Беларускія шахматы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Беларуска-літвінскія шахматы
Беларуска-літвінскія шахматы

Белару́скія ша́хматы, таксама Белару́ска-літві́нскія ша́хматы — разнавіднасьць шахматаў, створаная ў Беларусі ў 2010 годзе Алесем Астроўскім і Мікалаем Тамашэвічам. Распаўсюджваюцца ў трох выглядах: анлайн / дэсктоп гульня, падарункавы набор і «шляхетныя» шахматы.

Галоўнымі адрозьненьнямі гульні зьяўляюцца 81-клеткавая дошка (9х9), наяўнасьць трону і палацу. Сёмай фігурай стаў княжыч, які пры пэўных умовах можа зрабіцца князем. Астатнія фігуры падобныя да сваіх аналягаў у традыцыйных шахматах, але названыя паводле гістарычных беларускіх вайсковых адзінак.

Мэтаю гульні ёсьць захоп трону (клетка e5) і яго ўтрыманьне на працягу аднаго ходу без абвяшчэньня рокашу.

Правілы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Дошка мае памер 9х9 клетак (квадрат на 81 клетку)
  • Фігуры (усяго 36 фігур — па 18 з кожнага боку):
а) 9 Ратнікаў (у клясычных шахматах — пешка)
Разьмяшчаюцца ўздоўж поля (радок №2 у белых, у чорных — №8). Ходзяць на адну клетку наперад. Могуць ажыцьцяўляць «скачок» на дзьве клеткі пры ўмове, што дадзены ратнік яшчэ не хадзіў. Б’юць суперніка на адну клетку па дыяганалі. Пры дасягненьні апошняй клеткі па вэртыкалі могуць пераўтварацца ў любую фігуру, якая адсутнічае на полі.
б) 2 Ладзьдзі (Вежы) (у клясычных шахматах — ладзьдзя)
Разьмяшчаюцца ў кутах дошкі (клеткі a1 ды i1 для белых; a9 ды i9 для чорных). Ходзяць прама ў любы бок на любую адлегласьць. Дапамагаюць Князю пры ракіроўцы.
в) 2 Гарматы (у клясычных шахматах — слон)
Разьмяшчаюцца на клетках справа ад левай ладзьдзі і справа ад гетмана (клеткі b1 ды g1 для белых; c9 ды h9 для чорных). Ходзяць па дыяганалі ў любы бок на любую адлегласьць.
г) 2 Вершнікі (у клясычных шахматах — конь)
Разьмяшчаюцца на клетках зьлева ад княжыча і зьлева ад правай ладзьдзі (клеткі c1 ды h1 для белых; b9 ды g9 для чорных). Ходзяць літарай «Г» у любы бок (2 клеткі ў адзін бок і 1 клетка ў пэрпэндыкулярных кірунках).
д) Гетман (у клясычных шахматах — фэрзь)
Разьмяшчаецца справа ад князя (клетка f1 — белыя; d9 — чорныя). Ходзіць у любы бок, у тым ліку па дыяганалі, і на любую адлегласьць.
е) Княжыч
Фігура, аналягаў якой няма ў клясычных шахматах. Разьмяшчаецца зьлева ад князя (клетка d1 — белыя; f9 — чорныя). Ходзіць у любы бок, у тым ліку па дыяганалі, на 1 ці 2 клеткі. Можа займаць трон і праходзіць празь яго. Можа пераўтварацца ў князя.
ж) Князь (у клясычных шахматах — кароль)
Разьмяшчаецца строга па цэнтры першага радка (клетка e1 — белыя; e9 — чорныя). Ходзіць у любы бок, у тым ліку па дыяганалі, на 1 клетку. Можа займаць трон і зьдзяйсьняць ракіроўку. Можа быць забіты ў пэўных умовах.
  • Дошка для гульні ў Беларуска-літвінскія шахматы. Чырвоным квадратам пазначаны трон
    Дошка для гульні ў Беларуска-літвінскія шахматы. Чырвоным квадратам пазначаны трон
  • Дошка для гульні ў Беларуска-літвінскія шахматы. Чырвоным колерам пазначаны палац
    Дошка для гульні ў Беларуска-літвінскія шахматы. Чырвоным колерам пазначаны палац
  • Месца княжыча на дошцы і яго хады
    Месца княжыча на дошцы і яго хады
  • Месца князя на дошцы і яго хады
    Месца князя на дошцы і яго хады
    • Цэнтральная клетка поля (e5) называецца «трон»:
    а) Праз трон не дазваляецца «пераскокваць» ніводнай фігуры, акрамя княжыча.
    б) На трон маюць права ўзыходзіць толькі князь і княжыч (дзеяньне папярэджваецца словам «трон»). Прычым пры гэтым трон не павінен быць бітым полем суперніка.
    в) У часе атакі фігуры, якая знаходзіцца на троне (абвяшчаецца «рокаш»), яна павінна зьлезьці з трона, або іншая фігура павінна абараніць яе ад прамой атакі.
    • Квадрат памерам 5х5 клетак у цэнтры поля (c7:g7) завецца «палац»:
      а) Цэнтральнай клеткай палаца зьяўляецца трон.
      б) Найбольш важныя падзеі па захопу і ўтрыманню ўлады адбываюцца менавіта ў палацы.
      в) Княжыч становіцца князем толькі калі яго падтрымае ўладар, пры гэтым князь павінен стаяць не далей за 2 крокі ад цэнтра палаца (трону); гэты працэс «інаўгурацыі» лічыцца асобным абавязковым ходам.
    • Калі князь і ладзьдзя не рабілі ніякіх крокаў падчас гульні, яны маюць права зрабіць ракіроўку. Пры гэтым, паміж імі не павінна быць іншых фігур і бітых палёў. Механіка ракіроўкі: а) князь робіць 2 або 3 крокі да ладзьдзі.
      б) ладзьдзя пераходзіць на суседнюю з князем пазыцыю па іншы бок ад яго.
    • Гулец абавязаны выратоўваць свайго князя, калі княжыч адсутнічае на полі, аб чым папярэджвае слова «шах». Пры адсутнасьці магчымасьці абароны свайго князя апошняму абвяшчаецца «мат». Пры адсутнасьці магчымасьці зрабіць ход (фігуры пазбаўленыя права зрушыць зь месца) у гульні абвяшчаецца «пат».
    • Гульня сканчаецца:
    1) словамі «трон мой!»
    2) пры ўмовах:
    а) Нічыя:
    • Абодва супернікі згадзіліся на нічыю.
    • Зроблена тры паўторных хады абодвума супернікамі.
    • Прайшло 50 хадоў з абодвух бакоў без узяцьця якой-небудзь фігуры.
    • Камусьці з гульцоў абвешчаны «пат».
    б) Перамога:
    • Князь альбо княжыч аднаго з гульцоў пратрымаецца на троне адзін ход без абвяшчэньня «рокашу» супернікам.
    • Суперніку абвешчаны «мат».
    • Адзін з супернікаў пагадзіўся на паразу.
    • Час, адведзены на партыю, сыходзіць.
  • Княжыч ня змог стаць на трон, бо князя не было ў палацы. Пасьля таго, як князь увайшоў у палац, княжыч заняў трон
    Княжыч ня змог стаць на трон, бо князя не было ў палацы. Пасьля таго, як князь увайшоў у палац, княжыч заняў трон
  • Княжыч ня змог стаць на трон, бо гэтая клетка зьяўляецца бітым полем ратніка
    Княжыч ня змог стаць на трон, бо гэтая клетка зьяўляецца бітым полем ратніка
  • Так выглядае ўзыходжаньне князя на трон у падарункавым наборы Беларускіх шахматаў
    Так выглядае ўзыходжаньне князя на трон у падарункавым наборы Беларускіх шахматаў
    • Вынік гульні:
      1) Узыходжаньне на трон, прызнаньне паразы, сканчэньне часу — 2 балы пераможцу.
      2) Мат — 1 бал.
      3) Нічыя — па 0,5 бала кожнаму ўдзельніку.
      4) Параза — 0 балаў.
    • У скаротах шахматныя фігуры абазначаюцца (лацінка і кірыліца адпаведна): князь (A, А), княжыч (K, К), гетман (G, Г), ладзьдзя (L, Л), гармата (M, М), вершнік (V, В), ратнік (r, р)[1].
    • Фігура вершніка зь набору "Клясыка" ў гульні для Windows
      Фігура вершніка зь набору "Клясыка" ў гульні для Windows
    • Фігура гарматы зь набору "Клясыка" ў гульні для Windows
      Фігура гарматы зь набору "Клясыка" ў гульні для Windows
    • Фігура княжыча зь набору "Клясыка" ў гульні для Windows
      Фігура княжыча зь набору "Клясыка" ў гульні для Windows
    • Фігура князя зь набору "Клясыка" ў гульні для Windows
      Фігура князя зь набору "Клясыка" ў гульні для Windows
    • Фігура ладзьдзі зь набору "Клясыка" ў гульні для Windows
      Фігура ладзьдзі зь набору "Клясыка" ў гульні для Windows
    • Фігура ратніка зь набору "Клясыка" ў гульні для Windows
      Фігура ратніка зь набору "Клясыка" ў гульні для Windows
    • Фігура гетмана зь набору "Клясыка" ў гульні для Windows
      Фігура гетмана зь набору "Клясыка" ў гульні для Windows

    Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

    Стварэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

    Пачатковы выгляд гульні сасьніў у 2000 годзе Алесь Астроўскі (на той момант прафэсар Гарадзенскага мэдыцынскага ўнівэрсытэту): дошка ў выглядзе піраміды, памерам 9х9 клетак, цэнтрам якой зьяўляецца трон (клетка е5)[2]. Праз пэўны час для новай гульні, названай ім беларускімі шахматамі, былі прыдуманыя наступныя фігуры: князь (зьмяшчаюцца на клетках е1 і e9), гетман (f1 і d9), княжыч (d1 і f9), шляхціч (g1 і c9, b1 і h9), коньнік (c1 і g9, h1 і b9), ладзьдзя (i1 і a9, а1 і і9) і 9 ратнікаў (шэрагі 2 і 8).

    Пазьней Алесь Астроўскі расказваў:

    « Я рэальна зрабіў экзэмпляр шахмат па апісаным узоры (наклеіў на шахматную дошку новы варыянт шахматнага поля, дадаў фігуры), апрабаваў іх (спадабалася) і занёс Маркевічу ў рэдакцыю газэты «Пагоня», каб той надрукаваў апісаньне новых шахмат і асаблівасьцяў гульні. Было гэта недзе ў 1999—2000 гг. На жаль, Маркевіч нічога не надрукаваў, і тыя шахматы згубіліся… »

    —Алесь Астроўскі, камэнтар на nashaziamlia.org

    У 2009 годзе Мікалай Тамашэвіч (на той момант журналіст газэты «Звязда») адшукаў інфармацыю пра накід гэтых шахматаў на сайце «Наша Зямля», дзе дадзены артыкул быў выкладзены 1 красавіка выключна ў забаўляльным сэнсе[3].

    Праз пэўны час, пасьля сустрэчы Тамашэвіча з Астроўскім, было вырашана разам сканчаць гэтую працу, а праз шэсьць месяцаў правілы беларуска-літвінскіх шахмат былі цалкам дапрацаваныя. Сярод галоўных уводзінаў былі:

    • Зьмена назваў фігурак паводле беларускіх гістарычных вайсковых адзінак (замест коньніка — вершнік, замест шляхціча — гармата).
    • Трон становіцца «неадольнай мяжой» — праз трон не дазваляецца пераходзіць ніводнай фігуры, акрамя князя і княжыча.
    • Княжыч мае права захопліваць трон.
    • Па дасягненьні канца поля ратнік пераўтвараецца ў любую фігуру, якая адсутнічае на полі.
    • На полі зьяўляецца палац — квадрат 5х5 клетак (c7:g7), у цэнтры якога знаходзіцца трон.

    У сваю чаргу Алесь Астроўскі прапанаваў заканчваць гульню словамі «трон мой!» ды аб’яўляць «рокаш», калі на фігуру, што «асадзілася» на троне, адбываецца напад.

    У чэрвені 2010 году Мікалай Тамашэвіч і дызайнэр Аляксей Кульбіцкі пачалі працаваць над стварэньнем фізычнай і кампутарнай мадэлі шахмат. Першы варыянт кампутарнай мадэлі зьявіўся напрыканцы ліпеня, а сапраўдная дошка зь фігуркамі — усярэдзіне верасьня. Канчаткова аформленая кампутарная гульня ўпершыню стала даступная для бясплатнага спампоўваньня на сайце «Эўрарадыё» ў канцы лістапада 2010 году.

    Розныя варыянты правілаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

    Дошка для гульні ў падарункавым наборы беларуска-літвінскіх шахмат
    Дошка для гульні ў падарункавым наборы беларуска-літвінскіх шахмат

    На самым пачатку існаваньня Беларускіх шахмат правілы прадугледжвалі непераадольнасьць трону для ўсіх фігур акрамя князя і княжыча. Гэта прыводзіла да частай гульнявой сытуацыі, калі ратнік на вэртыкалі Е спыняўся перад тронам і фактычна ня меў магчымасьці прасоўвацца далей па гульнявым полі. Для рашэння праблемы былі створаныя альтэрнатыўныя правілы, якія атрымалі назву «шляхетны варыянт», што прадугледжваў:

    • Наяўнасьць палацу і патрабаваньне для княжыча займаць трон толькі ў выпадку знаходжаньня князя ў палацы;
    • Магчымасьць станавіцца на трон для любой фігуры без магчымасьці ўзяцьця (пры гэтым трон нельга ігнараваць: пры праходзе праз трон, любая фігура мусіць на ім спыніцца).

    Пасьля некалькіх год існаваньня двух паралельных варыянтаў у рэлізавай вэрсіі Беларуска-літвінскіх шахмат зьявіліся адзіныя правілы, якія спалучылі ў сабе асаблівасьці абодвух варыянтаў: непераадольнасьць трону і наяўнасьць палацу.

    Сучасны этап[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

    У 2016 годзе IT-кампанія PRAS, заснаваная распрацоўшчыкамі прататыпу кампутарнай гульні Аляксеем Кульбіцкім і Мікалаем Тамашэвічам, закончыла распрацоўку шахмат і аб’явіла аб рэлізе. Быў створаны афіцыйны сайт гульні, што зьмяшчаў у сабе ўсе магчымыя варыянты: кампутарная гульня для плятформы Windows, падарункавы і «шляхетны» наборы з магчымасьцю замовы і бясплатнага спампоўваньня[4].

    Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

    1. ^ Правілы гульні ў Беларуска-літвінскія шахматы. pchess.by. Праверана 20 ліпеня 2021 г.
    2. ^ Гарадзенскі прафэсар аднавіў «гістарычныя» шахматы беларусаў. Эўрарадыё (15 ліпеня 2010). Архіўная копія ад 16 ліпеня 2021 г. Праверана 20 ліпеня 2021 г.
    3. ^ Алесь Астроўскі (1 красавіка 2008) Беларуска-літвінскія шахматы. «Беларусь — наша зямля». Праверана 25 сьнежня 2010 г.
    4. ^ «Беларускія шахматы» — актуальная гульня з нацыянальным бэкграўндам. 34mag (24 сьнежня 2020). Архіўная копія ад 24 сьнежня 2020 г. Праверана 20 ліпеня 2021 г.

    Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

    Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]