Басовішча
Каардынаты: 53°06′24″ пн. ш. 23°39′48″ у. д. / 53.106598° пн. ш. 23.663435° у. д.
| Басовішча | |
Выступ N.R.M. на «Басовішчы-2007» |
|
| Гады | 1991 — цяпер |
|---|---|
| Краіна | Польшча |
| Горад | Гарадок |
| Мова | беларуская, польская, расейская, украінская |
| basowiszcza.org | |
«Басо́вішча» (Фэстываль Музыкі Маладой Беларусі, па-польску: Basowiszcza) — штогадовы фэст беларускай альтэрнатыўнай і рок-музыкі, які рэгулярна праводзіцца Беларускім аб’яднаньнем студэнтаў (БАС) на некамэрцыйнай аснове на лясной палянцы Борык ля мястэчку Гарадок на Беласточчыне, пачынаючы з 1990 году.
Фэст адбываецца на працягу двух ліпеньскіх дзён. Традыцыйна на фэсьце ладзіцца конкурс маладых выканаўцаў, якія даслалі свае заявы на ўдзел і пасьпяхова прайшлі адбор.
Зьмест |
[рэдагаваць] Удзельнікі
- Асноўны артыкул: Сьпіс удзельнікаў Басовішча
Штогод у асноўнай частцы праграмы «Басовішча» бярэ ўдзел каля двух дзясяткаў гуртоў. Пераважная колькасьць зь іх зьяўляюцца беларускімі, але таксама звычайна ў праграму ўваходзяць некалькі польскіх гуртоў. Цягам некалькіх апошніх гадоў у фэстывалі таксама ўзялі ўдзел гурты зь Летувы (IR, Mountainside), Украіны (Тінь Сонця, ...и Друг Мой Грузовик) і гурт з Італіі (Orchestra Arturo Piazza).
Сярод гуртоў зь Беларусі практычна кожны год удзел бяруць N.R.M., ULIS, Neuro Dubel, Крама. Сярод гуртоў з Польшчы — ZERO-85, RIMA.
У першы дзень фэстывалю ўдзень перад асноўнай часткай звычайна ладзіцца вольная сцэна, дзе гурты могуць прадэманстраваць свае здольнасьці.
У 2007 годзе фэстываль працягваўся тры дні замест традыцыйных двух, у выніку чаго больш за 30 гуртоў атрымалі магчымасьць выступіць на «Басовішчы».[1]
[рэдагаваць] Конкурсная частка
У 1992 годзе ў праграму фэстывалю быў уключаны конкурс маладых выканаўцаў, за перамогу ў якім маладыя гурты атрымліваюць прызы: звычайна фінансавыя ўзнагароды альбо час запісу ў студыі. У розныя гады пераможцамі конкурсу станавіліся гурты R.F.Braha (1997); КальЯн (1998); Znich, Deviation, Exist, Алесюкі (1999); Сонца Мао, PostScriptum, Zet, RIMA (2000); Impatt, Бан-Жвірба, Праект 2001, ZERO-85 (2001); Partyzone, BN, STOD (2002); Triquetra, Сьцяна, IQ48, Indiga (2003); Таксі, Сонцаварот, Тарпач, HMP (2004); 5set5, Зьмяя, Tav.Mauzer, Imprudence (2005); Parason, S.D.M., Vodar Susviet, Людзі Сьвятла, Nevma (2006); Фляўс і Кляйн, SOK, Unia (2007); TLUSTA LUSTA, Spita/\ь F, Глюкі (2008) ды іншыя.
У 2009 годзе пры правязеньні юбілейнага, дваццатага фэсту, ад конкурсу маладых выканаўцаў было вырашана адмовіцца. Як патлумачыла намесьніца старшыні Беларускага аб’яднаньня студэнтаў Кася Кузьміч, няма сэнсу рабіць конкурс і раздаваць узнагароды, бо «гурты, якія перамагалі ў конкурсе апошнім часам, па-сапраўднаму так і не даказалі сваю вартасьць»[2]. Замест маладых гуртоў былі запрошаныя пераможцы конкурсаў папярэдніх гадоў.
[рэдагаваць] Публіка
Штогод «Басовішча» наведвае некалькі тысячаў гледачоў.[3] Чакалася, што фэстываль 2008 году наведаюць 3 тысячы гледачоў.[4]
[рэдагаваць] Візавае пытаньне
Ад 21 сьнежня 2007 году Польшча далучылася да краінаў-удзельніц Шэнгенскай дамовы. Гэта падвысіла кошт аднаразовых візаў для грамядзянаў Беларусі з 5 да 60 эўра з дадаваньнем больш жорсткіх патрабаваньняў для атрыманьня візы. У 2008 годзе Беларускае аб’яднаньне студэнтаў вяло перамовы зь Міністэрствам замежных справаў Польшчы пра спрошчанае атрыманьне бясплатных візаў для наведвальнікаў фэстывалю зь Беларусі. Дамова была дасягнутая, але з абмежаваньнем у 150 бясплатных візаў для гледачоў, бо колькасьць усіх ахвотных значна перавышала консульскія магчымасьці[4], у выніку чаго візы атрымалі тыя, хто найхутчэй падаў заяўкі.
У 2009 годзе вырашэньнем пытаньня зь візамі займаўся гарадзенскі рух «За Свабоду!» як суарганізатар «Басовішча-2009». Уся візавая падтрымка гледачоў фэстывалю ажыцьцяўлялася праз польскі кансулят у Горадні, бо дамовіцца пра выдачу бясплатных візаў для гледачоў у Менску ў арганізатараў не атрымалася.[5] У выніку візы атрымалі каля 600 з тысячы ахвотных патрапапіць на фэстываль. Паводле словаў каардынатара фэстывалю Паўла Мажэйкі людзі прынесьлі дакумэнты ў апошнія дні, таму кансулят проста ня здолеў разгледзіць усе заяўкі за малы час. У выніку візу не атрымалі каля 400 чалавек з тых, што падалі дакумэнты.[6] Паводле іншых зьвестак, праз гарадзенскі рух «За Свабоду!» бясплатныя візы атрымалі 800 чалавек[7].
[рэдагаваць] Разьмяшчэньне і даезд
Сцэна, дзе праводзіцца фэстываль, разьмяшчаецца на лясной паляне Борык (па-польску: Borek). Падчас правядзеньня фэстывалю тут ствараецца намётавае мястэчка, дзе жыве ў намётах у дні фэсту большасьць гледачоў, і разгортваецца інфраструктура харчаваньня і пітва. Намётавае мястэчка звычайна ахоўваецца, уваход на яго і разьмяшчэньне намётаў платны, хаця і ня вельмі дарагі (каля 10 злотых).
На аўтамабілі да месца правядзеньня фэстывалю зь Беларусі даехаць можна праз памежны пераход Бераставіца — Баброўнікі да паварота на Гарадок, зь Беластоку — па дарозе 65. Цягніком з Горадні можна патрапіць Кузьніцу Беластоцкую, адкуль аўтобусам ці цягніком да Беластоку. З цэнтральнага аўтавакзалу ў Беластоку шмат разоў на дзень да Гарадка (прыпынак па-польску: Waliły-Stacja) адпраўляюцца аўтобусы, дарога куды займае прыблізна гадзіну. Расклады цягнікоў і аўтобусаў лепей спраўдзіць на сайтах польскай чыгункі[расклад 1] і аўтавакзала ў Беластоку.[расклад 2]
Зь Менску звычайна арганізуецца групавы даезд ахвотных адразу да месца правядзеньня фэстывалю.
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ У праграме Басовішча-2007 больш за 30 гуртоў // Воля Кузьміч, Generation.by
- ^ «Басовішча»: «У конкурсе няма сэнсу» // Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў»
- ^ ХХ Фэстываль Музыкі Маладой Беларусі Басовішча 17-18 ліпеня 2009
- ^ a b На «Басовішчы» чакаюць 3 тыс. гледачоў, але беларускім фанам далі толькі 150 віз // Зьміцер Панямонаў, Эўрарадыё, 10 ліпеня 2008 г.
- ^ Візу на «Басовішча» можна атрымаць толькі ў Гродне // Маша Яр, «Эўрарадыё», 26 чэрвеня 2009 г.
- ^ Каля 400 чалавек не атрымалі візы на «Басовішча» // Ганна Балаховіч, «Эўрарадыё», 16 ліпеня 2009 г.
- ^ Выдадзена больш за 800 пашпартоў з візамі
[рэдагаваць] Зацемкі
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Басовішча — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў