Баранавіцкае гета

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік 12 000 загінулым жыдам у Баранавічах, на вуліцы Царука

Баранавіцкае гета — жыдоўскае гета, якое было створана пад час Другой сусьветнай вайны ў Баранавічах нацыстамі.

Гета было створана амаль адразу пасьля захопу гораду немцамі. 28 чэрвеня 1941 году баранавіцкія жыды мусілі перасяліцца ў раён Баранавічаў, празваны Сахалінам. Гета мела межы па вуліцах: Віленская (цяпер Гагарына), Наратовіча (цяпер Камсамольская), Царкоўная (цяпер Лісіна), Панятоўскага (цяпер Багдановіча), Ажэшкі. Уезд на тэрыторыю гета быў з вуліцы Віленскай па вуліцы Садовай (цяпер Міцкевіча). Усё гета было агароджана двума радамі калючага дроту.

На чалавека ў гета прызначаўся 1 м² жылой плошчы. Харчаваньне (200 грамаў эрзац-хлебу на дзень і 1 кг крупы на месяц) выдавалася толькі працуючым.

У студзені 1941 ў гета знаходзілася больш за 15 000 жыдоў з гораду і ваколіцаў.

У баранавіцкі юдэнрат уваходзіла 26 асобаў. На чале яго стаяў Аўсей Гіршэвіч Ізыксон, паліцыяй гета кіраваў Наім Піневіч Вальтман. Сядзіба юдэнрату знаходзілася ў будынку пры вуліцы Садовай, 10.

29 чэрвеня і 30 чэрвеня 1941 было расстраляна прыкладна па 500 і 300 жыдоў на старых жыдоўскіх могілках (цяпер вул. Чарнышэўскага). 30 чэрвеня 1941 немцы адабралі 36 жыдоў-дактароў быццам бы для лекаваньня савецкіх ваеннапалонных, і ў той самы дзень іх расстралялі.

9 ліпеня 1941 было паведамлена пра расстрэл 73 жыдоў, якія супрацоўнічалі з камуністамі. Напрыканцы ліпеня расстралялі яшчэ каля 70 чалавек інтэлігенцыі.

4 сакавіка 1942 быў праведзены масавы расстрэл жыхароў гета. Жывымі пакінулі толькі тых, хто мог працаваць. 3400 чалавек вывезьлі да Зялёнага Мосту за чыгункаю Баранавічы-Вільня і расстралялі. Забіты быў і старшыня гета Ізыксон.

17 сьнежня 1942 году пачалася поўная ліквідацыя Баранавіцкага гета. Жыды былі часткова зьнішчаныя (6000 расстраляныя каля вёскі Грабавец), часткова перавезены ў Калдычэўскі лягер сьмерці. Падвалы ў будынках, дзе хаваліся людзі, закідваліся гранатамі, некаторыя дамы паліліся. На ўезьдзе ў горад зьявіліся таблічкі «Свабодна ад жыдоў».

Летам 1942 у Баранавічы было прывезена некалькі тысячаў жыдоў з Чэхаславаччыны, Аўстрыі й Нямеччыны і расстраляныя недалёка ад гораду ва ўрочышчы Гай.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  113Д000025