Беларуская незалежніцкая партыя
| Беларуская незалежніцкая партыя | |
| Лідэр партыі | Вінцэнт Гадлеўскі |
|---|---|
| Дата заснаваньня | 1939 |
| Орган партыйнага друку | «Бюлетэнь БНП», «Праца і Воля» |
Беларуская незалежніцкая партыя (БНП) — вайскова-палітычная арганізацыя.
БНП была ўтворана праўдападобна на мяжы 1939—1940 у Вільні (паводле іншай вэрсіі, у Менску ў 1942).[1] Ініцыятарам яе ўзьнікненьня быў адзін з ідэолягаў беларускага нацыянальнага руху кс. Вінцэнт Гадлеўскі, а аб’ядноўвала яна дзеячоў маладога пакаленьня.[2]
Кіравалася створанымі да восені 1942 Цэнтральным Камітэтам і пяцьцю акруговымі камітэтамі. Кіраўнікі: Усевалад Родзька (цэнтральны камітэт), Міхал Вітушка (сябар ЦК), Дзьмітры Касмовіч (сябар ЦК), Юльян Саковіч (менскі акруговы камітэт), Францішак Аляхновіч (віленскі акруговы камітэт) і інш. Структуры БНП існавалі ў 1942-1943 на Браншчыне і Смаленшчыне. Выпускала фармальна нелегальны орган друку «Бюлетэнь БНП»[3], пасьля вайны — бюлетэнь «Праца і Воля» (2 нумары, 1949). Фармальна БНП прадстаўлялася як патрыятычная і кансьпірацыйная арганізацыя з задачай збройнай барацьбы за незалежнасьць Беларусі, рэальна кіраўніцтва ад пачатку супрацоўнічала з Абвэрам.
Практычную дзейнасьць БНП пачала ў чэрвені 1944[4], стварэньнем некалькі кансьпірацыйных групаў у Беларусі дзеля вядзеньня выведкі і дывэрсіяў у тыле Чырвонай Арміі (паводле інш. крыніцаў, падрыхтоўка такіх групаў з дапамогаю Абвэру вялася з восені 1943, асабліва актыўна зімой-вясной 1944[5]). Выконваючы непасрэдную сваю задачу барацьбы з савецкім войскам у Беларусі, БНП кіравала беларусаў-дабраахвотнікаў у вайсковую школу «Дальвіц» (таксама вядомую як беларускі дэсантны батальён «Дальвіц»). Парашутныя закідваньні групаў з батальёну «Дальвіц» у Беларусь працягваліся зь верасьня 1944. Частка гэтых групаў, як паведамлялася ў інфармацыйных дакумэнтах БНП, працягвала дзейнічаць яшчэ зімою 1945/1946[6], і нават да 1956[7].
У якасьці палітычнай праграмы прапаноўвалася выкарыстаньне «непазьбежнага канфлікту» саюзьнікаў пасьля перамогі над Нямеччынай, мацаваньне ўласных (узброеных) сілаў і ўзброеная барацьба за незалежнасьць Беларусі ва ўмовах узгаданага канфлікту.
Пасьля эвакуацыі зь Беларусі ў 1944 у Нямеччыну быў створаны Замежны Сэктар БНП (кір. Дз. Касмовіч). У 1944 кіраўніцтва БНП рэзка крытыкавала Беларускую Цэнтральную Раду і асабіста Р. Астроўскага за кан’юнктурніцтва, марыянэткавы характар дзеяньняў, нарэшце, спыніла ўсякае супрацоўніцтва ў пач. 1945. Асабліва моцна БНП выражала незадавальненьне няўдалай арганізацыяй «эвакуацыі з Беларусі» ў 1944 і стратай большай часткі асабовага складу БКА, таксама неэфэктыўнасьцю дзеяньняў Астроўскага па стварэньні беларускага войска ў Нямеччыне. Адзначаецца[8], што такія закіды заяўлялі выключна нямецкія вайсковыя патрэбы канца вайны (задача абароны Нямеччыны любым коштам).
Пасьля раззбраеньня батальёну «Дальвіц» у Чэхіі (1945), частка яго асабовага складу накіравалася ў Беларусь для працягу ўзброенай барацьбы, але на Беласточчыне была выкрыта савецкай бясьпекай і амаль цалкам арыштавана. Кіраўнікі былі суджаныя ў «справе шасьцёх» (верагодна, май 1946), Родзька і Гелда пакараныя сьмерцю.
Пасьля вайны БНП дзейнічала сярод беларускіх супольнасьцяў у заходніх акупацыйных зонах і Заходняй Эўропе. У 1948—1949 вакол пытаньня падтрымкі Беларускага Нацыянальнага Цэнтру ў шэрагах кіраўніцтва партыі адбыўся падзел, кожная з груповак прэтэндавала на назву БНП (у выніку Б. Рагуля, М. Рагуля, У. Набагез выключаны з ЦК). У далейшым (1954), лідэры БНП прызнавалі БЦР як «адзіны легітымны прадстаўнічы цэнтар», а Астроўскага як «вялікага і заслужанага беларускага патрыёта», рэзка выступалі супраць удзелу беларускай моладзі ў скаўцкім і хрысьціянска-моладзевым рухах.
У сярэдзіне 1950-х, без фармальнага роспуску партыі, Замежны Сэктар БНП увайшоў у Беларускі Вызвольны Фронт, арганізаваны Дз. Касмовічам.
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Ёрш С., Горбік С. Беларускі супраціў. С. 19-20
- ^ Ёрш, С.14.
- ^ 2 нумары ў 1942—1944 у Беларусі (2-і нумар тыражом 500 ас.), 3-і — жнівень 1944, Усх. Прусія, 4-ы — восень 1944, Бэрлін, 5-ы (апошні «ваенны») — сьнежань 1944 або студзень 1945, 6-ы (апошні) — восень 1946, Зах. Нямеччына. Ёрш, С.127-129.
- ^ Туронак, С.155.
- ^ Ёрш, С.15.
- ^ Ёрш, С.137,138.
- ^ Ёрш, С.17.
- ^ Туронак, С.155.
[рэдагаваць] Літаратура
- (Туронак) Jerzy Turonek, Białoruś pod okupacją niemiecką. «WERS», Warszawa—Wrocław, 1989. 186 s.
- (Ёрш) Сяргей Ёрш, Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. — Менск-Слонім: БГАКЦ, 1998. — 186 с — (Архіў Найноўшае Гісторыі). ISBN 985-6012-62-7.
- С. Ёрш, С. Горбік, Беларускі супраціў. Львоў, 2006.
- Д. Касмовіч, Успаміны пра Беларускую Незалежніцкую Партыю (БНП)