Баўгарская мова ва Ўкраіне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Доля насельніцтва, якая назвала роднай мовай баўгарскую паводле перапісу 2001 г.

Баўгарская мова ва Ўкраі́не (укр. болгарська мова в Україні) — адна з моваў нацыянальных меншасьцяў Украіны, у вялікай ступені распаўсюджаная сярод баўгараў краіны. Паводле перапісу насельніцтва 2001 году, баўгарскую мову назвалі роднай 64,2% украінскіх баўгараў (у Адэскай вобласьці — 77,8%, Запароскай — 31,8%).

Баўгарская мова належыць да паўднёваславянскай групы славянскай галіны індаэўрапейскай сям’і моваў. Яе фармаваньне адбывалася ўжо да прыбыцьця баўгарскіх перасяленцаў ва Ўкраіну й ішло на ўсходзе Балканскага паўвостраву. Баўгарская мова роднасная ўкраінскай у рамках славянскай групы.

Распаўсюджанасць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Родная мова баўгараў паводле дадзеных перапісаў[1][2][3]

1979 1989 2001
Баўгарская 68,3% 69,5% 64,2%
Расейская 28,5% 27,2% 30,3%
Украінская 2,8% 2,7% 5,0%
іншая 0,3% 0,6% 0,5%

Баўгарская мова ва Ўкраіне распаўсюджаная сярод большае часткі жыхароў Украіны баўгарскае нацыянальнасьці. Асноўныя арэалы баўгарскай мовы ва Ўкраіне супадаюць з расьсяленьнем украінскіх баўгараў і месьцяцца ў паўднёвай частцы Адэскай вобласьці (гістарычны рэгіён Буджак), а таксама ў асобных вёсках некаторых паўднёвых раёнаў Запароскае вобласьці (гл. мапу).

Носьбіты баўгарскае мовы ва Ўкраіне складаюць абсалютную большасьць ад насельніцтва ў Балградзкім раёне Адэскай вобласьці, дзе гэтая мова мае рэгіянальны статус; у іншых раёнах поўдня вобласьці баўгарскамоўныя жыхары складаюць заўважную частку ад насельніцтва. У Адэскай і Запароскай вобласьцях дзейнічаюць навучальныя ўстановы з адукацыяй на мове, ажыцьцяўляецца падрыхтоўка спэцыялістаў для наданьня адукацыі па-баўгарску. Апрача таго, у Адэскай і Запароскай вобласьцях, а таксама ў Крыме зьдзяйсьняецца трансьляцыя баўгарскамоўных радыё- і тэлеперадачаў, прысутнічаюць баўгарскамоўныя масавыя выданьні.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьяўленьне баўгарскае мовы ва Ўкраіне зьвязанае зь перасяленчымі працэсамі баўгараў ва Ўкраіну, якія пачаліся з XVIII ст. На поўдні сучаснай Адэскай вобласьці баўгары карысталіся пэўнай падтрымкай Расеі; была заснаваная баўгарская гімназія ў Балградзе, якая стала першай установай падобнага кшталту. Між іншым, пазьней гэтая дзейнасьць была згарнутая ў выніку палітыкі русіфікацыі.

У часы існаваньня СССР баўгарская грамада Ўкраіны мела ўласныя навучальныя ўстановы, спэцыялісты рыхтаваліся ў адпаведных нацыяльных сэкцыях розных навучальных установаў. Вялося друкаванае выданьне на баўгарскай мове. Тым ня менш, падобныя захады заняпалі прыкладна зь сярэдзіны 1930-х гадоў, вялікая частка баўгарскай украінскай інтэлігенцыі трапіла пад рэпрэсіі.

У незалежнай Украіне носьбіты баўгарскае мовы маюць мажлівасьць атрыманьня адукацыі на мове, вядзецца падрыхтоўка адпаведных спэцыялістаў у Адэскай і Запароскай вобласьцях; ажыцьцяўляецца праца друкаваных СМІ, радыё- і тэлеперадачаў. У 2012 годзе баўгарская мова трапіла ў пералік моваў паводле «Закону аб захадах дзяржаўнай моўнай палітыкі», у выніку чаго мова цяпер мае мажлівасьць атрыманьня афіцыйнага статусу пры выкананьні мясцовых паўнамоцтваў у любой адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы Ўкраіны, дзе баўгарскамоўныя жыхары складаюць ня менш як 10% ад насельніцтва. Вядуцца дасьледаваньні дыялектаў мясцовых баўгараў і сацыялінгвістычнае сытуацыі мовы ва Ўкраіне, ажыцьцяўляецца выданьне зборнікаў народнае творчасьці баўгарскай меншасьці.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]