Барыс Данілюк
Барыс Данілюк (5 красавіка 1923 в. Старыя Дзявяткавічы, Слонімшчына — 28 студзеня 2011 ЗША) — беларускі грамадзкі дзяяч у ЗША.
Нарадзіўся ў сям’і сьвятара, удзельніка Слуцкага паўстаньня Хведара Данілюка.
З 1933 году вучыўся ў пачатковай школе ў Слоніме, а з восені 1935 і да канца 1939 — у польскіх гімназыях у Слоніме і ў Баранавічах. У 1940 пакінуў навуку ў дзесяцігодцы і пачаў дапамагаць бацьку на гаспадарцы.
У Другую сусьветную вайну працаваў сакратаром і школьным інспэктарам у Слоніме, у беларускай Самапомачы, кіраваў мастацкай самадзейнасьцю ў Слоніме, быў спартовым інструктарам СБМ, служыў перакладчыкам пры 48-м Беларускім батальёне, браў удзел у 2-м Усебеларускім Кангрэсе. Акрамя гэтага сьпяваў у хоры Антона Валынчыка, быў танцорам у танцавальным гуртку, а таксама ўдзельнічаў у драматычным гуртку, які існаваў пры Слонімскім Народным Доме[1].
У лістападзе 1943 ажаніўся з Марыяй Дземідовіч. У ліпені 1944 разам зь сям’ёю зьехаў на Захад.
Да 1950 жыў у францускай акупацыйнай зоне ў Нямеччыне, вучыўся на інжынэра-будаўніка ва ўніверсітэце ЮНРРА ў Мюнхене, быў сябрам Беларускага студэнцкага згуртаваньня. Браў удзел у Зьездзе беларускіх студэнтаў, што прайшоў у кастрычніку 1947 г. у Марбургу. Сябра рэдакцыйнай калегіі часопісу «Крывіцкі Сьветач» З 1948 — сябра Рады БНР у Остэргофэне. Падтрымаў аднаўленьне БАПЦ у чэрвені 1948 г.
Пасьля пераезду ў ЗША браў актыўны ўдзел у арганізацыі беларускага царкоўнага і грамадзкага жыцьця ў Амэрыцы.
Уваходзіў у Раду і Кансісторыю Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, кіраваў царкоўным хорам у царкве сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку, зьяўляўся рэдактарам і выдаўцом часопіса «Царкоўны Пасланец».
У расколе БАПЦ у пачатку 1980-х узяў бок прыхільнікаў мітрапаліта Ізяслава і быў актыўным прыхільнікам гэтага кірунку ў беларускім грамадзкім жыцьці.
Аўтар грунтоўных успамінаў, надрукаваных у №33 «Запісаў БІНІМ»[2].
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ БАРЫС ДАНІЛЮК За веру і зямлю
- ^ Свет эміграцыйнага эпісталярыума Наша Ніва 24 снежня 2010
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
- У ЗША памёр грамадскі дзеяч Барыс Данілюк, Наша Ніва 1 лютага 2011
- БАРЫС ДАНIЛЮК — ДУШЫНЫЯ ПАСЬПЕВЫ РЫФМАВАНЫЯ ПЕРАКАЗЫ ВЫБРАНЫХ ПСАЛЬМАЎ I ПАБОЖНЫХ ВЕРШАЎ