Барыс Мікуліч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Барыс Міхайлавіч Мікуліч (псэўданімы: Б.Міхайлаў, Барыс М.; Крыптанімы: Б. М., БаМ, Б.М-ч, М. Б.; 19 жніўня 1912, Бабруйск — 17 чэрвеня 1954, с. Машукоўка, Краснаярскі край, РСФСР) — беларускі пісьменьнік, празаік, крытык.

Зьмест

[рэдагаваць] Біяграфія

З 1928 сябар бабруйскае філіі «Маладняка». З 1929 працаваў у бабруйскай газэце «Камуніст». У 1930 пераехаў у Менск. Працаваў карэктарам у Дзяржвыдавецтве БССР; стыльрэдактарам, адказным сакратаром у газэце «Літаратура і мастацтва». Потым зноў вярнуўся у выдавецтва на пасаду рэдактара (падчас арышту загадчык аддзелу газэты). У 1930 вучыўся ў Менскім беларускім пэдагагічным інстытуце (МБПІ), на літаратурных курсах у Маскве (1934—1936). У 1936 у Камуністычным інстытуце журналістыкі ў Менску. сябар СП Беларусі з 1934. У 1936 чытаў курс гісторыі літаратурных жанраў і гісторыі нарыса ў Інстытуце журналістыкі (Менск). Да 1936 выдаў 7 мастацкіх кніг. Быў сябрам ВЛКСМ.

Арыштаваны 26 лістапада 1936 у Менску па адрасе: вул. Чырвоназорная, д. 7, кв. 2., асуджаны пазасудовым органам НКУС 5 кастрычніка 1937 як «сябар контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» і за «антысавецкую дзейнасьць» да 10 гадоў ППК. У 1937 пераведзены ў Марыінск Новасыбірскай вобласьці, у 1938 — у Рашоты Краснаярскага краю. У 1943 пераведзены ў катэгорыю ссыльных. Пасьля вызваленьня ў 1946 пераехаў у Ашхабад да старэйшай сястры Кацярыны, нягледзячы на тое, што яму было забаронена жыць у сталіцах. У чэрвені 1947 без дазволу ўладаў вярнуўся ў Беларусь. Жыў у Бабруйску, у Цераховічах на Лагойшчыне. У лістападзе 1947 зь яго зьнятая судзімасьць. У 19471949 працаваў у бабруйскай бібліятэцы. Зьвярнуўся да гістарычнай тэматыкі, падрыхтаваў аповесць пра Максіма Багдановіча. Актыўна пісаў, але ягоныя творы не публікаваліся. Арыштаваны паўторна 28 красавіка 1949, высланы ў Сыбір на вечнае пасяленьне. Жыў у сяле Машукоўка Краснаярскага краю, дзе і памёр. Рэабілітаваны 29 сьнежня 1954, праз тры месяцы пасьля сьмерці. Асабовая справа М. № 9935-с з фотаздымкам захоў­ваецца ў архіве КДБ Беларусі.

[рэдагаваць] Творчасьць

Пачаў публікавацца з 1927 (часопіс «Маладняк»). У даваенны час выдаў зборкі апавяданьняў «Удар» і «Чорная вірня» (1931), «Яхант» (1935), аповесьці «Наша сонца» і «Ускраіна» (1932), «Дужасць» (1934), «Дружба» (1936). Тэматыка твораў гэтага пэрыяду: падзеі грамадзянскай вайны, пасьлякастрычніцкая рэчаіснасьць, складанасьць барацьбы новага і старога ў тагачаснай вёсцы. Адлюстраваў рамантыку рэвалюцыйнай эпохі, небывалы ўздым і працаздольнасьць свайго пакаленьня. Друкаваў рэцэнзіі, агляды тэатральнага рэпэртуару. Перажыў нападкі на свае творы («Наша сонца», «Дужасць») з боку крытыкаў-вульгарызатараў (А. Кучар). У пасьляваенны час у Ашхабадзе напісаў 1-ю частку рамана «Адвечнае» (надрукаваная 1972) з задуманай эпапеі пра расейска-францускую вайну 1812. У 19471949 шмат пісаў, асабліва пра падзеі Вялікае Айчыннай вайны (аповесьці «Цяжкая гадзіна», «Жыццяпіс Вінцэся Шастака», «Палеская аповесць»), аднак апальнага пісьменьніка ніхто не друкаваў. Аповесьць «Развітанне», прысьвечаная М. Багдановічу, апублікаваная ў 1959. У 19461949 напісаў у жанры дзёньнікавых запісаў «Аповесьць для сябе», апублікаваную ў 19871988 і 1993, у якой зьмясьціў успаміны пра беларускіх пісьменьнікаў, літаратурнае і тэатральнае жыцьцё Беларусі ў 19201950-я, сваё жыцьцё ў лягерох і турмах. Лепшыя творы Б. Мікуліча вылучаюцца псыхалягізмам, глыбінёй пранікненьня ў чалавечыя характары, жывой выразнай мовай.

[рэдагаваць] Творы

  • Выбранае. Мн., 1959;
  • Аповесці. Мн., 1985;
  • Палеская аповесць: Аповесці, апавяданні. Мн., 1991;
  • Аповесць для сябе. Мн., 1993.

[рэдагаваць] Літаратура

  • Бугаёў Д. Станаўленне мастака // Бугаёў Д. Шматграннасць. Мн., 1970
  • Грахоўскі С. Слова пра друга // ЛіМ. 1962, 31 жн.
  • Грахоўскі С. Так і застаўся маладым... // Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986
  • Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995. Т.4.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0141-9.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 2000. — 544 с.: іл. ISBN 985-11-0169-9 (т. 10), ISBN 985-11-0035-8.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
Асабістыя прылады
Прасторы назваў

Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах