Аўдрыс Юозас Бачкіс
Яго Эмінэнцыя кардынал Аўдрыс Юозас Бачкіс (па-летувіску: Audrys Juozas Bačkis; нарадзіўся 1 лютага 1937, Коўна, Летува) — летувіскі кардынал і ватыканскі дыплямат.
Сын летувіскага дыплямата Стасыса Антанаса Бачкіса й Онас Гільвідайтэ. Неўзабаве пасьля другое сусьветнае вайны й акупацыі Летувы войскамі СССР сям'я Бачкіса эмігравала з краіны. Навучаўся ў Францыі ў сэмінарыі Сьв. Сульпіцыя ў Ісі-дэ-Муліно, пазьней - у Рыме: скончыў Папскі Грыгарыянскі ўнівэрсытэт (вывучаў тэалёгію), Папскі Лятэранскі ўнівэрсытэт (абараніў доктарскую дысэртацыю па кананічным праве), Папскую Духоўную Акадэмію (вывучаў дыпляматыю). 18 сакавіка 1961 у Рыме прыняў капланскія пасьвячэньні, працаваў як душпастыр сярод летувіскіх эмігрантаў у ЗША. Ад 1964 на дыпляматычнай службе ў Ватыкане, быў сакратаром нунцыятуры ў Філіпінах (1964-1965), Коста-Рыцы (1965-1967), Турэччыне (1967-1970), Нігерыі (1970-1973).
Ад чэрвеня 1965 таемны шамбалян Папы Рымскага (ад 1968 "Капэлян Яго Сьвятасьці"). Ад 1973 пры Радзе Публічных спраў пры Дзяржсакратарыяце Ватыкану, м.ін. дэлегат Сьвятога Стальцу на канфэрэнцыі ААН у Вене ў 1975. Ад 1979 намесьнік сакратара Рады Публічных спраў.
Тытулярны біскуп Мэты, з персанальным тытулам арцыбіскупа з 5 жніўня 1988. Нунцый у Нидерляндах з 5 жніўня 1988 да 24 сьнежня 1991. Арцыбіскуп віленскі з 24 сьнежня 1991. Старшыня канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Летувы у 1993—1999 і з 2003; у 1999—2003 віцэ-старшыня канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Летувы. Кардынал-сьвятар з тытулам царквы Nativita di Nostro Signore Gesu Cristo a Via Gallia з 21 лютага 2001. У кастрычніку 1999 браў удзел у правядзеньні Сьвятога Сыноду біскупаў у Ватыкане, прысьвечаным Касьцёлу ў Эўропе.
Апроч летувіскае, ведае італійскую, ангельскую й францускую мовы.