Аўгустын Ратундус

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аўгустын Ратундус
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: каля 1520
Памёр: 20 сакавіка 1582(1582-03-20)
Адукацыя:

Аўгустын Ратундус (Мяле́скі; па-лацінску: Augustinus Rotundus; прыкладна 1520, Велюнь, Каралеўства Польскае — 20 сакавіка 1582, Вільня) — дзяржаўны і грамадзкі дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, сакратар каралеўскі, войт віленскі. Прадстаўнік гуманістычнага кірунку грамадзка-палітычнай думкі, юрыст, гісторык, публіцыст. Актыўны прыхільнік незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага ад Польшчы, дзяяч Контрарэфармацыі.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся каля 1520 году ў польскім горадзе Велюнь. Імаверна, яго сапраўдным прозьвішчам было «Мялескі», хоць некаторыя дасьледнікі лічаць, што гэтае прозьвішча ён прыняў пазьней. Мянушка Ратундус, якая выкарыстоўвалася Аўгустынам як прозьвішча, імаверна, зьяўляецца перакладам на латынь мянушкі яго бацькі Мікалая, вядомага як «Акронглы» (па-польску: Okrągły, то бок круглы), — аднаго з найбагацейшых жыхароў гораду, футроўшчыка паводле прафэсіі.

Адукацыю атрымаў у Познанскай акадэміі Любранскага(pl) і Вітэнбэрскім унівэрсытэце. У маладосьці быў блізкі да лютэранства, яму нават прыпісваюць напісаньне пасквіля на познанскі каталіцкі капітул. Пазьней стаў заўзятым каталіком. Каля 1543 году быў прызначаны на пасаду плябана ў Варце, пазьней ад пасады адмовіўся. У 1544 годзе быў пісарам у польскай канцылярыі караля Жыгімонта I Старога. Пасьля навучаньня ў Балёнскім унівэрсытэце і атрыманьня доктарскай ступені ў 1549 годзе заняў пасаду каралеўскага сакратара. 20 жніўня 1551 году[1] прыбыў ў Вільню, сталіцу Вялікага Княства Літоўскага, дзе пачаў работу ў канцылярыі. У наступным годзе быў прызначаны войтам віленскім. Ад караля польскага і вялікага князя літоўскага атрымаў у пажыцьцёвае валоданьне староства Стоклішкі(lt) і маёнтак Ярмолішкі, у Вільні валодаў домам і іншай маёмасьцю[1].

Удзельнічаў у падрыхтоўцы другой рэдакцыі Статута Вялікага Княства Літоўскага (1566), які ён пераклаў з рускай на лацінскую мову, дапоўніўшы ўласнаю прадмовай. Таксама прымаў удзел ў стварэньні трэцяй рэдакцыі Статута, дзякуючы чаму ён зьмяшчае шмат нормаў рымскага права. Зьяўляецца аўтарам тэстамэнту караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста. У 1568 годзе за пасьпяховую дзейнасьць ў працы над другой рэдакцыяй Статута Ратундус атрымаў шляхецтва і герб «Роля». Браў удзел у соймах 1563—1564 і сойміках. У 1569 годзе ўдзельнічаў у Люблінскім сойме, які прыняў Люблінскую унію[2].

Памёр у Вільні 20 сакавіка 1582 году, пахаваны ў касьцёле сьвятых Янаў, надмагільле не захавалася. Быў жанаты з Сафіяй Мантанаўнай, італьянкай паводле паходжаньня (памерла пасьля 10 сакавіка 1604), ад якой меў сына Мікалая (памёр у маленстве 16 красавіка 1558) і дачку Рэгіну (Раіну) і Лізавету (памерла да 18 лістапада 1597).

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўгустын Ратундус быў актыўным дзеячам і адным зь лідэраў Контрарэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. З 1567 году ён актыўна садзейнічаў біскупу віленскаму Валяр’яну Пратасевічу ў справе распаўсюджаньня езуітаў на Літве[2]. Ратундус зьяўляецца аўтарам шэрага радыкальных антыпратэстанцкіх публіцыстычных твораў. Ратундус паспрыяў вяртаньню ў каталіцтва некаторых магнатаў, якія ад яго адыйшлі, у прыватнасьці Яна Хадкевіча. Быў адным зь сьведак па справе аб віленскім біскупстве каад’ютара Юрыя Радзівіла, які стаў біскупам 17 сьнежня 1579 году. 12 студзеня 1582 году падпісаў акт заснаваньня Віленскай езуіцкай калегіі, якая стала асновай пазьнейшага Віленскага ўнівэрсытэта.

Ратундусу прыпісваецца аўтарства вядомага ананімнага публіцыстычнага твора «Размова паляка зь літвінам» (па-польску: Rozmowa Polaka z Litwinem; Берасьце, 1564), накіраванага на абарону інтарэсаў Вялікага Княства Літоўскага і супрацьстаяньне польскім прэтэнзіям, выказаным у трактаце Станіслава Ажахоўскага «Quincunx» (1554)[3]. Аўтар «Размовы» крытыкуе грамадзкі лад Польшчы, дзе ўладу захапіла шляхта, якая паралізуе дзеяньні законаў і прыгнятае ніжэйшыя саслоўі[2]. Паводле меркаваньня летувіскага гісторыка Інзе Лукшайтэ, «Размова паляка зь літвінам» зьяўляецца плёнам калектыўнай творчасьці[4]. Патрыятычныя ідэі Ратундуса атрымалі шырокі розгалас у Вялікім Княстве Літоўскім і спрыялі ўмацаваньню пазыцыяў літоўскай дэлегацыі ў час перамоваў аб палітычнай уніі з Польшчай[5].

Таксама аўтарству Ратундуса прыпісваюцца лацінамоўныя сачыненьні «Літоўская хроніка або гісторыя» (па-лацінску: Cronica sive Historia Lituaniae) і «Кароткая гісторыя літоўскіх князёў» (па-лацінску: Epitome Principum Lituaniae), знойдзеныя ў адным з экзэмпляраў трэцяй рэдакцыі Статута. У гэтых творах расказваецца легендарная вэрсія паходжаньня вялікіх князёў літоўскіх ад старажытнарымскага патрыцыя Палямона, выказваецца заклік аднавіць выкарыстаньне латыні як сапраўднай мовы літвінаў. Сабраны гістарычны матэрыял Ратундус перадаў Мацею Стрыйкоўскаму, які выкарыстаў яго ва ўласных сачыненьнях. Урыўкі з твораў Ратундуса захаваліся ў хроніцы нямецкага гісторыка XVII стагодзьдзя Рывіюса, сярод іх сьведчаньні літоўскіх летапісаў, якія да нас не дайшлі[2].

Захаваліся лацінамоўныя лісты Ратундуса свайму заступніку кардыналу вармійскаму Станіславу Гозію, якія ўяўлялі сабой каштоўную крыніцу гуманістычнай думкі сярэдзіны XVI стагодзьдзя.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Jovaišas A. Augusto Rotundo Lietuvos valstybės vizija // Šešioliktojo amžiaus raštija. — V. 5. — Vilnius, 2000. ISBN 9985-934-58-2. — P. 77.  (лет.)
  2. ^ а б в г Пазднякоў В. Радундус // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
  3. ^ Mickūnaitė G. Making a great ruler: Grand Duke Vytautas of Lithuania. — Budapest: Central European University Press, 2006. — P. 218.  (анг.)
  4. ^ Lukšaitė I. Andrius Volanas XVI-XVIIa. Lietuvos visuomeninės pertvarkos kryžkelėse // A. Volanas Rinktiniai raštai / ed. M. Ročka, I. Lukšaitė. — Vilnius, 1996.  (лет.)
  5. ^ Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 388

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Baryczowa M. Augustyn Rotundus Mieleski — pierwszy historyk i apologeta Litwy // Z dziejów polskiej kultury umysłowej w XVI i XVII wieku. — Wrocław, 1976.  (пол.)
  • Baryczowa M. Augustyn Rotundus Mieleski, wуjt wileсski, pierwszy historyk i apologeta Litwy // Ateneum Wileсskie. — ІІ. −1936.  (пол.)
  • Jakubowski J. Nowe przyczynki do zýciorysu Augustyna Rotunda // Litwa i Rus. — 1912. — Z. 1.  (пол.)
  • Poleminiai ir istoriografiniai Augustino Rotundo raštai // Šešioliktojo amžiaus raštija, Series: Senoji Lietuvos lteratūra. — V. 5. — Vilnius, 2000. — ISBN 9985-934-58-2.  (лет.)
  • Ragauskienė R. Karaliaus sekretoriaus ir Vilniaus vaito Augustino Meleskio Rotundo (apie 1520–1582 m.) turtas. — Istorija, 2003. — T. 55. — P. 12-21.  (лет.)
  • Stanislaw Orzechowski and Augustine Rotundus debate about the Republic / Introduction and development by Christopher Koehler, translation from Latin by Elvira Buszewicz. — Krakow: WAM, 2009. — ISBN 978-83-7505-362-3. — 284 p.  (анг.)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]