Астравецкі раён
| Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | |
| Астравецкі раён | |
| Краіна | Беларусь |
| Уваходзіць у | Гарадзенская вобласьць |
| Адміністрацыйны цэнтар | Астравец |
| Дата ўтварэньня | 15 студзеня 1940 |
| Насельніцтва (2009) | 24 266[1] |
| Шчыльнасьць | 15,47 чал./км² |
| Плошча | 1568,77[2] км² |
| Месцазнаходжаньне Астравецкага раёну | |
| Мэдыя-зьвесткі | |
| Часавы пас | UTC +2 |
| Тэлефонны код | +375-15-91 |
| Паштовыя індэксы | 231 2хх |
| Афіцыйны сайт | |
Астраве́цкі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўночным усходзе Гарадзенскай вобласьці Беларусі. Плошча раёну складае 1,6 тыс. км². Насельніцтва — 24 266[1] чалавек (2009). Адміністрацыйны цэнтар — мястэчка Астравец.
Зьмест |
[рэдагаваць] Геаграфічнае становішча
На поўдні мяжуе з Ашмянскім, на паўднёвым усходзе са Смаргонскім раёнамі Гарадзенскай вобласьці, на паўночным усходзе зь Мядзельскім раёнам Менскай вобласьці, на поўначы з Пастаўскім раёнам Віцебскай вобласьці, на захадзе мяжуе зь Летувай.
[рэдагаваць] Рэльеф і карысныя выкапні
Значную частку раёну займае Нарачанска-Вялейская нізіна, на паўднёвым захадзе — Ашмянскае ўзвышша. Пераважаюць вышыні 140—180 м, максымальная — 301 м (на захад ад в. Трокенікі 1).
На тэрыторыі раёну знаходзяцца два радовішчы пяскова-жвіровых сумясяў з агульным запасам у 1,8 млн м³.
[рэдагаваць] Клімат і расьліннасьць
Клімат умерана кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня -6,5 °С, ліпеня 17,9 °С. Сярэдняя колькасьць ападкаў складае 645 мм. Працягласьць вэгетацыйнага пэрыяду 189 дзён.
Пад лясамі 51,6% тэрыторыі раёну, найбольшую плошчу займаюць хваёвыя лясы — 70%, яловыя — 10%, бярозавыя — 14%, дубовыя — 2% і асінавыя 1%. Лугі займаюць плошчу 20,205 тыс. га. Пад балотамі 5679 га.
[рэдагаваць] Гідраграфія
Рэкі Астравецкага раёну належаць да басэйну ракі Нёман Балтыйскага мора. Усе яны ўпадаюць у галоўную водную артэрыю раёну — Вяльлю, працягласьць якой па тэрыторыі раёну складае 101 км, Вяльля зьяўляецца найбуйнейшым прытокам ракі Нёман. Асноўныя яе прытокі — Страча, Сарачанка, Ашмянка (з Лошай).
Раён мае 5 вадасховішчаў, агульная плошча якіх складае 192 га, 18 натуральных азёраў плошчай 508 га (на поўначы — Сарачанская група азёраў: Каймін, Клевел, Тумскае, Вераб’і і іншыя), агульная плошча сажалак складае 112,4 га. Пад воднымі аб’ектамі 2475 га тэрыторыі раёну.
[рэдагаваць] Насельніцтва
На тэрыторыі раёну пражывае 27,3 тыс. чалавек, у тым ліку ў мястэчку Астравец — 8,6 тыс., у сельскай мясцовасьці — 18,7. Шчыльнасьць насельніцтва на адзін квадратны кілямэтар складае 17,4 чалавекі.
Насельніцтва раёну шматнацыянальнае: 81,8 % складаюць беларусы, 9,3 % — палякі, 4,2 % — расейцы, 3,5 % — летувісы, 1,2 % — украінцы і іншыя нацыянальнасьці.
[рэдагаваць] Гаспадарчая дзейнасьць
Агульная плошча сельскагаспадарчых угодзьдзяў складае 64,8 тыс. га, зь іх асушаныя 13,8 тыс. га. Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, сьвінагадоўля, вырошчваньне льну. Пасевы збожжавых, кармавых культураў, бульбы, з тэхнічных — ільну-даўгунцу і цукровых буракоў.
Прадпрыемствы: харчовая (вытворчасьць сухога абястлушчанага малака, алеі), дрэваапрацоўчая (кардон, піламатэрыялы) прамысловасьць, вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў (кафля, цагліна), торфапрадпрыемствы.
Па тэрыторыі раёну праходзяць чыгунка Менск — Вільня, аўтамабільная дарога Глыбокае — Вільня. На тэрыторыі раёну знаходзяцца 3 пункты пропуску празь дзяржаўную мяжу Беларусі: Гудагай — Кена, Катлоўка — Лаварышкі, Лоша — Шумск.
[рэдагаваць] Гісторыя
Раён утвораны 15 студзеня 1940 году. Спачатку існаваў у складзе Вялейскай вобласьці, у 1944 годзе быў уключаны ў Маладэчанскую вобласьць. З 1960 году Астравецкі раён у складзе Гарадзенскай вобласьці. 25 студзеня 1962 году тэрыторыя раёну была падзеленая паміж Ашмянскім і Смаргонскім раёнамі, але 6 студзеня 1963 году Астравецкі раён быў адноўлены як самастойная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка.
[рэдагаваць] Турыстычная інфармацыя
Захаваліся помнікі архітэктуры: касьцёл Узьвіжаньня Сьвятога Крыжа ў в. Быстрыца, архітэктурны ансамбль у в. Варняны, касьцёл сьвятога Георгія ў в. Варона, касьцёл святога Георгія ў в. Вялікія Сьвіранкі, касьцёл Найсьвяцейшае Тройцы ў в. Гервяты, касьцёл Дабравешчаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі ў в. Гудагай, касьцёл Раства Найсьвяцейшай Панны Марыі ў в. Кемелішкі, касьцёл сьвятога Яхіма ў в. Клюшчаны, касьцёл сьвятога Міхала арханёла ў в. Міхалішкі, сядзіба ў в. Трокенікі; помнікі драўлянага дойлідзтва — Траецкая царква старавераў ва ўрочышчы Стрыпішкі, капліца ў в. Гіры, касьцёл Маці Божай у в. Дайлідкі, касьцёл сьвятога Андрэя Баболі ў в. Градаўшчына.
[рэдагаваць] Вядомыя асобы
- Мар'ян Богуш-Шышка (1901—1995) — сусьветнавядомы мастак.
- Янка Быліна (Ян Семашкевіч) (1883—1956) — беларускі паэт, публіцыст.
- Язэп Гашкевіч (1814—1872) — першы консул Расеі ў Японіі, дасьледнік і дыплямат.
- Мэнке Кац (1906—1991) — габрэйскі паэт.
- Адам Мальдзіс (нар. 1932) — беларускі літаразнавец, крытык, публіцыст.
- Казімер Сваяк (Канстантын Стаповіч) (1890—1926) — беларускі каталіцкі сьвятар, нацыянальны дзяяч, паэт.
- Альбін Стаповіч (1894—1934) — беларускі грамадзка-палітычны і каталіцкі сьвецкі дзяяч.
[рэдагаваць] Адміністрацыйна-тэрытарыяльна падзел
Адміністрацыйна-тэрытарыяльна Астравецкі раён падзяляецца на 9 сельсаветаў: Астравецкі сельсавет (28 вёсак), Варнянскі сельсавет (37 вёсак, 6 хутароў), Гудагайскі сельсавет (36 вёсак, 1 пасёлак, 14 хутароў), Гервяцкі сельсавет (40 вёсак, 6 хутароў), Кемелішкаўскі сельсавет (32 вёскі, 29 хутароў), Міхалішкаўскі сельсавет (31 вёска, 17 хутароў), Падольскі сельсавет (13 вёсак, 17 хутароў), Спондаўскі сельсавет (39 вёсак, 17 хутароў), Трокеніцкі сельсавет (20 вёсак, 12 хутароў).
Усяго ў Астравецкім раёне 395 населеных пунктаў (без Астраўца).
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ a b Перепись населения — 2009. Гродненская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Государственный земельный кадастр Республики Беларусь(рас.) (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
[рэдагаваць] Літаратура
- Островецкий район // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.— 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
| Астравецкі раён | |
|---|---|
| Мястэчка | |
| Адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі базавага ўзроўню | |
|
Гарадзенская вобласьць |
||
|---|---|---|
| Раёны |
Астравецкі · Ашмянскі · Бераставіцкі · Ваўкавыскі · Воранаўскі · Гарадзенскі · Дзятлаўскі · Зэльвенскі · Іўеўскі · Карэліцкі · Лідзкі · Мастоўскі · Наваградзкі · Слонімскі · Смаргонскі · Сьвіслацкі · Шчучынскі
|
|
| Гарады | ||
| Мястэчкі |
Астрына · Воранава · Вялікая Бераставіца · Жалудок · Зэльва · Казлоўшчына · Карэлічы · Краснасельскі · Любча · Наваельня · Поразава · Радунь · Рось · Сапоцкін · Юрацішкі
|
|