Беларуская АЭС
Беларуская атамная электрастанцыя — праект беларускіх улад па будаўніцтве АЭС у Беларусі. Начальнікам службы кіраваньня праектам «Беларуская АЭС» зьяўляецца Алена Міронава. Паводле плянаў першы блёк АЭС павінен быць уведзены ў 2016 годзе, другі — не пазьней 2018 году.
Разглядаліся два сцэнарыі будаўніцтва АЭС сумарнай магутнасьцю 2 млн. кВт: увод трох энэргаблёкаў магутнасьцю 0,640 млн. кВт кожны і двух энэргаблёкаў магутнасьцю 1,0 млн. кВт. Першапачаткова прыняты плян будаўніцтва электрастанцыі з трыма энэргаблёкамі[1]. Пазьней перайшлі да пляну з двума рэактарамі[2].
Зьмест |
[рэдагаваць] Перадгісторыя
З-за постчарнобыльскай радыёфобіі насельніцтва Беларусі праекты будаўніцтва былі замарожаныя, кіраўніцтва дзяржавы абвясьціла фактычны мараторый на ўзьвядзеньне АЭС. Грамадзянам было абяцана правядзеньне рэфэрэндуму па гэтым дэлікатным пытаньні[3] [4]. Аднак імклівае разьвіцьцё негатыўных тэндэнцый на сусьветным рынку энэрганозьбітаў вымусіла беларускі ўрад прыняць рашэньне будаваць Беларускую АЭС.
Канчатковае рашэньне аб будаўніцтве было прынята 15 студзеня 2008 на пасяджэньні Савета Бясьпекі Рэспублікі Беларусь, якое праходзіла пад старшынствам прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі[5].
[рэдагаваць] Прычыны будаўніцтва
- Дыспрапорцыі энэргабалянсу Беларусі (доля прыроднага газу 80%).
- Залежнасьць ад аднаго пастаўшчыка.
- Кан'юнктура на сусьветных рынках вуглевадародаў.
- «Газавыя войны» з Расеяй.
- Энэргетычная бясьпека (Канцэпцыя энэргетычнай бясьпекі і павышэньня энэргетычнай незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, зацьверджаная ўказам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 жніўня 2005 № 399).
- Курс на эканомію і ашчаджальнасьць (Дырэктыва прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 № 3).
- Мясцовыя віды паліва, альтэрнатыўная энэргетыка, неарганічнае паліва.
- Кан'юнктура на сусьветным атамным рынку.
- Напрацоўкі беларускай навукі ў галіне энэргетыкі і ядзернай фізыкі.
[рэдагаваць] Перавагі АЭС
Прагнозы ўплыву АЭС на агульную сытуацыю ў энэргетычнай сфэры ў Беларусі:
- У энэргабалянсе Беларусі ў 2020 ядзернае паліва зойме 14-16% — каля 4 млн. тон умоўнага паліва (туп) з агульных 40 млн. туп паліўна-энэргетычнага балансу Рэспублікі Беларусь[6];
- Па папярэдніх падліках тарыфы на электраэнэргію ў Беларусі ў 2020 зьнізяцца ў параўнаньні з 2015 на 10-15%[7];
- Пасьля 2016 году ў выніку будаўніцтва першага блёку АЭС выдаткі на вытворчасьць электраэнэргіі ў Беларусі зьнізяцца арыентыровачна на 60-70%;
- Магчыма дазволіць эканоміць каля $1 млрд. у год на закупах газу, скарачэньне закупаў прыроднага газу на 3-3,5 млрд.куб.м у год;
- Паніжэньне выдаткаў на вытворчасьць электраэнэргіі;
- Скарачэньне выкідаў парніковага газу на 10-12 млн.т у год.
Разьвіцьцё атамнай энэргетыкі названа найважнейшым фактарам забесьпячэньня энэргетычнай бясьпекі краіны разам з мадэрнізацыяй дзеючай энэргасыстэмы, выкарыстаньнем аднаўляльных крыніц энэргіі, скарачэньнем энэргаёмістасьці ВУП і дывэрсыфікацыяй крыніц паступленьня вуглевадароднай сыравіны [8].
[рэдагаваць] Пляны будаўніцтва
Міністэрствам энэргетыкі Рэспублікі Беларусь супольна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі ў 2006 падрыхтаваны Плян падрыхтоўчых работ з агульным аб'ёмам фінансаваньня 15,8 млрд. руб. Праведзены папярэднія дасьледаваньні па праекту АЭС, выбару пляцоўкі яе магчымага разьмяшчэньня, стварэньні нарматыўнай базы бясьпечнага выкарыстаньня ядзернай энэргіі.
[рэдагаваць] Графік выкананьня работ
| Найменаваньне | Гады |
|---|---|
| Распрацоўка першачарговай нарматыўнай базы | 2006-2010 |
| Распрацоўка крытэрыяў, патрабаваньняў і выбар праекта АЭС | 2006-2007 |
| Зводны том «Тлумачальная запіска да этапа выбару пункта» | 2006-2007 |
| Дэклярацыя аб намеры | 2006-2007 |
| Дасьледаваньні на аптымальнай пляцоўцы | 2006-2008 |
| Зводны том «Тлумачальная запіска да этапа выбару пляцоўкі» | 2007-2008 |
| Ацэнка ўздзеяньня на навакольнае асяродзьдзе | 2008-2009 |
| Папярэдняя справаздача аб бясьпецы АЭС | 2009-2010 |
| Абгрунтаваньне інвэстыцый і прыняцьце рашэньня аб будаўніцтве | 2009-2010 |
| Архітэктурны праект, пачатак будаўніцтва | 2010 |
Увод у эксплюатацыю плянаваўся ў 2015 годзе. Пад канец 2007 зьявіліся прагнозы сканчэньня будаўніцтва АЭС не ў 2015, а ў 2020[9] (карэкцыю, верагодна, зрабіў Урад Рэспублікі Беларусь[Крыніца?]).
У пачатку 2008 Міністэрства энэргетыкі ўдакладніла пэўныя этапы графіку работ: пуск першага блёку заплянаваны на 2018, другога - на 1-2 гады пазьней, выхад станцыі на поўную магутнасьць да 2020 году[10].
[рэдагаваць] Праект станцыі
[рэдагаваць] Магчымыя падрадчыкі
На нарадзе ў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь па пытаньнях правядзеньня падрыхтоўчых работ па будаўніцтву АЭС 11 кастрычніка 2007 была аб'яўлена, што Беларусь разглядае тры групы замежных кампаній у якасьці патэнцыйных удзельнікаў будаўніцтва АЭС: амэрыкана-японскую, француска-нямецкую і расейскую. Не выключаецца магчымасьць удзелу Ўкраіны ў гэтым праекце. Магчыма таксама аб'яднаньне тэхнічных і праграмных распрацовак адразу некалькіх з гэтых кампаній.
Выказана меркаваньне, што ў якасьці генэральнага праектыроўшчыка будучай АЭС мусіць выступаць беларуская арганізацыя[11]. З 12 лістапада 2007 ім стала Праектнае навукова-дасьледчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «БелНДПІЭнэргапрам» (РУП «БелНДПІЭнэргапрам»)[12].
У складзе Міністэрства энэргетыкі ствараецца дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі для выкананьня функцый заказчыка па выкананьні комплексу падрыхтоўчых работ па будаўніцтву АЭС.
Галоўным староньнім (міжнародным) экспэртам па маніторынгу будаўніцтва АЭС вызначаны Кіеўскі навукова-дасьледчы праектны інстытут «Энэргапраект»[13]. Гэтая арганізацыя праектавала Ігналінскую АЭС, выступала генэральным праектыроўшчыкам Ровенскай АЭС, АЭС у Вугоршчыне і інш.
15 лістапада 2007 было абвешчана, што Беларусь пры выбары партнэра для будаўніцтва схіляецца да расейскіх вытворцаў. У якасьці патэнцыйных пастаўшчыкоў абсталяваньня названыя «Вэстынгхаўс-Ташыба» (ЗША-Японія), «Арэва» (Францыя-ФРГ), «Атамбудэкспарт» (Расея)[14].
9 студзеня 2008 Урадам Рэспублікі Беларусь створана дзяржаўная ўстанова «Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі», падпарадкаваная Міністэрству энэргетыкі. Выконваючым абавязкі дырэктара ўстановы прызначаны Міхаіл Філімонаў, кіраўнік ААТ «Белэнэргабуд»[15].
Хутчэй за ўсё генэральным падрадчыкам будаўніцтва АЭС у Беларусі выступіць кампанія «Расатам». Перамовы з расейскім бокам па дадзеным пытаньні адбудуцца ў пачатку 2009 году.
Таксама распрацаваны праект дамовы з Расейскай Фэдэрацыяй аб супрацоўніцтве ў галіне мірнага выкарыстаньня ядзернай энэргіі. Праект прайшоў стадыю ўхвалы ў беларускіх міністэрствах і ведамствах і цяпер знаходзіцца на ўзгадненьні ў Расеі. Аналягічная дамова аб супрацоўніцтве ўжо падпісана Беларусьсю з Кітаем. Кітайская Гуандунская ядзерная энэргетычная карпарацыя выступіць у якасьці кансалтынгавай кампаніі для рэалізацыі праекту будаўніцтва беларускай АЭС. Адпавядны кантракт плянуецца падпісаць у першым квартале 2009 году.
26 чэрвеня 2009 году першы намесьнік прэм'ер-міністра Ўладзімер Сямашка паведаміў, што Расея пацьвердзіла гатовасьць надаць Беларусі крэдыт для будаўніцтва АЭС у памеры 9 млрд даляраў ЗША. Па яго словах, адпаведнае паведамленьне паступіла ад прэм'ер-міністра Расеі Ўладзімера Пуціна 22 чэрвеня. Віцэ-прэм'ер таксама паведаміў, што будаўніцтва АЭС будзе ажыцьцяўляць расейскі «Атамбудэкспарт».[16]
[рэдагаваць] Выбар пляцоўкі
Першапачаткова пад месца будаўніцтва АЭС разглядалася 4 пляцоўкі, але канчатковы выбар быў зроблены па выніках вывучэньня трох пляцовак:
- Астравецкая пляцоўка (першапачаткова рэзэрвовая)
- Кукшынаўская пляцоўка
- Чырвонапалянская пляцоўка
Першапачаткова пошук праводзіўся яшчэ ў СССР (гл. пляны будаўніцтва АЭС пад Менскам). У сучасны пэрыяд работы пачаліся ў другой палове 1990-х.
З улікам дыстанцыі магчымага разьмяшчэньня АЭС ад населеных пунктаў, ахоўных экалягічных зон, міжнародных авіятрас, магістральных трубаправодаў была складзена «карта адхіленых тэрыторый», у якую трапіла каля 50% тэрыторыі краіны, у т.л. амаль уся Менская вобласьць. На астатняй тэрыторыі былі вызначаны 54 патэнцыяльныя пункты (малая шчыльнасьць насельніцтва і прывязка да вадаёмаў, здольных забясьпечыць тэхнічнай вадой АЭС магутнасьцю звыш 4 млн. кВт). Былі адхіленыя Віцебская вобласьць (вялікае люстра вады, але малы вадазбор) і басэйн Прыпяці (неспрыяльныя геалягічныя ўмовы, высокі ўзровень грунтовых вод). З 54 пунктаў выбралі шэсьць, а зь іх пад канец 1990-х — тры.[17].
На 2007 год папярэдне вызначаны дзьве найбольш прыдатныя для будаўніцтва АЭС пляцоўкі (плошчай каля 10 км²): асноўная — Чырвонапалянская (Быхаўскі пункт) і рэзэрвовая — Кукшынаўская (Шклоўска-Горацкі пункт), і атрыманы неабходны аб'ём інфармацыі для распрацоўкі «Абгрунтаваньня выбару пункта разьмяшчэньня АЭС» і «Хадайніцтва аб папярэднім узгадненьні месца разьмяшчэньня АЭС» (дэклярацыя аб намерах)[18]. Ад Дубровенскага пункта адмовіліся.
20 студзеня 2008 году, выступаючы на паседжаньні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаньнях, першы віцэ-прэм'ер ураду Беларусі Ўладзімер Сямашка паведаміў, што Беларуская АЭС будзе пабудаваная на Астравецкай пляцоўцы (Гарадзенская вобласьць). 21 студзеня 2009 году ў Астраўцы пачнецца будаўніцтва першых 4-х 9-павярховых дамоў для будаўнікоў АЭС, а праз год пачнецца будаўніцтва прамысловай пляцоўкі.[19]
21 сьнежня 2008 году Дзяржаўная камісія па выбары месца разьмяшчэньня зямельнага ўчастку для будаўніцтва АЭС прыняла рашэньне, што Атамная электрастанцыя будзе будавацца на Астравецкай пляцоўцы ў Гарадзенскай вобласьці. Быў падпісаны акт выбару месца разьмяшчэньня зямельнага ўчастку пад АЭС у Астравецкім раёне. Гэты выбар зроблены па выніках вывучэньня трох пляцовак - Астравецкай, Чырвонапалянскай і Кукшынаўскай. Камісія ўхваліла заключэньне вышукальніцкіх арганізацый. Былі падпісаныя адпаведныя дакумэнты. Гэта пратакол паседжаньня Дзяржаўнай камісіі па выбары месца разьмяшчэньня зямельнага ўчастку для будаўніцтва АЭС і акт выбару месца разьмяшчэньня зямельнага ўчастку для будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне.
[рэдагаваць] Астравецкая пляцоўка
Астравецкая пляцоўка знаходзіцца ў вобласьці магчымага землятрусу. У 1908 годзе недалёка ад месца будаўніцтва адбыўся гудагайскі землятрус сілай 7 балаў, у сувязі з чым зямля ў гэтай мясцовасьці ўсеяная разломамі глебы.
Таксама ў гэтым раёне шмат азёр, паблізу Нацыянальны парк Нарачанскі.
Геолягі лічаць, што выбар Астравецкай пляцоўкі вызначыла палітыка. Ускосна авантурнасьць выведкі «палітычнай» пляцоўкі пацьвярджаў і намесьнік старшыні прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімер Тымашпольскі, які заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў верасьні 2007 году: «Разглядаем і палітычную падаплёку, але самае галоўнае — гэта бясьпека АЭС». Ён дадаў, што найболей пэрспэктыўнымі зьяўляюцца пляцоўкі ў Магілёўскай вобласьці - Чырвонапалянская і Кукшынаўская. Верагоднасьць будаўніцтва АЭС менавіта на Магілёўшчыне складае парадку 90 адсоткаў.[20]
Магчыма, выбар Астравецкай пляцоўкі зьяўляецца беларускім адказам на рашэньне Летувы аб будаўніцтве САЯП Ігналінскай АЭС недалёка да мяжы зь Беларусьсю.[20]
Прафэсар Георгій Лепін, адзін з сяброў аргкамітэта руху «Навукоўцы за бязьядзерную Беларусь» заявіў, што ніхто «сур'ёзна» не абсьледаваў Астравецкую пляцоўку. Па яго словах, цяпер «тамака пастаўленыя толькі калкі, якімі пастухі звычайна агароджваюць поле для таго, каб захаваць быдла».[21]
Дырэктар ляндшафтнага заказьніка «Сарачанскія азёры» Ігар Пастухоў заклікаў беларускія ўлады адмовіцца ад ідэі будаўніцтва атамнай электрастанцыі зблізку асоба ахоўных прыродных тэрыторыяў. Адпаведныя лісты дырэктар заказьніка, разьмешчанага ў пяці кілямэтрах ад Астравецкай пляцоўкі, накіраваў у Савет Міністраў і Міністэрства энэргетыкі.[22]
[рэдагаваць] Кошт
Дакладны кошт будаўніцтва АЭС у Беларусі пакуль не называўся. Гэта будзе зьяўляцца прадметам перамоваў з пэўнай арганізацыяй, якая зоймецца рэалізацыяй праекту. Сусьветная практыка паказвае, што ўзьвядзеньне двух блёкаў АЭС магутнасьцю 1 тыс. МВт кожны складае ад $2 млрд. да $10 млрд.
Крыніцы фінансаваньня: бюджэтныя сродкі, замежныя запазычаньні, фонд нацыянальнага разьвіцьця і інавацыйны фонд Міністэрства энэргетыкі[23].
[рэдагаваць] Навукова-тэхнічная аснова
Для рэалізацыі Пляна падрыхтоўчых работ у 2006—2010 створана дзяржаўная навукова-тэхнічная праграма «Ядзерна-фізычныя тэхналёгіі для народнай гаспадаркі Беларусі».
[рэдагаваць] Падрыхтоўка пэрсаналу
Падрыхтоўка спэцыялістаў будзе весьціся ў трох базавых унівэрсытэтах: Беларускім нацыянальным тэхнічным унівэрсытэце (факультэт энэргетычнага будаўніцтва), Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце (фізычны факультэт), Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Падпісана пагадненьне з Расеяй, якое прадугледжвае магчымасьць падрыхтоўкі беларускіх спэцыялістаў у гэтай краіне.
Магчыма, будуць запрашацца спэцыялісты, якія працуюць у галіне ядзернай энэргетыкі ў Расеі, Украіне, Летуве[24].
[рэдагаваць] Нарматыўная база
[рэдагаваць] Нарматыўная прававая і нарматыўна-тэхнічная база бясьпечнага выкарыстаньня ядзернай энэргіі
Дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмай «Ядзерна-фізычныя тэхналёгіі» прадугледжана распрацоўка і прыняцьце 18 першачарговых нарматыўна-тэхнічных дакумэнтаў, што датычацца бясьпечнага выкарыстаньня ядзернай энэргіі (падрабязьней) і Закона «Аб выкарыстаньні атамнай энэргіі».
Закон павінен рэглямэнтаваць пытаньні разьмяшчэньня, праектаваньня, будаўніцтва, эксплюатацыі і вываду з эксплюатацыі ядзерных установак, транспартаваньня, захоўваньня, утылізацыі і выкарыстаньня ў мірных мэтах сьвежага і адпрацаванага ядзернага паліва, рэгуляваць забесьпячэньне і кантроль за ядзернай, радыяцыйнай, тэхнічнай і пажарнай бясьпекай ядзерных установак, экспарт і імпарт абсталяваньня, тэхналёгій, ядзерных матэрыялаў і паслуг, падрыхтоўку спэцыялістаў, дзяржаўны кантроль і іншыя пытаньні ў галіне выкарыстаньня ядзернай энэргіі.
Падрыхтоўка праекта закона ўнесена ў Плян падрыхтоўкі законапраектаў на 2007, зацьверджаны ўказам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 2007 № 11. Тэрмін падрыхтоўкі законапраекта — лістапад 2007[25]. Мяркуецца, што законапраект будзе адразу ўнесены на разгляд у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь[26] (а не праз паўгода, як звычайна прынята ў практыцы беларускага парламента).
Для забесьпячэньня функцый дзяржаўнага рэгуляваньня і ліцэнзаваньня ў галіне бясьпечнага выкарыстаньня ядзернай энэргіі, іянізуючага выпраменьваньня, бясьпечнага абыходжаньня з радыеактыўнымі адходамі ўказам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 лістапада 2007 № 565 створаны Дэпартамэнт па ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь (Дзяржатамнагляд) і зацьверджана палажэньне аб ім.
[рэдагаваць] Нарматыўная прававая база будаўніцтва АЭС
Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь «Аб некаторых мерах па будаўніцтву атамнай электрастанцыі» ад 12 лістапада 2007 № 565.
[рэдагаваць] Крытыка будаўніцтва
- Камітэт па выкананьні Канвенцыі Эспа (аб ацэнцы ўздзеяньня на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксьце), які дзейнічае пры Эўрапейскай эканамічнай камісіі ААН, прызнаў парушэньні, дапушчаныя Беларусьсю пры планаванні АЭС. У сувязі з гэтым міжнародны камітэт рэкамендаваў уладам прыпыніць будаўніцтва АЭС. [27]
[рэдагаваць] Глядзіце таксама
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Информационный бюллетень Администрации Президента Республики Беларусь — № 7 (122), 2006. — С. 71.
- ^ Беларусь рассматривает три группы зарубежных компаний в качестве участников строительства АЭС
- ^ Программа-минимум и программа-максимум Александра Лукашенко
- ^ Лукашенко: решение о строительстве АЭС будет приниматься с учетом мнения народа
- ^ Совет Безопасности Беларуси во вторник принял окончательное решение о строительстве в республике атомной электростанции
- ^ В энергобалансе Беларуси к 2020 году ядерное топливо займет около 14-16%(рас.)
- ^ тамсама
- ^ Развитие атомной энэргетики обеспечит укрепление независимости и экономической самостоятельности Беларуси - А.Лукашенко(рас.)
- ^ На участие в строительстве АЭС в Литве Минск не заявлялся
- ^ Совет Безопасности Беларуси во вторник принял окончательное решение о строительстве в республике атомной электростанции
- ^ Беларусь рассматривает три группы зарубежных компаний в качестве участников строительства АЭС
- ^ Беларусь привлечет в качестве международного эксперта по строительству АЭС Киевский институт "Энергопроект"
- ^ тамсама
- ^ Беларусь при выборе партнера для строительства АЭС склоняется к российским производителям
- ^ Исполняющим обязанности руководителя Дирекции строительства атомной электростанции назначен Михаил Филимонов
- ^ Расея пацьвердзіла гатовасьць падаць Беларусі крэдыт для фінансаваньня будаўніцтва АЭС(рас.) // БелаПАН
- ^ Подобраны три практически идеальных площадки для Белорусской АЭС
- ^ Информационный бюллетень Администрации Президента Республики Беларусь — № 7 (122), 2006. — С. 72.
- ^ Семашко: Белорусская АЭС будет построена на Островецкой площадке(рас.)
- ^ a b Площадка для Белорусской АЭС - выбор между политикой и здравым смыслом(рас.)
- ^ Профессор Лепин заявил о том, что никто «серьезно» не обследовал Островецкую площадку для строительства АЭС(рас.) // БелаПАН
- ^ Дырэктар заказьніка «Сарачанскія азёры» заклікае не будаваць АЭС побач з асоба ахоўнымі прыроднымі тэрыторыямі(рас.) // БелаПАН
- ^ Строительство белорусской АЭС обойдется в около $4 млрд - Минфин
- ^ Беларусь прорабатывает вопрос подготовки специалистов для атомной электростанции
- ^ Палата представителей Национального собрания Республики Беларусь: Плян подготовки законопроектов на 2007 г.
- ^ Совещание по вопросам строительства АЭС в Беларуси
- ^ ААН рэкамендавала Беларусі прыпыніць будаўніцтва АЭС