Бабруйск

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошук
Бабруйск
Бабруйская фартэцыя
Бабруйская фартэцыя
Coat of Arms of Babruisk, Belarus.svg Flag of Babruisk, Belarus.svg
Герб Бабруйску Сьцяг Бабруйску
Першыя згадкі: 1387
Магдэбурскае права:  ?[1]
Былыя назвы: Бабрусек, Бабруеск, Баброўск
Вобласьць: Магілёўская
Раён: Бабруйскі
Старшыня гарвыканкаму: Дзьмітры Бонахаў
Плошча: 66 км²
Насельніцтва (2009)
• колькасьць:
• шчыльнасьць:

219 000
3,3
Тэлефонны код: +375 225
Паштовы індэкс: 213800—213807, 213809—213815, 213817—213819, 213822—213830
Аўтамабільны код: 6
Геаграфічныя каардынаты: 53°9′ пн. ш. 29°13′ у. д. / 53.15° пн. ш. 29.217° у. д. / 53.15; 29.217Каардынаты: 53°9′ пн. ш. 29°13′ у. д. / 53.15° пн. ш. 29.217° у. д. / 53.15; 29.217
Бабруйск на мапе Беларусі
Бабруйск
Бабруйск
Бабруйск
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Wikimedia Commons
http://babruisk.belarda.org

Бабру́йск (Babrujsk; на ідышы: Bobroisk, באברויסק, па-польску: Bobrujsk, па-расейску: Бобру́йск) — горад абласнога значэньня ў Магілёўскай вобласьці Беларусі, цэнтар Бабруйскага раёну. Геаграфічныя каардынаты: 53° 9' пн. ш., 29° 13' у. д. Насельніцтва 219 тыс. чал. (2009)[2]. Найбуйнейшы зь неабласных гарадоў Беларусі і адзіны зь неабласных гарадоў, насельніцтва якога перавышае 200 тыс. чалавек.

Каля Бабруйска цячэ рака Бярэзіна, таксама праз горад працякае маленькая рэчка Бабруйка. Знаходзіцца за 110 км ад Магілёва. Вузел чыгунак на Асіповічы, Жлобін, Акцябарскі і аўтадарог на Менск, Гомель, Магілёў, Калінкавічы, Слуцак, Рагачоў. Порт на рацэ Бярэзіна.

Зьмест

[рэдагаваць] Гісторыя

[рэдагаваць] Раньняя гісторыя і этымалёгія назвы

Першапачаткова называўся таксама «Бабрусек», «Бабруеск», «Баброўск». Як лічаць навукоўцы, назва гораду паходзіць ад назвы ракі Бабруйкі. Назва ж самой ракі паходзіць ад слова «бабёр»[3], бо ў сярэднявеччы гэтых жывёлаў у раёне Бабруйска было вельмі шмат. Таксама існуе меркаваньне, што магчыма, за часамі Русі на месцы сучаснага Бабруйска знаходзілася вёска, жыхары якой займаліся рыбалоўствам і бабровым промыслам.

Першае паселішча на месцы сучаснага гораду ўзьнікла прынамсі ў 5-6 стст. Акрамя таго, вядомыя знаходкі каменных прылад, па якіх можна выказаць здагадку, што людзі маглі жыць у гэтых баках яшчэ ў каменным веку.

[рэдагаваць] Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая

Упершыню Бабруйск узгадваецца 27 красавіка 1387 у прывілеі вялікага князя Ягайлы, якім той пацьвярджаў правы свайго брата Скіргайлы на валоданьне сярод іншых земляў і Бабруйскай воласьцю, якая складалася зь «Віленской і Троцкой половіцы». Ад 1392 Бабруйск падпарадкоўваўся вялікаму князю Вітаўту. У горадзе знаходзілася рэзыдэнцыя вялікакняскага намесьніка, які падначальваўся віленскаму ваяводу. Да гэтага ж часу адносяцца першыя ўзгадкі пра Бабруйскі замак і Бабруйскія гарадзкія ўмацаваньні.

Напрыканцы 15 — пачатку 16 стст. горад неаднаразова быў захоплены й спалены татарамі. Таксама моцна пацярпеў Бабруйск ад расейскіх войскаў падчас войнаў 15071508 і 15341537. Напачатку 1508 горад быў захоплены Міхалам Глінскім.

Касьцёл сьвятых Пятра й Паўла

Ад 16 ст. горад перадаваўся ў часовае кіраваньне найбольш магутных шляхецкіх родаў. Паводле рэвізіі 1560 былі ўнармаваныя павіннасьці бабруйскіх месьцічаў, перамераныя ворныя землі гораду. У 1565 Бабруйск увайшоў у Рэчыцкі павет Менскага ваяводзтва. У 2-1 палове 16 ст. у горадзе дзейнічала царква сьвятога Міколы, пры якой існавала праваслаўнае брацтва. У 1618 у Бабруйску пачалі дзейнасьць нясьвіскія езуіты, якія заснавалі тут сваю рэзыдэнцыю.

Паводле інвэнтару 1626 у Бабруйску было 409 двароў, 15 вуліц, 2 завулкі, 75 крамаў, цэрквы сьвятога Міколы й Ільлі, касьцёл сьвятых Пятра й Паўла. Горад быў абнесены земляным валам з драўлянымі сьценамі, якія былі ўмацаваныя двухпавярховымі вежамі (у агуле каля 10). Існавала 5 брамаў: Кісялёўская, Падольная, Прудовая, Сьвіслацкая й Слуцкая.[4] Найбольш заможнымі месьцічамі былі староста Пётра Трызна, Прачысьценскі бабруйскі поп Фурс Карніевіч, Ільінскі поп Павал, шляхцічы Гарасім Сідаровіч, Няпжэцкі, рэвізар Сьцяпан Рагоза, харужы Ян Гінбуд, Язэп Скарына, Іван Шырокі, Шамбяровіч. У 1639 вялікі князь Уладзіслаў дазволіў месьцічам праводзіць 2 кірмашы па 2 тыдні кожны, а таксама пацьвердзіў ўсе ранейшыя прывілеі пачынаючы ад 1561.

Сучасны стан Касьцёлу сьвятых Пятра й Паўла (18 стагодзьдзе)

У кастрычніку 1648 Бабруйск быў захоплены казацкім загону атамана Паддубскага. Пры дапамозе жыхароў-паўстанцаў шляхта была перабіта, а староста быў утоплены ў Бярэзіне. У лютым 1649 горад быў вызвалены войскам гетмана Януша Радзівіла, які жорстка расправіўся з казакамі. Падчас вайны Расеі з Рэччу Паспалітай у лютым 1655 казакі наказнога гетмана Івана Залатарэнкі захапілі й спалілі Бабруйск, жыхары ж былі зьнішчаныя. Паводле Гадзяцкае дамовы 1658 Бабруйск перайшоў у пажыцьцёвае ўладаньне казацкаму палкоўніку Івану Нячаю. У 1665 казакі зноў спалілі горад.

Ад другое паловы 17 ст. Бабруйск называлі мястэчкам, у 1671 тут было 170 дамоў. Бабруйск моцна пацярпеў у Паўночную вайну 1700—1733, калі ў 1708 празь яго праходзілі швэдзкія й расейскія войскі. Напачатку 1790-х у горадзе было 1884 жыхары, 314 дамоў.[4] Пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) сюды з Рэчыцы былі перанесеныя паседжаньні павятовых судоў і соймікаў, перавезены архіў Рэчыцкага павету. У 1793 у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Бабруйск увайшоў у склад Расейскае імпэрыі. У 1794 ён быў на некаторы час вызвалены войскам палкоўніка Стафана Грабоўскага.

[рэдагаваць] У складзе Расейскае імпэрыі

У 1795 горад здабыў статут павятовага ў складзе Менскае губэрні. 22 студзеня 1796 ён атрымаў уласны герб. Сымболіка гербу цесна зьвязаная з будаўніцтвам флёту на Чорным і Балтыйскім морах, для чаго патрабавалася шмат шчоглавага лесу. Таму на срэбным полі гербавага шчыта намаляваныя карабельная шчогла і «да яе крыжападобна прыстаўленыя два вырабленыя для шчоглаў дрэвы».[5]

У 1800 быў створаны першы праектны плян Бабруйска. Паводле гэтага пляну горад і забудоўваўся да 1810. Наступнае разьвіцьцё Бабруйска было зьвязанае з будаўніцтвам фартэцыі. Яе будаўніцтва пачалося ўлетку на імпэратарскі загад Аляксандра I ад 10 жніўня 1810. 4 чэрвеня 1811 над фартэцыяй быў узьняты расейскі сьцяг. Яна лічылася наймацнейшай і непрыступнай фартэцыяй і прылічалася да першаклясавых вайсковых умацаваньняў на тэрыторыі Расейскае імпэрыі.

Бабруйская фартэцыя ў 1811 годзе

Будаўніцтва фартэцыі вялося ў два этапы. Першы этап ажыцьцяўляўся ўва ўмовах набліжэньня вайны з Францыяй. Фартэцыя будавалася паводле праекту інспэктара Інжынэрнага корпусу расейскага войска Карла Опэрмана. Яе ўзводзілі жаўнеры й прыгонныя сяляне Магілёўскае, Менскае, Чарнігаўскае губэрняў. Матэрыялы дастаўлялі з Украіны, Карэліі, Каўказа, Урала. Да пачатку вайны 1812 было пабудавана пяць асноўных бастыёнаў, частка ўнутраных будынкаў, насыпаныя валы, выкапаныя равы.

У пэрыяд вайны 1812 камандуючы другое расейскае арміі князь Пётр Багратыён пасьля баёў з францускімі войскамі пад абаронай умацаваньняў Бабруйскае фартэцыі здолеў даць адпачынак сваім жаўнерам, перефармаваць за рахунак гарнізону фартэцыі найбольш парадзелыя падпадзяленьні, пакінуць хворых і параненых, папоўніць боезапас і шчасна злучыцца зь першым войскам пад камандаваньнем Барклая-дэ-Толі. Чатыры месяцы Бабруйская фартэцыя была ў аблозе.

Крэпасная рошча, Бабруйск.

Другі этап будаўніцтва прыйшоўся на 18121836. За гэты час тэрыторыя фартэцыі павялічылася, былі збудаваныя дадатковыя бастыёны й вежы, у тым ліку ў 1822 — знакаміты форт «Фрыдрых Вільгельм». Што тычыцца архітэктурнага афармленьня будынкаў фартэцыі, тут выкарыстаныя элемэнты клясыцызму.

З Бабруйскам зьвязаныя падзеі дзекабрысцкага руху ў Расеі. У фартэцыі была раскватараваная дзявятая пяхотная дывізія, сярод афіцэраў якой былі чальцы таемных таварыстваў. Менавіта тут у траўні 1823 быў распрацаваны плян узброенага паўстаньня, які прадугледжваў арышт цара Аляксандра падчас агляду войскаў у фартэцыі. Аўтарамі праекту выступалі афіцэры — Сяргей Мураўёў-Апостал, Міхаіл Бястужаў-Румін, Іван Павала-Швяйкоўскі. Аднак кіраўнікамі паўстаньня плян быў адхілены. У фартэцыі служылі, а затым адбывалі пакараньне за ўдзел у сьнежаньскім паўстаньні, Васіль Нораў, Васіль Дзіваў, Міхайла Бадзіска, Міхайла Пушчын (камэндант крэпасьцi з 1865 па 1869 гг.) і іншыя.

Касьцёл Бяззаганага Пачацьця Найсьв. Панны Марыі

У другой палове XIX стагодзьдзя фартэцыя губляе сваё стратэгічнае прызначэньне. У 1886 становіцца фартэцыяй-складам. Праз год наогул здымаецца з уліку як стратэгічная адзінка і ў ёй разьмяшчаецца дысцыплінарны батальён для ніжніх чыноў.

У XIX стагодзьдзі хутка разьвіваецца гандаль і прамысловасьць. Звязана гэта з будаўніцтвам фартэцыі, Маскоўска-Варшаўскае шашы й Лібава-Роменскае чыгункі. Гэта спрыяла эканамічнаму ўздыму гораду, прытоку капіталу й павелічэньню насельніцтва. Ствараюцца шматлікія майстэрні і заводы: лесапільныя, цагляныя, вінакурныя, тытунёвыя, маслабойныя, сьвячныя. У 1889 выпусьціў першую прадукцыю медна-жалезакацельны завод. Галоўным багацьцем і прадметам гандлю быў лес, сьпірт, мёд, шкло, яблыкі.

На мяжы стагодзьдзяў у горадзе пашыралася сетка научальных установаў: працавалі прагімназія, прыхадзкая вучэльня і шэраг дзяржаўных і прыватных мужчынскіх і жаночых гімназіяў. Мэдычную дапамогу жыхарам горада аказвалі ў вайсковым шпіталі і ў лякарні жыдоўскага таварыства. У пачатку XX стагодзьдзя налічвалася 3500 будынкаў, два пляцы і 36 вуліцаў. Бабруйск быў вядомы яшчэ і як буйны выдавецкі цэнтар. У горадзе працавалі некалькі прыватных друкарняў, якія выдавалі кнігі на расейскай мове й ідышы. Выходзілі такія газеты, як «Бобруйский курьер», «Бобруйский листок», «Бобруйская жизнь» і іншыя.

У 1883 у Бабруйску дзейнічала суполка арганізацыі «Народная воля». У 1898 у бабруйскай бундаўскай друкарні быў надрукаваны Маніфэст I зьезду РСДРП.

[рэдагаваць] Ваеннае ліхалецьце

У 1914 Бабруйск становіцца прыфрантавым горадам. У гэты пэрыяд у ім дыслакавалася каля 30 воінскіх частак. У 1918 горад занялі мяцежнікі польскага корпуса Доўбар-Мусьніцкага, а затым ён быў акупаваны нямецкімі войскамі. 28 лістапада 1918 Бабруйск захапілі часткі Чырвонае Арміі. 28 жніўня 1919 горад ізноў захапілі палякі. Акупанты стварылі ў Бабруйскай фартэцыі канцлягер. 10 ліпеня 1920 Бабруйск быў захоплены бальшавіцкімі войскамі.

Жаўнеры корпусу Ю. Доўбар-Мусьніцкага ў Бабруйску ля кургану ў гонар памерлых жаўнераў

[рэдагаваць] БССР

Ад першага кастрычніка 1929 у горадзе пачаў дзейнічаць найбуйнейшы ў Эўропе дрэваапрацоўчы камбінат. Пабудаваная ў 1922 сталярная майстэрня ў 1926 была рэарганізаваная ў мэблевую фабрыку імя С. Халтурына. У 1930 першую прадукцыю дала фабрыка імя Ф. Дзяржынскага — найбуйнейшае ў БССР прадпрыемства швейнае прамысловасьці. Напярэдадні Вялікае Айчыннае вайны па тэмпах росту прамысловасьці Бабруйск выйшаў на першае месца ў рэспубліцы і стаў буйным прамысловым цэнтрам Беларусі.

[рэдагаваць] Нямецкая акупацыя

У перадваенныя гады Бабруйск быў даволі значным вайсковым аб’ектам. Тут дысьлякаваўся штаб і часткі 47-га стралковага корпусу, большасьць частак 121-е стралковае дывізіі, 174-асобны зэнітны артылерыйскі дывізіён, ваенна-трактарная вучэльня, акруговыя склады. Аднак у першыя дні вайны ў горадзе засталася малаважная частка войскаў. У выніку імклівага наступу нямецкіх танкавых дывізіяў 28 чэрвеня 1941 горад быў цалкам захоплены. Тым ня менш, на пачатку ліпеня 1941 ў навакольлі гораду адбылася бітва, якая сталася часткай Смаленскае бітвы.

У першыя ж дні акупацыі ў горадзе немцы разьмясьцілі два перасыльныя лягеры для ваеннапалонных. Адзін быў у раёне вуліцы паркавай, другі — на тэрыторыі фартэцыі. У верасьні абодва лягеры былі аб’яднаныя ў адзін, і ўсіх ваеннапалонных разьмясьцілі на тэрыторыі фартэцыі. Усяго за тры гады акупацыі горада было зьнішчана каля 44 тысяч вайскоўцаў. Першыя падпольныя антыфашыскія групы паўсталі ў канцы ліпеня 1941. У горадзе дзейнічала 17 падпольных групаў, якія стала падтрымлівалі сувязь з падпольнымі аддзеламі.

Баі на вуліцах гораду 28 ці 29 чэрвеня 1944 году

24 чэрвеня 1944 войскі правага крыла першага Беларускага фронту пад камандаваньнем генэрала К. К. Ракасоўскага пачалі наступальную апэрацыю. 27 чэрвеня было створана шчыльнае кольца атачэньня: у «бабруйскім катле» апынуліся шэсьць варожых дывізіяў дзявятае палявое арміі суперніка колькасьцю каля 40 тысяч чалавек. 29 чэрвеня Бабруйск быў цалкам вызвалены ад нямецкіх захопнікаў. У гонар герояў усталяваныя стэлы, помнікі абэліскі, памятныя шыльды. За гераічнасьць, выяўленую пры вызваленьні горада, ваярам І. Г. Кабякову, Н. П. Масонаву, К. І. Навумаву было прысвоенае званьне Героя СССР. Падчас вайны з 7650 дамоў было цалкам разбурана й спалена больш за 3000. Колькасьць насельніцтва скарацілася больш за напалову, і склала ледзь больш 28 тысяч чалавек (для параўнання ў 1939 у горадзе пражывала 84 107 чалавек).

[рэдагаваць] Пасьляваенная гісторыя

У 1944 утварылася Бабруйская вобласьць, якая была скасаваная ў 1954. У пасьляваенны час пачалося актыўнае будаўніцтва новых прадпрыемстваў: Завод гумава-тэхнічных вырабаў (1952), Мясакамбінат (1956), Завод трактарных дэталяў і агрэгатаў (1959), Футравая фабрыка (1960), Малочны завод (1967). У 1949 быў пераўзыдзены даваенны ўзровень прамысловае вытворчасьці. Да пачатку 1960-х у Бабруйску ў асноўным разьвівалася дрэваапрацоўчая прамысловасьць. У 1960 пачынаецца будаўніцтва Шыннага камбіната, на якім 1 студзеня 1972 выпушчана першая пакрышка. Неаднаразова Бабруйск выходзіў пераможцам ва Ўсесаюзным і Рэспубліканскім сацыялістычных спаборніцтвах.

3 ліпеня 1987 за посьпехі, дасягнутыя працаўнікамі гораду ў гаспадарчым і культурным будаўніцтве, іх фундуш у ходаньні зь нямецка-фашыскімі захопнікамі ў гады вайны і ў сувязі з 600-годзьдзем, Бабруйск быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Штандару. У 2006 прайшоў рэспубліканскі фэстываль-кірмаш «Дажынкі».

[рэдагаваць] Насельніцтва

[рэдагаваць] Дынаміка росту насельніцтва

Дынаміка росту насельніцтва гораду

[рэдагаваць] Этнічныя групы ў Бабруйску

Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 1999 у Бабруйску пражывала:

У горадзе дзейнічаюць 9 нацыянальна-культурных аб’яднаньняў і іх аргструктураў:

[рэдагаваць] Рэлігіі ў Бабруйску

Катэдральны Сьвята-Мікольскі сабор

Глядзіце таксама Храмы Бабруйску

У Бабруйску дзейнічаюць 20 рэлігійных суполак 5-ці канфэсіяў:

Бабруйск ёсьць цэнтрам Бабруйскае праваслаўнае япархіі, якая была ўтвораная ў 2004 і ахоплівае Бабруйскі, Быхаўскі, Асіповіцкі, Кіраўскі, Глускі, Клічаўскі раёны. На тэрыторыі крэпасьці знаходзіцца жаночы праваслаўны манастыр.

Касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі зьяўляецца цэнтрам створанага ў 1744 годзе і адноўленага ў 2006 годзе Бабруйскага дэканату, які ахоплівае Бабруйскі, Асіповіцкі, Кіраўскі, Глускі, Клічаўскі раёны. У 17—18 стагодзьдзях у горадзе існавала Бабруйская езуіцкая акадэмія.

Дзейнасьць рэлігійных абшчынаў і пытаньні міжканфэсійных адносінаў асьвятляюцца ў гарадзкіх друкаваных сродках масавай інфармацыі. Тры гарадзкія газэты маюць сталыя рубрыкі (дадаткі).

[рэдагаваць] Адукацыя

У Бабруйску ёсьць 27 сярэдніх, 2 базавыя і 2 вячэрнія агульнаадукацыйныя школы, 3 гімназіі (у тым ліку Славянская гімназія), 3 дзіцячыя музычныя школы, дзіцячая мастацкая школа, 12 дзіцяча-юнацкіх спартовых школаў і клюбаў, школа-каледж мастацтваў, дом мастацкае творчасьці для дзяцей і юнацтва, дзіцяча-юнацкі цэнтар вандраваньняў і краязнаўства «Бабраня», станцыя юных натуралістаў, цэнтар карэкцыйнага навучаньня і рэабілітацыі, дзіцячы сацыяльны прытулак, цэнтар выхаваўчае працы «Росквіт», цэнтар юных турыстаў «Вандроўнік».

У горадзе шырока прадстаўлена сярэдняя адмысловая і прафэсійная адукацыя. У горадзе ёсьць 7 каледжаў (аўтатранспартны, аграрна-эканамічны, гандлёва-эканамічны, машынабудаўнічы, тэхналягічны, будаўнічы, мастацкі) і два тэхнікумы (мэханіка-тэхналагічны і лесатэхнічны).

Апроч таго ў Бабруйску ёсьць дзьве філіі вышэйшых навучальных установаў — Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта (утвораная 1 кастрычніка 1997) і Прыватнага інстытуту кіраваньня і прадпрымальніцтва.

[рэдагаваць] Культура

[рэдагаваць] Мерапрыемствы

У Бабруйску праводзіцца больш за пяцьсот культурных мерапрыемстваў на год. З найболей вядомых можна адзначыць фэсты народнага мастацтва «Вянок сяброўства» (міжнародны) і харэаграфіі «Ля вытокаў танца» (рэгіянальны), а таксама міжнародны пленэр па кераміцы «Art-Жыжаль».

Акрамя таго, шматлікія творчыя калектывы з Бабруйска бяруць удзел у розных міжнародных фэстах, такіх як «Мэрцышор», «Каліново літо на Дніпрі», «Спивограй», «Крымская хваля», «Славенія». У 2006 у месьце прайшоў рэспубліканскі фэстываль-кірмаш «Дажынкі».

[рэдагаваць] Творчыя калектывы

У Бабруйску на сталай аснове дзейнічаюць некалькі дзясяткаў творчых калектываў, зь якіх можна адзначыць ансамбль танца «Прыгажосьць», харэаграфічныя калектывы «Бабраня», «Крынічка», «Чабарок», «Званочкі», ансамблі «Бобруйскія музыкі», «Весялуха», тэатр «Служкі трох муз», тэатар песьні «Шына-най», заслужаны ансамбль танцу Рэспублікі Беларусь «Юнацкасьць» Палацу мастацтваў горада Бабруйска, ансамблю танца «Зязюлечка» Цэнтру выхаваўчае працы «Росквіт».

[рэдагаваць] Тэатар драмы і камэдыі імя Дуніна-Марцінкевіча

Бабруйскі тэатар

Бабруйскі тэатар драмы і камэдыі мае статут Магілёўскага абласнога тэатру. Заснаваны ў 1970 . Названы ў гонар Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — клясыка беларускае літаратуры, заснавальніка беларускае драматургіі.

У 2008 адзначалася 200-годзьдзе з дня нараджэньня пісьменьніка і ў гонар гэтага ў Бабруйску праходзіў Міжнародны фэст нацыянальнае драматургіі, у якім прымалі ўдзел 12 тэатраў зь Беларусі, Расеі, Украіны, Малдовы і Латвіі.

[рэдагаваць] Бабруйскі краязнаўчы музэй

У горадзе ёсьць Бабруйскі краязнаўчы музэй, экспазыцыя якога распавядае аб археалогіі краю, аб гістарычным разьвіцьці яго ў складзе Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расейскае імпэрыі, аб гандлёвым і прамысловым разьвіцьці краю ў дасавецкі пэрыяд, аб рэвалюцыі 1917, аб пэрыядах НЭПу, калектывізацыі і індустрыялізацыі, аб падзеях у гады Вялікай айчыннай вайны, аб узнаўленьні і пасьляваенным разьвіцьці краю, аб гісторыі гораду ў сучасны пэрыяд, аб этнаграфіі, культуры і прыродзе краю.

[рэдагаваць] Бібліятэкі

У Бабруйску ёсьць чатыры бібліятэкі — цэнтральная гарадзкая імя Максіма Горкага, гарадзкая імя Аляксандра Пушкіна, гарадзкая № 7 імя Алі Шагенцукава і цэнтральная дзіцячая імя Аркадзя Гайдара.

[рэдагаваць] Кінатэатры

У горадзе ёсьць два кінатэатры — адназальны «Таварыш» (500 месцаў, Dolby Surround) і дзьвюхзальны «Мір» (276 і 220 месцаў).

[рэдагаваць] Спорт

Спартовая і фізкультурная інфраструктура гораду ўключае ў сябе лядовы палац «Бабруйск-Арэна», конна-спартовы клуб «Ломаў», водна-спартовы комплекс «Лясны», тры стадыёны, два плавальныя басэйны (і каля дваццаці міні-басэйнаў), каля ста спартовых заляў, каля трохсот вулічных спартовых пляцовак. У горадзе ёсьць уласныя футбольны і гакейны клюбы, а таксама ладзяцца міжнародныя і рэспубліканскія спаборніцтвы.

Лядовы палац «Бабруйск-Арэна» будаваўся ад 2006 і быў адчынены 31 траўня 2008. Ёмістасьць палаца складае сем тысяч чалавек і ён з’яўляецца найбуйнейшым лядовым палацам у Беларусі. «Бабруйск-Арэна» зьяўляецца хатнім стадыёнам адноўленага гакейнага клюбу «Шыньнік» (Бабруйск), каманда якога зьяўлялася шматразовым чэмпіёнам БССР па гакеі. Пачынальна з сэзону 2008/2009 выступае ў Экстралізе Беларусі, па выніках рэгулярнага чэмпіянату заняў 10-е месца (не заслужыўшы такім чынам права гуляць у плэй-офф чэмпіянату). Акрамя таго, ХК «Шыннік» (Бабруйск) зьяўляецца базавым для моладзевае (да 20 гадоў) зборнае Беларусі. Таксама ў палацы ладзяцца масавыя катаньні на каньках.

У горадзе ёсьць уласны футбольны клюб «Белшына Бабруйск» (заснаваны ў 1977, у 19931995 зваўся «Шыньнік»). Сямейныя гульні праводзіць на стадыёне «Спартак» (ёмістасьць 3700 месцаў). Клюб зьяўляецца чэмпіёнам і срэбным прызэрам, а таксама двухразовы бронзавым прызэрам чэмпіянату Беларусі, трохразовым ўладальнікам Кубку Беларусі. У цяперашні час выступае ў першай лізе Чэмпіянату Беларусі па футболе.

У горадзе праводзяцца міжнародныя (па міні-футболе і самба) і рэспубліканскія (два па грэка-рымскім дужаньні — памяці генэрал-маёра Бахарава і на прызы Ліштвана) турніры, спартакіяда па дзюдо, этапы рэспубліканскіх кубкаў па вэляспорце, драгрэйсынгу і турыска-прыкладным шматбор’і, а таксама лёгкаатлетычныя спаборніцтвы памяці генэрал-маёра Бахарава(больш за 1500 удзельнікаў у 2008) і чэмпіянат Беларусі па більярдзе.

[рэдагаваць] Эканоміка

У горадзе працуе больш за 40 розных прамысловых прадпрыемстваў па вытворчасьці будматэрыялаў, хімічнае, машынабудаўнічае, мэталаапрацоўчае, дрэваапрацоўчае, лёгкае, харчовае прамысловасьці.

Структура і спэцыялізацыя прамысловае вытворчасьці Бабруйска[9]:

Таксама ў Бабруйску разьмешчаны адзін з двух у Беларусі гідролізных заводаў (другі ў Рэчыцы).

[рэдагаваць] Транспарт

Бабруйск зьяўляецца найбуйнейшым транспартным цэнтрам з тых гарадоў Беларусі, што не зьяўляюцца абласнымі цэнтрамі. Гараджан перавозяць 2 тралейбусныя лініі (адзіны з гарадоў, што не зьяўляюцца абласнымі цэнтрамі, у якім ёсьць тралейбус), каля 30 аўтобусных лініяў, звыш за 70 лініяў маршрутных таксовак. У горадзе ёсьць аўтавакзал, дзьве чыгуначныя станцыі: «Бабруйск» (пасажырская) і «Бярэзіна» (грузавая), порт на рацэ Бярэзіне. Раней існаваў аэрапорт.

Праз горад праходзіць галіна B панэўрапейскага транспартнага калідору IX (Калінінград — Вільня — Менск — Кіеў — Адэса).

[рэдагаваць] Турыстычная інфармацыя

Цэнтар турызму дзяржаўнага значэньня. Гасьцініцы «Бабруйск», «Юбілейная», «Фэнікс», «Турыст» (узьведзеная ў 2006, 198 месцаў). Бальнеагразевы курорт «Бабруйск» (санаторы імя У. І. Леніна, санаторы-прафілякторы «Фандок» і санаторна-аздараўленчы комплекс «Шыньнік»), дзіцячы санаторы «Вясёлка».

Бабруйск — вядомы цэнтар ганчарнага промыслу, г.зв. бабруйскай керамікі.

[рэдагаваць] Выдатныя мясьціны

Касьцёл Беззаганнага Зачацьця НПМ, здымак пач. ХХ ст.

[рэдагаваць] Страчаная спадчына

  • Вуніяцкая царква (XVII ст.).
  • Царква Сьв. Духа (XIX ст.).

[рэдагаваць] Галерэя

[рэдагаваць] Цікавыя факты

  • Упершыню шырокую вядомасьць Бабруйск атрымаў у 1933, калі ён быў згаданы ў кнізе «Залатое цяля» І. Ільфа і Я. Пятрова як высокакультурны горад, куды імкнуліся ўсё «дзеці» лейтэнанта Шміта. Упершыню ў Ільф і Пятроў згадаюць Бабруйск у фэльетоне 1929 «Птушычка зь Межрабпамфільму», які пачынаецца са словаў «У горадзе Бабруйску здарылася няшчасьце.»
  • Горад згадваецца ў гіранічным кантэксьце ў «Песьні гуру» (1982) Майка Навуменкі, лідэра расейскага рок-гурту «Заапарк».
  • Наступны віток вядомасьці прыйшоў да гораду ў пачатку 21 ст. ў сеціве Інтэрнэт, дзякуючы славеснаму штампу «Ф Бабруйск, жывотнае!», найболей папулярнаму сярод расейскае субкультуры «падонкафф». У гэтай якасьці Бабруйск склаў сур’ёзную канкурэнцыю Урупінску, практычна выцесьніўшы яго з займанае нішы.
  • У амэрыканскім сэрыяле «Зорны шлях: Наступнае пакаленьне» у эпізодзе «Сям’я» Ворф чакае сваіх бацькоў для тэлепартацыі на «Энтэрпрайз» зь «Зямное станцыі Бабруйск» у 2367.
  • У амэрыканскім фільме «Ілжывая спакуса» на 115 хвіліне згадваецца Валянцін Рыгоравіч Міронаў, які сьцьвярджае, што ён родам з Бабруйска.
  • У 1988 у Бабруйску быў створаны шырокавядомы рок-гурт Би-2.
  • У 2006 у горадзе адчынены помнік бабру.
  • У 2008 у горадзе ўсталяваныя яшчэ два помнікі: бабёр на лаўцы і сантэхнік.
  • У 1949 ЦК КП(б)Б накіраваў прашэньне сакратару ЦК ВКП(бы) Малянкову у гонар 70-годзьдзя Сталіна дазволіць, акрамя ўсяго іншага, пераназваць Бабруйск у Сталінск, а Бабруйскую вобласьць — у Сталінскую[10].

[рэдагаваць] Гарады-сябры

[рэдагаваць] Месцы ў іншых гарадох, зьвязаныя з Бабруйскам

[рэдагаваць] Вядомыя асобы

[рэдагаваць] Ураджэнцы гораду

[рэдагаваць] Крыніцы

  1. ^ Малеч. Магдэбурскае права. // Гістарычная брама №6(10) 1998
  2. ^ У 14 гарадах Беларусі колькасць насельніцтва перавышае 100 тыс. чалавек // Наша Ніва, 26 сакавіка 2009 г.
  3. ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 30
  4. ^ a b Валерый Грынявецкі. Бабруйск // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 273
  5. ^ Бабруйск // Анатоль Цітоў. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.
  6. ^ Бобруйск // Историческая энциклопедия. В 16 т. — М.: Издательство «Советская энциклопедия», 1973—1982.
  7. ^ Бобруйск // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  8. ^ Бобруйск // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
  9. ^ Эканоміка — Прамысловы комплекс
  10. ^ Нарыс гісторыі беларускай дзяржаўнасці. — Мінск: «Беларуская навука», 2008. — С. 416

[рэдагаваць] Літаратура

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Commons-logo.svg  Бабруйсксховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Асабістыя прылады
Прасторы назваў

Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах