Беларуская партыя сацыялістаў-фэдэралістаў
| Беларуская партыя сацыялістаў-фэдэралістаў | |
| Дата заснаваньня | лета 1918 |
|---|---|
| Штаб-кватэра | Менск (1918) |
| Саюзьнікі і блёкі | БПСР |
| Ідэалёгія | сацыялізм, фэдэралізм |
| Колькасьць | бл. 1000 чалавек (пач. 1919 году) |
Беларуская партыя сацыялістаў-фэдэралістаў, БПСФ — беларуская палітычная партыя, якая дзейнічала ў 1918 — сяр. 1920-х гг.
[рэдагаваць] Гісторыя
Утварылася ўлетку 1918 г. на базе цэнтрысцкіх сілаў у БСГ. Кіроўны цэнтр БПСФ уключаў Язэпа Варонку, А. Цьвікевіча (пасьля далучыўся да БПСР), Кастуся Езавітава, Васіля Захарку (будучу старшыня Рады БНР), Антона Аўсяніка, Пётру Крычэўскага і Івана Сераду.
Такім парадкам, БПСФ мела шырокі ўплыў у Радзе БНР. Яеная фракцыя мела таксама назоў «фракцыя былых міністраў», паколькі многія яеныя чальцы раней (вясна 1918) былі чальцамі першага ўраду БНР. У складзе фракцыі быў і колішні старшыня Рады Серада (18.03-14.05.1918).
Акурат таму 22.07.1918 Рада зацьвердзіла новы ўрад БНР на чале зь Серадой заміж праіснавалага некалькі тыдняў ураду Скірмунта. Новы кабінэт, займаючы цэнтрысцкія пазыцыі, безумоўна меў болей абсягу для манэўраў, але зрабіць анічога ня даў рады.
У лістападзе 1918 г., у варунках рэвалюцыі ў Нямеччыне і зьмены геапалітычнага становішча, Рада сфармавала новы ўрад на чале з эсдэкам А. Луцкевічам. У склад ягонага кабінэту ўвайшлі 3 эсэфы (Варонка, Захарка, Цьвікевіч).
У студзені 1919 г. у Вільні адбыўся зьезд партыі.
Увесну 1919 г. падтрымлівала некаторы час Пілсудзкага, улетку ўсьлед за эсэрамі стала ў апазыцыю да польскіх уладаў. З гэтага часу БПСФ патрапіла пад моцны ўплыў больш шматлікай і арганізаванай БПСР. Асабліва добра гэта выявілася ў часе сэсіі Рады БНР (лістапад-сьнежань 1919), на якім эсэры і эсэфы (50 з 87 чальцоў Рады) выказлі недавер палянафільскаму ўраду і Прэзыдыюму Рады. Гэта пацягнула за сабой раскол у Радзе БНР: эсэфы ўвайшлі ў эсэраўскую Народную раду БНР. Пётра Крычэўскі быў абраны на старшыню Рады, эсэфы ўвайшлі ў Прэзыдыюм і Раду народных міністраў. Зь цягам часу дзейнасьць партыі зусім заняпала, у 1921 г. яна была разгромлена ў БССР. Некаторы час яеныя групы дзейнічалі ў Заходняй Беларусі.
[рэдагаваць] Праграмныя мэты
Выступала за канфіскацыю зямлі ў буйных землеўласьнікаў, стварэньне на гэтым грунце «беларускага нацыянальнага зямельнага фонду», узрост прамысловай вытворчасьці і паступовую перадачу яе ў рукі народа. Партыя, працягваючы лінію БСГ, выступала за ўтварэньне ў пэрспэктыве сусьветнай фэдэрацыі народаў, дзе Беларусь мусіла стацца адной са складовых адзінак.