Беларуская Народная Рэспубліка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
(Перанакіравана з «БНР»)
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Беларуская Народная Рэспубліка
Flag of Russia.svg
25 сакавіка 191828 красавіка 1919 Flag of the Lithuanian-Byelorussian SSR.svg
 
Flag of Poland.svg
Сьцяг Беларускай Народнай Рэспублікі Герб Беларускай Народнай Рэспублікі
(Сьцяг) (Герб)
Дзяржаўны гімн
«Мы выйдзем шчыльнымі радамі»
Месцазнаходжаньне Беларускай Народнай Рэспублікі
Афіцыйная мова беларуская
Сталіца Менск, Горадня[1]
Форма кіраваньня Рэспубліка
Незалежнасьць
— абвешчаная
— страчаная

25 сакавіка 1918
28 красавіка 1919

Белару́ская Наро́дная Рэспу́бліка, Biełaruskaja Narodnaja Respublika (БНР, BNR) — беларуская дзяржава[2], улада якой распаўсюджвалася на частку тэрыторыі сучаснай Беларусі з 25 сакавіка 1918 году да 28 красавіка[3] 1919 году (зь перапынкамі), а таксама ў часе Слуцкага збройнага чыну (27.1131.12.1920).

Дзяржаўныя сымбалі — бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня[4]. Сталіца — Менск. Дзяржаўная і абавязковая мова — беларуская12.04.1918[4]). Часовая канстытуцыя ад 11 кастрычніка 1918[5]. Выдача пашпартоў[4].

Міжнароднае прызнаньне: УНР, Летува, Латвія, Эстонія, Чэхаславаччына і Фінляндыя (дэ-юрэ[4]); Нямеччына, Баўгарыя і Турэччына (дэ-факта[6]).

Абвяшчэньне БНР было вялікім гістарычным крокам Беларусі да ідэйнага асэнсаваньня сябе як асобнай самастойнай краіны, праяваю волі беларусаў да ўтварэньня незалежнай беларускай нацыянальнай дзяржавы.

Кожны год 25 сакавіка дзень абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі сьвяткуецца часткай беларусаў як Дзень Волі.

Зьмест

Тэрыторыя [рэдагаваць]

Асноўны артыкул: Геаграфія Беларускае Народнае Рэспублікі

Згодна з 3-й Устаўной граматай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ад 25 сакавіка 1918 году, тэрытарыяльныя межы БНР вызначаліся ў агульнай форме:

« Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ, а ласьне: Магілеўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Гродненшчыны (з Гродняй, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежных часьцяў суседніх губэрняў, заселеных беларусамі »

—3-я Ўстаўная Грамата Рады Беларускае Народнае Рэспублікі

Гэтыя межы былі дакладна акрэсьленыя на мапе Беларускай Народнай Рэспублікі, выдадзенай у 1918 годзе і прадэманстраванай Надзвычайнай місіяй БНР на Парыскай мірнай канфэрэнцыі.

Гісторыя [рэдагаваць]

Межы беларускай этнічнай тэрыторыі

     Паводле Я. Карскага (1903)

     Паводле М. Доўнар-Запольскага (1919)

     Сучасныя дзяржаўныя межы

Перадумовы [рэдагаваць]

У ліпені 1917 году буржуазны Часовы ўрад у Расеі перайшоў да адкрытай барацьбы з Саветамі. Двоеўладзьдзе скончылася. Бальшавікі перайшлі ў падпольле й узялі курс на падрыхтоўку ўзброенага паўстаньня. У кастрычніку 1917 году яны атрымалі перамогу й улада перайшла ў рукі Саветаў. Найвышэйшым органам савецкай улады на Беларусі быў Абласны выканаўчы камітэт Заходняй вобласьці і фронту (Аблвыканкамзах).

У той жа час (ліпень 1917 году) актывізаваліся беларускія нацыянальныя сілы, якія правялі ІІ зьезд беларускіх нацыянальных арганізацыяў, прынялі рашэньне дамагацца аўтаноміі Беларусі ў складзе дэмакратычна-рэспубліканскай Расеі. На зьезьдзе ўтварылася Цэнтральная Рада, якая пасьля кастрычніка 1917 году была пераўтвораная ў Вялікую Беларускую Раду (ВБР). ВБР не прызнала ўладу Аблвыканкамзаху, бо разглядала яго як выключна франтавы орган улады. Супрацоўніцтва ВБР і Аблвыканкамзаху ў справе стварэньня беларускай дзяржаўнасьці не адбылося.

Ужо 5 сьнежня 1917 году, адолеўшы ўсе перашкоды і рознагалосьсі ваеннага часу, беларускі народ зарганізаваў у Менску Першы Ўсебеларускі кангрэс, на які сабралася 1872 дэлегаты з усіх этнічных беларускіх абшараў — ад Смаленшчыны да Беласточчыны. Ніводнаму з паняволеных народаў былой імпэрыі гэткага прадстаўнічага зьезду ў той час склікаць не ўдалося. Нават на Другі Ўсерасейскі зьезд Саветаў, якім так ганарылася потым бальшавіцкая ўлада, сабралася толькі 649 дэлегатаў. Старшынём зьезду быў абраны прафэсар Ян Серада, ганаровым старшынём акадэмік Яўхім Карскі. На зьезьдзе быў агучаны лёзунг «Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка!» Усебеларускі кангрэс абвясьціў сябе найвышэйшым органам улады Беларусі і не прызнаў тут легітымнасьць бальшавіцкай улады. Аднак зьезд не пасьпеў дакончыць сваёй працы. Новыя бальшавіцкія ўладары так спалохаліся нацыянальнага самавызначэньня беларусаў, што на разгон зьезду кінулі ўзброеных жаўнераў з кулямётамі і бронетэхнікай. Дэлегаты Ўсебеларускага зьезду вельмі позна зразумелі, што над зьездам навісла пагроза гвалтоўнага разгону з боку бальшавіцкага Аблвыканкамзаху. Яшчэ напачатку сьнежня 1917 году з дэлегатаў Усебеларускага кангрэсу сфармавалася Ваенная камісія, у якую ўвайшлі каля 100 чалавек, у тым ліку два генэралы — Кіпрыян Кандратовіч і Алексіеўскі (камандзер Свэабарскай фартэцыі, якая падпарадкоўвалася Петраградзкаму гарнізону). Недзе ў сярэдзіне сьнежня Ваенная камісія накіравала свайго прадстаўніка Васіля Русака ў Воршу, каб той дамовіўся з камандзерам тамтэйшага кавалерыйскага эскадрону, прыхільнікам Вялікай Беларускай Рады ротмістрам Якубенем пра таемную перадысьлякацыю эскадрону ў Менск для забесьпячэньня аховы Ўсебеларускага кангрэсу. Але гэты крок быў запозьненым.

У ноч з 17 на 18 сьнежня 1917 году (паводле старога стылю) бальшавікі зьезд разагналі. Дэлегаты былі бяз зброі й не змаглі супрацьстаяць узброеным бальшавіцкім жаўнерам. Але той зьезд, адбіваючыся ад бальшавіцкіх пагромшчыкаў, пасьпеў прагаласаваць за самавызначэньне Беларусі. Абраная дэлегатамі Рада Ўсебеларускага кангрэсу атрымала ўсе юрыдычныя і маральныя паўнамоцтвы на далейшую пабудову дзяржавы. І ў адпаведнасьці з гэтым, у далейшым (25 сакавіка 1918 году) Выканкам Рады Ўсебеларускага кангрэсу абвясьціў Беларускую Народную Рэспубліку, і беларускі народ атрымау дзяржаўнасьць. Працэдура тая была юрыдычна бездакорнай. Але ж тады, у сьнежні 1917 году, на загад бальшавіцкага Аблвыканкамзаху пад кіраўніцтвам камісара М. І. Крывашэіна быў разагнаны Першы Ўсебеларускі кангрэс. Ужо 18 сьнежня дэлегаты Рады Ўсебеларускага кангрэсу, у складзе 56 чалавек на чале зь Язэпам Лёсікам, патаемна сабраліся ў чыгуначным дэпо пад аховай рабочай дружыны і вырашылі падпарадкаваць сабе Цэнтральную Беларускую Вайсковую Раду (ЦБВР), а таксама выдзелілі з свайго складу больш мабільны кіроўны орган — Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага кангрэсу. Ён зрабіўся юрыдычным і маральным пераемнікам усёй улады, якая належала Першаму Ўсебеларускаму кангрэсу. Выканкам Усебеларускага кангрэсу атрымаў даручэньне, як толькі будзе магчымым, узяць уладу на Беларусі ў свае рукі і рыхтавацца да гэтага вырашальнага моманту.

Пра падзеі 19—21 лютага 1918 году ў Менску глядзіце таксама артыкул Беларуска-польская адміністрацыя Менску.

9 сьнежня 1917 году паміж Савецкай Расеяй і Нямеччынай пачаліся мірныя перамовы, якія былі сарваныя па віне Льва Троцкага. Нямецкае камандаваньне аддала сваім войскам загад пачаць 18 лютага 1918 году наступленьне, што рэзка абвастрыла сытуацыю на Заходнім фронце. Нямецкія войскі хутка набліжаліся да Гомелю і Менску. У такіх умовах кіраўніцтва Аблвыканкамзаху і СНК Заходняй вобласьці мусіла сьпешна эвакуявацца ў Смаленск.

Абвяшчэньне [рэдагаваць]

20 лютага 1918 году Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду сфармаваў Першы Беларускі ўрад (Народны Сакратарыят). Спачатку ва ўрад на чале зь Язэпам Варонкам уваходзілі 7 чалавек, але пасьля іх колькасьць была даведзеная да 15-ці. Паводле ўспамінаў Кастуся Езавітава, склад першага ўраду БНР быў наступны:

Язэп Варонка — старшыня (прэм’ер-міністар) і народны сакратар (міністар) міжнародных справаў, Іван Макрэяў — унутраных справаў, Аркадзь Смоліч — асьветы, Яўхім Бялевіч — справядлівасьці, Янка Серада — народнай гаспадаркі, В. Рэдзька — шляхоў зносін, Тамаш Грыб — земляробства, Палута Бадунова — апекі, А. Карач — пошты і тэлеграфу, Пётра Крэчэўскі — кантролю, Г. Белкінд — фінансаў, Павал Злобін — расейскіх справаў, Майсей Гутман — «першы таварыш» (першы намесьнік) старшыні і сакратар габрэйскіх справаў, Канстантын Езавітаў — «другі таварыш» старшыні і народны сакратар вайсковых справаў, Лявон Заяц — загадчык справаў Народнага Сакратарыяту.

У далейшым склад першага ўраду мяняўся, у тым ліку і з тае прычыны, што ў красавіку ў знак пратэсту супраць прыняцьця 3-й устаўной граматы падалі ў адстаўку Макрэяў, Злобін, Белкінд.

Беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг над будынкам Народнага Сакратарыяту БНР. Менск, 1918

Выканкам Усебеларускага кангрэсу вырашыў узяць уладу ў свае рукі. 21 лютага 1918 году ён зьвярнуўся да народу Беларусі зь Першай устаўной граматай, у якой абвясьціў сябе часовай уладай на тэрыторыі Беларусі. Выканкамам Усебеларускага кангрэсу да адкрыцьця Ўсебеларускага Ўстаноўчага Сойма функцыі новай улады ўскладаліся на створаны першы беларускі ўрад — Народны Сакратарыят Усебеларускага кангрэсу, старшынём якога стаў адзін зь лідэраў БСГ Язэп Варонка.

Пры канцы лютага 1918 году ў Менск, дзе знаходзіўся Выканкам Усебеларускага кангрэсу, прыйшлі войскі кайзэраўскай Нямеччыны. Першае, што зрабілі немцы, калі ўвайшлі ў Менск 21 лютага, — раззброілі менскую беларускую вайсковую дружыну; таксама яны забралі касу Народнага Сакратарыяту, сарвалі зь яго будынка бел-чырвона-белы сьцяг, выгналі службоўцаў. Беларускія лідэры былі папярэджаныя, што акупацыйныя ўлады не дапусьцяць у Беларусі сур’ёзнай палітычнай дзейнасьці.

3 сакавіка 1918 году Савецкая Расея склада зь Нямеччынай Берасьцейскую мірную дамову, паводле якой землі, што ляжалі на захад ад лініі ДзьвінскСьвянцяныПружаны і належалі раней Расеі, перадаваліся Нямеччыне й Аўстра-Вугоршчыне, якія мусілі вырашыць будучыню гэтых зямель. Гэта яшчэ болей нараджала незалежніцкія ад бальшавіцкай Савецкай Расеі тэндэнцыі ў шэрагах беларускага нацыянальнага руху.

Шыльда Вайскова-Дыпляматычнай Місіі БНР у Латвіі і Эстоніі

9 сакавіка 1918 году Выканкам Усебеларускага кангрэсу ў адказ на Берасьцейскую мірную дамову паміж Савецкай Расеяй і Нямеччынай, прыняў Другую ўстаўную грамату, якая зьяўляецца канстытуцыйнай. У ёй гаворыцца пра ўтварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) ў межах расьсяленьня і колькаснай перавагі беларусаў. Заканадаўчую ўладу БНР атрымала Рада БНР, старшыня якой прадстаўнік БСГ Ян Серада. Яна аб’яўлялася заканадаўчым органам да скліканьня Ўсебеларускага Ўстаноўчага Сойму. Выканаўчую ўладу БНР атрымаў Народны Сакратарыят БНР (Алесь Бурбіс, Ян Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка, Аркадзь Смоліч, Пётра Крэчэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц і іншыя). Нямеччына да фармаваньня дзяржаўных інстытутаў БНР ніякага дачыненьня ня мела. Чальцы Рады БНР і ўраду БНР былі абраньнікамі беларускага народу (Першы Ўсебеларускі кангрэс, сьнежань 1917 году).

8 сакавіка Рада БНР запрасіла ў свой склад прадстаўнікоў расейскіх сацыялістычных партыяў (сярод якіх былі прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў Беларусі — расейцы, палякі, габрэі, украінцы, летувісы), а трохі пазьней — і Віленскай Беларускай рады (Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Вацлаў Іваноўскі), якая дзейнічала ў Вільні пад назвай Беларускага Народнага Камітэту з моманта акупацыі заходняй часткі Беларусі.

Урад Беларускай Народнай Рэспублікі ў Горадні

У адказ на Берасьцейскую мірную дамову паміж Савецкай Расеяй і Нямеччынай, 25 сакавіка, пасьля доўгіх спрэчак паміж прыхільнікамі незалежнасьці і прыхільнікамі аўтаноміі Беларусі ў складзе Расеі, большасьцю галасоў была прынятая Трэцяя Ўстаўная грамата, у якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай дзяржавай, Берасьцейская мірная дамова касавалася. Афіцыйнай мова зрабілася беларуская, а сталіцай новай дзяржавы — места Менск.

Бальшавікі абвясьцілі, што стварэньне БНР — спроба буржуазна-абшарніцкіх колаў адарваць Беларусь ад Савецкай Расеі. Паводле дамоўленасьці з сваімі хаўрусьнікамі, расейскімі бальшавікамі ў Берасьці, немцы абавязаліся не прызнаваць новых дзяржаўных утварэньняў на тэрыторыі былой Расейскай Імпэрыі. Немцы, якія былі хаўрусьнікамі бальшавіцкай Савецкай Расеі, разагналі Раду БНР і Народны Сакратарыят БНР. У гэткіх цяжкіх умовах Рада БНР зьвярнулася да нямецкага імпэратара з тэлеграмай, у якой дзякавала за вызваленьне Беларусі, прасіла дапамагчы ў стварэньні яе дзяржаўнай незалежнасьці ў саюзе зь Нямецкай Імпэрыяй. Пасылка тэлеграмы выклікала ў БНР востры палітычны крызіс; і Рада БНР, і БСГ раскалоліся, утварыліся новыя партыі. Але Нямеччына не прызнала БНР і зрабіла ўсё магчымае, каб перашкодзіць стварэньню нацыянальнага войска Беларусі. Таму рэальнай улады Народны Сакратарыят БНР не атрымаў і працягваў сваё існаваньне толькі фармальна. Аднак нямецкая адміністрацыя не перашкаджала чальцам БНР самастойна вырашаць шэраг культурных і адукацыйных пытаньняў.

Адукацыя, навука, культура [рэдагаваць]

Найбольшых посьпехаў урад БНР дасягнуў у культурным будаўніцтве і разьвіцьці адукацыі. За кароткі час паводле розных падлікаў адкрыліся ад 150 да 350 беларускіх школаў, у тым ліку гімназіі ў Будславе, Менску, Наваградку, Слуцку і Горадні[8].

Падрыхтоўка настаўнікаў, апрача Сьвіслацкай гімназіі, вялася ў Менскім пэдагагічным інстытуце[8], рыхтавалася адкрыцьцё Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (гэтай справай займаліся Аркадзь Смоліч, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Яўхім Карскі, Усевалад Ігнатоўскі і іншыя). У плянах БНР было таксама адкрыцьцё сельскагаспадарчага і палітэхнічнага інстытутаў[5].

У красавіку 1918 году адкрылася Менская вышэйшая музычная школа, пераўтвораная ў тым жа годзе ў Беларускую кансэрваторыю[5]. Заняткі пачаліся і ў адноўленай Каталіцкай духоўнай сэмінарыі (рэктар — доктар філязофіі ксёндз Ф. Абрантовіч).

З ініцыятывы А. Луцкевіча ў 1918 годзе ўтварылася першая беларуская навуковая ўстанова — Беларускае навуковае таварыства ў Вільні[5]. Вялася падрыхтоўка да адкрыцьця Віленскай беларускай гімназіі.

У 1918 годзе ў БНР на беларускай мове выходзіла 6 газэт і 3 часопісы, дзейнічала 11 выдавецтваў[4]. Выдавецтва «Адукацыя» актыўна друкавала падручнікі для школаў.

19 траўня 1918 году на базе Таварыства драмы і камэдыі ўзьнік Беларускі дзяржаўны тэатар БНР[4].

Узброеныя сілы БНР [рэдагаваць]

Асноўны артыкул: Узброеныя сілы Беларускай Народнай Рэспублікі

Беларускія часткі пачалі стварацца ў складзе расейскай арміі яшчэ ўвосень 1917 году. У лютым 1918-га, калі ўладу ў Менску ўзяў у свае рукі выканкам Усебеларускага зьезду, быў створаны Першы Менскі беларускі полк, які праіснаваў да прыходу нямецкіх войскаў.

Пад наглядам немцаў лідэры БНР займаліся дзяржаўнай дзейнасьцю амаль ва ўсіх яе галінах, акрамя ваеннай. Ураду БНР не дазвалялася мець сваё войска і міліцыю. Нямеччына не дапусьціла перадысьлякацыю ў Беларусь з румынскага фронту стотысячнага беларускага войска. Расчараваньне немцамі падштурхнула беларускіх эсэраў да стварэньня сялянскіх партызанскіх атрадаў для змаганьня з акупантамі. З гэтай мэтай была створана арганізацыя «Саюз беларускага працоўнага сялянства». Дзясяткі тысяч чалавек уваходзілі ў партызанскія аддзелы, у тым ліку і тыя, што ваявалі за дзяржаўную незалежнасьць БНР (Лукаша Семянюка, Юркі Моніча, Вячаслава Адамовіча-«Дзергача» ды іншых). Існавалі і іншыя формы супраціву. На поўную дзяржаўную незалежнасьць без уласнага войска разьлічваць не даводзілася. Нямеччына адмыслова да апошняга стрымлівала фармаваньне беларускіх вайсковых злучэньняў, бо высьцерагалася, што яны будуць скіраваны супраць выпеставанага імі бальшавіцкага рэжыму ў Савецкай Расеі.

Пра свае сымпатыі да БНР заяўляў і генэрал-маёр Станіслаў Булак-Балаховіч, які са сваім аддзелам у 1919 г. на нейкі час перайшоў «на беларускую службу» («Асобны атрад БНР»), а пасьля разам з польскімі войскамі ваяваў супраць бальшавікоў. У лістападзе 1920-га Булак-Балаховіч аб’явіў у Мазыры «незалежную беларускую дзяржаву», але неўзабаве яго армія была разьбітая Чырвонай Арміяй і адыйшла ў Польшчу.

Паводле падлікаў гісторыка Алега Латышонка, аўтара кнігі «Жаўнеры БНР», у беларускіх вайсковых аддзелах на працягу 1917—1923 гг. служылі каля 11 тысяч чалавек, пераважна дабраахвотнікаў. Найбольш гераічны эпізод барацьбы за БНР — Слуцкі збройны чын 1920 году, калі сьпешна сфармаваная Слуцкая брыгада стральцоў БНР на працягу месяца вяла баі з Чырвонай Арміяй.

Зьнікненьне [рэдагаваць]

Пасьля лістападаўскае рэвалюцыі ў Нямеччыне (1918 год) Савецкі ўрад дэнансаваў Берасьцейскую мірную дамову і рушыў Чырвоную Армію на захад. У абставінах адыходу нямецкіх войскаў Рада народных міністраў БНР у 4-ай Грамаце ад 29 лістапада 1918 заклікала беларускі народ да захаваньня парадку, які ўстанавіла Рада БНР. Была зробленая спроба стварэньня палітычнага цэнтру бяз Рады, на базе земстваў, сацыялістычных партыяў, прафэсійных арганізацыяў і фарміраваньня на гэтай падставе органаў краявой улады. Але кіраўнікі гэтых арганізацыяў не змаглі вырашыць пытаньне аб уладзе. Прадстаўнікі левых арганізацыяў тым часам схіліліся да сумеснай работы з савецкай уладай. Выпраўляючыся ў Вільню, Рада і ўрад БНР выдалі 5-ую Грамату. У ёй беларускі народ заклікаўся да выступленьня супраць савецкай улады, да абароны БНР, да «усеагульнага грамадзянскага шчасьця» і стварэньня на месцах «беларускіх Саветаў», якія павінны падпарадкоўвацца Радзе БНР. Але ўмоў для гэтага не было.

10 сьнежня 1918 году Чырвоная Армія заняла Менск. Менскі Савет абвясьціў аб аднаўленьні Савецкае улады. Да сярэдзіны лютага 1919 году амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі зноў усталявалася ўлада бальшавікоў.

Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам) на чале з Аляксандрам Чарвяковым прапанаваў пераўтварэньне Заходняй вобласьці ў аўтаномную рэспубліку ў складзе РСФСР. Прапанову Белнацкама падтрымалі беларускія сэкцыі РКП(б), якія аб’ядноўвалі беларусаў-камуністаў на чале са Зьмітром Жылуновічам. Бальшавіцкае кіраўніцтва прыслухалася да патрабаваньняў нацыянальных сэкцыяў ЦК РКП(б) і пайшло насустрач, прыняўшы рашэньне аб стварэньні БССР.

30 сьнежня 1918 году ў Смаленску адбылася VI Паўночна-Заходняя абласная канфэрэнцыя РКП(б), на якой вырашалася пытаньне аб утварэньні БССР і КПБ. Было прынята рашэньне аб стварэньні самастойнай сацыялістычнай рэспублікі і перайменаваньні РКП(б) у КПБ. ЦК КПБ узначалілі Аляксандар Мясьнікоў (Мясьнікян) і Вільгельм Кнорын (Кнорыньш), урад БССР — Зьміцер Жылуновіч. 1 студзеня 1919 году быў абнародаваны Маніфэст ураду Беларусі, які абвясьціў утварэньне БССР. Уся ўлада дэкляравалася толькі за Саветамі, сталіцай прызнаны Менск, пачалася падрыхтоўка да І зьезду Саветаў, каб заканадаўча аформіць стварэньне новай дзяржавы.

Маркі БНР [рэдагаваць]

Эміграцыя і сучаснасьць [рэдагаваць]

Сьвяткаваньне ўгодкаў утварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі ў Віленскай беларускай гімназіі. Вільня, 25 сакавіка 1935.

У студзені 1919 Рада і ўрад БНР пераехалі ў Вільню, а затым (у выніку наступленьня Чырвонай Арміі і дзейнасьці польскіх ваенізаваных фарміраваньняў) у Гародню. Гэты горад лічыўся сталіцай БНР да верасьня 1919. Пад эгідай ўраду БНР знаходзіліся некаторыя мясцовыя арганізацыі, быў наладжаны выпуск 5 беларускіх газэт. Урад БНР у гэты час вёў барацьбу супраць прэтэнзіяў Польскай дзяржавы на беларускія тэрыторыі, дамагаўся права на ўдзел у Парыскай мірнай канфэрэнцыі, пасьпяхова прайшлі перагаворы з урадам УНР аб пазыцы для ўрада А.Луцкевіча.

У сувязі зь дзеяньнямі польскіх легіянэраў у канцы сакавіка 1919 ўрад БНР выехаў у Бэрлін. Тут была дэзавуіраваная рэзалюцыя «Усебеларукага зьезду», які нібыта адбыўся ў Навагрудку, аб далучэньні Беларусі да Польшчы. У траўні 1919 ад старшыні мірнай канфэрэнцыі быў атрыманы дазвол на прыезд беларускай дэлегацыі ў Парыж.

На пачатку чэрвеня 1919 ўрадавая дэлегацыя БНР прыбыла ў Парыж. Дэлегацыя разам з прадстаўнікамі Летувы, Латвіі, Эстоніі, Украіны і інш. дабівалася прызнаньня іх дзяржаў поўнапраўнымі суб’ектамі міжнародных адносінаў.

Тым часам у красавіку 1919 Войска Польскае заняло Вільню і Гародню, на пачатку жніўня быў заняты Менск. 19 верасьня А. Смоліч і Я. Лёсік накіравалі ліст кірааўніку Польскай дзяржавы Ю. Пілсудзкаму ліст, у якім прасілі аднавіць дзейнасьць структур БНР. Увосень 1919 доўгі час у Варшаве знаходзіўся А. Луцкевіч, які дабіваўся прызнаньня Польскай дзяржавай самастойнасьці Беларусі.

1 сьнежня 1919 А. Луцкевіч, В. Захарка, П. Крачэўскі і інш. чальцы ўраду БНР пераехалі ў Менск. 13 сьнежня адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую Раду БНР і Народную Раду БНР. Іх старшынямі сталі адпаведна сацыял-дэмакрат Я. Лёсік і сацыяліст-фэдэраліст П. Крачэўскі. Таксама былі створаныя два ўрады БНР. Найвышэйшая Рада на чале кабінэта пакінула А. Луцкевіча, Народная Рада прызнала кіраўніком кабінэта В. Ластоўскага. Польскія ўлады хутка распарадзіліся аб разгоне Народнай Рады, арыштавалі В. Ластоўскага, П. Бадунову, Я. Мамоньку. Убачыўшы, што польскі ўрад не прызнае права Беларусі на дзяржаўную самастойнасьць, 28 лютага 1920 А. Луцкевіч пакінуў пасаду старшыні Рады народных міністраў. Раней, у студзені, ў Бэрлін выехалі старшыня Народнай Рады П. Крачэўскі і яго памочнік В. Захарка. Толькі ў траўні змаглі выехаць у Рыгу В. Ластоўскі, П. Бадунова, Т. Грыб, Я. Мамонька.

У сакавіку 1920 кіраўніцтва Польшчы пачало перагаворы з Найвышэйшаю Радаю БНР, польская камісія адхіліла большасьць прапаноў Найвышэйшай Рады, аднак выдзеліла пэўныя сродкі на патрэбы беларускай школы і культуры. Ва ўмовах савецка-польскай вайны дзеячы БНР шукалі падтрымку як з польскага, так і з савкецкага боку. Аднак, калі ў ліпені савецкія войскі ўступілі ў Менск, а ўрад РСФСР заключыў дагавор з Летувай, паводле якога значная частка беларускіх зямель перадавалася ў яе склад, гэта выклікала пратэст і Найвышэйшай і Народнай Рады. Надзея на тое, што БНР будзе прызнаная Савецкай Расеяй зьнікла.

У той час калі савецкі і польскі бакі абмяркоўвалі ў Рызе без удзелу прадстаўнікоў беларускага народу ўмовы мірнага дагавору, у Рызе адбылася палітычная канфэрэнцыя, на якой было вырашана стварыць вакол ураду В. Ластоўскага адзіны нацыянальны блёк. Народная Рада БНР прызнавалася адзіным прадстаўніком беларускага народу і стала называцца Радаю БНР. Тым часам урад Латвіі на падставе дагавора з РСФСР ад 11 жніўня 1920 прапанаваў Радзе і ўраду Ластоўскага пакінуць тэрыторыю дзяржавы. 11 лістапада быў заключаны дагавор паміж БНР і Летувіскай Рэспублікай аб узаемным прызнаньні, аб супрацоўніцтве і супольнай барацьбе за вызваленьне беларускіх і летувіскіх зямель з-пад польскай акупацыі. Рада БНР і ўрад Ластоўскага пераехалі ў сталіцу Летувы Каўнас. У гэты час урад БНР спрабаваў сарваць савецка-польскія перагаворы ў Рызе, шукаючы падтрымкі ў розных эўрапейскіх краінах. Адзінае, што далі гэтыя намаганьні, тое, што Парыская мірная канфэрэнцыя паставіла Польшчы ў абавязак паважаць правы нацыянальных меншасьцяў. 18 сакавіка 1921 была падпісаная Рыская мірная дамова.

У канцы сакавіка 1921 ў Празе прайшла нацыянальна-палітычная нарада, удзел у якой прынялі 37 прадстаўнікоў беларускіх партыяў і арганізацыяў з Заходняй Беларусі, Летувы, Чэхаславаччыны, Нямеччыны — Першая Ўсебеларуская канфэрэнцыя. Канфэрэнцыя пацьвердзіла акт 25 сакавіка 1918, прызнала Раду БНР як адзіны законны орган улады на Беларусі.

Урад БНР не спыняў дзейнасьці на міжнароднай арэне. 27 красавіка 1922 на Генуэскую міжнародную канфэрэнцыю па эканамічных і фінансавых пытаньнях прыбылі В. Ластоўскі і міністр замежных спраў А. Цьвікевіч. Старшыні канфэрэнцыі была ўручаная нота аб прызнаньні ўрадам БНР Вільні як сталіцы Летувы і згодзе на ўключэньне Сярэдняй Літвы ў склад Летувіскай дзяржавы ў якасьці аўтаноміі. Мэмарандум з просьбай паставіць пытаньне аб прызнаньні БНР быў заслуханы на паседжаньні палітычнай камісіі канфэрэнцыі, аднак пасьля дэмаршу дэлегацыі РСФСР беларускае пытаньне ў парадак дню канфэрэнцыі пастаўленае не было.

Нота Ластоўскага і Цьвікевіча 20 траўня 1922 была асуджаная ўрадам БНР. В. Ластоўскі падаў у адстаўку, але яна не была прынятая. Затым Ластоўскі хацеў склікаць у Дзьвінску нацыянальную нараду, аднак Старшыня Рады БНР П. Крачэўскі выступіў супраць. Пачаўся ўрадавы крызыс. 11 кастрычніка 1922 была створаная Дзяржаўная калегія з чальцоў Прэзыдыюма Рады БНР і некаторых міністраў. 20 красавіка 1923 В. Ластоўскі і дзяржаўны пісар Дуж-Душэўскі заявілі аб выхадзе з Дзяржаўнай калегіі.

23 жніўня 1923 сход беларускіх грамадзкіх і палітычных дзеячаў, які адбыўся ў Коўна, сфарміраваў новы ўрад БНР на чале з А. Цьвікевічам. Палітыка летувіскага ўраду неўзабаве прывяла да таго, што 1 лістапада 1923 Прэзідыюм Рады і ўрад БНР выехалі з Коўна ў Прагу (Цьвікевіч застаўся ў Летуве).

Тым часам палітыка беларусізацыі, якая праводзілася ў БССР і абвешчаная амністыя спрыяла таму, што сярод дзеячаў БНР расьлі прасавецкія настроі, якія ўзмацніліся пасьля ўзбуйненьня БССР. 12-16 студзеня па ініцыятыве А. Цьвікевіча ў Бэрліне адбылася Другая Усебеларуская канфэрэнцыя, якая прызнала Менск адзіным цэнтрам адраджэньня Беларусі. Цьвікевіч і чальцы яго ўраду пераехалі ў Менск.

Прэзыдыюм Рады БНР не прызнаў рашэньня канфэрэнцыі і застаўся верны акту 25 сакавіка 1918. Хоць пасьля чальцы Прэзыдыюму Бадунова і Мамонька таксама пераехалі ў БССР, Старшыня Рады БНР Пётра Крачэўскі і яго намесьнік Васіль Захарка не прызналі Савецкую Беларусь. Дзяржаўная пячатка і дзяржаўны архіў БНР засталіся ў іх.

Пасьля сьмерці П. Крачэўскага (8 сакавіка 1928) яго функцыі выконваў В. Захарка. Пасьля акупацыі Чэхіі нацысцкай Нямеччынай з ініцыятывы нямецкага боку ў 1939 адбыліся перамовы прадстаўнікоў Міністэрства замежных справаў Райху з В. Захаркам. Апошні адхіліў прапанову нацыстаў аб супрацоўніцтве. Перад сьмерцю Захарка перадаў пячатку і дзяржаўны архіў Міколу Абрамчыку, які выконваў функцыі Старшыні Рады БНР да 1970. У 1970 эміграцыйная Рада БНР абрала на яго месца В. Жук-Грышкевіча, а ў 1982 — Язэпа Сажыча. З 1997 Раду БНР у эміграцыі ўзначальвае І. Сурвіла.

Старшыні Рады БНР: [рэдагаваць]

Крыніцы [рэдагаваць]

  1. ^ А. М. Сідарэвіч. Беларуская Народная Рэспубліка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. С. 387.
  2. ^ А. М. Сідарэвіч. Беларуская Народная Рэспубліка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. С. 384.
  3. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 323—324.
  4. ^ а б в г д е Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 315.
  5. ^ а б в г А. М. Сідарэвіч. Беларуская Народная Рэспубліка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. С. 386.
  6. ^ А. М. Сідарэвіч. Беларуская Народная Рэспубліка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. С. 388.
  7. ^ Цітоў А. К. Геральдыка Беларусі. — Мн.: МФЦП, 2010. С. 123.
  8. ^ а б А. М. Сідарэвіч. Беларуская Народная Рэспубліка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. С. 385.

Літаратура [рэдагаваць]

Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]

Commons-logo.svg  Беларуская Народная Рэспублікасховішча мультымэдыйных матэрыялаў