная ў выніку даўняга сьцёку адталых ледавіковых водаў у бок Дняпра.

Карысныя выкапні: далямітызаваныя вапнякі, керамічная сыравіна, пяскова-жвіровы матэрыял, падземныя, у тым ліку мінэральныя, воды, торф.

Па ўзвышшы праходзіць частка водападзелу паміж басэйнамі рэчак Балтыйскага і Чорнага мораў. Да басэйну Дзьвіны належыць рака Ўсьвейка з прытокам Чарвінка, Абалянка зь Нерайшанкай, да басэйну Дняпра — Адроў зь Дзярноўкай і Сакалянкай, Аршыца з Пачаліцай; на поўдні пачынаецца Друць, на захадзе Бобр.

Пад лесам да 21% тэрыторыі вадазбору (пераважаюць ельнікі, суборы, драбналістыя лясы). Пад ворывам больш за 45% тэрыторыі.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Аршанскае ўзвышша // Геаграфія Беларусі: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Л. В. Казлоўская і інш. — Мн., 1992. — С. 44.
  • Оршанская возвышенность // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.