Банґлядэш

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.

Перайсьці да: навігацыя, пошук
গণ প্রজাতন্ত্রী বাংলাদেশ
Сьцяг Банглядэш Герб Банглядэш
(Сьцяг) (Герб)
Нацыянальны дэвіз: няма
Месцазнаходжаньне Банглядэш
Афіцыйная мова бэнгальская
Сталіца Дака
Найбуйнейшы горад Дака
Урад Парлямэнцкая рэспубліка
Зілур Рахман
Шэйх Гасіна Вазэд
Плошча
 - Агульная
 - % вады
94-е месца ў сьвеце
147 570 км²
7%
Насельніцтва
 - Агульнае (2007)
 - Шчыльнасьць
7-е месца ў сьвеце
161 300 000
1093/км²
СУП
 - Агульны (2008)
 - на душу насельніцтва
48 месца ў сьвеце
$224,889 млрд
$1389
Валюта Така (BDT)
Часавы пас
 - улетку
BST (UTC+6)
BDST (UTC+7)
Незалежнасьць
 — абвешчаная
 — атрыманая
ад Пакістану
26 сакавіка 1971
16 сьнежня 1971
Дзяржаўны гімн «Amar Shonar Bangla»
Аўтамабільны знак BD
Дамэн верхняга ўзроўню .bd
Тэлефонны код +880

Наро́дная Рэспу́бліка Банглядэ́ш — краіна ў Паўднёвай Азіі. Яна ўяўляе сабою ўсходнюю частку старажытнага регіёну Бэнгалія. Краіна знаходзіцца на поўначы ад Бэнгальскай затокі. Мяжуе на захадзе, поўначы ды паўночным усходзе зь Індыяй, на паўднёвым усходзе з М'янмаю.

Зьмест

[рэдагаваць] Гісторыя

Асноўны артыкул: Гісторыя Банглядэш

Першая пісьмовая згадка пра існаваньне дзяржавы на тэрыторыі цяперашняй Банґлядэш адносіцца да 5-4 стагодзьдзяў да н. э. У наступныя стагодзьдзі Ўсходняя Бэнгалія была часткай імпэрый Маур’яў і Гуптаў, зьяўлялася цэнтрам імперыі Палаў і дзяржавы Сенаў, уваходзіла ў склад Дэлійскага султанату і імпэрыі Вялікіх Маголаў. З 1757 да 1947 Усходняя Бэнгалія нахадзілася ў складзе Брытанскай Індыі. У выніку падзелу Індыі па рэлігійным прынцыпе Ўсходняя Бэнгалія адышла да Пакістану, і на яе тэрыторыі была створаная правінцыя Ўсходні Пакістан. У сьнежні 1970 на ўсеагульных выбарах, якія адбыліся ў адзіным Пакістане перамагла Народная ліга (НЛ), што выступала з праграмай наданьня Ўсходняму Пакістану рэгіянальнай аўтаноміі. Спроба пакістанскіх улад сілай не дапусьціць прыходу НЛ да ўлады прывяла да абвяшчэньня незалежнасьці Банґлядэш (26 сакавіка 1971) і да пачатку ўзброенай барацьбы, у якой узброеныя фармаваньні прыхільнікаў незалежнасьці атрымалі ваенную падтрымку з боку Індыі. Вызваленчая вайна завяршылася 16 сьнежня 1971 капітуляцыяй усходне-бэнгальскай групоўкі ўзброеных сіл Пакістану. За гады незалежнасьці адбылося 4 дзяржаўныя перавароты, зьмянілася 14 прэзыдэнтаў, двое зь якіх былі забітыя. Звыш 8 гадоў краіна жыла ва ўмовах ваеннага рэжыму, уплыў вайскоўцаў па-ранейшаму надзвычай высокі.

[рэдагаваць] Палітыка

[рэдагаваць] Унутрання палітыка

Банґлядэш — унітарная рэспубліка з парлямэнцкай формай кіраваньня. Дзейнічае Канстытуцыя 1972 (з наступнымі зьменамі). Кіраўнік дзяржавы — прэзыдэнт (зь верасьня 2002 — Яджудзін Ахмэд), які абіраецца парлямэнтам на тэрмін 5 гадоў.

З кастрычніка 2001 па кастрычнік 2006 кааліцыйны ўрад 4-х партыйнага альянсу (Нацыяналістычная партыя Банґлядэш, Джамаат-і-Ісламі, Аб’яднаны Ісламскі блёк і Нацыянальная партыя (Манзура)) узначальвала прэм’ер-міністар спадарыня Халеда Зія. У адпаведнасьці з Канстытуцыяй за тры месяцы да правядзеньня парлямэнцкіх выбараў — 29 кастрычніка 2006 — выканаўчая ўлада была перададзеная «пазапартыйнаму» пераходнаму ўраду, якое ўзначальвае Фахрудзін Ахмэд.

Парлямэнт — аднапалатная Нацыянальная асамблея (Джацья Шангшад), якая складаецца з 345 дэпутатаў (300 дэпутатаў абіраюцца на аснове мажарытарнай сыстэмы па аднамандатных акругах, а 45 месцаў рэзэрвуюцца для жанчын-парлямэнтарыяў па адмысловай квоце). Тэрмін паўнамоцтваў парлямэнта — 5 гадоў. Абраны ў кастрычніку 2001 парлямэнт распушчаны ў кастрычніку 2006 у сувязі з заканчэньнем тэрміна паўнамоцтваў. Бліжэйшыя парлямэнцкія выбары запланаваныя на канец 2008 году.

У краіне дзейнічае звыш 100 палітычных партыяў — ад фундамэнталісцкіх да ўльтралевых.

Найболей уплывовымі зьяўляюцца Нацыяналістычная партыя Банґлядэш (НПБ) і Народная Ліга (НЛ). НПБ заснаваная ў 1978 (у 1978—1982, 1991—1996 і 2001—2006 знаходзіліся ва ўладзе). Кіруецца ідэямі «банґлядэскага нацыяналізму». У цяперашні час фактычна падзеленая на дзьве фракцыі. НЛ, узначаленая Шэйхам Хасінам, была заснаваная ў 1949 (у 1972—1975 і 1996—2001 знаходзіліся ва ўладзе). Выступае, у цэлым, з сэкулярысцкіх, шмат у чым — цэнтрысцкіх пазіцыяў.

Абмежаваны ўплыў захоўвае Нацыянальная партыя былога прэзыдэнта Х. М. Эршада (заснаваная ў 1986), урад якога сыйшоў пад ціскам масавых выступаў у сьнежні 1990.

Прыкметным уплывам сярод кансэрватыўнай часткі насельніцтва карыстаецца рэлігійная партыя «Джамаат-і-Ісламі». Уваходзіла ва ўрад Х. Зія.

Сярод партый левага толку, аб’яднаных у 11-партыйны альянс, найболей буйныя Працоўная і Камуністычная партыі.

Унутрыпалітычная сытуацыя ў Банґлядэш адрозьніваецца хранічнай нестабільнасьцю. Яна рэзка абвастрылася напярэдадні парлямэнцкіх выбараў, якія былі прызначаныя на 22 студзеня 2007, з-за супрацьборства дзьвюх найбуйнейшых палітычных сіл краіны – Нацыяналістычнай партыі Банґлядэш (НПБ) і Народнай лігі (НЛ), што пагражала перарасьці ў агульнапалітычны крызыс, вымусіла прэзыдэнта пры падтрымцы войска і іншых сілавых структур Банґлядэш увесьці па ўсёй краіне надзвычайнае становішча і высунуць на авансцэну (па ўзгадненьні з асноўнымі заходнімі дзяржавамі-донарамі) пераходны ўрад. У цяперашні чась ён спрабуе рашыць асноўныя сацыяльна-эканамічныя і палітычныя праблемы, якія стаяць перад краінай — выкараненьне карупцыі, крыміналу і тэрарыстычнай актыўнасьці радыкальных фундамэнталісцкіх арганізацый. Было заяўлена, што адкладзеныя парламенцкія выбары, а таксама выбары ў органы мясцовага самакіраваньня будуць праведзеныя да канца 2008 года, пасьля чаго ўлада будзе перададзеная нанова абранаму ўраду.

У рамках падрыхтоўкі да выбараў зьдзяйсьняюцца перапіс выбарнікаў і рэфармаванне дзеючага заканадаўствы. Адначасова вядзецца праца па рэфармаваньні партыйнай сыстэмы, і прадпрымаюцца спробы стварыць новыя палітычныя структуры для забесьпячэньня пераемнасьці цяперашняга курсу.

[рэдагаваць] Зьнешняя палітыка

Банґлядэш — член ААН з 1974, была ініцыятарам стварэньня ў 1985 Асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва краін Паўднёвай Азіі (СААРК), а ў 2006—2007 старшынствавала ў Асацыяцыі. Зьяўляецца таксама членам Садружнасьці, узначаленай Вялікабрытаніяй, Руху недалучэньня, Арганізацыі Ісламская Канфэрэнцыя, Групы 77-і, арганізацыі «Ісламская васьмёрка», паўднёва-азіяцкага «чатырохкутніка росту», групы эканамічнага супрацоўніцтва БІМСТЭК (Бангладэш, Індыя, М'янма, Шры-Ланка, Тайланд, Нэпал, Бутан) і Дыялогу па супрацоўніцтве ў Азіі. У 2005 стала ўдзельнікам Азіяцкага рэгіянальнага форума (АРФ).

Зьнешнепалітычны курс Дакі сфакусіраваны на задачы забесьпячэньня спрыяльных міжнародных умоваў для пераадоленьня сацыяльна-эканамічнай адсталасьці краіны сродкам максімальнага прыцягненьня інвэстыцыяў, замежнай дапамогі (каля 1,2 млрд даляраў штогод), захаваньні і набыцьці гандлёвых палёгак. Асноўны прынцып зьнешняй палітыкі — «сяброўства з усімі, варожасьць ні з кім».

Банґлядэш выступае за захаваньне ролі ААН як галоўнага гаранта падтрыманьня міру і бясьпекі, за ўзмацненьне ролі Савета Бясьпекі і яго права разглядаць у індывідуальным парадку пытаньні ўжываньня сілы. Дака супраць павелічэньні ліку сталых членаў СБ ААН, а пры разглядзе пытаньня аб пашырэньні складу нясталых членаў выступае за захаванне геаграфічнай прапорцыі пры разьмеркаваньні месцаў. З 1988 банґлядэскія вайскоўцы прымаюць удзел у апэрацыях ААН па падтрыманьні міру.

Банґлядэш актыўна працуе ў фармаце Канфэрэнцыі па раззбраеньні, рэгулярна падае інфармацыю ў Рэестр звычайных узбраеньняў ААН, падтрымлівае ініцыятывы па раззбраеньні і кантролю над узбраеньнямі. Зьяўляючыся ўдзельніцай усіх буйных адпаведных міжнародных дагавораў (ДВЗЯД, ДНЯЗ, КЗХЗ, КБТЗ і інш.), імкнецца да захаваньня і ўмацаваньня наяўных рэжымаў нераспаўсюду.

Салідарная з высілкамі сусьветнай супольнасьці на антытэрарыстычным напрамку, Дака, у тым ліку і на рэгіянальным узроўні (у рамках БІМСТЭК і СААРК), будуе свае падыходы ў рэчышчы выкананьня рэзалюцый СБ ААН №1373 і №1624. Зьяўляецца ўдзельніцай усіх 13 міжнародных антытэрарыстычных канвэнцый, далучыўшыся ў маі 2007 да Канвенцыі ААН па прадухіленьні ядзернага тэрарызму.

У лютым 2008 Дака далучылася да Канвэнцыі ААН супраць карупцыі.

[рэдагаваць] Геаграфія

[рэдагаваць] Адміністратыўны падзел

Бангладэш — унітарная дзяржава, адміністратыўна падзеленая на шэсьць абласьцей (па-бэнгальску «бібгаґ»). Абласнымі цэнтрамі зьяўляюцца гарады:

[рэдагаваць] Эканоміка

Па клясыфікацыі ААН Банґлядэш уваходзіць у лік найменш разьвітых краін сьвету. Гадавы прыбытак на душу насельніцтва — 520 даляраў ЗША.

У Банґлядэш маюцца радовішчы прыроднага газу, (запасы ацэньваюцца ад 360 млрд м³ да 657 млрд м³), нафты, каменнага вугля, вапняку. Гідраэнэргетычныя рэсурсы выкарыстоўваюцца практычна поўнасьцю.

Аб’ём СУП у 2007 склаў 78 млрд дал. (у 2006 — 64 млрд), залатавалютныя запасы — 5,5 млрд дал. Дзяржаўны доўг — 22 млрд дал. Аб’ёмы экспарту ў 2007 склалі 12,8 млрд дал., імпарту — 16 млрд дал. Інфляцыя ў 2007 на ўзроўні 11,5 %.

Вядучая галіна эканомікі — сельская гаспадарка, у якой занята каля 65 % насельніцтва. Апроч некалькіх мікрадзяржаваў і краін-астравоў, Банґлядэш мае самую высокую шчыльнасьць насельніцтва ў сьвеце. Па гэтай прычыне безьзямельле зьяўляецца адною з найвялікшых праблем краіны. Безьзямельныя сяляне часта перасяляюцца ў гарады, асабліва Даку, дзе цяжка знайсьці працу і жытло. Іншыя незаконна перабіраюцца ў Індыю. Збор зерневых (рыс, пшаніца) не перавышае 20 млн т. і не задавальняе ўнутраных патрэбнасьцяў краіны, таму харчовы дэфіцыт пакрываецца за кошт імпарту. Удзельная вага прамысловасьці, у якой занята 14 % насельніцтва, складае 12 %. Яе аснова — тэкстыльныя, швейныя, джутавыя і гарбарныя прадпрыемствы.

Асноўныя экспартныя тавары Банґлядэш — швейныя вырабы і трыкатаж, а таксама марожаныя морапрадукты, абутак, кераміка, джут і вырабы зь яго, чай, медыкамэнты. У наменклятуры імпарту пераважаюць энэрганосьбіты, машыны і абсталяваньне, сыравіна і розныя спажывецкія тавары. Найбуйнейшыя імпарцёры банґлядэшскай прадукцыі — ЗША, Вялікабрытанія, Нямеччына і Францыя, а асноўныя пастаўшчыкі тавараў у Банґлядэш — Індыя, Японія, Кітай, ЗША.

З пачатку 1990-х урад Банґлядэш праводзіць палітыку заахвочваньня прыватнага капіталу, у тым ліку замежнага, які ўжо заняў трывалыя пазыцыі ў тытунёвай, фармацэўтычнай, хімічнай, гарбарнай прамысловасьці, а таксама ў энэргетыку і газаздабычу. Асабліва спрыяльныя ўмовы для замежных капіталаўкладаньняў створаныя ў свабодных экспартных зонах, колькасьць якіх павялічваецца з кожным годам. На канец 2007 іх было дзевяць, а ў 2008 плануецца адкрыць яшчэ дзьве.

[рэдагаваць] Дэмаграфія

У этнічным пляне насельніцтва Банглядэш — амаль аднароднае. Бэнгальцы складаюць 98% насельніцтва. У астатнія 2% ўваходзяць выхадцы зь Індыі, якія гавораць на мове урду, а таксама мангалойдныя плямёны, якія жывуць пераважна на паўднёвым усходзе краіны. Бэнгальцы гавораць на бэнгальскай мове, якая належыць да індаарыйскай групы індаэўрапейскай сям’і. У бэнгальскай мове існуюць шматлікія мясцовыя дыялекты, носьбіты якіх не заўсёды могуць разумець адзін аднаго, не карыстаючыся стандартызаванай бэнгальскай мовай. Некаторыя лінгвісты лічаць адзін з гэтых дыялектаў, якім карыстаюцца на паўночным усходзе Банглядэш, асобнаю, сылецкаю моваю.

Большасьць насельніцтва Банглядэш (прыкладна 83%) складаюць мусульмане. Бэнгальцы пачалі масава прымаць іслам у 13 стагодзьдзі. Але 16% насельніцтва захавала ранейшую веру — індуізм. У Банглядэш таксама жывуць будысты, хрысьціяне ды анімісты.

[рэдагаваць] Культура

Агульная колькасьць пэрыядычных выданьняў складае звыш 1,5 тыс., у т. л. больш 200 штодзённых газэт на бэнгальскай і ангельскай мовах. Найбуйнейшыя бэнгаламоўныя штодзённыя газэты — «Ітэфак», «Джанаконтха»; «Інкілаб»; англамоўныя — «Банґлядэш абзэрвер», «Індэпендэнт». На пэрыяд надзвычайнага становішча ўведзеныя абмежаваньні на крытыку дзейнасьці кіраўніцтва краіны.

Маюцца тры дзеючыя інфармацыйныя агенцтвы: дзяржаўнае Бі-Эс-Эс, а таксама прыватныя Ю-Эн-Бі і «Бі-Дзі-Ньюс 24».

Дзяржаўнае тэлебачаньне і радыёвяшчаньне маюць па адным канале, якія вяшчаюць на бэнгальскай і часткова на ангельскай мовах. Існуе 10 прыватных кабэльных тэлеканалаў і 6 радыёстанцыяў.

З прычыны масавай непісьменнасьці насельніцтва Банґлядэш дзяржава прымае меры па яе скарэйшай ліквідацыі. Створана асобнае міністэрства ўсеагульнай пачатковай адукацыі, дадзены дазвол на дзейнасьць у краіне шматлікіх банґлядэскіх і замежных няўрадавых грамадзкіх арганізацыяў у сфэры адукацыі.

Адмысловае месца займаюць духоўныя ісламскія навучальныя ўстановы, афіцыйная колькасьць якіх перавышае 12 тысяч. У краіне налічваецца некалькі дзясяткаў дзяржаўных і прыватных (больш за 60 тысяч) ВНУ. Вялікая частка зь іх разьмешчаная ў сталіцы краіны Даке. Празьмерна актыўны ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у палітычнай дзейнасьці адмоўна адбіваецца на навучальным працэсе. Недахоп навучальнай і навуковай базы і невысокі прэстыж банґлядэскіх дыплёмаў у іншых краінах змушае студэнтаў працягваць сваю адукацыю за мяжой.

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

 Банґлядэшсховішча мультымэдыйных матэрыялаў



Краіны Азіі
Азэрбайджан | Аман | Армэнія | Аўганістан | Банґлядэш | Бахрэйн | Брунэй | Бутан | Віетнам | Грузія | Емэн | Злучаныя Арабскія Эміраты | Ізраіль | Інданэзія | Індыя | Ірак | Іран | Казахстан | Камбоджа | Катар | Кіпр | Кітай | Кувэйт | Кыргыстан | Лаос | Лібан | Малайзія | Мальдыўскія выспы | Манголія | М'янма | Нэпал | Пакістан | Паўднёвая Карэя | Паўночная Карэя | Расея | Рэспубліка Кітай (Тайвань) | Саудаўская Арабія | Сынґапур | Сырыя | Таджыкістан | Тайлянд | Туркмэністан | Турцыя | Тымор-Лешці | Узбэкістан | Філіпіны | Шры-Ланка | Эгіпет | Японія | Ярданія
Непрызнаныя тэрыторыі: Абхазія | Ганконґ | Курдыстан | Макао | Нагорны Карабах | Палестына

Асабістыя прылады
На іншых мовах