Атэрасклероз

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Атэрасклероз (грэц. ἀθέρος + σκληρός — мякіна + цьвёрды) — зьмяншэньне крыватоку да тканак праз звужэньне прасьвету артэрыі(be) ад высьціланьня яе ўнутраных сьценак халестэрынам(be) у выглядзе бляшак. Выклікаецца халестэрынам, які ўваходзіць у склад ліпапратэінаў(en) нізкай шчыльнасьці[1], пры адсутнасьці выдаленьня тлушчу(en) і халестэрыну з макрафагавых(en) белых вузаў крыві(en) ліпапратэінамі высокай шчыльнасьці. Праяўляецца пры звужэньні прасьвету артэрыі напалову праз болевы прыступ. Найчасьцей церпяць каранарныя артэрыі, буйныя артэрыі галавы і ног, грудной і брушной поласьці. Зьяўляецца прычынай ішэміі ды вядзе да гангрэны ніжніх канцавінаў. На ўскладненьні хваробы прыпадае палова сьмяротных выпадкаў сярод дарослага насельніцтва Эўропы.

Папярэджаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Разьвіцьцё хваробы стрымлівае ўніканьне тлустай ежы жывёльнага паходжаньня ды спажываньне гародніны (буракі, баклажаны, капуста й таматы) і ягадаў (агрэст, ажыны, маліны, чарнаплодныя рабіны, суніцы, чарнасьліў і яблыкі), што выводзяць халестэрын. Таксама варта ўнікаць тытунепаленьня і пераахаладжэньня[2].

Чыньнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хваробе спрыяе павышаны артэрыяльны ціск, залішняя вага цела, маларухомы лад жыцьця, хранічныя стрэсы й паленьне[3].

Праявы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На першай (пачатковай) ступені хваробы адзначаецца зябкасьць, сутаргі ў канцавінах(en), паколваньне і смыленьне ў кончыках пальцаў, стомленасьць. Перамежавальная кульгавасьць выяўляецца праз боль у ікраножных(be) цягліцах галёнкі і ступні, што змушае спыняць хаду.

На другой ступені скура становіцца сухой і лушчыцца, зьяўляецца гіпэркератоз(en). Замаруджваецца рост пазногцяў, яны патаўшчаюцца, становяцца крохкімі з матавай і бурай(be). Парушэньне росту валасоў вядзе да зьяўлення ўчасткаў аблысеньня. Разьвіваецца атрафія падскурнай тлушчавай клятчаткі і дробных цягліцаў.

Трэцяя ступеня выяўляецца праз боль у пашкоджанай канцавіне ў спакоі, што замінае хадзіць. Афарбоўка скураных покрываў рэзка зьмяняецца ў залежнасьці ад позы пашкоджанай канцавіны. Яе пад’ём суправаджаецца пабяленьнем, апусканьне — пачырваненьнем скуры, якая вытанчаецца і становіцца лёгкаранімай. Дробныя раны ў выніку пацёртасьцяў, удараў, стрыжкі пазногцяў прыводзяць да ўтварэньня трэшчынаў і хваравітых язваў на паверхні.

На чацвёртай ступені боль ў ступні і пальцах становіцца пастаянным і невыносным. Краі і дно язваў на пальцах пакрываюцца брудна-шэрым(be) налётам. Далучаецца ацёк(en) ступні і галёнкі, разьвіваецца гангрэна(be) пальцаў і ступняў[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Сьвятлана Барысенка. Халестэрын — ні пры чым // Краіна здароўя. — 29 сакавіка 2008. — № 17 (73). — С. 4.
  2. ^ Сьвятлана Барысенка, Вольга Шаўко. Адкрыць сасуд (частка 1) // Зьвязда : газэта. — 5 траўня 2009. — № 80 (26438). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Надзея Нікалаева. Як кантраляваць атэрасклероз // Краіна здароўя. — 15 сакавіка 2008. — № 14 (70). — С. 3.
  4. ^ Вольга Шаўко. Кідай курыць і больш рухайся // Краіна здароўя. — 13 сьнежня 2008. — № 57 (113). — С. 4.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Атэрасклерозсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

  • * Сьвятлана Барысенка, Вольга Шаўко. Адкрыць сасуд (часткі: 2, 3) // Зьвязда : газэта. — 6-7 траўня 2009. — ISSN 1990-763x.