Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
(Перанакіравана з «Беларуская акадэмія навук»)
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Абрэвіятура НАНБ
Папярэднік Інстытут беларускай культуры
Дата ўтварэньня 1 студзеня 1929 (83 гады таму)
Тып навуковая
Юрыдычны статус урадавая ўстанова
Штабкватэра Менск, пр. Незалежнасьці, д. 66
Дзейнічае ў рэгіёнах Гомель, Горадня
Старшыня Анатоль Русецкі
Першы намесьнік Пятро Віцязь
Намесьнікі Уладзімер Гусакоў, Аляксандар Цыганаў
Галоўны вучоны сакратар Сяргей Чыжык
Кіроўны орган Агульны сход
Зьвязаныя кампаніі «Аптрон», Маладэчанскі завод парашковай мэталюргіі, Талочынскі кансэрвавы завод
Бюджэт 312 мільярдаў рублёў [1] (2010 год; 104 мільёны $[2])
Колькасьць супрацоўнікаў 17,1 тысячаў (2007)
Сайт nasb.gov.by
Колішняя назва Беларуская акадэмія навук (да 1936 г.), Акадэмія навук БССР (да 1991 г.), Акадэмія навук Беларусі (да 1997 г.)

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (НАН Беларусі, НАНБ) — вышэйшая дзяржаўная навуковая арганізацыя Рэспублікі Беларусь, ажыцьцяўляе арганізацыю, правядзеньне і каардынацыю фундамэнтальных і прыкладных навуковых дасьледаваньняў і распрацовак пo розных кірунках натуральных, тэхнічных, гуманітарных, сацыяльных навук і мастацтваў.

НАН Беларусі была створаная 1 студзеня 1929 году як Беларуская акадэмія навук. Па стане на 1 студзеня 2007 у Акадэміі навук працавала звыш 17,1 тысяч дасьледнікаў, тэхнікаў, дапаможнага і абслуговага пэрсанала. Сярод іх каля 560 дактароў навук і звыш 1970 кандыдатаў навук.

Зьмест

[рэдагаваць] Галоўны будынак

Галоўны будынак Акадэміі Навук, Менск

Будынак Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Менску — помнік архітэктуры міжваеннага пэрыяду аўтарства Георгія Лаўрова і Іосіфа Лянгбарда.

У 1935 годзе Лянгбарду даручаюць дапрацаваць распрацаваны Лаўровым праект Акадэміі навук. Да гэтага часу ўжо былі пачатыя працы па будаўніцтве двух асобных будынкаў галоўнага корпусу. Апошнія Лянгбард злучыў агульным вэстыбюлем і вонкавай падвоенай калянадаю. Будаўніцтва было скончанае ў 1939 годзе. У будынку зьмясьціўся Прэзідыюм і архіў Акадэміі навук, інстытуты эканомікі, гісторыі, літаратуры і мовы.

У часе нямецкай акупацыі ў гмаху была разьмешчаная буйная вайсковая частка вэрмахту. З навуковага абсталяваньня і бібліятэкі нічога не было эвакуяванае і было зьнішчанае.

Зь вяртаньнем у Менск савецкай улады пачалося аднаўленьне збудаваньня, якое скончылася ў 1949 годзе.

[рэдагаваць] Паўнамоцтвы

Паводле Статуту акадэмія мае права на:

  • ухваленьне пастановаў аб навуцы Агульным сходам і Прэзыдыюмам;
  • атрыманьне адказу на зварот у ведамствы ўраду ды ўстановы;
  • прыцягненьне да супрацы адмыслоўцаў з установаў Беларусі й замежжа;
  • накіраваньне прадстаўнікоў на пасяджэньні нарадаў урадавых ведамстваў;
  • запыт і атрыманьне ад навуковых установаў зьвестак аб выніках дасьледаваньняў і распрацовак;
  • уступ у міжнародныя арганізацыі ды заключэньне дамоваў з замежнымі навуковымі ўстановамі;
  • адкрыцьцё пры падпарадкаваных установах асьпірантураў ды дактарантураў і стварэньне радаў па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысэртацыяў;
  • прысуджэньне ўзнагародаў за навуковыя дасягненьні ды стыпэндыяў асьпірантам;
  • хадайніцтва аб наданьні дзяржаўных узнагародаў супрацоўнікам, якія маюць найбольшыя навуковыя дасягненьні ды распрацоўкі і падрыхтавалі найбольш навукоўцаў;
  • стварэньне навуковых часопісаў, газэтаў ды электронных СМІ.
  • абмен друкаванымі выданьнямі з навуковымі ўстановамі, унівэрсытэтамі, бібліятэкамі, музэямі ды міжнароднымі арганізацыямі;
  • захоўваньне ва ўласных архівах рукапісаў навукоўцаў, пісьменьнікаў ды мастакоў, прадметаў даўніны навуковых установаў;
  • гандаль распрацоўкамі[3].

[рэдагаваць] Установы

  • Агульны сход. Складаецца з старшыні, чальцоў Прэзыдыюма, акадэмікаў, чальцоў-карэспандэнтаў, кіраўнікоў навуковых установаў, прадстаўнікоў ведамстваў ды ўнівэрсытэтаў. Склікаецца Прэзыдыюмам двойчы на год. Ухваляе пастановы для выкананьня Прэзыдыюмам, Бюро і навуковымі ўстановамі.
  • Прэзыдыюм. Склад вызначаецца прэзыдэнтам Беларусі. Зацьвярджае правядзеньне навуковых дасьледаваньняў.
  • Бюро. У яго склад уваходзяць старшыня, яго намесьнікі ды галоўны навуковы сакратар акадэміі. Ухваляе гадавы разьлік выдаткаў ды наглядае за яго выкананьнем.

Акадэмія мае 7 аддзяленьняў: 1) фізыкі, матэматыкі і інфарматыкі; 2) фізыка-тэхнічных навук; 3) хіміі ды навук аб Зямлі; 4) біялягічных навук; 5) мэдыцынскіх навук; 6) гуманітарных навук і мастацтваў; 7) аграрных навук.

Падпарадкаваныя ўстановы:

[рэдагаваць] Глядзіце таксама

[рэдагаваць] Крыніцы

  1. ^ Закон Рэспублікі Беларусь аб рэспубліканскім каштарысе на 2010 год(рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (27 сьнежня 2010). Праверана 30 красавіка 2011 г.
  2. ^ Зьвесткі аб сярэднеўзважаным курсе беларускага рубля да замежных валютаў на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2010 год. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. — Паводле сярэднегадавое цаны (2993,74) набыцьця даляра. Праверана 30 красавіка 2011 г.
  3. ^ Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 лютага 2003 г. № 56(рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (28 сьнежня 2009). Праверана 12 траўня 2011 г.

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Commons-logo.svg  Нацыянальная акадэмія навук Беларусісховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Асабістыя прылады
Прасторы назваў

Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах