Беларуская сялянска-работніцкая грамада

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Абвестка ў газэце Беларуская справа аб стварэньні гурткоў БСРГ

Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада (БСРГ) — палітычная партыя ў Заходняй Беларусі на тэрыторыі міжваеннай Польскай Рэспублікі, якая пасьлядоўна выступала за дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі. Самая масавая палітычная партыя ў гісторыі Беларусі. Друкаваным органам была газэта «Беларуская справа», пазьней — «Народная справа».

БСРГ была ўтвораная ў 1925 годзе на аснове групы прадстаўнікоў беларускай меншасьці ў польскім Сойме, у якую ўваходзілі Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Пётра Мятла, Павел Валошын.

Асноўныя патрабаваньні ў праграме БСРГ былі наступныя:

  • увядзеньне дэмакратычнага самакіраваньня;
  • увядзеньне васьмігадзіннага працоўнага дня;
  • наданьне шырокіх грамадзянскіх правоў беларускай мове;
  • касаваньне асадніцтва (землеўласьніцтва польскіх каляністаў у Заходняй Беларусі);
  • канфіскацыя абшарніцкай зямлі і бясплатная перадача яе безьзямельнаму і малазямельнаму сялянству.

Таксама ставілася задача аб’яднаць усе этнічныя беларускія тэрыторыі ў межах адной дзяржавы.

Партыя разгарнула актыўную дзейнасьць і наладзіла выданьне пэрыёдыкі. Да лістападу 1926 году БСРГ згуртавала ў сваіх шэрагах 120 тысяч чалавек. Побач з нацыянальна-вызваленчай рыторыкай актыўна ўжывалася сацыяльная тэма. У значнай ступені БСРГ сымпатызавала саветам і таму лічылася ў Польшчы просавецкай партыяй. У сваю чаргу, СССР спрабаваў узяць Грамаду пад свой кантроль, каб надаць беларускаму нацыянальна-вызвольнаму руху ў Польшчы клясавы характар.

Аргумэнтуючы гэта барацьбой з камуністычным уплывам, польскія ўлады ліквідавалі партыю перш, чым яна здолела пераўтварыцца ў рэальнага палітычнага гульца. У студзені 1927 году адбыліся масавыя арышты кіраўніцтва і актыву Грамады. Паслоў ад парлямэнцкай фракцыі БСРГ пазбавілі дэпутацкага імунітэту і зьняволілі, а праз год засудзілі на катаргу. Празь некалькі гадоў шэраг актывістаў БСРГ былі абмененыя Польшчай на бальшавіцкіх вязьняў і перададзеныя СССР, дзе тыя былі расстраляныя — як «польскія шпіёны». У сакавіку 1927 году БСРГ была афіцыйна забаронена.

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Асабістыя прылады
Прасторы назваў

Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах