Лацінка
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Лацінка (таксама вядомая як «беларуская лацінка» ці «biełaruskaja łacinka» — ва ўласным запісе) — варыянт лацінскага альфабэту, прыстасаванага для запісу беларускай мовы. У шырэйшым сэнсе — часам выкарыстоўваецца як назва лацінскага альфабэту ўвогуле.[1]
На сёньняшні дзень у сучаснай форме ўжываецца час ад часу некаторымі аўтарамі ў тыднёвіку «Наша Ніва», у часопісе «Arche», іншых выданьнях, часткаю прэсы беларускае дыяспары, у аздабленьні музычных дыскаў, у інтэрнэце.
Зьмест |
[рэдагаваць] Альфабэт
За час існаваньня лацінкі яе альфабэт неаднаразова зьмяняўся. Сучасны альфабэт беларускай лацінкі, які ўжываецца ў публікацыях пэрыяду 1990-х — 2000-х гадоў, выглядае наступным чынам:
| Aa | Bb | Cc | Ćć | Čč | Dd | DZdz | DŹdź | DŽdž |
| Ee | Ff | Gg | Hh | CHch | Ii | Jj | Kk | Ll |
| Łł | Mm | Nn | Ńń | Oo | Pp | Rr | Ss | Śś |
| Šš | Tt | Uu | Ŭŭ | Vv | Yy | Zz | Źź | Žž |
[рэдагаваць] Гісторыя і ўжываньне
У Сярэднявеччы (XVI стагодзьдзе) зьявіліся першыя вядомыя запісы беларускага (кірылічнага) тэксту лацінскім пісьмом, з патрэбы ўлучаць старабеларускія цытаты ў польскія і лацінскія тэксты. Гэта былі некадыфікаваныя запісы, і, відавочна, яны рабіліся з выкарыстаньнем правіл польскай артаграфіі над старабеларускімі гукамі.
У XVII стагодзьдзі паступова пашырылі выкарыстаньне лацінскага пісьма, паралельна з кірылічным, беларускія рыма-католікі. Варта заўважыць, што перад XVII стагодзьдзем беларускія рыма-каталікі шырока карысталіся кірылічным пісьмом.
У XVIIІ стагодзьдзі лацінскім пісьмом, паралельна з кірылічным, карысталіся ў некаторых літаратурных творах, напісаных тагачаснай беларускай мовай.
У XIX стагодзьдзі некаторыя польскія пісьменьнікі й беларускія пісьменьнікі з польскага культурнага асяродзьдзя карысталіся лацінскім пісьмом, выключна ці часткова, у сваіх працах, напісаных па-беларуску. Асабліва, Ян Чачот, Паўлюк Багрым, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Адам Гурыновіч. Першыя выданьні «Дудкі беларускай» і «Смыка беларускага» Францішка Багушэвіча таксама былі надрукаваныя лацінкай.[2] Рэвалюцыйны дэмакрат Кастусь Каліноўскі друкаваў лацінскім пісьмом беларускамоўную газету «Мужыцкая праўда» (у арыгінале: «Mużyckaja prauda»; 7 нумароў у 1862—1863 гадах). Нелегальнае вершаванае беларускае выданьне «Гутарка двух суседаў» — папярэдніца «Мужыцкай праўды» — таксама друкавалася лацінкай і разыходзілася пераважна па Беласточчыне і Гарадзеншчыне. Вядома 6 нумароў «Гутаркі», першы зь якіх выйшаў у 1861 годзе.[2] Як адзначыў Станіслаў Станкевіч, лацінка была выключнай для першых твораў беларускае адраджэнскае літаратуры.[2]
Такое ўвядзеньне лацінскага пісьма дзеля запісу мовы з даўняю кірылічнай традыцыяй часам тлумачаць тым, што пісьменнікі XIX стагодзьдзя ня ведалі гісторыі беларускае мовы ці самой мовы,[Крыніца?] або тым, што ў тых асяродках кнігадруку, дзе публікаваліся тыя пісьменьнікі, было немагчыма набыць ці выкарыстаць кірылічны друкарскі шрыфт.[Крыніца?] Дунін-Марцінкевіч спасылаўся на довад, што яго чытацкая аўдыторыя, асабліва сялянская, была ў пэўнай ступені знаёмая з польскай графікай, але, ня маючы доступу да рускамоўнай адукацыі, не магла чытаць кірыліцай.
[рэдагаваць] 20 стагодзьдзе
Звычай лацінскага запісу беларускага тэксту паступова зьнікаў з ужытку на працягу першай чвэрці XX стагодзьдзя, хоць яшчэ ў пачатку XX стагодзьдзя назіралася суіснаваньне двух шрыфтаў і шматлікія беларускія выданьні друкаваліся выключна ці часткова лацінкай. Лацінкай выдавалася газэта «Наша доля» (1906). «Наша Ніва» (нумары з пэрыяду 10 лістапада 1906 — 31 кастрычніка 1912) выходзіла асобна і кірыліцай, і лацінкай (падзагалоўкі нумароў у арыгінале: «Выходзиць раз у тыдзень рускімі і польскімі літэрамі» і «Wychodzić szto tydzień ruskimi i polskimi literami»). Зборнікі вершаў Цёткі «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» былі надрукаваныя лацінкай. Таксама Цётка зрабіла спробу стварыць пачатковую дзіцячую чытанку па-беларуску лацінкай — «Першае чытаньне для дзетак-беларусаў».
Першы зборнік вершаў Янкі Купалы «Жалейка» выйшаў у 1908 годзе і быў надрукаваны кірыліцай, а другі ягоны зборнік «Гусьляр» зьяўвіўся ў 1910 годзе і быў надрукаваны лацінкай.[2]
У 1914 годзе ў Вільні быў выдадзены зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок», на вокладках якога былі разьмешчаныя сьпісы кніг, якія магчыма замовіць у выдавецтве. Сярод 80 выданьняў 44 былі даступныя кірыліцай, 20 — лацінкай, а 16 былі выдадзеныя і даступныя абодвума графікамі і таму пры іхным замаўленьні таксама трэба было пазначаць, якімі літарамі мусіла быць надрукаванае выданьне — «рускімі» ці «лацінскімі».[3]
На аснове лацінскага альфабэту Баляслаў Пачопка стварыў «Беларускую граматыку» (1915, надрукаваная ў 1918 годзе), але пэўнымі беларускімі мовазнаўцамі (у прыватнасьці — Сьцяпанам Некрашэвічам) яна лічылася падрыхтаванай ненавукова й з парушэньнямі законаў беларускай мовы.
Газэта «Гоман», якая выходзіла ў Вільні зь лютага 1916 да канца 1918 году напачатку друкавалася кірыліцай, а пазьней — кірыліцай і лацінкай.[2]
Пасля заняцьця ў часе I Сусьветнай вайны Віленшчыны й Заходняй Беларусі нямецкімі войсками, за беларускай моваю быў прызнаны афіцыйны статус у пісьмовай форме тагачаснай беларускай «лацінкі». У 1917 нямецкімі ўладамі выдаваліся пашпарты на нямецкай і беларускай мовах (лацінкай).
У 1918 годзе ў Брэславе (Уроцлаў) выйшла выданьне «Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным» («prosty sposab stacca ŭ karotkim čase hramatnym») Яна Станкевіча і Рудольфа Абікта. У ім была распрацаваная і выкарыстоўвалася сыстэма лацінкі не падобная да іншых: былі ўведзеныя дадатковыя дыякрытычныя знакі для пазначэньня мяккасьці і дадатковыя літары для замены дыграфаў dz, dž і ch.[4]
Пасьля Рыскай мірнай дамовы пераважна стаў выкарыстоўвацца кірылічны шрыфт, хоць сярод многіх беларускіх культурных дзеячаў існавала меркаваньне, што больш карысным і мэтазгодным для беларусаў зьяўляецца лацінскі шрыфт.[2]
У 1926 годзе на Беларускай Акадэмічнай Канфэрэнцыі па рэформе правапісу й азбукі, скліканай у Менску, большасьць удзельнікаў выказалася за пераход з кірыліцы на лацінку, як адзіны беларускі шрыфт (у тым ліку, напрыклад, Зьміцер Жылуновіч, дзеля «большай прагрэсіўнасьці беларускае граматыкі»), хоць супраць гэтых прапановаў запярэчылі такія беларускія мовазнаўцы, як, напрыклад, Вацлаў Ластоўскі. Перайсьці да лацінскага шрыфта лічылася на Канфэрэнцыі ідэалам, але зь ім вырашылі не сьпяшацца, бо гэта азначала б вельмі моцны разрыў паміж расійскім і беларускім друкамі, да чаго шырокія масы не былі падрыхтаваныя.[5] Але пераход на лацінку ў 1929 годзе быў закваліфікаваны бальшчавікамі як «шкодніцтва» і адна з шматлікіх спробаў штучнага адарваньня беларускай культуры ад расейскай.[2]
Увогуле ў 1920-я — 1939 гады, пасьля падзелу Беларусі (1921) паміж Польшчай і СССР, лацінскі альфабэт далей ужываўся ў беларускім друку Заходняй Беларусі, у каля 35% заходнебеларускіх выданьняў. Браніслаў Тарашкевіч упершыню ўвёў меркаваны выклад беларускага лацінскага альфабэту й колькі зьвязаных граматычных правілаў у 5-е (неафіцыйнае) выданьне сваёй граматыкі (Вільня, 1929).
| Aa | Bb | Cc | Ćć | Čč | Dd | Ee | Ff | Gg | Hh |
| Ii | Jj | Kk | Ll | Łł | Mm | Nn | Ńń | Oo | Pp |
| Rr | Ss | Śś | Šš | Tt | Uu | Ŭŭ | Ww | Yy | Zz |
| Žž | Źź |
Лацінскі альфабэт у беларускай мове выкарыстоўваўся на акупаваных нямецкімі войскамі землях Беларусі (1941 — 1944 гады), і ў Празе, беларускай дыяспарай (1920-я — каля 1945 гады).
Янка Запруднік у сваёй публікацыі «Транскрыпцыя беларускіх назоваў і прозьвішчаў» (Бацькаўшчына, №8, Мюнхэн, 1956) даводзіць, што для таго, каб пазьбегнуць скажэньняў у вымаўленьні беларускіх прозьвішчаў, трэба беларускія назовы пісаць беларускай лацінкай. Фанэтычны прынцып перадачы прозьвішчаў, які цяпер пераважна выкарыстоўваецца ў сучаснай Беларусі, добры тым, што прынамсі часткова перадае гукавы бок прозьвішча, але ў сваю чаргу вядзе да хаосу ў ягоным напісаньні ў розных мовах з прычыны адсутнасьці адзінага міжнароднага альфабэту і дыякрытычных знакаў.[2] У публікацыі прыводзіцца прыклад таго, што іншыя народы, якія карыстаюцца лаціскім альфабэтам, перадаюць свае прозьвішчы і геаграфічныя назвы ў іншыя мовы (таксама з лацінскім альфабэтам) за рэдкімі выняткамі безь ніякіх зьменаў.
У 1947—1950 гадох у Лёндане выходзіў беларускі грамадзка-палітычны двухтыднёвік «Беларус на чужыне». Часопіс выдаваўся на беларускай мове кірыліцай і лацінкай на рататары — машыне трафарэтнага друку.[2]
Пасьля Другой сусьветнай вайны беларуская мова ў лацінскім запісе выкарыстоўвалася беларускаю дыяспарай у не-савецкай Эўропе (і пэўныя прыклады ў Польшчы) і ў Амэрыцы (асабліва, у Заходняй Германіі і ў ЗША). У 1962 годзе Ян Станкевіч прапанаваў цалкам іншы вы́клад беларускага лацінскага альфабэту.
| Oo | Aa | Ee | Bb | Cc | Ćć | Čč | Dd | Ff | Gg |
| Hh | Chch | Ii | Jj | Kk | Ll | Łł | Mm | Nn | Ńń |
| Pp | Rr | Śś | Šš | Tt | Vv | Uu | Ŭŭ | Dzdz | Dźdź |
| Dždž | Zz | Źź | Žž |
У 1964 годзе ў выдавецве «Заранка» ў Нью-Ёрку выйшаў беларускі лемантар. Прыкладна на дзьве траціны ён быў напісаны лацінкай, рэшта — кірыліцай. У лемантары выкарыстоўваецца варыянт лацінкі, вельмі моцна набліжаны да сучаснага, розьніца, бадай што, толькі ў перадачы спалучэньня гукаў [ji], які ў лемантары перададзены ў адпаведнасьці з вымаўленьнем спалучэньнем літараў «ji», што характэрна большасьці заакіянскіх выданьнях па-беларуску лацінкай, а ня проста «i», як гэта было на тэрыторыі Беларусі.[6]
[рэдагаваць] Адпаведнасьць альфабэтаў кірыліцы і лацінкі
| Адпаведнасьць альфабэту кірыліцы літарам лацінкі | ||||
| Кірыліца | Лацінка паводле пэрыядаў выкарыстаньня | |||
| каля 1840-х — 1920-х гг.[а 1] | каля 1906—1929 гг.[а 2] | каля 1937—1941 гг.[а 3] | Сучаснае напісаньне[а 4] | |
| Аа | Aa | Aa | ||
| Бб | Bb | Bb | ||
| Вв | Ww | Ww | Vv | Vv |
| Гг | Hh | Hh | ||
| Ґґ | Gg | Gg[а 5] | ||
| Дд | Dd | Dd | ||
| Ее | JEje/IEie[а 6] | JEje/IEie[а 6] | ||
| Ёё | JOjo/IOio[а 6] | JOjo/IOio[а 6] | ||
| Жж | Żż | Žž | Žž | Žž |
| Зз | Zz/Źź | Zz/Źź[а 7] | ||
| Іі | Ii | Ii | ||
| Йй | Jj | Jj | ||
| Кк | Kk | Kk | ||
| Лл | Ll/Łł[а 8] | Ll/Łł[а 8][а 7] | ||
| Мм | Mm | Mm | ||
| Нн | Nn/Ńń | Nn/Ńń[а 7] | ||
| Оо | Oo | Oo | ||
| Пп | Pp | Pp | ||
| Рр | Rr | Rr | ||
| Сс | Ss/Śś | Ss/Śś[а 7] | ||
| Тт | Tt | Tt | ||
| Уу | Uu | Uu | ||
| Ўў | Uu[а 9] | Ŭŭ | Ŭŭ | Ŭŭ |
| Фф | Ff | Ff | ||
| Хх | CHch | CHch | ||
| Цц | Cc/Ćć | Cc/Ćć[а 7] | ||
| Чч | CZcz | Čč | Čč | Čč |
| Шш | SZsz | Šš | Šš | Šš |
| Ыы | Yy | Yy | ||
| Ьь | —[а 7] | —[а 7] | ||
| Ээ | Ee | Ee | ||
| Юю | JUju/IUiu[а 6] | JUju/IUiu[а 6] | ||
| Яя | JAja/IAia[а 6] | JAja/IAia[а 6] | ||
| апостраф ’ | не выкарыстоўваецца | не выкарыстоўваецца | ||
Заўвагі
- ^ Як, напрыклад, у творах Дуніна-Марцінкевіча, Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Цёткі, у першыя гады газэты «Наша Ніва», некаторых іншых газэтах пэрыяду 1917—1920 гадоў
- ^ Як, напрыклад, у тагачасных творах А. Станкевіча, у 5-м (неафіцыйным) выданьні беларускай граматыкі Браніслава Тарашкевіча (1929). Пераход ад CZcz да Čč, SZsz да Šš, адбыўся з 1906 г., упершыню ў выданьнях «Загляне сонца...» і «Нашай Нівы».
- ^ Як, напрыклад, у пазьнейшых працах Яна Станкевіча.
- ^ Як, напрыклад, у газэце «Наша Ніва» і часопісе «Arche».
- ^ Літара зьяўляецца факультатыўнай і таму часам ігнаруецца на карысьць Hh, якая можа абазначаць два гукі.
- ^ a b c d e f g h Варыянт на «Jj» выкарыстоўваецца ў пачатках словаў ці пасьля галосных, іначай варыянт на «Ii».
- ^ a b c d e f g «Мяккі знак» азначаецца не асобнай графемаю, а, у залежнасьці ад месца ў слове, запісам варыянту «Ll» ці знаку acute перад месцам мяккага знаку.
- ^ a b Варыянт «Ll» выкарыстоўваецца перад галоснымі «е», «ё», «ю» «я» ці перад мяккім знакам, іначай варыянт «Łł». Увага на розьніцу з польскім вымаўленьнем «Łł»!
- ^ Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч карыстаўся курсіўным запісам літары «Uu» дзеля азначэньня гуку, для якога тады не існавала асобнай літары («у нескладовае»).
[рэдагаваць] Прыклад
Верш Наталі Арсеньневай «Магутны Божа», рэлігійны гімн Беларусі:
| кірыліцай:
Магутны Божа
|
лацінкай:
Mahutny Boža
|
[рэдагаваць] Крытыка лацінкі
У 1949 годзе ў двухтыднёвіку «Голас беларуса» Гальяш (Ільля Ляўковіч) востра асуджае карыстаньне той лацінкай, што ўзьнікла пры Рэчы Паспалітай і ўспрымае перапіску Беларукага Цэнтральнага Прадстаўніцтва зь Міхельсдорфу, якая амаль уся вялася лацінкай, як мэтанакіраванае імкненьне адмовіцца ад кірыліцы. На думку Гальяша выкарыстаньне лацінкі прывядзе да страты маладым пакаленьнем чысьціні мовы, таму што лацінка ня цалкам пераедае ейную мілагучнасьць. Таксама ён заўважае, што беларускае насельніцтва ва ўсходняй частцы Беларусі ня ведае лацінкі.[2]
[рэдагаваць] Глядзіце таксама
[рэдагаваць] Крыніцы і заўвагі
- ^ Паводле Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы, лацінка — лацінскі альфабэт. Менск, «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, 2005.
- ^ a b c d e f g h i j Ніна Баршчэўская, Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы, Катэдра Беларускай Філялёгіі Факультэт Прыкладной Лінгвістыкі і Ўсходнеславянскіх Філялёгіяў Варшаўскі Ўнівэрсытэт, Варшава 2004.
- ^ Максим Богданович, Венок. Факсимильное издание, Минск, «Мастацкая літаратура», 1985 г.
- ^ prosty sposab stacca ŭ karotkim čase hramatnym
- ^ Э. Блесэ, Уражанні аб Беларусі — Беларусь перажывае бурнае нацыянальнае адраджэнне пад уплывам камуністаў // Arche, № 1,2 (41,42) 2006 г.
- ^ Lemantar, vyd. Zaranka, New York, 1964 г.
[рэдагаваць] Літаратура
- Ad. Stankiewič. Biełaruskaja mowa ŭ škołach Biełarusi — Wilnia : Wydawiectwa «Biełaruskaje krynicy». Bieł. Druk. Im. Fr. Skaryny ŭ Wilni Ludwisarskaja 1, 1928; Менск: Беларускае коопэрацыйна-выдавецкае таварыства ″Адраджэньне″, 1993 [факсімільн.]
- Б. Тарашкевіч. Беларуская граматыка для школ. — Вільня: Беларуская друкарня ім. Фр. Скарыны, 1929; Мн.: «Народная асвета», 1991 [факсімільн.]. — Выданьне пятае, пераробленае і пашыранае.
- Да рэформы беларускай азбукі. // Працы акадэмічнае канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. — Мн.: [б. м.], 1927.
- Дунін-Марцінкевіч В. Творы / [Уклад., прадм. і камент. Я. Янушкевіча]. — Мн.: Маст. літ., 1984.
- К. Калиновский: Из печатного и рукописного наследия/Ин-т истории партии при ЦК КП Белоруссии — фил. Ин-та марксизма-ленинизма при ЦК КПСС. — Мн.: Беларусь, 1988. ISBN 5-338-00024-5
- Сцяпан Некрашэвіч. Садаклад па рэформе беларускага правапісу на акадэмічнай канферэнцыі 1926 г. // Выбраныя навуковыя працы акадэміка С. Н. Некрашэвіча: Да 120-годдзя з дня нараджэння / НАН Беларусі; Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа; Навук. рэд. А. І. Падлужны. — Мн.: 2004. ISBN-985-08-0580-3
- Як правільна гаварыць і пісаць пабеларуску. Беларускія корэспондэнцыйныя курсы ў Празе. — Прага : Dr. Jan Ermačenko, Běloruské vydavatelství, 1941; Менск: Беларускае коопэрацыйна-выдавецкае таварыства ″Адраджэньне″, 1992 [факсімільн.]. — © Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, 1992. — © Беларускае таварыства архівістаў, 1992.
- Ян Станкевіч. Б. Тарашкевіч: Беларуская граматыка для школ. Выданьне пятае, пераробленае і пашыранае. Вільня. 1929 г., бал. 132 + IV [1930-1931] // Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах. Т. 1. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2002. ISBN 985-6599-46-6
- Ян Станкевіч. Беларуская Акадэмічная Конфэрэнцыя 14.—21.XI.1926 і яе працы дзеля рэформы беларускае абэцэды й правапісу (агульны агляд) [1927] // Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах. Т. 1. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2002. ISBN 985-6599-46-6
- Ян Станкевіч. Як правільна гаварыць і пісаць пабеларуску (Пастановы Зборкаў Чысьціні Беларускае Мовы) [Вільня, 1937] // Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах. Т. 1. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2002. ISBN 985-6599-46-6
- Ян Станкевіч. Які мае быць парадак літараў беларускае абэцады [1962] // Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах. Т. 2. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2002. ISBN 985-6599-46-6
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Лацінка — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Сайт грамадзкай арганізацыі Łacinka.org, якая папулярызуе беларускую лацінку
- Анлайн-лацінізатар (Pravapis.org)
- Анлайн-лацінізатар Kir2Lac
- Keyboard Lithuaniae 1009—2009 i Litwinska-biełaruskaja lacinskaja abeceda
| Альфабэт беларускай лацінкі | |
|---|---|
| Aa Bb Cc Ćć Čč Dd DZdz DŽdž Ee Ff Gg Hh CHch Ii Jj Kk Ll Łł Mm Nn Ńń Oo Pp Rr Ss Śś Šš Tt Uu Ŭŭ Vv Yy Zz Źź Žž |