Багдан Сапега

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Багдан Сапега
Багдан Сапега
Багдан Сапега

Герб «Ліс»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся да 1450
Памёр па 1512
Род Сапегі
Бацькі Сямён Сапіга
Настасься Паўшанка
Жонка Фядора з Друцкіх-Сакалінскіх
Дзеці Іван, Януш, Фёдар, Багдана, Ганна

Багдан Сапега[a] (да 1450 — па 1512) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Пісар гаспадарскі (1471—1488).

Заснавальнік чарэйска-ружанскай лініі роду Сапегаў[1]. Праз шлюб (1475) атрымаў маёнткі Чарэю, Белую, Тухачова, Лемніцу, Сар’ю, Грэзань. Таксама набыў шмат маёнткаў за ўласныя грошы, у выніку абмену з братам Іванам атрымаў Ельню — заклаўшы гэтымі набыткамі ядро сапегаўскіх лятыфундыяў.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Партрэт Б. Сапегі аўтарства Ю. Шубэлера, 1872

Прадстаўнік шляхецкага роду Сапегаў гербу «Ліс», старэйшы сын Сямёна, пісара гаспадарскага, і Настасьсі Паўшанкі. Меў брата Івана, заснавальніка коданскай лініі роду.

У 1471—1488 быў пісарам гаспадарскім у вялікага князя Казімера, у 1494—1500 намесьнікам і дзяржаўцам мцэнскім і любецкім, пазьней акольнічым смаленскім, з 1503 намесьнікам высакадворскім.

Выконваў дыпляматычную службу ў складзе пасольстваў у Маскву (1504, 1507). Другое пасольства, якое адбывалася ў таварыстве Яна Радзівіла і ставіла на мэту паведаміць Васілю III пра зьмены на літоўскім стальцы, а таксама дабіцца вяртаньня страчаных тэрыторыяў і вызваленьняў палонных, скончылася затрыманьнем і зьняволеньнем як закладніка за сям’ю Міхала Глінскага[2]. Вызвалены ў 1508 у выніку заступніцтва вялікага князя Жыгімонта Старога.

У 1475 ажаніўся з князёўнай Фядорай Друцкай-Сакалінскай. У шлюбе нарадзіліся дзеці:

  • Іван (каля 1480 — 1546), маршалак гаспадарскі і ваявода віцебскі
  • Януш (пам. 1529/1531), дваранін гаспадарскі
  • Фёдар (пам. да 1534), дваранін гаспадарскі
  • Багдана, 1-ы муж князь Раман Друцкі-Любецкі, 2-гі муж маршалак гаспадарскі Ян Статкевіч
  • Ганна, 1-ы муж канюшы дворскі Якуб Кунцэвіч, 2-гі муж Алехна Скарута

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Імя Багдан утварылася ад словазлучэньня «дадзены Богам», таксама сустракаецца лацінская форма Тэадат

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Грыцкевіч А. Сапегі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 546.
  2. ^ Грыцкевіч А. Сапегі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 547.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]