Аўгуст Моцны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Stolpen-August.der.Starke.JPG
Рэч Паспалітая ў 1701 годзе

А́ўгуст Мо́цны, у Саксоніі Фрыдрых Аўгуст I, у Польшчы Аўгуст II (12 траўня 1670 — 1 лютага 1733) — курфюрст саксонскі (1694 — 1733), кароль польскі і вялікі князь літоўскі (16971706, 1709—1733). Нарадзіўся ў Дрэздэне. Малодшы сын саксонскага курфюрста з дынастыі Вэтынаў Ёгана Георга III. Саксонскую пасаду атрымаў пасьля сьмерці старэйшага брата Ёгана Георга IV, каралём польскім і вялікім князем літоўскім абраны пасьля сьмерці Яна Сабескага. Мянушку Моцны атрымаў з прычыны выключнай фізычнай сілы і шматлікіх любоўных прыгод. Карыстаўся папулярнасьцю сярод дробнай шляхты.

Прыход да ўлады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля сьмерці Яна Сабескага 17 чэрвеня 1696 году ў Рэчы Паспалітай распачалася барацьба за карону. На яе прэтэндавалі розныя асобы, якія імкнуліся атрымаць падтрымку ў магнатаў краіны. Найбольш вострая барацьба была паміж групоўкамі, падтрымліваючымі Аўгуста Моцнага (вылучэнца Расеі і Аўстрыі) і француза Франсуа Людовіка дэ Бурбон графа Конці (вылучэнца Францыі). Адбылася падвоеная элекцыя, на адным сойме абралі Конці, а на наступны дзень пры дапамозе расейскіх войскаў на іншым сойме абралі Аўгуста, які быў каранаваны. Аднак падобны вынік не задаволіў значную частку магнатаў, і ў краіне стварылася моцная апазыцыя.

Кіраваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На пачатку ўладараньня спрабаваў умешвацца ў Фэадальную вайну ў ВКЛ 1697—1702 гадоў, імкнучыся прымірыць групоўку Сапегаў з большасьцю шляхты ВКЛ, але яго намаганьні былі марнымі. Імкнучыся да абсалютнай улады, зьбіраўся ператварыць ВКЛ у незалежную дзяржаву са спадчыннай уладай, у чым яго падтрымалі Радзівілы, Вішнявецкія і іншыя магнаты і шляхта.

У 1700 годзе распачалася Паўночная вайна, напачатку пасьпяховая для Швэцыі, ў якой Аўгуст Моцны спачатку прымаў удзел прымаў як саксонскі курфюрст, а пасьля ўцягнуў у гэтую вайну Рэч Паспалітую. Аўгуст Моцны быў хаўрусьнікам Пятра I, таму ў 1701 годзе швэдзкія войскі зьявіліся на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, унутраная апазыцыя Аўгусту перайшла на бок швэдаў. Скарыстаўшы пагрозу швэдзкага нашэсьця на ВКЛ, увёў туды саксонскія войскі, якія, аднак, ня мелі васковых посьпехаў. У 1701 — 1702 гадох швэды занялі Жамойць і рушылі ў цэнтральную частку ВКЛ. Аўгуст Моцны ўцёк у Саксонію, а Карл XII дамогся абвяшчэньня ў лютым 1704 году беcкаралеўя ў і прызначэньня новых выбараў. Кандыдатуры магчымых каралёў разглядаў Карл XII. Новым каралём і вялікім князем быў абраны Станіслаў Ляшчынскі — хаўрусьнік Швэцыі. Такім чынам, у Рэчы Паспалітай было адразу два абраныя і ўмоўна легітымныя каралі. Хоць Аўгуст Моцны часова адмовіўся ад вяртаньня кароны і знаходзіўся ў сваёй Саксоніі, аднак Карл XII у 1706 годзе робіць выправу ў Саксонію. У выніку Альтранштацкага міру Аўгуст Моцны адмаўляўся ад кароны і афіцыйна прызнаў каралём Станіслава.

Помнік Аўгусту Моцнаму ў Дрэздэне

Аднак караляваньне Станіслава не задавальняла Пятра I, хаўрусьніка Аўгуста і ворага Карла. Войскі Пятра ўвайшлі ў Рэч Паспалітаю, рабуючы ВКЛ, з мэтай вярнуць карону Аўгусту і перашкодзіць прасоўваньню швэдаў да межаў Расеі. Швэдзкае войска намагалася даць расейскаму генэральную бітву, аднак гэта не было ў плянах расейцаў — расейскія войскі ўнікалі сутычак. Пасьля Палтаўскай бітвы 7 ліпеня 1709 году Ляшчынскі застаўся без падтрымкі. А Аўгуст Моцны, даведаўшыся пра перамогу Пятра, з дзесяцітысячным войскам увайшоў у Рэч Паспалітую. Пасьля Рыбніцкай дамовы 5 сьнежня 1712 году Станіслаў Ляшчынскі вымушаны быў адмовіцца ад пасадаў і знаходзіцца за мяжой, Аўгуст Моцны зноў становіцца каралём і вялікім князем.

Намагаўся ўзмацніць сваю ўладу, таму ў Рэчы Паспалітай разгарнулася барацьба паміж прыхільнікамі шляхецкай залатой вольнасьці, згуртаваўшыміся ў Віленскую і Тарнагродзкую канфэдэрацыі, і прыхільнікамі караля, аб’яднанымі ў Сандамірскую канфэдэрацыю. Першых падтрымлівалі магнаты, а другіх разам з Аўгустам Моцным — Расея і Прусія.

3 гэтага часу пачалося актыўнае ўмяшаньне Расеі ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай. Нямы сойм 1717 году ўстанавіў пратэкцыю расейскага цара над Рэччу Паспалітай, была максымальна абмежавана колькасьць войскаў — Польшчы да 18 тысяч і ВКЛ да 6 тысяч. У Рэчы Паспалітай у гэты час было 60 тысяч расейскага войска. Пётар I дамогся, каб 30 тысяч саксонскага войска было выведзена з Рэчы Паспалітай. Пад расейскім ціскам сойм прыняў пастанову аб забароне праваслаўнай і пратэстанцкай шляхце (дысыдэнтам) займаць дзяржаўныя пасады, што пасьля спрычынілася да падзелаў Рэчы Паспалітай. Акрамя Расеі ў палітычныя справы Рэчы Паспалітай пачалі ўмешвацца Прусія, Аўстрыя і Францыя.

Аўгуст Моцны больш клапаціўся пра разьвіцьцё Саксоніі, і Рэч Паспалітую падпарадкоўваў гэтым мэтам. Намагаючыся ўзмацніць сваю ўладу ў Польшчы і ВКЛ, ён абапіраўся на дапамогу суседніх дзяржаў, на карысьць якіх зьбіраўся аддаць частку тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

Партэты Аўгуста Моцнага і Аўгуста Саса на пано «Шэсьце князёў»

Помнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У гонар Аўгуста Моцнага ў Дрэздэне ўсталяваны конны помнік, які мае назву «Залаты вершнік». Помнік зроблены зь медзі і пакрыты пластам золата.

Таксама ў Дрэздэне партрэт Аўгуста Моцнага ёсьць на найвялікшым у сьвеце парцалянавым пано «Конная працэсія».

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Аўгуст Моцнысховішча мультымэдыйных матэрыялаў