Беларускі корпус самааховы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Беларускі корпус самааховы (БКС, Беларуская самаахова) — ваенізаванае фарміраваньне на тэрыторыі Генэральнай акругі "Беларусь".

Беларускі корпус самааховы пачаў стварацца летам 1942 Беларускай народнай самапомаччу (БНС).

Пасьля нарады прадстаўнікоў нямецкіх акупацыйных уладаў 1.7.1942 быў выдадзены загад генэральнага камісара Беларусі аб стварэньні ў поўнай згодзе з БНС "самааховы беларускага насельніцтва" як дапаможнай арганізацыі для нямецкай паліцыі. Перад Беларускай самааховай ставілася задача "дапамагаць нямецкай і мясцовай паліцыі ў барацьбе супраць бальшавікоў і сабатажнікаў, забясьпечваць спакой на Беларусі". Зброя й амуніцыя для БКС павінны былі пастаўляцца нямецкай паліцыяй.

Галоўным камісарам Беларускай самааховы стаў Іван Ермачэнка, які таксама ўзначальваў і БНС. Пры галоўным камэнданце быў утвораны штаб БКС.

Стварэньне БКС суправаджалася шырокай прапагандысцкай кампаніяй. Падкрэсьлівалася, што БКС зьнішчыць партызаншчыну й стане зародкам беларускага войска на будучыню.

З пачатку жніўня 1942 ў Менску адкрыліся 3-тыднёвыя афіцэрскія курсы (кіраўнік Францішак Кушаль), на якіх прайшлі падрыхтоўку каля 260 чал. Усяго было створана 20 батальёнаў і некалькі мяшаных адзінак БКС, якія, аднак, не выканалі ўскладзеных на іх задачаў. Адна з галоўных прычынаў гэтага была ў тым, што для БКС не ўдалося атрымаць неабходную колькасьць зброі.

Бяззбройныя самаахоўцы й іх сем'і сталі аб'ектам тэрору з боку партызанаў, як толькі стала вядома пра стварэньне самааховы. Зь іншага боку, меліся выпадкі, калі нават буйныя патрулі самааховы, узброеныя вінтоўкамі й аўтаматычнай зброяй, пры сутыкненьні з партызанамі замест аказаньня супраціўленьня пераходзілі на іх бок.

З восені 1942 адносіны гітлераўцаў да Беларускай самааховы пачалі мяняцца. Ермачэнка быў пазбаўлены тытула генэральнага камэнданта, а штаб БКС забаронены. Вясной 1943 Беларуская самаахова была распушчаная.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]