Аўгустын Пацэвіч
Аўгусты́н Лю́двік Барталямэ́й (Аўгустын Канстанты́навіч[1]) Пацэ́віч, (па-польску: Augustyn Ludwik Bartłomiej Pacewicz; *24 жніўня 1847, Пружана — чэрвень 1928, Пружана) — заслужаны лекар-філянтроп. Большую частку жыцьця пражыў у Пружане, дзе карыстаўся вялізным аўтарытэтам за сваю дабрачынную дзейнасьць. У падзяку за ягоныя заслугі цэнтральная вуліца места ў 1926 року была названая ягоным імем.
Зьмест |
[рэдагаваць] Жыцьцяпіс
Сын Канстантына Пацэвіча і Караліны са Шрэтэраў (польск. Szretter). Нарадзіўся ў Пружане 24 жніўня 1847, ахрышчаны 28 жніўня. Хрышчоныя бацькі — Валенці і Юзэфа Гярміна Швыкоўскія[2].
Аўгустын скончыў гімназію ў Горадні, Вайскова-мэдычную акадэмію ў Пецярбургу (1876).
Працаваў вайсковым лекарам Балтыйскага флёту ў Кранштаце, звольнены ў запас з прычыны хваробы — артрыту. У 1885—1915 займаўся прыватнай практыкай, а таксама ў званьні палкоўніка працаваў вайсковым лекарам у казармах расейскага войска пад Пружанай. Ганаровы міравы судзьдзя ў Пружанскім судзе.
У часе Першай сусьветнай вайны эвакуяваны разам з сям’ёй у Пецярбург (1915). Працаваў у прыватнай лякарні і ў чыгуначнай клініцы. Напрыканцы ліпеня 1918 вярнуўся ў Пружану, працягнуў лекарскую практыку. Ва ўласным шпіталю на свае сродкі ўтрымоўваў палату і ложак для бедных; вясковую (беларускую) і мескую (жыдоўскую) беднату лекаваў задарма, часта за свой кошт аплочваў пацыентам набыцьцё неабходных лекаў у аптэцы[2]. Свае шматрокавыя дасьледаваньні дасылаў у Польскае лекарскае таварыства(pl) ў Варшаве.
У 1926 року ў гонар 50-годзьдзя лекарскай практыкі ўзнагароджаны ордэнам Polonia Restituta[2][3] (паводле іншых зьвестак — ордэнам Virtuti Militari[4]). У ягоны гонар была перайменаваная галоўная вуліца места, на якой ён жыў ад 1909 року. Гэтую назву вуліца мела да 1942 року[3].
Апошнія два рокі жыцьця ўжо не практыкаваў, цяжка прыкаваны да ложка праз хваробу. Памёр у сярэдзіне чэрвеня 1928 року. Набажэнствы з прычыны ягонае сьмерці адбыліся ў храмах усіх веравызнаньняў Пружаны[2]. Пахаваны на каталіцкіх могілках у фамільным склепе сем’яў Шрэтэраў, Пацэвічаў, Зьдзяхоўскіх.
[рэдагаваць] Сям’я
9 чэрвеня 1888 ажаніўся з Сафіяй Галаўнёй, мелі 4 сыноў і 3 дачок. Адна зь іх, Паўліна, у 1924 року стала жонкай Мікалая Разанава.
Сын Казімер служыў у палку ўланаў Войска Польскага II Рэчы Паспалітай, з пачаткам Другой сусьветнай вайны выехаў у Вялікабрытанію. Паводле запавету ягоныя карціны перададзеныя польскім музэям.
[рэдагаваць] Крыніцы і заўвагі
- ^ Zabellisa (11 лістапада 2011) фонд 316 — Военно-медицинская академия(рас.) Архивы разные » Федеральные архивы » РГВИА. Генеалогический форум ВГД. Праверана 25 лістапада 2011 г.
- ^ a b c d Zofia Rozanow. dr Augustyn Pacewicz (пол.) // Echa Polesia. Biuletyn Filaretów z Polesia. — 15 marca 2011 r. — № 2 (30). — С. 21.
- ^ a b Dymitr Zagacki. Międzywojenna Prużana w starej książce telefonicznej(пол.) Historia. Echa Polesia. Biuletyn Filaretów z Polesia. Праверана 25 лістапада 2011 г.
- ^ Polish Order of the Virtuti Militari Recipients 1792-1992 - P1(анг.). The Federation of East European Family History Societies. Праверана 25 лістапада 2011 г.
[рэдагаваць] Літаратура
- Zofia Rozanow. dr Augustyn Pacewicz (пол.) // Echa Polesia. Biuletyn Filaretów z Polesia. — 15 marca 2011 r. — № 2 (30).