Асьвейскі заказьнік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Асьвейскі (заказьнік)»)
Асьвейскі заказьнік
Пухіраватая альдраванда ў заказьніку (2005 год)
Пухіраватая альдраванда ў заказьніку (2005 год)
Плошча 30 567,38 га
Краіна Беларусь
Геаграфічныя каардынаты 56° пн. ш. 28° у. д. / 56° пн. ш. 28° у. д. / 56; 28Каардынаты: 56° пн. ш. 28° у. д. / 56° пн. ш. 28° у. д. / 56; 28
Месцазнаходжаньне Дрысенскі раён
Утварэньне 13 чэрвеня 1977 (46 гадоў таму)
Асьвейскі заказьнік на мапе Беларусі
Асьвейскі заказьнік
Асьвейскі заказьнік
Асьвейскі заказьнік

Асьве́йскі зака́зьнік — рэспубліканскі ляндшафтны заказьнік Беларусі, абвешчаны ў чэрвені 1977 году ў Дрысенскім раёне Віцебскай вобласьці на аснове былога паляўнічага заказьніка.

Плошча 22600 га. Тэрыторыя заказьніка ўяўляе сабой буйны комплекс азёраў, лясоў, пераходных і верхавых балот, нізінных балот адносна мала. Ядром заказьніка зьяўляецца Асьвейскае возера, якое мае важнае гідралягічнае і кліматаўтваральнае значэньне для вялікага рэгіёна паўночнай часткі Беларусі. Вялікую частку ўгодзьдзя займаюць верхавыя і пераходныя балоты, якія пакрыты хвойнікамі, бярэзьнікамі і алешнікамі. Сярод балот раскіданы нешматлікія мінэральныя выспа. Лясы займаюць каля 30 % агульнай плошчы заказьніка, лугі — 6 %, хмызьнякамі пакрыта 4 % тэрыторыі.

Гідраграфічная сетка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гідраграфічная сетка добра разьвіта і прадстаўлена азёрамі, рэкамі і шматлікімі мэліяратыўнымі каналамі. Галоўная водная артэрыя тэрыторыі — рака Свольна, якая адносіцца да басэйну Заходняй Дзьвіны. Найбольш значным натуральным вадаёмам зьяўляецца возера Асьвейскае, плошча якога складае 47,95 км² (пасьля Нарачы гэта другі па велічыні прыродны вадаём Беларусі). Возера адносіцца да эўтрофнага тыпу, яно мелкаводнае, сярэдняя глыбіня не перавышае 2 мэтраў. У яго ўпадаюць некалькі невялікіх рэк і каналаў, аднак прыток вады ў вадаём адбываецца, галоўным чынам, за кошт ападкаў. Апошнія дваццаць гадоў возера інтэнсіўна зарастае надводнай расьліннасьцю і паступова страчвае сваё значэньне ў якасьці рыбапрамысловага вадаёма і месца гнездаваньня вадаплаўных птушак. Найбольш верагодная прычына такіх зьмяненьняў — зьніжэньне ўзроўню вады, якая выцякае з возера па каналу Дзегцяроўка. Для пад’ёму і стабілізацыі ўзроўню вады ў возеры, на гэтым канале было ўзьведзена гідратэхнічнае збудаваньне са шлюзам-рэгулятарам, загараджальнай дамбай і водападводзячым каналам. Аднак цяпер дамба знаходзіцца ў нездавальняючым тэхнічным стане. Другой верагоднай прычынай зьніжэньня ўзроўню вады могуць быць вынікі торфараспрацовак, якія праводзіліся недалёка ад возера.

Гаспадарчая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лесагаспадарчая дзейнасьць на тэрыторыі заказьніка вядзецца ў рацыянальных памерах. Зь іншых відаў гаспадараньня пераважаюць здабыча торфу, прамысловы і аматарскі збор грыбоў і ягад, рэглямэнтаванае паляваньне. У Асьвейскім возеры ёсьць значныя запасы сапрапэляў высокай якасьці, прыгодных для прамысловай здабычы.

Біялягічная разнастайнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На тэрыторыі заказьніка гняздуецца 164 віды птушак, 36 зь іх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Возера Асьвейскае — буйнейшае ў рэгіёне Паазер'я месца размнажэньня і пасьлягнездавой канцэнтрацыі некаторых паляўнічых відаў вадаплаўных птушак: качкі-крыжанкі Anas platyrhynchos, нырка-сівака Aythya ferina і лыскі Fulica atra. Акрамя таго, возера і навакольныя тэрыторыі зьяўляецца месцам пастаяннай канцэнтрацыі водна-балотных відаў птушак у пэрыяд міграцыяў вясной і восеньню.

З рэдкіх расьлінаў, якія сустракаюцца на тэрыторыі заказьніка, трэба адзначыць гібрыдныя формы вольхі клейкай (Alnus glutinosa) і шэрай (Alnus incana), высокаствольныя формы бярозы карэльскай (Betula pendula var. carelica), буйныя папуляцыі гарлачыка жоўтага (Nuphar pumila), а таксама рэліктавую насякомаедную расьліну — альдраванду пухіраватую (Aldrovanda vesiculosa). Увогуле, у заказьніку выяўлена 16 відаў расьлінаў, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. З сысуноў ахове належаць 4 віды.

Неспрыяльныя фактары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Антрапагенная эўтрафікацыя возера Асьвейскае, якая выклікана сьцёкамі вады зь сяльгасугодзьдзяў і торфараспрацовак, камунальна-бытавых прадпрыемстваў, жывёлагадоўчых фэрм.
  • Парушэньне гідралягічнага рэжыму ў выніку дзейнасьці торфапрадпрыемства.
  • Памяншэньне ўзроўню вады ў возеры вядзе да зьмен яе якасных паказчыкаў, хуткаму зарастаньню возера, зьмяншэньню рыбапрадукцыйнасьці, зьніжэньню яго значэньня для вадаплаўных птушак.
  • Прамысловае рыбалоўства магло стаць адной з прычын памяншэньня запасаў рыбы ў возеры.

Меры аховы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У студзені 2009 пачаліся работы па рэнатуралізацыі парушанага тарфянога балота Асьвейскае. Аднавіць гідралягічны рэжым тэрыторыі плянуецца шляхам каскаднага перакрыцьця перамычкамі асушальнай сеткі. За 3 месяцы работ праектам прадугледжана будаўніцтва 11 перамычак на дрэнажных каналах, а таксама стварэньне сыстэм плыткіх вадаёмаў з рэгуляванай глыбінёй вады.[1]

Мерапрыемствы ажыцьцяўляюцца ў рамках праекту ПРААН і Глябальнага экалягічнага фонду (ГЭФ) «Рэнатуралізацыя і ўстойлівае кіраваньне тарфянымі балотамі дзеля перадухіленьня дэградацыі земляў, зьмяненьня клімату і забесьпячэньня захаваньня глябальна значнай біялягічнай разнастайнасьці», выканаўчым агенцтвам якога зьяўляецца Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ http://un.by/by/news/belarus/26-01-09.html(недаступная спасылка)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Скарбы прыроды Беларусі — Treasures of Belarusian Nature: Тэрыторыі, якія маюць міжнар. значэньне для захаваньня біял разнастайнасьці /аўт. тэксту і фота А. В. Казулін [і інш]. — 2-ое выд., перапрац., дап. — Мн.: Беларусь, 2005. — 215 с.