Барбара Радзівіл
| Барбара Радзівіл | |
Невядомы мастак, 1730—1737 |
|
Герб «Трубы» |
|
| Асабістыя зьвесткі | |
| Нарадзілася: | 6 сьнежня 1520 Вільня |
| Памерла: | 8 траўня 1551 Кракаў |
| Род: | Радзівілы |
| Бацькі: | Юры Радзівіл Барбара Кола |
Барбара Радзівіл (Радзівілянка; 6 сьнежня 1520, Вільня — 8 траўня 1551, Кракаў) — каралева польская і вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта Аўгуста.
Зьмест |
[рэдагаваць] Біяграфія
Зь біржанска-дубінкаўскай лініі роду Радзівілаў, дачка Юрыя, гетмана вялікага літоўскага, і Барбары Кола. Мела брата Мікалая «Рудога» і сястру Ганну Альжбету.
Атрымаўшы выдатную адукацыю, Барбара адрозьнівалася ня толькі прыгажосьцю, але і розумам. 15 траўня 1537 году, у 17-гадовым веку, яе выдалі замуж за ваяводу троцкага Станіслава Гаштольда. Муж ня змог ацаніць прыгажосьць і розум жонкі, ён не кахаў і не паважаў яе. У 1539 годзе памёр яе сьвёкар, а хутка пасьля яго і сьвякроў. На працягу трох гадоў паміраюць бацька і муж. Барбара разам з маці зноў перасялілася ў Вільню да свайго брата Мікалая «Рудога».
У гэты час у Вільні знаходзілася рэзыдэнцыя Жыгімонта Аўгуста, які яшчэ пры жыцьці бацькі, Жыгімонта Старога, быў каранаваны на караля Польшчы і вялікага князя Літвы. Па знаёмстве з Барбарай, малады князь пачаў зь ёй сустракацца, нават зрабіў яе фрэйлінай сваёй жонкі Альжбеты з роду Габсбургаў, якая была хваравітай жанчынай, невялікага розуму і невыразнай зьнешнасьці. У 1545 годзе Альжбета памерла, і Жыгімонт пачаў сустракацца з Барбарай адкрыта.
Інтрыгі польскай шляхты, дрэннае стаўленьне каралевы-маці да Радзівілаў, а таксама заява братоў Барбары пра тое, што Жыгімонт абражае гонар іх сястры, вымусілі вялікага князя даць слова, што ён пакіне Барбару. Але Жыгімонт і Барбара неўзабаве (у 1547 годзе) патаемна пабраліся шлюбам у Вільні[1].
У 1548 годзе памёр Жыгімонт Стары, каралевіч быў тэрмінова выкліканы ў Кракаў, а яго маці Бона Сфорца пачала шукаць жонку для будучага ўладара. Аднак нечакана адкрылася, што кароль ужо жанаты. Каралева-маць прыкладала намаганьні, каб не дапусьціць каранацыі Барбары. Таго ж 1548 году сойм у Пёрткаве выступіў за скасаваньне шлюбу, але нягледзячы на гэта, Жыгімонт Аўгуст дамогся аго афіцыйнага вызнаньня, пагражаючы адрачэньнем ад стальца і склаўшы хаўрус з Габсбургамі[2].
Урачыстая каранацыя Барбары Радзівіл адбылася ў Кракаве 7 сьнежня 1550 году. На знак пратэсту Бона Сфорца выехала з Кракава на радзіму ў Італію. Аднак у траўні 1551 году каралева памерла. Канец Барбары быў жахлівы, яна памірала некалькі месяцаў у жудаснай агоніі, аднак Жыгімонт застаўся зь ёй да самага канца.
Паводле некаторых зьвестак, Барбару атруцілі агенты Боны Сфорцы, згодна зь іншымі — яна памерла пасьля доўгай хваробы.
Пахавалі каралеву і вялікую княгіню ў Віленскім катэдральным касьцёле.
[рэдагаваць] Легенда
Існуе паданьне пра тое, што пасьля сьмерці Барбары кароль наведаў Мікалая Радзівіла (брата Барбары) у Нясьвіжы, і прывёз з сабой чарадзея, які паабяцаў яму выклікаць дух жонкі ў тым месцы, дзе яны сапраўды кахалі адзін аднаго. Дух быў выкліканы, але кароль сваім каханьнем змог утрымаць Барбару, ня даўшы ёй вярнуцца туды, адкуль яе выклікаў чарадзей. Кароль мусіў вярнуцца паміраць у Нясьвіж, дзе б яны нарэшце сустрэліся. Аднак нечакана ён памёр у Кракаве, і паводле лененды, да нашых дзён дух Чорнай Дамы блукае па пакоях Нясьвіскага замка, у той час як дух Жыгімонта блукае ў Кракаўскім палацы.
[рэдагаваць] Галерэя
- Партрэты Барбары Радзівіл
-
Лукас Кранах малодшы, каля 1565
-
Невядомы мастак, XVII ст.
-
З кнігі Л. Ходзькі «La Pologne», XIX ст.
-
François Grenier, да 1868
-
На карціне В. Герсана «Zjawa Barbary», 1886
-
З «Encyklopedia staropolska ilustrowana», пач. XX ст.
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Валерый Пазднякоў. Барбара Радзівіл // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 285.
- ^ Валерый Пазднякоў. Барбара Радзівіл // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 286.
[рэдагаваць] Літаратура
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- К. Я. Шышыгіна-Патоцкая. Нясвіж і Радзівілы. Мн.: Беларусь, 2007. — 240 с.: іл. ІSBN 978-985-01-0740-4.
- Рудзкі Э. Барбара Радзівілянка — другая жонка Жыгімонта Аўтуста // «Спадчына» №5, 1994.
- Русецкая Н. Лісты Барбары Радзівілянкі да караля Жыгімонта Аўгуста // «Спадчына» №6, 1997.
- Radzivił, Barbara // Zaprudnik, Jan. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998.— 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Барбара Радзівіл — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў